— Газы? Ах, чортавы дзеці! Але i газы могуць быць!
Толькі лейтэнант Купанаў гідліва зморшчыўся. Ды яшчэ адзін чалавек не ўсміхнуўся нават — я. Было не да смеху. Я не разумеў, як можна рагатаць з такога глупства, калі ў твар табе глядзіць смерць.
Калі чысцілі гарматы i рыхтавалі новы камплект боепрыпасаў, у мяне нечакана з'явілася думка — пачаць зноў весці дзённік. Некалі да арміі, у тэхнікуме, я акуратна запісваў усе падзеі свайго студэнцкага жыцця. Тут, на батарэі, кінуў — замяніў пісьмамі да Сашы, якія пісаў кожную вольную хвіліну (хоць хвілін такіх было нямнога), кожны святочны дзень, i нават прасіў дазволу ў камандзіра рабіць гэта ў «мёртвую гадзіну», пасля абеду, калі ўся батарэя адпачывала. А цяпер… ці будуць цяпер даходзіць мае пісьмы ў родную далячынь? Ды i не ўсё можна напісаць, цяпер вайна. А мне хочацца, каб Саша, мая Саша, i мая дачка калі-небудзь даведаліся, як я пачаў вайну, з якімі думкамі жыў гэтыя дні… Я веру, што, калі загіну, знойдзецца добрая душа i перашле дзённік Сашы. Дарагі таварыш, калі трапіць у твае рукі мой дзённік, вельмі прашу выканаць мае жаданне, адрас запісаны на многіх старонках гэтага сшытка.
I вось я пішу… Можа, залішне падрабязна апісаў наш першы бой з нямецкімі самалётамі, бой, пра які хочацца забыцца, не ўспамінаць, ды, напэўна, ніколі, да смерці, не забудзеш. Пішу, прымасціўшыся ў гарматным катлаване, за снараднымі скрынкамі, ад якіх пахне дрэвам i маслам. Батарэя адпачывае. Цішыня. Неверагодная цішыня навокал. Нават чамусьці не чуваць шуму гідрастанцыі. Толькі Паўлюк парушае цішыню сваім моцным храпам. Ды зрэдку перакідваюцца паміж сабой словамі разведчыкі. Цяпер ix двое — сочаць за небам, аглядаюць яго празрысты блакіт у вялікія біноклі. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Дзве гадзіны ночы. Я зайздрошчу сябрам, якія здолелі заснуць пасля ўсяго, што адбылося. Не, не ўсе заснулі…
25 чэрвеня
Уночы, калі я пісаў, да мяне падышоў Сеня Пясоцкі, мой лепшы друг. Мы пасябравалі яшчэ ў дарозе, у цяплушцы, калі нас везлі з Гомеля сюды, на Поўнач. Разгаварыліся, i высветлілася, што ён добра ведае Сашу, што маці яго — тая ўрач Марыя Сяргееўна, пра якую расказвала мне Саша з павагай, з гордасцю за сваю дружбу з гэтай жанчынай. Праўда, я трохі быў насцеражыўся, калі Сеня пачаў хваліць Сашу, нават варухнулася раўнівае пачуццё: ці не закаханы гэты хлапчук у маю жонку? Але потым я зразумеў, што захапляцца людзьмі, хваліць ix больш, чым трэба, — рыса яго характару. У армію яго ўзялі са школьнай парты, ён толькі скончыў дзесяць класаў. I на выгляд Сеня быў яшчэ дзіця, вучань: маленькі, худзенькі, з тонкім, як у дзяўчыны, голасам, з вялікімі вачамі, у якіх вельмі выразна адбіваўся яго настрой, з маленькімі, смешна адтапыранымі вушамі. Помню, у вагоне яму казалі: «Хлопчык, пасунься, дай месца. Хлопчык, збегай па ваду». Ён вінавата ўсміхаўся i паслухмяна ўсё выконваў. Але на батарэі даволі хутка Сеня заваяваў агульную павагу за сваю сардэчнасць i надзвычай шырокія веды. Яго так i называлі — «эрудыт». Эрудыцыя гэтая спалучаецца ў яго з рамантычнай, крыху наіўнай юнацкай узнёсласцю. Я палюбіў яго, мы сталі, як кажуць, неразлучнымі сябрамі.
Сеня падышоў непрыкметна. Я ўбачыў яго, калі ён сеў на бруствер, амаль над галавой у мяне, правільней — не ўбачыў, a адчуў i адразу пазнаў — хто. Не вельмі сумеўся ад таго, што мяне захапілі ў такі незвычайны час за такім дзіўным заняткам (бадай, нікому не прыйшло ў галаву пісаць адразу ж пасля бою). Я напісаў яшчэ некалькі слоў, потым загарнуў сшытак, глянуў на друга. Як завастрыўся яго твар, як запалі яго вялікія вочы за тры дні.
— Што ты пішаш? — спытаў ён шэптам.
Я падняўся, абапёрся на бруствер каля яго ног i даверліва прызнаўся:
— Дзённік.
— Дзённік? — Ён здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік.
— Ты думаеш, могуць забараніць? — устрывожыўся я, верачы, што Сеня ўсё ведае.
Ён падумаў.
