Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Я думаю, што фашысты знарок выбралі такую тактыку, каб выматаць нашы сілы. Мы валімся з ног.

Фрыд учора крыкнуў:

— О неба, дай адпачынак! — I гэта не ў жарт.

За ноч выпальваем увесь боезапас. Узвод забеспячэння не ўпраўляецца падвозіць снарады. Трактар не ўзбіраецца на абледзянелую rapy, i ў час кароткіх перадышак, калі не чуваць шуму матораў, цягаем чатырохпудовыя скрынкі, а прыборшчыкі робяць гэта амаль усю ноч. Ад скрынак распаўзаюцца кажухі, a спіны быццам абвугліліся — чорныя-чорныя сталі.

Учора, калі расход дасягнуў рэкорднай лічбы — каля шасцісот снарадаў за ноч, Астахаў пачаў разважаць:

— Кажуць, кожны наш стрэл каштуе каля трохсот рублёў. Праўда, камандзір? Дык гэта ж адна наша батарэя «выплюнула» за ноч добрых паўтараста тысяч рублікаў!

Мяне здзівіў такі падлік.

— На вайне рублі не лічаць, Астахаў. Мільярды гінуць.

— А дарэмна. Грошы народныя. Усё трэба лічыць.

Муха абурыўся:

— Ды што ты! Людзі гінуць, а ты рублі лічыш!

— Каб я быў упэўнены, што мы сваёй «загародай» ратавалі хаця б аднаго чалавека, то не шкадаваў бы… А так шкадую… Колькі людзі ўклалі ў гэтыя штукі працы, — паказаў Астахаў на снарады, — а мы ix у неба.

Між іншым, у спрэчках, якія ўзнікаюць у хвіліны зацішша, адзін Муха горача абараняе загараджальны агонь. Я хачу зразумець — чаму?

На нарадзе камандзіраў я расказаў пра падлікі Астахава — вось прыклад руплівай гаспадарлівасці байца! Гэтага чамусьці не зразумелі. Хворы Сеўчанка (камбат каторы дзень тэмпературыць, але не пакідае пазіцыі) стомлена сказаў:

— Менш лічыце, а лепш страляйце. «Не сыпце гарох». Залпы!

A Малашкін нечакана зрабіў вывад:

— Вы, Шапятовіч, развялі гнілую дэмакратыю ў аддзяленні. У вас кожны разважае за камандуючага. Палітыкі! Каб я не чуў гэтых размоў!

Крыўдна. За хлопцаў крыўдна. Без сну, на марозе яны не выказалі ніводнай скаргі. I размовы ix шчырыя, патрыятычныя. Як кажуць, баявы дух высокі. Асабліва ён узняўся пасля таго, калі камісар паведаміў, што фашысты добра атрымалі па зубах на подступах да Мурманска i адкінуты за Заходнюю Ліцу. Праз гэта яны шалеюць i так люта бамбяць горад i порт. А тут яшчэ, на злосць ім, у заліў увайшоў караван англійскіх суднаў — першая дапамога саюзнікаў.

Мацнее мароз. Сярэдзіна кастрычніка — i такі мароз. А там, у нас, гараць золатам лясы і, безумоўна, яшчэ цёпла. Роўна год назад я ішоў у армію. Саша праводзіла мяне далека ў поле, па дарозе на Рэчыцу. Ранак быў ясны, сонечны, плыла павуціна бабінага лета, i ляцелі жураўлі. Усяго адзін год! А здаецца, мінула вечнасць. Колькі месяцаў яшчэ можа працягнуцца вайна? Астахаў неяк сказаў — два гады. Вар'ят!

19 кастрычніка

З падбітага намі «Ю-87» выкінуўся з парашутам лётчык. Прызямліўся кіламетры за два ад батарэі, на схіле голай гары.

Сеўчанка загадаў:

— Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава… — камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала, — сяржанта Шапятовіча… Затрымаць немца!

Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:

— Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!

Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.

Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием — узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.

Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень i схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.

— Вось гад! Куды ён лезе? На што спадзяецца?..

— Горы, тундра, снег… Уцячэ ад нас — па яго слядах пойдзе штурмавік-самалёт. Яму хочуць захаваць жыццё, а ён лезе на смерць, — абураўся я, ідучы побач з Пясоцкім.

— Ты не ведаеш, якія яны фанатыкі. Фашызм — гэта страшэнны фанатызм… Я не магу зразумець, як з такой працавітай цвярозай нацыі, як немцы, маглі выхаваць гэтулькі фанатыкаў-забойцаў,— разважаў Сеня. Яму хацелася пагутарыць, але было цяжка: беглі мы надзвычай шпарка, а вецер біў у твар, i Сеня задыхаўся.

Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Немец ужо быў амаль на самай вяршыні.

— Дай папераджальны стрэл, — сказаў мне Кідала.

Я ўзлёг грудзьмі на камень, нацэліўся, але вышэй галавы, каб часам не забіць. Стрэліў. Немец азірнуўся i… раптам знік, відаць, скочыў у нейкую яму.

— Вось жа падлюга! — вылаяўся Кідала i выхапіў з кабуры пісталет, нібы намерыўся весці ў атаку цэлы полк. — За мной!

I зноў мы не паспявалі за ім. Ён быў лягчэй апрануты — у шынялі, мы — у кажухах. Ногі то слізгалі па голым абледзянелым каменні, то, у горных упадзінах, угрузалі па калена ў снезе. Непамерна цяжкія зрабіліся вінтоўкі i лыжы. Пот заліваў твар, перад вачамі зіхацелі вясёлкі, сэрца стукала, здавалася, не ў грудзях, a ў горле. Я хапаў на хаду снег.

— Не еш, прастудзішся, — папярэдзіў Сеня.

— Калі ён ідзе гэтак жа, як мы, нам не дагнаць яго да ночы, — прахрыпеў я.

— Дагонім раніцой, — спакойна адказаў Сеня.

— Хіба Сеўчанка даў такую каманду?

— Была каманда ўзяць яго жывым.

Сказаўшы гэта, Сеня раптам ціха войкнуў, схапіўся за жывот.

— Што?

— Кальнула ў жывот. Боль… Вось тут.

Твар яго, дагэтуль расчырванелы, збялеў.

Я разгублена схіліўся над ім:

— Што ж рабіць? Можа, астанешся, пасядзіш, адпачнеш?..

Ён падняўся, абапіраючыся на маё плячо, усміхнуўся праз боль:

— Ну што ты! Кідала скажа, што я збаяўся.

— Скажа на цябе, пасля бомбы?

Дні тры назад генерал уручыў ім узнагароды за подзвіг з бомбай: медалі «За адвагу»; яны першыя ўзнагароджаныя на батарэі.

— Вунь, чуеш! — паказаў Сеня наперад.

Кідала, які апярэдзіў нас метраў на трыста, махаў пісталетам i крычаў, каб мы ішлі хутчэй.

— Пайшлі.— I Сеня першы рушыў далей. Я ішоў побач i бачыў, якія пакуты прыносіць яму хада.

— Заставайся, — настойліва раіў я. — Адгэтуль цябе ўбачаць з батарэі, зразумеюць, што нешта здарылася, прышлюць дапамогу.

Ён узлавауся:

— Адчапіся, Пятро!

А праз хвіліну з палёгкай уздыхнуў, прыслухаўся i радасна, як дзіця, засмяяўся:

— Ну, вось i ўсё!

Мы пайшлі шпарчэй.

Кідала правільна разлічыў: мы дасягнулі перавала больш лёгкім шляхам — цераз седлавіну. А там у нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Лес пачынаўся ніжэй, i мы, павольна зніжаючыся, беглі па адкрытым месцы ўздоўж грэбеня, пакуль не выйшлі на след. Але ў лесе лыжы прыйшлося скінуць зноў: спуск быў залішне круты, камяністы. Немец, быццам знарок, лез праз самы гушчар, падлазіў пад кашлатыя заснежаныя елкі, скакаў з абрываў.

Не, ён проста бег, не выбіраючы дарогі, імкнучыся адысці як мага далей на захад. На што ён разлічваў, зразумець немагчыма.

Камандзір наш зноў паспрабаваў вырвацца наперад, але я астудзіў яго:

— Сцяпан, ён можа адстрэльвацца. Асцярожна.

Мае папярэджанне спадабалася яму, ён пайшоў побач з намі i гаварыў па-сяброўску проста. Мы ў адзін голас клялі фашыста, які прымушае нас траціць гэтулькі сіл на яго аднаго, паганца. I раптам… ціўкнула куля. Я першы нырнуў галавой у снег, крыкнуў:

— Лажыся!

Прыслухаўся да самога сябе, ці не паранены. На мае шчасце, куля трапіла ў лыжы! Вось жа фашысцкая брыдота! Траха не адаслаў на той свет. Моцна закалацілася сэрца. Наперадзе ляснуў яшчэ адзін пісталетны стрэл. Трэба падняць галаву, адпляваць снег, што набіўся ў рот, нос, працерці вочы, агледзецца, дзе ляжу i дзе вораг. Але падняць галаву было нялёгка: вельмі ж ужо моцна ў такіх выпадках зямелька прытуляе да сябе, нават i такая непрыветлівая, камяністая.

69
{"b":"205284","o":1}