Саша спынілася:
— Калі ты будзеш ехаць у водпуск, ты напішы мне… Я сустрэну цябе вось тут. А цяпер я вярнуся.
Яна паставіла на зямлю партфель і ўзняла рукі, як бы намерваючыся паправіць валасы. Пятро імкліва абняў яе, прытуліў да сябе. Доўга яны стаялі так, адчуваючы частыя ўдары сэрцаў адно аднаго. Яны нічога не казалі — пра ўсё было сказана, дамоўлена. Цяпер ім хацелася проста лішнюю хвіліну пабыць разам так блізка і назаўсёды захаваць у памяці цяпло гэтай блізкасці.
Потым Саша вызвалілася з абдымкаў, сціснула абедзвюма рукамі яго галаву і пацалавала ў вусны, у лоб, у вочы. І, нічога не сказаўшы, лёгка адштурхнула яго, павярнулася і шпарка пайшла назад.
Пятро хвіліну стаяў ашаломлены, потым закрычаў:
— Са-аш-а! — і кінуўся за ёй. Яна пайшла хутчэй, каб ён не дагнаў, таму што тады развітанне зацягнулася б, а гэта — цяжка. — Са-аш-а! — закрычаў ён зноў і спыніўся. Яму стала вельмі балюча і крыўдна, што яна не азіраецца, што не хоча паслаць яму апошняга «бывай».
Тады яму не прыйшло ў галаву, што яна плача і не хоча, каб ён бачыў яе слёзы і хваляваўся. Але і яна не здагадвалася, які страшэнны боль і пакуты прычыняе яму, адыходзячы вось так…
«Няўжо табе не балюча, што ты так лёгка развіталася і не хочаш азірнуцца? Саша! Што ты робіш? Паглядзі!» — крычаў ён у думках.
Нарэшце яна павярнулася і памахала рукой. І на такой адлегласці — яна прайшла добрых крокаў сто — ён убачыў, што яна плача, і незвычайным замілаваннем і любасцю напоўнілася яго сэрца.
«Саша, любая, слаўная мая. Не плач. Не трэба. Я хутка прыеду. Праз год. Хіба мала людзей пакідаюць жонак? Не плач», — шаптаў ён, але самому яму хацелася плакаць.
Саша пайшла далей. Вось яна паднялася на ўзгорак. Зноў спынілася, зноў памахала рукой. Вось яна пачала спускацца на той бок узгорка — ніжэй, ніжэй, пакуль не схавалася зусім. Але Пятро з надзеяй глядзеў на другі ўзгорак, што віднеўся далёка за першым. Убачыць яе яшчэ раз, апошні. Сапраўды, вось зноў паказалася яе белая касынка. Вось яна ўся, Саша. Але гэта ўжо вельмі далёка — за нейкі кіламетр, ужо нельга разглядзець ні яе твару, ні нават колеру сукенкі. Саша доўга стаяла там, на вяршыні ўзгорка, на фоне яснага неба — адзінокая, сумная жаночая постаць сярод асенняга поля.
