Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель — укладаць дзённікі і вершы.

— Ты куды? — здзівілася Саша.

— Пайду, — упарта паўтарыў ён.

— Зараз? — Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. — Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?

— А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. — Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.

— Куды ж ты пойдзеш?

— Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей — на шашу.

— Ты звар'яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! — Яна рашуча загарадзіла дзверы.

Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:

— Ты камандуй кім іншым…

— Ты — дурань.

— Вядома, я — дурань, бо ёсць разумнейшыя…

— Божа мой! — прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. — А абед? Ты пойдзеш без абеду? — раптам успомніла яна.

Але роля ўяўнага пакутніка — страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.

— Не трэба мне твой абед! — Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, — глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:

— Што ж, калі ты такі — ідзі!

Яму вельмі хацелася спытаць — які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.

— Дай я пакладу яблык на дарогу…

— Не трэба мне яблыкі тваёй прагнай гаспадыні!

— Яблыкі не гаспадыні, яблыкі мае. — Яна падышла, сілком узяла з яго рук партфель і пайшла за занавеску, дзе стаяў яе ложак. Выйшла адтуль і, аддаючы партфель левай рукой, адначасова працягнула правую.

— Ідзі. Будзь здароў. — Яна баялася, каб не заплакаць, і хацела, каб хутчэй усё гэта скончылася.

Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў, абмінуўшы на кухні спалоханую і здзіўленую дачку гаспадыні, якая, мусіць, чула іх размову.

Пятро пайшоў праз сад і, калі ўжо выйшаў на дарогу, раптам пачуў ззаду Сашын голас:

— Пеця!

Ён спыніўся. Яна падышла, пільна паглядзела ў вочы яму, напэўна, чакаючы, што ён скажа. Пятро маўчаў. Тады яна абняла і моцна пацалавала — упершыню пацалавала сама. Потым павярнулася і ўподбег рушыла назад.

Ашаломлены, ён ледзь не кінуўся следам за ёй, але ўпартасць перамагла. Наіўная юнацкая ўпартасць!

III

Можна ўявіць, што ён адчуваў, калі ішоў па пыльнай дарозе, цераз пустое асенняе поле, да Дняпра. Але самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, з якога ён аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі. Чаму з'явілася такая думка? Магчыма, ад вострага адчування далечыні. Калі мы адчуваем даль — азіраемся з вышыні, едзем стэпам, — заўсёды прыходзяць самыя нечаканыя думкі. Яна прыйшла раптоўна, з нейкім вельмі балючым штуршком сэрца: а што, калі яе пацалунак — гэта развітанне назаўсёды, апошняе «бывай»? Чым больш ён думаў пра гэта, успамінаў падрабязнасці, тым больш пераконваўся, што гэта так. І адразу пацямнелі для яго і сонца, і яснае неба, і сіняя дняпроўская вада… Калі стары рыбак перавозіў яго цераз Дняпро, Пятру хацелася, каб вузкі човен, які ў народзе называюць душагубкай, перакуліўся. Не… загінуць зусім яму не хацелася, хоць і вялікая роспач была ў душы. Хацелася, каб рыбаку здалося, што ён утапіўся, а ён у сапраўднасці каб неяк непрыкметна выплыў. Гэта трэба было яму для таго, каб потым як-небудзь падглядзець употайкі, як сустрэне вестку пра ягоную смерць Саша. Ці засталася ў яе сэрцы хоць кропля былога кахання? Калі не — тады справа іншая, тады можна тапіцца і назаўсёды, бо жыццё яму здавалася немагчымым без яе, без яе кахання…

Мабыць, у яго быў вельмі засмучаны выгляд, бо рыбак клапатліва спытаў:

— Ты не хворы, хлопец?

Ён схамянуўся:

— Не. Я здалёк ішоў і стаміўся.

І зноў так задумаўся, што калі пераехалі, то забыўся разлічыцца з рыбаком, хоць той у самым пачатку запрасіў за перавоз два рублі. Рыбак таксама змаўчаў, відаць, адчуўшы, што з хлопцам робіцца нешта нядобрае.

Не распытваючы дарогі, Пятро рушыў па першай, што трапілася яму і вяла ад Дняпра на ўсход, у глыб лесу.

У адрозненне ад правага берага, высокага і бязлеснага, левабярэжжа, ды і наогул увесь гэты куток у міжрэччы Дняпра і Сожа, — край лясоў, балот і пяскоў. Глеба тут неўрадлівая, пустая, і калгасы слабыя з самага свайго заснавання. Раённыя кіраўнікі, калі размова ідзе пра гэтыя калгасы, махаюць рукамі: «У міжрэччы? Што вы! Нічога там не зробіш! Пустэча! Туды і прыемна толькі з'ездзіць рыбку палавіць…»

І, мабыць, сапраўды ездзілі ў гэтыя калгасы толькі «рыбку палавіць», раз назаўсёды пераканаўшы сябе, што ўзняць гаспадарку там немагчыма.

Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу, хаты былі адна ў адну — вялікія, новыя, і навокал — багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны, гэты край! Недарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры — старыкі. Трава і дрэва, рыба і звер — усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі… Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева… І гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы «жужалю» — шлаку ад плавак. Некалі даўно-даўно вольныя казакі Багдана Хмяльніцкага ці, магчыма, нават раней яшчэ завозілі па Дняпры і Сожы з Крывога Рога руду ці, можа, знаходзілі яе дзе-небудзь бліжэй, а лесу на вугаль тут заўсёды хапала. І вось у гэтым лясістым кутку беларускай зямлі выплаўлялі яны зброю, каб біць ёю ворагаў.

Няшчасны закаханы ішоў па гэтых мясцінах, безумоўна, не заўважаючы ні хараства іх, ні асаблівасцей, якія заўважыў аўтар і, захапіўшыся, адступіў ад тэмы. Сапраўды, скажаш ты, чытач, пры чым тут выгляд хат, рыбакі і бондары, казакі Багдана і руда, калі гаворка ідзе пра каханне? Дарэчы былі б яшчэ разважанні аб прыгажосці наддняпроўскіх дуброў і сасновых бароў, аб бярозах з першым золатам лісцяў, але ж аўтар сам сказаў, што герою было не да любавання прыродай. Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх — пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны, аб тых палях і сцежках, па якіх бег на першае спатканне…

…Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп'ём, старымі абгарэлымі пнямі і з вялікімі абгароджанымі стагамі сена. Дарога цераз балота была ледзь прыкметная — вузкая сцежка. Магчыма, што гэтая панурасць і бязлюддзе краявіду схамянулі хлопца і нібы апрытомілі: куды ён ідзе? Куды выводзіць гэтая сцежка? Дзе ён будзе начаваць?

8
{"b":"205284","o":1}