Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Калі ўвосень сорак трэцяга ix партызанскі атрад злучыўся з арміяй, натуральна, што большасць партызан былі тут жа прызваны ў армію. Адбор ішоў, як кажуць, на вока, пры адным урачу. Пасля, калі Пятро трапіў па спецыяльнасці ў зенітную часць, урач ix палка здзіўляўся: «Які ідыёт прызваў цябе з такім ранением?»

Разам з партызанамі з навакольных прыфрантавых сёл прызвалі ўсіх, каму трэба было ваяваць. Акружэнцаў i тых, хто не пайшоў у армію ў сорак першым, у гэтым раёне было нямнога. Большасць — юнакі, што падраслі за ваенныя гады. Пастроілі ix на зборным пункце ў лясніцтве чалавек тысячу. Маёр закамандаваў: «Партызаны! Тры крокі наперад, шагам — арш!» Выйшла сотня чалавек; ix павялі мыцца ў лазню, стрыгчы, абмундзіроўваць. З імі была Марыя Сяргееўна, маці Сені Пясоцкага, яна сама папрасілася ў армію, урачы трэба былі. Праз тыдзень пасля таго, як яны сталі салдатамі, па яе прыехалі з палявога шпіталя. Вярнулася яна праз два дні, смяртэльна змораная, у заплямленай гімнасцёрцы. Пайшоў ён, Пятро, да яе, Марыя Сяргееўна істэрычна зарыдала:

«Нельга так — неабвучаных, неадзетых… Палавіна ix палягла там, другая пакалечана. Колькі мы аднялі рук, ног! Навошта гэта? Хіба мала крыві?»

Пятро даведаўся: тых хлопцаў, з якімі яны стаялі ў адным страі, праз тры ці чатыры дні паспешлівага навучання кінулі на фарсіраванне Сожа.

Пятро, вядома, не мог паверыць, што нехта зрабіў гэта знарок, каб пакараць хлопцаў за тое, што асталіся пры немцах, жылі ў сёлах, не пайшлі ў партызаны. Марыя Сяргееўна пасля смерці сына зрабілася залішне ўражлівая, плаксівая; у атрадзе за кожнага з ix дрыжала, як за роднага сына. I ён лічыў: зрабілі правільна, што неўзабаве яе спісалі з арміі. Не з яе здароўем, не з яе нервамі быць на фронце! З такой яго думкай згаджаецца цяпер i Саша, калі яны часам успамінаюць Марыю Сяргееўну: яна працуе ў тым жа задняпроўскім раёне.

I раптам Панасавы словы прымусілі i на тэты даўні, амаль забыты выпадак глянуць з нейкага зусім другога боку, як бы з тылу. Яму не хацелася гэтага. Ён не жадаў, каб душу тачылі, як караеды дрэва, сумненні. Хацелася, каб усё было проста i ясна. Пасля такой перамогі! У такую вясну! Паслаць яго к чорту, гэтага мужыка, з яго развагамі.

— Я табе, Андрэевіч, скажу, — зноў азваўся Грамыка. — Я так думаю: мелі б права ў рэспубліцы, у вобласці падумаць разам, калектыўна, параіцца з народам, з табой, са мной, i каб я не баяўся выказацца…

— А чаго ты баішся?

— Самога сябе баюся, — дзіўна ўсміхнуўся Панас. — Сам сабе не веру… Праўда. А каб мы паверылі сабе i адзін аднаму, то грамадой нешта прыдумалі б. Падказалі б бацьку… А то мы маўчым i чакаем, што скажа ён. А раптам ён нічога ўжо не можа такога сказаць, а? Што тады?

— Яго не чапай, Панас. Ён…

— А я не чапаю… Ты бачыў — ён у мяне ў хаце на тым месцы, дзе раней абразы віселі, i я штодня малюся на яго. I дзяцей вучу маліцца. Адну цешчу ніяк прымусіць не магу. Не прызнае, старая качарга. — Ён засмяяўся, выскаліўшы свае буйныя, жоўтыя ад махоркі зубы. Так ён смяяўся часта, гэты пракураны трактарыст i танкіст. Пятро любіў такі яго смех. I ў той міг вясёлы смех ягоны даў палёгку. Смехам старшыня як бы руйнаваў сур'ёзнасць усяе размовы, як бы казаў: намалоў я лухты, пазабавіўся трохі тут, у сасонніку, а цяпер — хопіць, забудзем, зоймемся справамі.

Пятро падумаў з філасофска-інтэлігенцкай разважлівасцю:

«Мужык ёсць мужык, ён заўсёды скептык, i ўвесь час яму хочацца новай эканамічнай палітыкі».

II

Усё напачатку было так, як Пятро марыў, несучы бульбу. Саша недзе затрымалася на візітах. Ён сам наабіраў бульбы i варыў большы чыгунок, чым звычайна. Можна нарэшце дазволіць такую раскошу.

Трашчалі ў грубцы сухія тонкія галінкі, языкі полымя з вясёлым гудзеннем аблізвалі закапцелы чыгунок. Вада яшчэ не кіпела, але на паверхні яе плавалі ўжо шматкі пены. Апякаючы руку, Пятро знімаў пену лыжкай.