— Не, забараняць бадай што не будуць. Але навошта табе? Я не люблю дзённікаў. У ix хлусяць…
Я сціснуў яго калена i горача зашаптаў:
— Не, я напішу праўду. Напішу ўсё, што перажыў, што перадумаў… Я пішу для Сашы, а ёй я ніколі не хлусіў. Я хачу, каб тады, калі мяне не стане…
— Пеця! Выкінь з галавы дурныя думкі.
— Ты думаеш, мы выйдзем жывыя з гэтага пекла?
— Ніхто не ведае, хто загіне, хто будзе жыць. Але ўсе мы павінны думаць пра жыццё. Інакш які сэнс у змаганні? Каб перамагчы…
— Усё гэта правільныя словы, Сеня. Але ў мяне прадчуванне…
— Глупства. У цябе проста страх. Думаеш, у мяне, у другіх хлопцаў няма яго? Але мне здаецца, што я пачынаю перамагаць гэтае агіднае пачуццё. Пасля сённяшняга бою…
— Бой! Які гэта бой! Пасля яго я адчуваю сябе яшчэ горш! Як мы стралялі! Ганьба!
Ён усміхнуўся:
— Праўда, стралялі пагана. Але, кажуць, першы блінец заўсёды комам…
— Блінец! — пачаў злаваць я. — У каго ты набраўся такой разважлівасці? Такія «блінцы» нам вылезуць бокам… Заутра, можа, праз гадзіну… Наляцяць зноў… i расстраляюць такіх зенітчыкаў з кулямётаў.
Мы адначасова паглядзелі на неба. Колькі часу яно будзе чыстае?
Сеня ўздыхнуў i задумліва сказаў:
— Але… За восем месяцаў мы добра навучыліся хадзіць на лыжах, класічна казыраць… I толькі страляць з асноўнай сваёй зброі не навучыліся. Усе гэтыя трэніроўкі без баявой стральбы… чаго яны варты? A Кідала нават сілуэтаў не ведае. Даказвае, што гэта былі «Ю-88».
— Пясоцкі! Вы зноў за сваё. Не навучылі вас? — нечакана прагучаў з нішы голас сяржанта Тарных. — Шапятовіч, спаць! Развінціліся!
Не ўсе, значыцца, спяць! Сеня ўздрыгнуў, пабялеў i, падняўшыся, панура пасунуўся да свайго дальнамера. У мяне балюча сціснулася сэрца. Стала вельмі шкада гэтага добрага, разумнага хлопца. «Зноў за сваё». За што — сваё? Што кепскае ён сказаў? Чаму часам невукі, выскачкі, салдафоны ў большай пашане, чым такія, як Сеня? Колькі ён перажыў за гэтыя тры дні, мой друг! Больш, чым усе мы. I не скардзіцца, не ные, не кідаецца ў паніку, а мужна трывае. Мне хочацца напісаць пра ўсё, што здарылася з ім. Магчыма, запісы мае праз Сашу дойдуць да яго маці.
Пачну спачатку.
Мы так стамляліся ад заняткаў, работы, вучэбных трывог, што нядзелі, калі можна трохі адпачыць, лішнюю гадзіну паспаць, чакалі, як найвялікшага свята. Але для мяне тая нядзеля не была радасная: за чытанне Горкага на палітвучобе я атрымаў тры нечарговыя нарады i мусіў дняваліць.
Ішоў дождж. Другія суткі нізкія хмары ахутвалі вяршыні навакольных сопак i бесперапынна сеялі густы дождж. Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую сам толькі што старанна падмёў. Лінейка цягнецца ўздоўж зямлянак, выкапаных на схіле пясчанага ўзгорка, на якім віднеюцца накрытыя чахламі гарматы. З другога боку, унізе, скача па каменнях вясёлы гаманлівы ручай. Навокал пуста i ціха. Пасля снедання мае сябры «дабіраюць» тое, што недаспалі за тыдзень, ці пішуць пісьмы. Мне было крыху зайздросна: хацелася i паспаць i напісаць пісьмо. Але разам з тым было прыемна хадзіць у адзіноце i думаць пад шум дажджу i ручая — ніхто не перашкаджаў. Я думаў пра Сашу, «пісаў» чарговае пісьмо, шукаючы самыя пяшчотныя словы.
У дванаццаць гадзін у пасёлку, кіламетры за два ад нас, загаварыла радыё. Слоў нельга было разабраць, але мне здалося па тону, што перадаюць нешта важнае. Захацелася паслухаць. Рэпрадуктары былі ў ленінскім кутку i ў афіцэрскай зямлянцы. У кутку, я ведаў, палітрук i рэдкалегія выпускаюць насценную газету, дзе, напэўна, распісваюць i мяне — мае нарады. Я не любіў малодшага палітрука Сідарэнку. Нічога кепскага ён мне не зрабіў i ўвогуле, здаецца, чалавек неблагі, мяккі па характеру, гаманкі, просты. Але не падабаліся яго жарты. Мяне, напрыклад, ён даволі часта насмешліва называў «жанацік» i колькі разоў з непрыемнай цікавасцю распытваў, як я жаніўся, якая ў мяне жонка. Таму я не пайшоў у ленінскі куток, a зазірнуў у камандзірскую зямлянку, каб сказаць лейтэнанту Купанаву, што перадаюць нешта важнае, i паслухаць самому. Але камандзір батарэі смачна i бестурботна спаў, па-дзіцячы раскінуўшы рукі.