«Бывай, Сашок, бывай! Не плач. Я ніколі не забуду цябе — ты дала мне столькі шчасця! Я на крылах прылячу да цябе. Праз год. Гэта хутка, вельмі хутка…»
Постаць Сашы знікла. Больш Пятро не мог убачыць яе. Ён уздыхнуў і падняў з зямлі свой партфель…
1956
Начныя зарніцы
Аповесць другая
I
Саша расплюшчыла вочы, прыслухалася, i ўсмешка заіскрылася ў яе вялікіх, крыху стомленых вачах. Болю не было. Упершыню пасля родаў яна адчула сябе здаровай i бадзёрай. Як бы не верачы свайму адчуванню, яна пацягнулася, сціснуўшы кулакі, закінула рукі за галаву. Зноў са страхам прыслухалася. Ад гэтай маленькай зарадкі адчула сябе яшчэ лепш. Яна ажно засмяялася. Але ўспомніла пра суседак па палаце, што бестурботна спалі, схамянулася i ўжо прыслухалася не да сябе, а да навакольнага. За акном весела шчабяталі ластаўкі. Яны таксама толькі што прачнуліся i недзе на вышках, пад страхой, пакінулі свае цёплыя гнёзды i сваіх маленькіх. Чуваць, як яны пішчадь… A ці не плача за сцяной, у дзіцячай, яе дачка, яе маленькая Алёнка? Уявіла яе, малюсенькую, з ружовенькім тварыкам, у якім, аднак, угадваліся Пецевы рысы (Аня, прыйшоўшы ў бальніцу, сказала: «Уся ў тату»), i сэрца забілася часта-часта, дзіўнае, незнаёмае дагэтуль хваляванне ахапіла маладую маці. Вельмі хацелася ўстаць i пайсці паглядзець на Алёнку. Але людзі яшчэ спяць. Адны ластаўкі прачнуліся… He, i людзі не спяць. Недзе далека, на краі мястэчка, меладычна заспявала труба пастуха. Аднак у бальніцы яшчэ цішыня, нават не чуваць, каб хадзіла дзяжурная сястра.
Саша зноў закінула рукі за галаву, ухапілася за ложак, прыўзнялася, напружваючы мышцы жывата. Раз, другі… Прыслухалася. Не, болю няма. Яна зусім здаровая i сёння ж папросіць Марыю Сяргееўну выпісаць яе, каб не выпісвацца заўтра, бо кажуць, што панядзелак — нешчаслівы дзень. A сёння — нядзеля, сёння абавязкова прыйдзе Аня, i яны разам пойдуць дадому па знаёмай палявой дарозе, паўз высокае жыта, якое ўжо, напэўна, налілося.
Раптам яна ўбачыла на белай столі сонечны прамень — маленькую ружовенькую палоску ў самым куце. Узыходзіла сонца.
«А Пеця пісаў у апошнім пісьме, што ў ix там, у Мурманску, сонца ўжо не заходзіць. Дзень i дзень, — успомніла яна i ўсміхнулася. — А гэта нецікава. Сумна. Калі ўзыходзіць сонца — гэта так хораша».
Прамень на столі шырыўся, бляднеў, паласа святла спаўзла на сцяну. Саша заварожана глядзела на яе i ўспамінала мужа. «Пеця, любы мой… Слаўны ты мой. — Школ i ў вочы не называла яна яго так ласкава, так пяшчотна. — Калі ж ты прыедзеш? Калі ўбачыш сваю дачку? Прыязджай хутчэй, Пеця! Ты прыедзеш, праўда?»
Калі пасля родаў яна кепска сябе адчувала, добрая Марыя Сяргееўна хацела даць яму тэлеграму. Але Саша не захацела. Не, яна хоча сустрэць яго здаровай. З дачкой на руках яна выйдзе на тую ж дарогу, i на тым месцы, дзе развіталіся, яны сустрэнуцца.
На бледна-сіняй сцяне, на белых дзвярах палаты ўжо вялікі сонечны квадрат з адбіткамі рамы. Сонца ўзышло.
Саша не вытрывала, скінула лёгкую коўдру, устала i, гладзячы свае набрынялыя грудзі, падышла да акна. Якое сіняе, яснае неба! I Дняпро які спакойны, павольны! Бальніца стаіць на высокім беразе, над самай кручай, i Дняпро — вось ён, унізе, да сярэдзіны ў цені зарэчнага лесу, a бліжэй — у іскрах сонца.
Глянуўшы на лес, Саша зноў успомніла Пятра. Успомніла, як аднойчы, калі яны не былі яшчэ жанатыя, ён прыраўнаваў яе да настаўніка Лялькевіча i, узлаваны, пайшоў праз тэты лес проці ночы.
«Дурненькі мой… Ніхто мне не трэба, акрамя цябе. Цябе чакаю… Цікава, што ты робіш у тэты час? Спіш? Сёння я дам табе тэлеграму, што выпісалася з бальніцы… Парадуйся разам з намі».
