Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Збоку грымнуў вінтовачны стрэл. Гэта Сеня. Падбадзёраны, я нарэшце падняў галаву i адразу вызначыў месцазнаходжанне ворага: ён быў метраў за сорак наперадзе, за вялікім валуном, паабапал якога стаялі дзве каржакаватыя сасны. У яго была зручная пазіцыя, але ён рана пачаў страляць — не вытрымалі нервы. Угледзеўшы, што ляжу на ад крытым месцы, я адпоўз за бліжэйшы камень i адтуль паслаў кулю ў нябачнага ворага. Куля высекла іскру на валуне i ca свістам зрыкашэціла.

— Пясоцкі! Не давай яму высунуцца! А мы з Пятром — у абход! Ты справа, я злева! — закамандаваў Кідала.

Я перапоўз да другога каменя, потым зрабіў перабежку, схаваўся за дрэвамі. У гэты момант Сеня крыкнуў па-нямецку.

Такая фраза ёсць у вайсковым «разгаворніку», i я зразумеў яе сэнс: здавайся — гарантуем жыццё i ўсё іншае.

Я чакаў, што немец адкажа. Стрэліць — няхай не спадзяецца на нашу літасць. Не, над валуном узняліся дзве рукі, у адной — рэвальвер, у другой — белая насавая хустачка.

— Комэн зі гip![4]

Ён выйшаў.

— Ласен зі дзі пістоле! Унд хэндэ хох![5]

Ён кінуў пісталет у снег i стаяў з узнятымі рукамі.

Першы падбег малодшы лейтэнант i даў яму па вуху. Немец упаў. Кідала пхнуў яго нагой. Я не асудзіў Сцяпана. За маю зямлю, якую яны захапілі, за шчасце, якое растапталі, за толькі што перажытыя напружанне i страх я, напэўна, зрабіў бы тое самае, каб апынуўся каля яго першы: злосці ў мяне было даволі. Але ляжачага я не мог бы ўдарыць. Акрамя таго, я адразу ўбачыў яго вочы: прыгожыя, блакітныя, яны былі напоўнены такім смяртэльным страхам, што мне зрабілася шкада яго. Гэта быў малады хлопец, бадай што наш равеснік, высокі, дужы, з даўгаватым тварам, вялікім ілбом — «тыповы арыец». Але без якіх-небудзь прыкмет ці рыс садыста, забойцы, якім стаў за апошні час у нашым уяўленні вобраз кожнага фашыста. Ад гэтага нават патыхала нечым мірным: не крывёй, не гарам пажараў i нават не бензінам, a… тонкімі прыемнымі духамі. Праўда, калі мы загадалі яму падняцца i павялі назад, страх у яго вачах знік, бліснулі такія іскры, што прымусілі мяне насцеражыцца. Пачалі раздражняць яго шырокая спіна, лёгкая хада, элегантная футравая куртка, прыгожыя унты — уся яго постаць чужынца, ворага.

Сеня спытаў, каторы раз ён налятае на Мурманск.

— Цум эрстэнмаль[6].

— Хлусіць, падлюга. Баіцца адказнасці,— не паверыў я.

— А можа, з новай часці,— выказаў меркаванне Кідала. — Спытай, дзе ён быў дагэтуль. Адкуль прыляцеў?

— Аўс Берлін, — адказаў ён з хітрасцю i нават, як мне здалося, ca здзекам.

— Як яго прозвішча?

— Фрыц Кронкер.

— Усё-такі Фрыц, — засмяяўся Кідала.

— Спытай, Сеня, на што ён спадзяваўся, калі так упарта ўцякаў. Да Фінляндыі сто кіламетраў. Вар'ятам трэба быць, каб мець надзею дайсці.

Фрыц выслухаў пытанне, спыніўся, павярнуўся да нас тварам i пачаў адказваць горача, пераканана, нават злосна.

Сеня збялеў. Кінуўся да яго, схапіў за каўнер курткі, трасануў i закрычаў яму ў твар, глытаючы ад хвалявання i абурэння словы. Некалькі разоў паўтарыў — Масква i Берлін. Потым з агідай штурхнуў немца ад сябе:

— Фашысцкі вырадак!

— Што ён сказаў?

Сеня не адразу здолеў перадаць нам.

— Нахабная морда! Ён яшчэ пагражае! Гаворыць, каб мы не радаваліся, што збілі яго i ўзялі ў пал он. Бачыш, выходзіць, палонны не ён, палонныя — мы. Кажа, што тры дні назад вялікая армія фюрэра пачала сваё рашаючае наступленне i ўжо штурмуе Маскву. Што нам тут усім хутка капут. Мы вымушаны будзем скласці зброю… Вось жа гад! Я адказаў, што яго смярдзючаму фюрэру не бачыць Масквы, як сваіх вушэй… Не на тых напалі! А вось мы… Мы прыйдзем у яго Берлін… Вір комен нах Берлін! — крыкнуў Сеня па-нямецку. — Чуеш, сволач гітлераўская?

Фрыц панурыў галаву, згорбіўся, як бы чакаючы ўдару. Пад'ём быў круты, цяжкі, мы адчувалі стомленасць, i было не да размоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця i вечарэла ўжо; сонца даўно схавалася за гарамі (яно выглядвае яшчэ ўдзень гадзіны на дзве), неба на паўднёвым захадзе гарэла барвова-фіялетавым агнём, а на паўночным усходзе было цёмна-сіняе: адтуль, з мора, наступала ноч.

