Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Сашы ў амбулаторыі не было, яна паехала ў мястэчка на нейкую куставую нараду.

Пятру захацелася зайсці ў амбулаторыю аднаму. Ён знайшоў ключ, адчыніў дзверы і ўбачыў на падлозе паперку. Не ўтрымаўся — разгарнуў.

«Аляксандра Фёдараўна! Вы казалі мне, што нікому ніколі не хлусілі. А мне вы схлусілі. Навошта? Вы запэўнівалі, што той юнак — ваш брат. А цяпер я ведаю, што ён ваш муж. Мне крыўдна, што вы казалі няпраўду. Аднак жадаю вам шчасця.

Ул.».

Пятро прачытаў пісьмо, паціснуў плячамі. Яму здалося дзіўным і смешным, што сталы, сур'ёзны чалавек, настаўнік матэматыкі, дзве гадзіны хадзіў навокал амбулаторыі, каб падсунуць пад дзверы гэтую недарэчную запісачку. Ён раптам забыўся, што зусім нядаўна сам рабіў яшчэ большыя глупствы. Ён не задумваўся цяпер, чаму Саша сапраўды так доўга ўсім выдавала яго за свайго брата; цяпер гэта не магло хваляваць яго: Саша — яго жонка, і таму ён — найшчаслівейшы чалавек у свеце.

Пятро аддаў Сашы пісьмо, калі яна вярнулася. Тая прачытала, пачырванела:

— Дзівак. А што я магла яму сказаць? Ён так настойліва дапытваўся, хто ты.

Яны пагутарылі пра гэтага «дзівака», пажартавалі, і ніводная раўнівая струнка не адгукнулася ў душы хлопца. Але калі ў той жа вечар Саша сказала яму, што яго чакае дыпломная работа і таму трэба ехаць, струны гэтыя загудзелі ўсе адразу, гучна і балюча. Усе гэтыя дні Пятро не думаў пра дыпломную работу. Яшчэ перад ад'ездам ён пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. А цяпер наогул усё гэта здавалася малапатрэбным і сумным у параўнанні з тым, што ён перажываў. Што такое гэты дыпломны праект, гэтая тлумачальная запіска? Каму яны патрэбны? Усё роўна будуць валяцца ў тэхнікумаўскай бібліятэцы ў самых далёкіх кутках за паліцамі. Нарэшце, якая розніца — атрымае ён пры абароне выдатна ці пасрэдна: усё адно выпусцяць тэхнікам-дарожнікам і ўсё адно ўвосень прыйдзецца ісці ў армію. Аб усім гэтым ён падумаў, калі Саша сказала, што час ехаць.

Раней ён пра дыплом не думаў, проста забыў усё і жадаў толькі аднаго — як мага больш быць тут, у гэтай надзвычай утульнай хаце, побач з Сашай, сваёй жонкай. Яму здавалася, што толькі ён паедзе — і шчасце разбурыцца. А таму жахнуўся ад думкі, што трэба пакідаць яе.

— Ты хочаш, каб я хутчэй паехаў? — з дакорам і крыўдай сказаў ён.

— Я хачу, каб ты заўсёды быў са мной. Але нельга ж забываць пра справу.

— Я на паўмесяца абагнаў усіх.

— А нічога не скажуць, што цябе так доўга няма пасля свята?

— А хто можа сказаць!

— Ведаюць хоць, дзе ты?

— Ніхто не ведае.

— Трэба ехаць, Пеця. Так нельга.

— Я надакучыў табе?

— Божа мой, які ты дурны!.. Я хачу як лепш, каб не было непрыемнасцей, а ён… глупства вярзе…

Але на другі дзень прыйшла тэлеграма ад сябра: «Неадкладна вяртайся. Дырэктар, камітэт пагражаюць табе страшнай карай». Сябра гэты здагадаўся, куды знік Пятро, у чамадане ягоным знайшоў пісьмы і такім чынам даведаўся адрас Сашы.

З болем у сэрцы пакінуў Пятро жонку і пайшоў толькі з умовай, што яна штодзень будзе пісаць яму.

Бясконцай здалася яму ў той пераход знаёмая дарога па прыдняпроўскай раўніне, хоць ён і прымушаў сябе захапляцца хараством маладой зеляніны і няспынна думаў пра Сашу. Між іншым, марыў, што калі-небудзь ён збудуе тут, у гонар Сашы, дарогу па сваім праекце — дарогу цудоўную, па якой прыемна і радасна будзе хадзіць людзям, нават маладажонам, калі ім давядзецца пакідаць адно аднаго.

Раней жартаўлівы і шумны сярод блізкіх сяброў, Пятро зрабіўся сцішаны і замкнёны. Замыкаюцца і адасабляюцца людзі звычайна ад гора, але бывае, што замыкаюцца часам і ад шчасця. Пятро як бы баяўся, каб хто не абразіў, не запляміў яго светлых і чыстых пачуццяў. За прагул яго лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Ён адказваў:

— Так, ездзіў, — і ўсміхаўся, як, напэўна, усміхаўся б чалавек, якому раптам адкрыліся ўсе таямніцы свету. Сапраўды, ён адчуваў, нібы зрабіўся сталейшы за ўсіх сваіх сяброў, нават за тых, што старэйшыя за яго па гадах, — сталейшы, бо жанаты і шчаслівы, бо перажыў тое, чаго яны, відаць, яшчэ не перажылі. Сябры дзівіліся, гледзячы на яго. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Гэтая чутка ў адзін міг разнеслася па тэхнікуме. Дзяўчаты з малодшых курсаў прыходзілі ў чарцёжную і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва. Хлопцы-сябры дапытваліся, ці праўда гэта, жартаўліва віншавалі, а ён у адказ толькі ўсміхаўся ўсё той жа таямнічай і радаснай усмешкай. Зноў працаваў Пятро над праектам дзень і ноч, каб дагнаць і апярэдзіць сяброў і такім чынам выкраіць час яшчэ раз з'ездзіць да жонкі. Адрываўся ад працы толькі для таго, каб збегаць на пошту — спытаць, ці няма пісьма. Дзён колькі пісьмо не прыходзіла, і ён зноў пакутаваў, яму зноў успомніўся Ўладзімір Іванавіч, яго словы, запіска і іншыя недарэчнасці. Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён.