Прачнулася адна з суседак па палаце, таксама маладая жанчына. Працерла кулакамі вочы.
— Вы не спіце? Баліць? — спытала яна ў Сашы.
Ад моцнага адчування шчасця Сашы захацелася каго-небудзь прыласкаць. Яна пагладзіла ўскудлачаныя за ноч валасы жанчыны.
— Не, не баліць, Клава. Мне хораша.
— A калі хораша, то спіце. Яшчэ рана. — I суседка, пазяхнуўшы, павярнулася на другі бок, тварам да сцяны.
Саша з усмешкай паправіла ёй коўдру. Яна дастала з тумбачкі грэбень i пачала прычэсвацца. Развязала стужку, якой валасы былі перавязаны на ноч, i яны рассыпаліся па плячах, упалі на грудзі. Саша, любуючыся, перабірала ix рукамі. Яшчэ год назад яна падстрыглася. Але калі выйшла замуж, Аня сказала, што цяпер хадзіць падстрыжанай непрыгожа, i Саша пачала адпускаць валасы. Цяпер яны ўжо доўгія i вельмі падабаюцца ёй.
Труба пастуха заспявала ўжо зусім блізка. Замукалі каровы. Вясёлае, гарэзлівае, з рознымі адценнямі — то ласкава-запрашальнае, то пагрозліва-загаднае — «выга-аня-яй!» палохала ластавак. Яны з крыкам кідаліся ад бальніцы ў бок Дняпра i лёталі нізка над вадой, адчуваючы, відаць, сябе там у большай бяспецы.
«Вось жа дзярэ горла, — з бяскрыўднай няўхвалай падумала Саша пра пастуха. — Дзяцей пабудзіць…»
А на самай справе ёй хацелася, каб Ленка прачнулася. Тады яна пайшла б у дзіцячую, узяла б яе на рукі, пачала карміць, а то ад малака ажно баляць грудзі.
На вуліцы галасы жанчын: суседкі, выгнаўшы жывёлу, перакідваюцца першымі словамі. Вось i голас Марыі Сяргееўны — яна таксама выгнала сваю карову. Дзіўная жанчына! Трымае карову, даглядае, турбуецца, a ўсё малако аддае ў бальніцу, для хворых. Саша ганарыцца сваёй дружбай з Марыяй Сяргееўнай. Дружба гэтая пачалася два гады назад, як толькі Саша прыехала сюды на працу. Галоўурачу куставой бальніцы з першых дзён спадабалася маладая фельчарыца, сціплая i працавітая. Але асабліва сардэчнай стала ix прыязнасць, калі Саша даведалася, што сын Марыі Сяргееўны служыць разам з Пятром, «у адным падраздзяленні», як яны пішуць, захоўваючы ваенную тайну. Калі яна спытала ў Пеці, той напісаў, што Сеня Пясоцкі — яго лепшы друг, яны нават аднойчы пасля адбою атрымалі па нараду за размову. У сардэчных пісьмах яна пачала часцей, чым раней, прасіць яго, «свайго малога хлапчука», каб ён вёў сябе разумна i не рабіў глупстваў. Ёй вельмі хацелася, каб сваёй стараннасцю ён заслужыў права прыехаць у адпачынак, няхай у самы кароткі — на дзень, на два. Толькі б пабачыць яго! I каб ён пабачыў сваю дачку! Сваю Алёнку… А вось i яна… Нешта сёння яна прачнулася раней, чым звычайна. А можа, гэта не яна? Не, Саша з першага ж дня беспамылкова пазнавала яе крык i цяпер, напэўна, пазнала б сярод тысячнага хору дзіцячых галасоў. Саша нейкі момант з усмешкай слухае. Малая дзіўна крычыць: крыкне раз, два, паслухае — ці не ідуць, потым зноў… Так здаецца маладой маці, i яна пяшчотна шэпча: «Хітруння ты мая! Але разбудзіш ты іншых дзяцей».