Мы бачылі сваю батарэю, адчувалі, што нашы сябры глядзяць на нас, бачаць чатыры постаці на фоне неба i радуюцца, што мы затрымалі фашыста.

За светлым ад водбліску снегу залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў.

Палонны доўга не зводзіў з яго вачэй. Напэўна, яго ўразіла, што горад жыве; можа, яму здавалася, што ix бомбамі ён знішчаны ўшчэнт. Ba ўсякім разе, нешта прымусіла яго сур'ёзна задумацца, бо ён раптам цяжка ўздыхнуў i як бы падумаў услых.

Сеня зняважліва хмыкнуў:

— Дайшло. Гаворыць, што гэта будзе сусветная трагедыя, калі, не дай Божа, мы прыйдзем калі-небудзь у Берлін.

He, хлусіш! Будзе сусветная радасць!.. Ді ганцэ вэльт вірд фро зайн…[7] Калі мы збавім людзей ад карычневай чумы.

Немец глянуў на Сеню з нянавісцю: у задуменні ён, мабыць, забыўся, што адзін з нас ведае яго мову.

Калі мы пачалі спускацца, то збоку, прыкладна за юламетр, убачылі трох чалавек. Яны ішлі напярэймы нам i махалі рукамі.

— З войск НКВД, па палоннага, — здагадаўся Кідала. Ён дастаў з кішэні новенькі бліскучы пісталет лётчыка, з жалем агледзеў яго. — Забяруць мой трафей. Гэтыя дружкі сваю справу ведаюць. Ha rapy нябось не кінуліся. У першую чаргу да парашута пайшлі.

У тэты момант, як на тое, немец расшпіліў спражку на рукаве сваёй курткі i зірнуў на гадзіннік. Гадзіннік быў цудоўны: вялікі, з чорным цыферблатам, белымі стрэлкамі. Я ўбачыў, як у Сцяпана прагна бліснулі вочы, сквапная думка вылезла на шырокі самазадаволены твар.

— Пясоцкі, скажы гэтаму тыпу, каб аддаў мне гадзіннік.

— Навошта? — здзівіўся наіўны Сеня.

— На памяць. Дарэмна хіба мы яму жыццё ратавалі? — цынічна ўсміхнуўся Кідала.

Сеня зразумеў, сумеўся, ажно пацямнеў з твару, але сказаў з верай, што можна пераканаць гэтага несвядомага чалавека:

— Т-таварыш малодшы лейтэнант! Але ж гэта… м-марадзёрства…

— Ну…тымяне не вучы. Яны паўсвету абрабавалі, можа, маці тваю забілі, а ты мне — марадзё-ёрства!.. Рабі, што загадваю! Твая справа цялячая.

— Я… я не магу гэта перакласці… Хочаце — забярыце самі. Ён зразумее без слоў…

Кідала натапырыўся, прыпыніўся, апусціў доўгія рукі, перайшоў на той афіцыйны тон, які любяць не вельмі разумныя камандзіры, ветлівы i ў той жа час пагрозлівы i здзеклівы:

— Вы што, Пясоцкі? Не выконваць загаду? У баявых абставінах? Так-так-так… Фашыста пашкадавалі? Сваячка знайшлі? Так…

Чатыры гады вучобы ў тэхнікуме, жыццё ў адным пакоі давалі мне права сказаць яму з абурэннем:

— Пасаромейся, Сцяпан! Ты камандзір Чырвонай Арміі! Паважай самога сябе!..

Але гэта ўзарвала яго зусім. Ён закрычаў на ўвесь Кольскі паўвостраў:

— Які я вам Сцяпан, сяржант Шапятовіч! Я быў для вас Сцяпанам калісь, але ніколі больш не буду! Ніколі! Зарубіце сабе на носе! Зразумелі?

Я ведаў, як яго ўлагодзіць: шчоўкнуў абцасамі, выцягнуўся, казырнуў:

— Так точна, таварыш малодшы лейтэнант! Усё разумею!

Ды раптам позірк мой упаў на палоннага. Ён стаяў, глядзеў на нас i, здалося мне, усміхаўся, зняважліва i зларадна. Я пахаладзеў ад думкі: «А што, калі ён разумев па-руску?» Зрабілася так сорамна за Кідалу, так страшэнна сорамна, што хацелася праваліцца скрозь гару. Гэтак паказаць сябе перад ворагам!

— Глядзіце, ён разумее… — паказаў я на немца.

Дайшло нават да Кідалы. Ён схамянуўся, штурхнуў палоннага ў плячо.

— Пайшоў, сволач! Хутчэй! — I шырока закрочыў побач з ім…

— Ён мне зноў быццам у душу напляваў,— сказаў Сеня, сумны, разгублены, схудзелы ад стомленасці, калі мы сустрэліся з чэкістамі, здалі ім абавязкі канвою i, крыху адстаўшы, маглі пагутарыць паміж сабой.

вернуться

4

Ідзіце сюды! (ням.).

вернуться

5

Кіньце пісталет! I рукі ўгору! (ням.).

вернуться

6

Першы раз (ням.).

вернуться

7

Увесь свет узрадуецца… (ням.).

70
{"b":"205284","o":1}