Пакуль яны ішлі з Грамыкам i той нёс мяшок, пакуль абіраў бульбу, сек галлё i распальваў у грубцы, у душы яшчэ трымаўся нейкі нядобры асадак — рэштка той трывогі, што з'явілася падчас размовы, рэштка незадавальнення сваім маўчаннем: не да твару гэта сакратару! A запалаў агеньчык — i як бы выпаліў усё, панёс з дымам у комін. А закружыла ў чыгунку вада — i зусім стала весела.

Безумоўна, шмат што робіцца не так, шмат што незразумела. Але чаму ён так балюча павінен браць усё да сэрца? Хіба ўсе гэтыя праблемы — толькі яго ці Панасаў клопат? Думае ўвесь народ, i працуе ўвесь народ. I няпраўда, што ўсе чакаюць, што скажа адзін чалавек. Сам жа ён, Грамыка, не чакае гэтага — працуе ад цямна да цямна, каб лепш i больш насеяць i сабраць ураджай. Вяртаюцца салдаты. Яшчэ шэсць узростаў звальняецца. З якой прагнасцю яны накінуцца на працу! А будуць працаваць людзі — будзе плён працы. Нешта зробяць, каб i ў сяле больш аставалася, у калгасах. Галоўнае — што перамаглі, хоць i вялікай крывёй. A калі мір, то ўсё наладзіцца. Народ — такая сіла, што ўсё адужае.

«З мяне будзе правільны гісторык: я ўжо добра засвоіў, што рухаючая сіла гісторыі — народ», — жартам падумаў Пятро, кідаючы ў грубку, у полымя, сухія палачкі. Седзячы на перакуленым табурэце, ён узяў дроў, не азірнуўшыся, i разбурыў нейкую даччыну гульню.

Ленка закрычала:

— Тата! Блаць не!

Ён павярнуўся. Малая паспела збудаваць з кароткіх сукаватых палачак клеткі, розныя па форме.

Калі ён вярнуўся з арміі, дачка доўга i ўпарта не хацела назваць яго татам. З незвычайнай дзіцячай хітрасцю абыходзілася без зваротку. Яму неяк не ўдавалася заваяваць яе сімпатыю. Гэта таксама засмучала Сашу. Аднойчы яна нават кінула з болем:

— Які ты бацька!

Гэта пакрыўдзіла Пятра, бо ён любіў дачку, меў да яе вялікую пяшчоту i замілаванне. Бяда толькі, што выказваў ix нязграбна, няўмела, а дзецям, мабыць, трэба знешнія праявы любові, ласкі. Прафесія бацькі таксама нялёгка набываецца. Пералом у ix адносінах адбыўся раптоўна. Пад Новы год ён прывёз ёй з горада маленькія саначкі. Падарунак яна прыняла абыякава. Перавярнула, накрыла палазы хусцінкай, зрабіла «хатку» сваёй адзінай ляльцы — Каці. Але калi ён павёз яе катацца i смела пусціў санкі з высокай гары, дачка завішчала ад захаплення i крыкнула на ўсё поле:

— Тата! Шчэ!

Можа, сто разоў яна паўтарала гэтае «Тата! Шчэ!», i сто разоў ён, ашалелы ад радасці, абліваючыся потам, цягнуў па слізкай сцежцы санкі на гapy, дзе чарнелі рэшткі былога ветрака, i з крыкам i галёканнем, што таксама цешыла малую, пускаў уніз — у стары калгасны сад.

Саша расказвала: Ленка, калі вучылася гаварыць, доўга адмоўе «не» ставіла пасля дзеясловаў. «Ленка, хочаш малачка?» — «Хачу не». — «Ленка, упадзеш!» — «Упаду не». А сваю частую просьбу: «Мама, не ідзі нікуды», — вымаўляла так: «Мама, ідзі куды не». К яго прыезду малой пайшоў пяты год, i яна гаварыла ўжо амаль правільна. Але Пятру так спадабалася яе «не» пасля слоў, што ён сам у размове з ёй, з Сашай жартам пачаў гаварыць гэтак жа. I малая, забываючыся, часта пачала вяртацца да свае ранейшай канструкцыі сказаў. Саша спачатку смяялася, а пасля пачала непакоіцца:

— Навучыш, педагог! Смяяцца будуць з дзіцяці. Не кажы так, Лянок. Тата гаворыць няправільна.

Ленка следам за маці пачала рабіць яму заўвагі:

— Тата, правільна не.

Пятро рагатаў. Таму i гэтае «браць не» таксама рассмяшыла. Ленка здагадалася, што ён смяецца, i тут жа выправіла сваю памылку:

— Тата, не тлэба блаць.

Сказала яна гэта з той мілай дзіцячай інтанацыяй, якая заўсёды выклікае ў бацькоў замілаванне. Пятро прытуліў дачку да сябе, пацалаваў беленькія шаўкавістыя валосікі:

— Слаўны ты мой доктар! Але ж нам трэба зварыць бульбачку. Ты хочаш бульбачкі?

— Хачу. З жылам. — I каўтнула слінку.

А ён, бацька, пасля доўга не мог пракаўтнуць горкі камяк, што стаў у горле, рос, душыў, выціскаў слёзы. Дзіця галоднае, але не плача, не просіць — цярпліва чакае. Гаротныя дзеці вайны!

Ленка з неразуменнем i здзіўленнем глядзела на яго: чаму ў таты блішчаць вочы? Спытала:

106
{"b":"205284","o":1}