Праз тыдзень, забыўшыся на дырэктара і на камітэт, на ўсе іх папярэджанні, Пятро зноў ляцеў да Сашы. Больш ён не чакаў ні машыны, ні парахода, а з цягніка пабег па знаёмай дарозе, і здалася яна цяпер вельмі прыгожай.

V

У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Пятру не спалася ад адчування шчасця, ад той душэўнай узнёсласці, якая ўсё яшчэ не пакідала яго, хоць ішоў другі месяц, як яны пажаніліся. Ён ляжаў на краі ложка і баяўся паварушыцца, адчуваючы на руцэ мяккія валасы Сашы. Яна спала спакойна, роўна дыхаючы. Ён асцярожна павярнуў галаву ў бок Сашы і любаваўся ёю; і ў сне на яе твары адбіваліся нейкія пачуцці: вусны то складваліся ва ўсмешку, то застывалі ад сур'ёзнай увагі, то іранічна крывіліся, зрэдку ўздрыгвала брыво. Гэта ігра рыс на любым твары здавалася Пятру такой прывабнай і пацешнай, што яму вельмі хацелася цалаваць і вусны, і вочы яе, але ён баяўся разбудзіць жонку.

«Няхай спіць, яна змарылася за дзень, набегалася, — з пяшчотай, як аб дзіцяці, думаў ён. — Трэба і мне спаць. Спаць, спаць!»

Але заснуць не ўдавалася. Ноч лезла ў пакой далёкім смехам дзяўчат, прыглушанымі пералівамі гармоніка недзе ў суседняй вёсцы, пахам кветак… І яшчэ адно дзіўнае адчуванне не давала заснуць — нейкая неасэнсаваная трывога, нібы перад навальніцай ці перад невядомай далёкай дарогай. Яна, гэтая трывога, была недзе ў самай глыбіні душы, пад шчасцем і захапленнем, але чым настойлівей ён змагаўся з бяссонніцай, тым часцей яна адгукалася ў сэрцы, нібы прабіваючыся на паверхню. Што гэта? Чаму гэта? Можа, зноў недарэчная рэўнасць, пра якую яму зараз сорамна ўспамінаць? Не. Гэта нешта зусім іншае. Ён успамінаў падзеі дня — што бачыў, з кім сустракаўся, пра што гаварыў… І раптам успомніў: нямецкая армія ўступіла ў Парыж. Пятро пачуў гэтую навіну па радыё ў сельсавеце. Прысутныя там старшыня, упаўнаважаны, настаўнікі выказвалі свае думкі наконт гэтай падзеі. Трывогі ніхто не выказаў, трывога, відаць, ва ўсіх засталася ў сэрцы і выявілася, як і ў яго, не адразу, а пазней, уначы, калі кожны застаўся сам з сабой. Там жа ўсё больш гаварылі пра немцаў, пра іх сілу і тэхніку:

— Вось пруць, гады!

— Сілішча! Што ты хочаш!

— За дзень Галандыю, за другі — Бельгію… Ангельцаў у мора кульнулі…

— Храновыя ваякі супраць іх… Каб стаялі насмерць — не ішоў бы так!

— Супраць нас не пайшоў бы так! Назад пакаціўся б!

— Тэхнікі, відаць, малавата ў французаў… У немцаў танкі вунь усюды…

— Не ў адной тэхніцы сіла… Камандзіры ні к чорту! А калі генералы ў кусты, дык што рабіць салдату? Салдату трэба каманда…

Пятро таксама выказваў нейкія меркаванні і нават вызначыўся сваімі ведамі аб нямецкай ваеннай тэхніцы, пра якую вычытаў у часопісах. Так яны пагутарылі і разышліся. А цяпер вось гэтая трывога, гэты неспакой у душы. Чаму? Францыя!.. Парыж!.. Як гэта далёка для хлопца, які нават у Маскве быў толькі праездам, нікуды асабліва не ездзіў і не надта глыбока разбіраўся ў міжнародных справах! Але разам з тым як гэта і блізка — блізка сэрцу юнака, які толькі са школьнай парты! Ніводную краіну мы не ведаем са школьных год так, як Францыю. Ужо з першых класаў, з першых чытанак мы дазнаваліся пра Парыжскую камуну, з кніг глядзелі на нас партрэты герояў-камунараў, на ўсё жыццё запаміналіся прозвішчы — Варлен, Дэлеклюз, Дамброўскі. Потым гісторыя, тая школьная гісторыя сярэдніх вякоў і новая, у якой Францыі адводзілася добрая палавіна, бо Францыя дала Рабесп'ера і Марата, дала рэвалюцыю 1848 года і, нарэшце, Парыжскую камуну.

13
{"b":"205284","o":1}