— Панаска, родненькі, трэба ж мне бульбачку ад сястры прывезці. Гэта ж дванаццаць вёрст.
— Заўтра я паеду ў раён i сам забяру тваю бульбу.
— Старшынька, калі ж тая мая чарга на каня?
— Я ж усім абвясціў.
— А каб жа мне, старой, хутчэй, у мяне ж планік на самай гары.
— Цётка Куліна, першага мая пасеем табе бульбу. Не гаруй.
— A ці нельга, Панаска, да Вялікадня? А то ж гэты май на Радуніцу якраз. А мне трэба ў лес схадзіць — да сына на магілку.
— Старшыня! А мне давай каня на Вялікдзень! Гэтыя ж багамолкі рабіць не будуць. А мне — усё адно! — гучна патрабавала Ліза.
— Грэх табе будзе, Ліза, — паківала галавой Куліна — высокая кастлявая старая, што стаяла за плугам.
— Грэх? А яму не грэх, Богу вашаму? — Яна пагразіла кулаком небу. — Не грэх, што забраў столькі мужчын? Навошта яны яму? Зямлю араць? Сена касіць? Дзяцей рабіць?
— Жахніся, маладзіца! Што ты плешчаш?
— Во дурная!
— Звар'яцела баба.
Жанчыны накінуліся на яе, i Ліза неяк адразу абмякла, здалася.
— Грэх… Ну, даволі вам плакаць перад старшынёй. Ён адзін вас усіх не прыгалубіць. Не надзейцеся. Запрагайцеся, кабылкі, у плуг самі.
Ліза раптам зноў павярнулася да Шапятовіча, сказала, саркастычна i як бы грэбліва скрывіўшы свае поўныя засмяглыя вусны:
— Ану, інцялягенты, падмяніце старых, дайце ім перадых. Хоць баразны дзве прайдзіце, паспытайце ўдовінага хлеба…
Нельга было адмовіць на такое запрашэнне. Ды Пятро зусім i не думаў адмаўляцца. Навошта? Ён нават узрадаваўся, што сустрэчу i размову з гэтымі жанчынамі можна вось так завяршыць — хоць трошкі памагчы ім, а не проста ветліва развітацца i пайсці далей, не выцершы нават кроплі поту з ілба ў той час, калі яны абліваюцца ім.
У Пятра адразу зніклі скаванасць, разгубленасць; перш ён стаяў, тарашчыў вочы на Лізіны ногі, слухаў размову жанчын ca старшынёй i не мог ім сказаць ніводнага разумнага слова. А што скажаш? Гутарку пра міжнароднае становішча павядзеш, ці што? А тут весела засмяяўся, плюнуў у далоні, павярнуўся да Грамыкі:
— А што, Панас, узялі?
Грамыка плюснуў чорнымі вейкамі, крутнуў галавой. Пятро зразумеў яго без слоў: «Даведаецца Анісімаў, што мы не толькі не забаранілі, a самі цягалі плуг — будзе нам!»
— Ды чорт з ім, з Аніськам! Узялі!
Ліза таксама засмяялася:
— Правільна, Андрэевіч!
I тое, што яна назвала яго па бацьку, яшчэ больш падбадзёрыла Пятра.
Плуг не проста цягнулі за пастронкі, жанчыны зрабілі прыстасаванне: да пастронка прывязалі тры лямкі, абшытыя лямцам ці старымі ручнікамі. «Хамут» такі надзяваўся на плечы.
Ліза грубавата выпхнула з «вупражы» нестарую жанчыну, бадай, сваю аднагодку, але нейкую змарнелую, бледную, i перадала яе лямку Пятру. Грамыка стаў з другога боку.
Пацягнулі.
Кажуць, упачатку любая праца, самая цяжкая, здаецца лёгкай. Не, Пятро з першых крокаў адчуў, што праца гэтая вельмі цяжкая. Можа, ён залішне натужыўся? Ліза ішла лягчэй: раўней ступалі яе босыя ногі па размяклай зямлі, не чырванела ад натугі шыя.
Цяпер ён мімаволі глядзеў на яе шыю, на мармурова-белыя — аж вочы слепяць! — плечы. Найдасканалейшы бюст, злеплены найвялікшым майстрам — прыродай. Цяжкія, растаптаныя боты яго слізгалі па зямлі, i ён, салдат, збіваўся з кроку. Жанчына, якая ідзе за ім, пэўна, бачыць усё гэта. Пятро стараўся ісці раўней, але тады рабілася яшчэ цяжэй. Лямка балюча муляла шрам, i яму трэба было трымаць яе рукой, каб «хамут» не прыціскаўся да грудзей. A Ліза ішла, апусціўшы рукі, як у страі, здавалася, зусім легка. Гэтак жа легка ішоў Панас, злева i чуць наперадзе ад яго.
На другой баразне пот пачаў заліваць вочы. Пятро сцёр яго раз, другі рукавом гімнасцёркі. Вырашыўшы, што ва ўсім вінавата зімовая шапка, на павароце шыбнуў яе пад старую грушу. Ліза ўбачыла гэта — засмяялася:
— Парыць, Андрэевіч?
Як на злосць, сонца, якое колькі дзён ужо рэдка цешыла сваім цяплом, выглянула з-за хмары i прыпякло. Не па-вясноваму — па-летняму.
