Нават у самага кепскага вучня, які кідаў школу пасля сямі-васьмі класаў, на ўсё жыццё захоўваліся ў памяці ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. А ў тых, хто вучыўся далей, веды аб Францыі бясконца пашыраліся.
За гісторыяй — літаратура. Спачатку Жуль Верн і Гюго, потым — Бальзак, Ралан і Анры Барбюс. Мы любілі герояў іх кніжак і праз іх палюбілі Францыю.
Пятро ўявіў Парыж так, як можна ўявіць гэты горад па прачытаных кнігах і фільмах, уявіў, як ідуць па ім чужыя салдаты, грубыя і нахабныя, як усе заваёўнікі, і сэрцу стала балюча — балюча за далёкіх незнаёмых французаў, мусіць, такіх жа хлопцаў, як ён сам, і такіх жа жанчын і дзяўчат, як яго Саша. Саша! Мілая, слаўная Саша! Ён пяшчотна паглядзеў на жонку, прыслухаўся да яе роўнага дыхання. І раптам з'явілася думка, упершыню такая недарэчная: «А што, калі яны пачнуць вайну супраць нас? Прыйдуць сюды, на нашу зямлю, як прыйшлі ў Парыж?»
Што ж гэта будзе? Разбурыцца шчасце, вось гэтае яго шчасце, якое ён толькі што спазнаў? Адарвуць яго ад Сашы, вось ад гэтых яе мяккіх валасоў, якія нават пахнуць шчасцем, ад яе рук, такіх пяшчотных…
Яму зрабілася жудасна ад гэтай думкі. Вайна, яе ўяўная рамантыка можа вабіць толькі дзяцей і юнакоў; для чалавека, які зразумеў сэнс жыцця і ўведаў шчасце, вайна не можа не быць страшнай і агіднай.
Пятро стараўся адагнаць гэтую жудасную думку. «Ніколі яны сюды не прыйдуць! Мы будзем біць іх на іх зямлі, калі яны адважацца напасці, на сваю не пусцім», — ён быў перакананы ў гэтым непахісна. Мы ўсе верылі, што будзем біць ворага на яго зямлі.
Каля хаты спынілася фурманка. Конь, якога, відаць, вельмі гналі, з палёгкай фыркнуў. «Зноў па Сашу», — падумаў Пятро. Рэдка выпадала ноч, каб яе не выклікалі да парадзіхі.
Ціхі, але настойлівы стук у шыбу і нясмелы голас:
— Доктарка!
Саша адразу прачнулася, асцярожна ўзнялася і, адчыніўшы фортку, прашаптала невядомаму чалавеку за акном:
— Іду. Не стукайце.
Яна збіралася паціху, каб не разбудзіць Пятра, мяркуючы, што ён, як звычайна, спіць. Але Пятро паклікаў яе.
— Ты не спіш? Спі. Мяне зноў клічуць. — Яна пацалавала яго і, узяўшы ў рукі чаравікі, каб не стукаць абцасамі па падлозе, выйшла.
Пятро з нейкай дзіўнай радасцю падумаў, што недзе зноў народзіцца чалавек, зноў прыйдзе радасць у хату, і ад думкі гэтай адразу зніклі яго трывога, неспакой, быццам ён раптам упэўніўся ў непераможнасці жыцця. Ён хутка заснуў. Прачнуўся на світанні ад дотыку Сашыных рук: яна лажылася побач. Цела яе было халоднае, і ўся яна пахла свежым сенам, дарожным пылам і ёдам. А праз гадзіну яе выклікалі зноў.
За снеданнем Саша сказала:
— Сёння прыняла двух цудоўных хлопчыкаў.
— Зноў хлопчыкі! — без захаплення сказала Аня. — На вайну гэта, кажуць, калі родзяцца адны хлопчыкі…
— Ніякай вайны не будзе! Усё гэта бабскія выдумкі! — сказаў Пятро аўтарытэтна, як належыць сталаму мужчыну сярод жанчын.
Калі не лічыць начных думак і трывогі, ён сапраўды быў перакананы, што вайны не будзе, а калі вораг нападзе, то будзе разбіты адразу, за які тыдзень-два. Як і большасць яго равеснікаў, ён бязмежна верыў у магутнасць арміі, у якой будзе служыць.
Саша цяжка ўздыхнула. Пасля прызналася Пятру:
— Я ніколі нічога не баялася і ніколі не думала пра гэта… А цяпер баюся…
— Чаго?
— Вайны. Ведаеш, калі маеш шчасце, дык, мабыць, заўсёды баішся яго страціць… Праўда?
У хуткім часе ёй давялося перажыць за сваё шчасце сапраўдны страх, а не толькі ўяўны — ад думак.
Пасля выпускнога вечара будучыя тэхнікі-аўтамабілісты і дарожнікі паехалі за горад і там трапілі пад праліўны дождж. Пятро прастудзіўся і захварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх. Па тым, якое кароткае было яго пісьмо — два нейкія сказы без знакаў прыпынку: «Сашок я захварэў запаленнем Ляжу ў Першасавецкай Цалую цябе», — і па тым, якой слабой рукой гэта было напісана — крывыя, разрозненыя літары, — Саша зразумела, што муж вельмі цяжка хворы. Разгубленая, спалоханая, яна прыбегла з амбулаторыі да гаспадыні і ўпершыню заплакала пры ёй; дагэтуль калі часамі і плакала, дык употай, каб ніхто не бачыў.
— Чаго ты? — здзівілася гаспадыня.
