Литмир - Электронная Библиотека
A
A

VI

Раптоўна захаладала, як гэта часта бывае вясной. Пасля амаль летняй цеплыні, што трымалася яшчэ ўчора, — зусім асенняя слата. Дождж, які ішоў «перагонамі», на працягу дня колькі разоў пераходзіў у «зарады» снегу.

Пятро раней прапаліў у грубцы, наварыў супу — не з-за вялікай любові да гэтай стравы, а з-за эканоміі: пяць дробных бульбін, жменя пярлоўкі, цыбуліна i маленечкі, на дзюбе нажа, кавалачак масла, якое Саша купіла Ленцы. А суп — слінка цячэ ад паху аднаго.

Чакаў Сашу. Дзе яна ходзіць у такую непагадзь? Хворыя — вялікія эгаісты, думаюць толькі пра сябе, а фельчарыца здаецца ім няспыннай, нястомнай машынай, яе можна выклікаць у любы час дня i ночы, адрываць ад хатніх спраў, ад дзіцяці, ад мужа. Пятро ўжо неяк пратэставаў — патрабаваў, каб Саша прывучала людзей да парадку.

«Ты ж не "хуткая дапамога"».

Яна павесіла на дзвярах медпункта аб'яву: гадзіны амбулаторнага прыёму, гадзіны наведвання хворых дома. Але ад гэтага ёй не зрабілася лягчэй. Не можа яна не пайсці да хворага, асабліва калі выклікаюць да дзіцяці. А дзяцей хварэе многа, бадай, больш, чым зімой. Аслабленыя, босыя, раздзетыя, яны легка прастуджваюцца на падманна-цёплым вясновым ветры. У Панізоўі ўспыхнула дыфтэрыя. Саша трое сутак не з'яўлялася дадому — працавала з эпідэмгрупай. I цяпер яшчэ дрыжыць за Ленку. Усё, у чым наведваецца да хворых, скідае ў медпункце.

Нягледзячы на рэдкі суп i такое надвор'е, настрой у Пятра цудоўны. Не трэба нікуды ісці, ні на якія сходы, а наперадзе яшчэ добрых гадзін пяць ціхага вечара, калі можна будзе спакойна пачытаць, пагутарыць з Сашай, пацешыцца з забавак i бясконцых «чаму?» малой. Асабліва радасна ад думкі, што можна будзе заняцца гісторыяй. Сам ён дзіву даецца, што ў яго абудзілася такая любоў да гэтай навукі. Чытае «Гісторыю Старажытнай Грэцыі» як добры раман. А часу таго, калі можна ўзяцца за кнігу, чакае з не меншай нецярплівасцю, як некалі спаткання з Сашай. Проста смешна. Саша не на жарт пачынае раўнаваць яго да міфічных багоў i герояў. Ba ўсякім разе, сон, дзе яго абдымала Афрадыта, за тры дні прыгадала некалькі разоў, кожны раз са смехам, але часам з даволі ўедлівым: «Не ў гімнасцёрцы была твая Афрадыта?»

Пятро, як звычайна, пазнаў жонку па хадзе — па стуку яе збітых абцасаў па цэментавай падлозе калідора. I Ленка пазнала. Кінулася да дзвярэй:

— Мама!

Саша пачула яе, сказала з-за дзвярэй:

— Лянок, маленькая мая, адыдзі ад дзвярэй, я халодная i мокрая. Пеця! Вазьмі дзіця!

Пятро пасадзіў малую на цёплую ляжанку.

— Не хачу! К маме хачу!

— Нацалуешся яшчэ з мамай. Шчасце такое!

— Ты — бог!

Дзён колькі назад у дачкі раптам з'явілася такая дзіўная лаянка — безумоўна, ад маміных кпінаў з ягоных багоў. Пасмяяліся яны ад душы. Пятро хацеў, каб малая зразумела, што гэта жарт. Казаў:

— А мама — багіня.

Ленка ўпарта не згаджалася, злавалася:

— Не! Ты — бог! А мама — мая мама.

Саша стаяла ў парозе, асцярожна скідала з галавы мокрую цыратку, якой накрывалася ад дажджу, i смяялася з даччыной «лаянкі».

— Ну што, Апалон, згатаваў амброзію?

— Ага. О, каб ты, вялікая Гера — мудрэйшая з багінь…

— Ты — бог! — закрычала абураная Ленка. — Мама — докталка!

— …здагадалася прынесці кроплю нектару — жыццё было б лепшае, чым на Алімпе.

— У цябе ёсць шанец каўтнуць гэтага нектару. — Яна падышла бліжэй, падбіраючы пад касынку мокрыя пасмы i гледзячы ва ўпор добрымі, ласкавымі вачамі, сказала: — Пеця! Там, у сельсавеце, мосціцца на начлег Уладзімір Іванавіч… Лялькевіч. Няёмка, ведаеш, каб наш партызанскі таварыш спаў на стал ах. Ідзі запрасі…

I вось тут, упершыню з тае жнівеньскай раніцы сорак другога года, ён варухнуўся, гэты страшны, кашлаты звер — рэўнасць. Цяжка варухнуўся — драпнуў вострымі i бруднымі кіпцюрамі за самае сэрца.

Саша за адно была малайчына: пасля любой сваркі ніколі доўга не дзьмулася, як некаторыя жонкі — па два тыдні не размаўляюць… У яе злосці i крыўды хапала самае большае на паўсутак. Такая яе рыса прывучыла Пятра таксама хутка забываць усе яе крыўдныя словы. Забыўся ён ужо i на тое, што яна сказала ўначы тры дні назад. Гэтае яе: «А што ты думаеш? I шкадую!» — моцна-такі ашаламіла, але тады ён разумеў: сказала на злосць яму.