Хутка Пятру здалося, што з яго суконнай гімнасцёркі вось-вось пацячэ — такая яна зрабілася мокрая, цяжкая. I вочы залівала потам яшчэ горш, так, што Лізіны плечы расплываліся ў нешта бясформеннае, жоўтае, i ён не думаў больш пра ix прыгажосць. Цяпер увесь свет страціў для яго сваё хараство i фарбы. У скроні стукала малаткамі, а боль аддаваўся ў рану.
Яшчэ ўпачатку, на першай баразне, Пятро расшпіліў усе гузікі. А як спыніліся, каб адпачыць, ён вырашыў скінуць гімнасцёрку. Але разам з гімнасцёркай сцягнулася i сподняя кашуля — мабыць, прыліпла, мокрая. Пятро збянтэжыўся, убачыўшы, як жанчыны глядзяць на яго, глядзяць не на твар, не ў вочы — на грудзі, на жывот. Ён не адразу зразумеў, чаму яны гэтак глядзяць, i, як хлапчук, сарамліва прыкрыўся гімнасцёркай. Асабліва дзіўна Ліза глядзела — з дабратой, ласкава, i вочы яе паступова як бы затуманьваліся слязьмі.
— Ну, мужчынкі, хопіць. Дзякуем, — сказала яна.
Яны спыніліся пасярод гарода, не давёўшы баразны да краю, i Пятро наіўна спытаў:
— Чаму?
— Рукі нам адсохнуць, калі мы на вас… араць будзем. Не ведалі мы. Даруйце…
Пятро ўсё зразумеў — усю чуласць i пяшчоту ix сэрцаў. У вачах яго калыхнулася неба, быццам упала на зямлю, i сонца разламалася на многа кавалкаў.
VIII
Нядзеля, але ў школе ішлі заняткі: быў Вялікдзень, а таму дзень абвясцілі рабочым — вялі барацьбу з рэлігіяй. Настаўнікаў радавала, што вучні даволі дружна з'явіліся на ўрокі, усяго які дзесятак дзяўчынак не прыйшло: у звычайны будні дзень i то бывае больш прагульшчыкаў. Класныя кіраўнікі выхваляліся адна перад адной, у каго менш ix — «вялікаднікаў».
Настаўніцы былі ў добрым настроі, вясёлыя, узрушаныя. Але ix весялосць у гэты дзень раздражняла Шапятовіча. Ён ведаў: большасць з ix мясцовыя і, безумоўна, перад тым як пайсці ў школу, добра разгавеліся, ад некаторых нават трохі самагонам патыхае. А цяпер перад ім i дырэктарам выдаюць сябе за вялікіх атэістак.
А можа, ён злаваўся таму, што сам быў галодны — прыйшоў нашча? Напярэдадні садзілі бульбу, пасадзілі ўсё, да апошняй бульбіны, a іншыя запасы, што былі ў хаце, з'елі хлопец-араты i санітарка, якія памагалі ў працы; Саша шчодра пачаставала ix.
Жонка сказала раніцаю са смехам: «Нічога, Пеця, людзі добрыя. Накормяць». Аптымістка! Але думка, што нехта дасць ім, сям'і сакратара партарганізацыі, велікодныя яйкі i нейкі кавалак сала, можа, нават свянцонага, знарок, — такая думка абражала да душэўнай пакуты. I моцна сапсавала Пятру настрой. У настаўніцкай ён быў панура-маўклівы, у класах — няўважлівы i залішне добры: не пытаў, не ставіў адзнак, не распрацоўваў новага матэрыялу, даваў задание — чытайце самі. Бачыў: вучні насцярожаны такой дабратой, робяць выгляд, што чытаюць, а на самай справе кожны з ix думае пра нешта сваё. Пра што? Немагчыма здагадацца, гэтак жа, як не толькі з ix, дзяцей, але ніхто з самых праніклівых дарослых, псіхолагаў ніколі не здагадаўся б, пра што думае ён, настаўнік, стоячы каля акна i гледзячы ў зарэчную далеч, дзе на ўзгорку сінее хвойнік. Паспрабуй — здагадайся, што ў гэты час ён думае пра помету Медэі. Трагедыя Эўрыпіда нават у перакладзе па падручніку міфалогіі зрабіла незвычайнае ўражанне. Прачытаў уначы — доўга не мог заснуць. Раніцой расказаў жонцы легенду. Чакаў, што Саша адмахнецца ад яго новай казкі: «Глупства. Ніводная маці не заб'е сваіх дзяцей». Але яна, як ніколі раней, задумалася i згадзілася: «Ад рэўнасці жанчына ўсё можа зрабіць».
Гэта ўразіла яго яшчэ больш.
Уласна кажучы, не сама трагедыя, а Сашыны словы вярталі да думак пра Медэю, пра таямніцы жаночай душы. I яму палюбіўся гэты роздум пра тое, што, магчыма, недзе з некім i здарылася тры тысячы год назад. Тры тысячы!.. Такая даўнасць неяк хораша адводзіць думкі ад надзённасці: пачынаеш забываць няшчырасць настаўніц, уласнае адчуванне голаду, пра сход у Панізоўі, які трэба заўтра правееці,— збяруцца людзі ці не?.. Але нішто не скарачала час, урокі цягнуліся як ніколі доўга. I, як ніколі раней, Пятро ўзрадаваўся, калі яны нарэшце скончыліся. Рушыў быў дадому. Але ў акне сельсавета ўбачыў адзінокую постаць Бабкова i павярнуў туды.