— Я вельмі баюся, што ён памрэ, — як дзіця, усхліпнула Саша.
— Другога знойдзеш, — магчыма, хацела пажартаваць гаспадыня, але сама пасля была не рада: Саша адхіснулася, і вочы яе бліснулі іскрамі гневу і варожасці.
— Як вам не сорамна, Аня! Вы самі пахавалі мужа. Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце… даражэй жыцця…
Ані да болю стала сорамна, яна таксама заплакала.
— Даруй, Шурачка, хіба я хацела паганае сказаць, так… не ўтрымала языка… Божа мой, такі наш лёс жаночы!..
— Я зараз жа паеду да яго. Яму будзе лягчэй, калі я буду пры ім…
— Як ты паедзеш? А работа?
— А што работа? Хіба што здарыцца за дзень-два? Я ж хутка вярнуся… Я толькі пабачу яго, суцешу…
— Але ж закон гэты…
Сапраўды, незадоўга перад гэтым выйшаў закон, згодна з якім за прагул, за спазненне на работу аддавалі пад суд. Сашу, добрасумленную ва ўсім, крыштальна чыстую, заўсёды страшыла думка, што і яна можа неўзнарок трапіць на лаву падсудных. А як яна дакажа, што ёй трэба было абавязкова ехаць, яны ж нават не запісаны ў загсе?
— Не, я паеду. Што будзе — тое і будзе, а я не магу не ехаць.
— То папрасі ў старшыні каня, я падвязу хоць цябе…
— Дзе яго знойдзеш, старшыню! Ды і лепш, каб ніхто не ведаў. Я пайду да Рэчыцы… Паспею на рабочы поезд.
— Проці ночы ў такую дарогу? Божачка мой! — спалохалася гаспадыня.
— Аня, вы не адгаворвайце мяне. Я не маленькая. Што мне ноч!..
З сабой, акрамя грошай, завязаных у насавой хустачцы, яна ўзяла белы халат, бо ведала, што без яго цяжка будзе прайсці ў бальніцу.
Яна не ішла, яна бегла, адна сярод ночы і сярод поля. Над ёй было зорнае неба, бязмоўнае і бясконца далёкае, а да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Збажына жыла: у ёй нешта шапталася, звінела, уздыхала. Гэтая блізкасць нечага жывога бадзёрыла і адначасова страшыла. З-пад ног час ад часу ўзляталі начныя птушкі, ледзь не б'ючы крыламі па твары. Спачатку Саша палохалася, нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі.
«Чаго мне баяцца, калі хворы Пеця? Слаўны мой, любы, каб я была гэтай птушкай, я даўно прыляцела б да цябе… Я не магу ляцець — я буду бегчы. Бегчы!.. А чаго бегчы? Усё адно прыйдзецца чакаць поезда. А калі спазнюся? Лепш раней прыйсці…»
Дзе-нідзе пачалі жаць, і на полі стаялі бабкі, здалёк падобныя ў цемры на постаці людзей. Адна з такіх постацей раптам прыўзнялася і кінулася ўцякаць. Саша спалохалася і таксама пабегла. Бегла так, што здавалася, сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Але яна падумала пра Пятра — і страх знік. Праходзячы паўз вёску, яна зноў убачыла, як з прыдарожнай лаўкі ўсхапіліся і пабеглі дзве постаці. Яна падышла так блізка, што добра разгледзела дзяўчыну і хлопца — закаханых, і раптам здагадалася, чаму яны ўцякаюць. Каб не несці халат у руцэ, яна надзела яго і выглядала белай зданню. Яна скінула халат, пайшла павольней. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч…
Старому вартаўніку пры бальніцы Саша сказала, што яна практыкантка, і як пропуск паказала халат. Яна баялася спытацца ў каго-небудзь з сясцёр, дзе ён ляжыць, — а раптам скажуць, што яго ўжо няма! — і цішком абыходзіла ўсе палаты аддзялення па чарзе. Адчыніла дзверы адной палаты і ўбачыла ў куце схіленую перад ложкам постаць сястры, і адразу кальнула ў сэрца: ён там! Яна хутка пайшла да ложка. Хворыя ўзнімалі галовы і са здзіўленнем глядзелі на яе. На гук крокаў павярнулася сястра. Саша пазнала Любу і… спынілася, варожае пачуццё варухнулася ў яе грудзях: Пятро расказваў, як Люба хацела прывабіць яго.
— Ты? — крыху здзіўлена спытала Люба. — Гэта ён цябе клікаў увесь час — Саша, Саша? Цяпер я разумею. — Яна крытычна агледзела Сашу, іранічна ўсміхнулася.
Дзякуючы дапамозе бацькі, дырэктара саўгаса, Любе ўдалося пераехаць у горад, і цяпер яна працавала старшай сястрой аддзялення. А галоўнае — у горадзе яна мела жаніхоў і была ўпэўнена, што хутка выйдзе замуж. Жыццё ў горадзе, жаніхі, пасада — усё разам давала ёй падставы ганарыцца, весці сябе важна і глядзець на такіх, як Саша, «вясковых», з вышыні свайго ўяўнага становішча. Праўда, на Пятра яна хоць і была злосная, але да хворага ставілася ўважліва і нават пахвалілася сёстрам, што хлопец гэты некалі ад кахання траціў розум і пехатой за паўсотні кіламетраў бегаў да яе ў вёску. З'яўленне Сашы крыху ўзлавала яе. «Жонка!» — зняважліва падумала яна і спытала: