— Дык ты сапраўды выйшла за яго? Ён тут, калі яму рабілася лягчэй, расказваў, што жанаты. Дзяўчаты не верылі… Дзіця яшчэ… Я таксама не верыла…
Але Саша не слухала яе. Яна стаяла за два крокі ад ложка і не зводзіла позірку з твару Пятра. Ён ляжаў нерухома, з заплюшчанымі вачамі, быццам спаў, але яго засмяглыя, патрэсканыя ад гарачкі губы раз-пораз крывіліся ад болю, зрэдку пакутліва перасмыкаўся ўвесь твар і ўздрыгвала цела, нават пунсовыя плямы на запалых шчоках у гэты міг знікалі, і шчокі ўраз рабіліся бяскроўна-бледнымі.
Саша прысела на ложак і, узяўшы яго руку, прыціснулася да яе шчакой.
Нехта з хворых сказаў з захапленнем:
— Ого!
Другі цяжка ўздыхнуў, прагнучы гэткай жа простай і шчырай ласкі.
Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага.
— У яго сорак адзін тэмпература. Увесь час лёд трымаем, — сказала яна суха, мабыць, жадаючы падкрэсліць, што не пяшчота трэба хвораму, а клапатлівы догляд. — Рэдкі па цяжкасці выпадак двухбаковай пнеўманіі. Чакаем крызісу… Ты падзяжурыш каля яго, так?
— Я буду тут…
— Доўга быць тут Бася Ісакаўна не дазволіць. Мне і так мала не будзе, што пусціла цябе… Але бяру на сябе…
Саша ўспомніла, што калі яны хадзілі сюды на практыку, то ўсе вельмі баяліся гэтай суровай Басі Ісакаўны, галоўнага лекара. Але цяпер яна нікога не баялася.
«Ніхто мяне адгэтуль не выганіць. Не пайду, — вырашыла Саша з упартай рашучасцю. — Я адна маю права быць пры ім».
Яна ўпэўнена паправіла падушку, коўдру… Глядзела, як пакутліва адбіваецца боль на яго твары, і сама адчувала гэты боль дзесьці глыбока ў грудзях. Пятро стагнаў — яна пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Суседзі-хворыя з павагай размаўлялі з ёй, распытвалі, адкуль яна, расказвалі, як прывезлі Пятра, як ён трызніў усе гэтыя дні, скардзіліся на свае хваробы. Яна ім сумленна адказвала, давала парады, нават некага выслухала… Але пасля не магла ўспомніць, пра што яе пыталі, што яна адказвала, навошта кагосьці выслухвала: гэта смешна — ёй, фельчарыцы, выслухваць хворага пасля вопытных лекараў! Але тады Саша не думала пра гэта. Яна была ўдзячна гэтым людзям, што яны цёпла і клапатліва гавораць пра Пятра, і хацела зрабіць ім што-небудзь добрае, памагчы… Але што б яна ні рабіла, з кім бы ні размаўляла, яна ні на міг не адрывала вачэй ад мужа. Думка аб тым, што ён можа памерці, не вытрымаць таго, што называецца страшным словам «крызіс», больш не прыходзіла. Такая думка не магла з'явіцца, пакуль яна бачыла, як ён дыхае, стогне, крывіцца ад болю. Яго жыццё — гэта яе жыццё, а нават безнадзейна хворы чалавек думае толькі пра жыццё. Толькі пра жыццё! Саша думала, як Пятро зноў прыедзе да яе і яна ўжо больш нікуды не адпусціць яго. Ён хацеў ехаць некуды ажно ў Беласток, куды яго назначылі пасля тэхнікума. Не, не трэба яму ехаць… Яны будуць хадзіць разам па полі, сядзець у садзе… Цяпер паспелі яблыкі… Потым яна возьме адпачынак, і яны паедуць на параходзе. Саша ўспомніла, як перад хваробай ён ад'язджаў ад яе. Ехалі разам да Рэчыцы — Сашу выклікалі ў райздраў. Доўга чакалі парахода, Пятро сказаў, што холадна. Яна накінула яму на плечы сваю шарсцяную хустку. Ён, захутаны, заснуў, паклаўшы галаву ёй на калені. А потым прыйшлі нейкія дзяўчаты-сакатухі, засмяяліся і разбудзілі яго… «Магчыма, ён і прастудзіўся тады, у тую ноч?»
Пятро раптам застагнаў і паклікаў:
— Мама! — потым сказаў нешта незразумелае: — На Ягадным не праедзем, не! Пойдзем!..
«Мама»… У Сашы сціснула ў горле, яна і ўзрадавалася яго голасу, і раўніва жадала, каб ён паклікаў яе.
Праз хвіліну ён расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на яе, як бы пазнаючы, потым квола ўсміхнуўся і прашаптаў:
— Саша! — І тут жа паскардзіўся, як скардзіцца дзіця маці: — Мне вельмі балюча, Саша.
— Балюча, Пеця, балюча, я ведаю. — Яна нахілілася і пацалавала яго ў гарачыя засмяглыя губы.
Люба заглянула ў палату і сказала:
— Ты пакармі яго, ён нічога не есць. Можа, ад цябе возьме…
Ён сапраўды не адмовіўся, хоць яму было цяжка глытаць. Калі яна карміла, хворыя раптам хуценька леглі ў ложкі, зашапталіся:
— Ідзе. Ідзе.
