Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Яна не ішла на сувязь, — пачаў апраўдвацца Данік, зразумеўшы, што дакор гэты не аднаму Цішку, але ўсёй арганізацыі.— Мы спрабавалі наладзіць з ёй сувязь яшчэ ўвосень. Сам Стары займаўся. Але яна i яму не паверыла. Яна нікому не верыла. Мы вырашылі, што тады яна выпадкова пякла хлеб партызанам, а потым спалохалася, i больш да яе не падступіцца…

— Слаба, значыцца, мы ведаем, што робіцца ў вёсцы. А мы павінны ведаць усё: чым жыве, што думае кожны чалавек. A ці адна толькі Ганна такая? Перадай, Данік, Старому, каб ён памог схаваць яе дзяцей…

Саша ўздрыгнула, пачуўшы пра дзяцей. Няўжо немцы могуць крануць дзяцей? Так, яны ўсё могуць. Дагэтуль, слухаючы хлопцаў, яна без страху, разважліва думала пра тое, што з арыштам Ганны могуць выплыць на паверхню асеннія здарэнні — уцёкі партызана з калодзежа, смерць Кузьмы. Яна вырашыла сказаць пра сваю асцярогу Уладзіміру Іванавічу, каб ён на ўсякі выпадак меў на ўвазе. Калі ж успомнілі пра дзяцей, яе апанавала тое цяжкае пачуццё, ад якога яна страшэнна пакутавала, бо цяпер ёй здавалася, што толькi адна яна такая баязлівая, a ўсе іншыя страху не ведаюць. Наіўная жанчына! Яна не разумела, што сіла не ў тым, каб зусім не мець гэтага пачуцця (смерці баяцца ўсе), a ў тым, каб умець перамагаць страх і, перамагаючы яго, сумленна выконваць свой абавязак. Яна не хавала свайго пачуцця ад Даніка, Полі, нават ад чырвонаармейцаў i суседзяў, але цяпер — перад Уладзімірам Іванавічам — яна ніколі не выдасць свайго страху. Ніводным словам, ніводным рухам! Таму i пра апаску сваю вырашыла маўчаць. Але сам камісар усё помніў, усё ўлічваў!

— Да здарэння з Кузьмой не дакапаюцца? — спытаўся ён у Даніка.

— Не! — упэўнена адказаў хлопец. — Ніхто ж нічога не ведае. Абы маўчала цётка Хадоска. А яна будзе маўчаць! Яна набожная стала, дзень i ноч моліцца… Хіба толькі Старому можа паспавядацца.

— Асцярожнасць, таварышы, у падпольнай справе — аснова поспеху. Мы павінны ўсё бачыць i ўсё ўлічваць наперад. I берагчы сваіх людзей. A здраднікі… Гусеў гэты i іншыя… нікуды яны ад нас не дзенуцца, не схаваюцца ад народнага суда. Мы пакараем ix…

Ціхан, крыху ўтаймаваны суровасцю i бацькоўскай лагоднасцю Лялькевіча, зноў загарэўся помстай.

— Даручыце мне! Таварыш камісар!

— Ох, рызыкант! Хочаш, каб змянілі п'яных паліцаяў зондэркамандай? Каму ад гэтага стане лягчэй?

— Ніякай рызыкі не будзе! Я падпільную яго дзе-небудзь пад горадам, як ляснічага. Каб i не падумалі на нашу вёску.

— Праўда! — раптам падтрымаў Данік. — Дазвольце нам стукнуць гэтага гада. Няхай ведае, як кідаць дзяцей… піць кроў людскую.

— Як ляснічага, кажаце? A ці шмат гэта дасць цяпер нашай барацьбе? Я хачу, каб вы заўсёды ставілі сабе такое пытанне. I заўсёды помнілі: мы — не забойцы, мы — суддзі. Мы караем ад імя народа. I народ павінен ведаць, хто i завошта пакараны, a галоўнае — ведаць, кім пакараны. Кожны наш стрэл па ворагу павінен узнімаць новых барацьбітоў, папаўняць нашы рады. Я сказаў вам: Гусеву нашай кары не мінуць. Але я катэгарычна забараняю самавольныя анархічныя дзеянні! Я папярэджваю, што надалей буду сурова караць тых, хто парушае дысцыпліну, законы падполля. Майце на ўвазе гэта! Ясна?

— Ясна, Уладзімір Іванавіч, — ціха адказаў Данік.

— Пісталет у цябе, Ціхан, я забіраю, каб ты не нарабіў глупства. I на першы раз папярэджваю.

Юнак цяжка ўздыхнуў: шкада было расставацца з пісталетам, які ён знайшоў яшчэ тады, калі яны з Данікам збіралі зброю на месцы бітвы. Пісталет ужо неаднойчы паслужыў яму як зброя пометы за вялікія крыўды народа.

VIII

Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч i адразу ўбачыла сон. Бяскрайняе i роўнае-роўнае, без узгорачка, без куста, заснежанае поле. Яна ўзіраецца да болю ў вачах у гэтую белую роўнядзь i… раптам бачыць: па пол i ва ўсім белым паўзе чалавек. Яна пазнае Пецю. Ён працягвае да яе рукі, просіць дапамогі, нешта крычыць. Яна хоча закрычаць у адказ i… не можа — няма голасу. Яна бяжыць насустрач, але ўзнімаецца страшэнная віхура. Саша змагаецца з ветрам, выбіваецца з апошніх сіл, але з жудасцю заўважае, што віхура адносіць яе назад, яна не набліжаецца да Пеці, а аддаляецца ад яго. I ён астаецца адзін еярод гэтага страшнага поля.

Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай.

За акном шуміць вецер. Таполі ажно звіняць абледзянелым голлем, шоргаюць ім аб страху хаты. На шыбах шархаціць сухі снег.

«Гэта добра, што такая ноч», — успомніла яна словы Лялькевіча i адразу пачула яго самога: ён піў ваду каля дзвярэй, дзе стаяла вядро. Напіўся i асцярожна, без мыліцы, каб не стукаць, трымаючыся за лаву i за сцяну, пачаў прабірацца да ложка.

«Трэба ставіць яму ваду. Як гэта мы не здагадаліся?» — падумала Саша i шэптам паклікала:

— Уладзімір Іванавіч!

Ён не адказаў, стаіўся недзе на паўдарозе — хацеў схітраваць.

— Уладзімір Іванавіч! Можа, вам нездаровіцца, што вы ўжо двойчы п'яце ваду?

— Не, Саша, я здаровы. Мне проста не спіцца, i я тупаю па хаце.

— А я заснула.

— Вы крычалі ў сне.

— Я сасніла страшны сон. Бачыла Пецю. Ён поўз па полі.

— Вы думалі пра хлопцаў, як будуць яны паўзці да склада, таму вам прыснілася гэта.

Каля стала заскрыпеў услончык — Лялькевіч недзе там сеў.

— А мне, зразумейце, цяжка. Цяжка адчуваць сваю бездапаможнасць. Мне хочацца… мне трэба быць разам з хлопцамі. Яны такія маладыя i нявопытныя!

На ляжанцы ўздыхнула Поля — таксама не спала. Але яна нічога не сказала, таму i яны змоўклі.

…Дні тры назад каваль, які стаў-такі папом, заглянуў да Лялькевіча i сказаў:

— Іванавіч, хлопцы даўно замахваліся на хлебныя склады на станцыі. Немцы да ліха нарабаванага збожжа туды навезлі. Я доўга прыглядаўся i ўсё стрымліваў хлопцаў — небяспечна, не вельмі склады загарацца зімой. А цяпер ёсць магчымасць… Я сёння быў там, на пахаванні стрэлачніка. Магчыма, каб не выстаўляць дадатковы пост, немцы, дурні, падсунулі пад самы склад, на запасную каляю, бензацыстэрну. Адну «хлапушку» пад гэтую цыстэрну — i ўсё да Бога: i бензін i склад! Дарэчы, падае барометр, гудзяць ногі. Трэба чакаць мяцеліцы. Нам — на руку.

— Вось гэта ўжо будзе залп! Ён будзе далека чуваць i відаць, — сказаў Лялькевіч.

Дачакаліся дня, калі пайшоў снег, i позна ўвечары хлопцы рушылі на заданне. Пайшло пяць чалавек: Анатоль, Данік, Ціхан, Павел i Лёнік. Але план аперацыі абмяркоўвалі з камісарам толькі Данік i Цішка. Анатоль не прыйшоў з меркаванняў канспірацыі, а новыя члены арганізацыі, як было дамоўлена, нічога не ведалі пра Лялькевіча i Сашу.

Саша ведала ўсе дэталі гэтага плана. I станцыю, якая знаходзілася кіламетраў за дзевяць ад ix вёскі, за лесам, яна добра ведала. Таму яе ўяўленні былі такія яскравыя, быццам раскрыліся сцены хаты, расступіўся лес i яна ўсё бачыць наяве. Вось хлопцы выйшлі з лесу i па глыбокім снезе абходзяць пасёлак. Добра, што ідзе снег i замятае адразу сляды. Вось яны ляглі ў кустах на беразе ручая. Адгэтуль да склада нейкіх метраў трыста. Правяраюць зброю. Далей паўзуць толькі трое — Анатоль, Цішка i Данік, захутаўшыся з галавы да ног у белыя балахоны, пашытыя ёю, Сашай, з тых накрухмаленых, прапахлых нафталінам прасцін, якія набывала яшчэ ix нябожчыца маці ў пасаг дочкам. Каля штабялёў бярвення, што навалены па гэты бок чыгункі, якраз насупраць склада, астаецца Анатоль, узброены нямецкім аўтаматам: у выпадку чаго ён павінен прыкрыць адыход хлопцаў. Далей паўзуць двое — Данік i Цішка. Самае цяжкае — перабрацца цераз пуці. Але яны перабіраюцца. I вось ужо стаіліся за вуглом склада, чакаюць, калі вартавы-немец, які ходзіць вакол склада, наблізіцца да ix. Саша не хоча бачыць, як Данік ударыць яму ў спіну нямецкім кінжальным штыком, a Цішка адразу заткне рот, каб ён не закрычаў. Яна заплюшчвае вочы… i сапраўды прапускае гэты момант. Вось немец ужо ляжыць. Хлопцы падкладваюць пад бензацыстэрну міну i ўжо не паўзуць, а бягуць назад… Тонуць у гурбах снегу, падаюць, зноў падымаюцца… Хутчэй, хлопчыкі! Хутчэй! Каб снег замёў вашы сляды…

42
{"b":"205284","o":1}