А цяпер апякла думка:

«А можа, праўда, шкадуе, што не стала жонкай Лялькевіча, калі той, паранены, паўгода жыў у ix хаце i для вяскоўцаў, для ўлады нямецкай лічыўся яе мужам?»

Саша чакала, што ён адкажа. Не зводзіла вачэй. Можа, адчувала, што выбухне яго рэўнасць. Пятру здалося, што яна нават хоча, каб ён вытыркнуў лыч, гэты звер, што варухнуўся ў ім, што ёй хочацца пацешыцца з яго душэўнага болю: няхай, маўляў, не адной мне баліць. Але ж — не! Ён не пакажа ніводнай звярынай шарсцінкі! «Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам».

«Дык вось — атрымай. Ты не можаш дараваць мне выпадковай сувязі. А я буду вышэй за ўсё гэта».

— Чаму ж ты не запрасіла? Няўжо трэба ўзгадняць ca мною? Думала, я буду супроць? Дзівачка ты. — Ен ласкава сцёр з яе лба кроплі вады.

— Я запрашала. Аднекваецца.

Пятро засмяяўся:

— Інтэлігент! Цяжка яму засвоіць прывычкі ўпаўнаважаных, якія самі шукаюць, хто б ix накарміў i спаць паклаў.

Саша затрымала яго руку i… пацалавала ў далоню. Пятра гэта расчуліла i збянтэжыла.

— Ты — слаўны. Я люблю цябе.

— Давай тваю цыратку. Пайду.

— Не. Накінь шынель. Я збегаю да Грамыкаў, пазычу што-небудзь на вячэру. — Яна цяжка ўздыхнула.

Выходзячы з Сашай з дому, Пятро нічога ўжо не адчуваў, акрамя новага прыліву пяшчоты да жонкі ды клопатаў шчырага гаспадара, якому ў нялёгкі час трэба прыняць госця. Нечаканы Сашын пацалунак, звыклыя словы прызнання, якія яны звычайна часта казалі адно аднаму ў ложку, але рэдка вось так, яе перажыванне, што няма чым чалавека пачаставаць, — усё гэта неяк адразу ўтаймавала рэўнасць, зрабіла яе смешнай, недарэчнай. Сапраўды, сталыя людзі з сур'ёзнымі поглядамі на жыццё, на сям'ю павінны саромецца такіх пачуццяў. Найлепшая зброя на гэтага «звера» — спакой, вытрымка. Не «заводзіць» сябе, не абражаць, не раз'ярываць чалавека, якога кахаеш так, што кожны яго неасцярожны ўчынак ці слова можа выклікаць тваю рэўнасць. Навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі!

Пятро ішоў запрашаць госця, задаволены сабой, у добрым настроі.

Калі Саша вярнулася з марлевым клуначкам у руках, муж сядзеў каля стала з дачкой на каленях, а госць хадзіў па пакоі. Новы пратэз, гумавы, неяк жаласна папіскваў. Сашу чамусьці балюча ўразіў гэты піск, нібы яна толькі цяпер даведалася, што сакратар райкома таксама інвалід, якіх так многа i за якіх так баліць яе сэрца. Ёй здалося, што Уладзімір Іванавіч нечым усхваляваны. I яна на міг насцярожана застыла, спалоханая: ці не сказаў якога глупства Пеця?

— Калі ён яшчэ ў Булатава, паспрабуем нешта зрабіць. Праверым, што яму інкрымінуюць…

— Гэта вы пра Запечку? — здагадалася Саша, кладучы пакунак на паліцу.

Малая саскочыла з бацькавых каленяў, кінулася да маці:

— Мама! Што ты прынесла? Яйкі? Я хачу яйка.

Саша падхапіла яе на рукі, высока падняла, пасадзіла на печ.

— Цішэй, Лянок. Ты замінаеш дзядзю. — I да Лялькевіча: — Уладзімір Іванавіч, паверце мне, я лячыла яго, не мог Андрэй Запечка нічога дрэннага сказаць. Бываюць балбатуны, як… — I асеклася. — Прабачце, не буду называць ніякіх прозвішчаў. Ёсць, што п'яныя могуць ляпнуць усялякае глупства. Запечка не такі. I не піў. I ўвогуле не мог ён… Жонка яго расказвала: зямлю цалаваў, калі вярнуўся. — У Сашы заблішчалі ў вачах слёзы.

— Я веру вам, Аляксандра Фёдараўна. Але баюся, што нічога зрабіць не здолеем.

— Прабачце, Уладзімір Іванавіч, але я гэтага не магу зразумець. Я, канечне, малады камуніст, палітычна малаадукаваны. Але ўсё-такі я чытаў Леніна, праграму, статут… I разумею так: мы кіруючая партыя. Цэнтральны Камітэт кіруе ўсім, ажыццяўляе кантроль над усімі органамі, у тым ліку i над… гэтымі. A ў раёне хто павінен сачыць? Вы — райком. Для мяне вы — найвышэйшы аўтарытэт, я вас выбіраў. Ды i не толькі для мяне, камуніста, — для кожнага чалавека, партыйнага i беспартыйнага. Я, Уладзімір Іванавіч, сказаў вам пра гэта не як госцю. Не проста так. Я ўчора знарок хадзіў да вас, але нікога не застаў — ні Анісімава, ні вас. Я звяртаюся да сакратара райкома. Вы, канечне, прабачце, што я так: паклікаў у госці i пачаў вось з такога «пачастунку»…

123
{"b":"205284","o":1}