Саша зразумела, хто ідзе, калі ўбачыла ў дзвярах Басю Ісакаўну. Галоўны лекар рабіла абход. Яна спынялася ля кожнага ложка, слухала тлумачэнні лекара-ардынатара, пытала ў хворага, як самаадчуванне, прыпісвала назначэнні. Дайшоўшы да ложка Пятра, яна сурова спытала ў Сашы:
— А вы хто?
Саша збянтэжылася і стаяла, як вінаватая вучаніца.
— Я?.. Я — фельчар…
— У маёй бальніцы я не ведаю такога фельчара! Хто вы хвораму?
— Я?.. Сястра. — Яна не разумела, чаму не прызналася, што жонка, напэўна, пабаялася, што не павераць ці могуць сказаць што-небудзь крыўднае, абразлівае.
— Хто пусціў? — павярнулася галоўны лекар да дзяжурнага доктара. Той паціснуў плячамі.
— Я пусціла. Мы разам вучыліся, — з дзіўнай усмешкай сказала Люба.
— Дазвольце мне застацца… — нясмела, са слязьмі ў голасе папрасіла Саша.
— Паўгадзіны, — літасціва дазволіла Бася Ісакаўна, звяртаючыся да Любы.
Сашу напалохала, як яны аглядалі Пятра, як, адышоўшы, шапталіся, паўтараючы страшнае слова «крызіс», і яна вырашыла не пакідаць мужа, як бы ні выганялі яе.
Праз паўгадзіны Люба папрасіла, каб Саша пакінула палату, але хворыя напалі на Любу: не бачыце хіба, у якім цяжкім становішчы блізкі чалавек! Няхай сядзіць, нікому яна не замінае. Люба знікла і больш не з'яўлялася. Хворыя суцяшалі Сашу, падбадзёрвалі, называючы з ласкавай іроніяй сястрой. Яна не разумела, навошта яе суцяшаюць; яна не плакала, не ламала рукі ў роспачы, а проста сядзела і не зводзіла позірку з Пецевага твару. Жанчына не ведала, што яго боль, яго пакуты адбіваюцца і на яе твары, а збоку гэта было ўсім відаць.
Пад вечар у палату зноў зазірнула Бася Ісакаўна.
— Вы яшчэ тут? — Галоўны лекар амаль прастагнала: — Божа мой, што робіцца ў маёй бальніцы! — і злосна закрычала: — Любоў Андрэеўну і Зою Пятроўну — да мяне! А вы, галубка, ідзіце за мной.
Саша паслухмяна пайшла, пакорлівая і маўклівая.
У сваім кабінеце галоўны лекар загадала:
— Скідайце халат!
Саша скінула. Бася Ісакаўна замкнула халат у шафу.
— Гэта мой халат, — паспрабавала пярэчыць Саша.
— Ідзіце, і каб я больш не бачыла вас тут! Я яшчэ ў райздраў напішу, галубка…
Саша выйшла на двор, села на лаўку і горка заплакала — ад крыўды, стомы і болю.
Ноч, доўгую і пакутлівую, бадай што без сну — засынала на колькі хвілін трывожным сном і зноў прачыналася, — яна правяла ў сваёй былой гаспадыні. А раніцой зноў падышла да бальніцы. Але, відаць, галоўны лекар моцна паганяла ўвесь персанал, бо Сашу цяпер не хацелі і слухаць. Сёстры, што ішлі на работу, адмаўляліся выканаць нават простую просьбу — паведаміць, як здароўе Пятра. А Люба прашмыгнула міма і не прывіталася.
Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы.
Да варот пад'ехаў рамізнік.
З брычкі асцярожна злезла маленькая старая жанчына ў простай шарсцяной кофце, суконнай спадніцы — гэтая Бася Ісакаўна зусім не была падобна да той, суровай і ўладнай, што ў беласнежным халаце хадзіла па палатах.
Саша глянула на яе з нянавісцю.
Лекар таксама затрымала на ёй свой позірк і, мабыць, адразу не пазнала. Яна прайшла праз прахадную, нешта сказала вартаўнікам і… раптам вярнулася назад, уважліва паглядзела на Сашу.
— Вы яшчэ тут? — спыталася яна ў Сашы так жа, як і ў палаце, але зусім іншым тонам.
— А дзе мне быць? — няветліва адказала Саша.
— Ах, якая моладзь! — уздыхнула Бася Ісакаўна, і нельга было зразумець — ці яна асуджае, ці адабрае гэтую моладзь. — Хадзем са мной.
У двары яна сказала:
— А гаварыць няпраўду старэйшым непрыгожа, дзіця маё. Мне ж сказалі, што гэта ваш муж. Так?
Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны.
Апрануўшы халат, які дала ёй галоўны лекар, Саша ўзбегла на другі паверх і толькі перад дзвярамі знаёмай палаты перавяла дыханне. Яна са страхам адчыніла дзверы і спынілася. І першае, што яна ўбачыла, — яго вочы, жывыя, ясныя. Яны глядзелі на яе. Ён устрапянуўся, намерыўся падняцца і амаль крыкнуў: