Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вось i вароты. Яны прыадчынены. Пятро прытуліўся плячом да шулы, стаіў дыханне, прыслухаўся. Ціха. Добра, што вароты адчынены — не будуць рыпець. Ён праціснуўся ў шчыліну. Выглянуў з-за хлява.

Каля ганка ўмываўся мужчына. Схілены, стаяў спіной да Пятра. Перад ім на ўслончыку вядро, ён зачэрпнуў з яго конаўкай, сам сабе ўзліў на рукі, пляснуў прыгаршчамі ў твар, фыркнуў. Але постаць, рукі нестарога чалавека. Гэта не Сашын бацька. Брат?..

Чалавек, мабыць, адчуў чужы позірк i хутка павярнуўся, неяк нязграбна пераступіўшы нагамі. Позіркі ix сустрэліся. I… Пятро адразу, у адзін міг, пазнаў яго. Можа, ён i не пазнаў бы так хутка, каб не думаў пра гэтага чалавека. А то вось ужо колькі месяцаў Лялькевіч даволі часта з'яўляўся перад яго вачамі, у яго ўяўленні, Пятро думаў пра яго i ў зямлянцы пад Мурманскам, i на пасту пад Кандалакшей, i ў шпіталі… ТольKi апошнія суткі не ўспомніў ні разу, калі даведаўся ад Ані, што Саша — дома, чамусьці адразу ўпэўніўся, што Лялькевіч ніяк не можа быць разам з ёю, нават блізка ад яе. Не можа… Не, ён вельмі блізка! Вось ён! Значыцца, недарэмныя былі душэўныя пакуты. Не падманвала прадчуванне. Страшэнная здрада чакала яго тут, куды ён так імкнуўся! Злосць, лютая злосць асляпіла, затуманіла розум.

У адзін скачок апынуўся ён каля Лялькевіча. Левай рукой схапіў загрудкі, скамячыўшы майку так, што ў таго агаліўся падцягнуты жывот.

— Прысмактаўся, сукін сын?! Вайну выкарыстаў? — I, не даўшы Лялькевічу раскрыць рот, па-баксёрску (так вучыў Кастусь, які дамагаўся, каб разведчыкі ўсё ўмелі) ударыў па мокрай пераносіцы, адначасова моцна піхнуўшы ў грудзі.

Лялькевіч паляцеў цераз ганак, загрымеўшы дзеравяшкай, якой Пятро не ўбачыў.

Упэўнены, што зрабіў усё, што належыць у такім выпадку i што больш яму тут няма чаго рабіць, Пятро кінуўся назад на гарод i далей у лес, які мог захаваць ад любой навалы i якому можна выплакаць сваю вялікую крыўду.

Саша пачула грукат, выйшла з хаты паглядзець, што здарылася, убачыла Уладзіміра Іванавіча на зямлі i… пырснула смехам: напярэдадні прайшоў дождж, каля ганка стаяла брудная калюжа, i камісар сядзеў пасярод яе. Але калі ўбачыла, што з-пад далоні, якой ён заціскаў нос, цячэ кроў, то спалохалася i занепакоілася. Прысела побач, памагаючы падняцца.

— Што з вамі?.. — Але схамянулася i спытала гучна — Што з табой, Пеця? Хто цябе?

— Хто? — Ён абхапіў яе левай рукой за плячо, абапіраючыся, каб падняцца.

— Хто?! — Саша азірнулася. — Шкога ж няма. Чаму ты ўпаў? Галава закружылася? Я казала: не трэба касіць без шапкі… Такое сонца…

Стаўшы на ногі, ён не адымаў рукі ад яе пляча. Ніколі яны не стаялі так блізка адно да аднаго. Вось яна — каханая, слаўная, клапатлівая. Проста з вядра чэрпае прыгаршчамі ваду, каб абмыць яму твар, як малому, як сыну, якому разбілі нос. Нямнога трэба: змаўчаць, калі ніхто больш не бачыў, сказаць, што сапраўды закрўжылася галава i ен упаў сам, стукнуўся аб ганак, i можна быць упэўненым, што той, сапраўдны Пятро, ніколі ўжо не вернецца сюды, i тады можна спадзявацца, чакаць… Ледзь бліснула такая думка, i ён увесь скалануўся, пачырванеў. Якая подласць! Не сказаць пра таго, хто ёй найдаражэйшы? Схлусіць гэтым даверлівым, шчырым вачам? Ды ён пасля ўзненавідзіць самога сябе, страціць маральнае права быць камуністам, партызанам, камісарам. Ён ужо зрабіў… робіць злачынства, што так доўга маўчыць. Трэба затрымаць, вярнуць яго! Вярнуць як мага хутчэй!

Лялькевіч моцна сціснуў пальцамі Сашына плячо…

— Хто? Ён! — I кіўнуў на гарод.

— Хто — ён? — здзівілася Саша.

— Пятро.

— Які Пятро?

— Твой.

Секунду яна глядзела яму ў твар: жартуе ён ці трызніць? Не, ён сказаў сур'ёзна, сумна, таямніча, амаль шэптам, як заўсёды паведамляў канспіратыўныя навіны.

— Я не ўправіўся ахнуць. «Прысмактаўся, кажа, сукін сын?» — i па мордзе… Не лепшы спосаб выясніць ісціну, але я разумею яго…

Саша адразу паверыла: прыходзіў Пятро, яе Пеця. Яна адпіхнула Лялькевіча так, што ён зноў ледзь не ўпаў, i кінулася на гарод.

Камісар зразумеў сваю памылку, калі пачуў, як за хлявом яна крыкнула на ўсё наваколле:

— Пе-е-ця-а-а!

Ударылася аб сцяну лесу i пакацілася назад звонкае рэха:

— …ця-а-а!

I на здаровых нагах ён, магчыма, не бегаў ніколі так імкліва, як цяпер на пратэзе, які так рэзаў, што ад вострага болю цямнела ў вачах.

Ён хутка дагнаў Сашу. Схапіў за плечы, заціснуў рот. Няхай падумаюць, што яны б'юцца, — гэта бывае паміж мужам i жонкай! — абы не падумалі чаго іншага, абы не з'явіліся падазрэнні ў суседзяў i паліцыі…

— Саша! Саша!.. Што вы робіце? Апомніцеся! Вы праваліце сябе… усіх нас!..

Яна вырывалася, білася ў яго дужых руках.

— Пусціце! Пусціце мяне! Дзе ён? Што вы казалі яму?

— Я нічога не сказаў. Не паспеў. Супакойцеся! Нельга так! Мы выдаём сябе! А Пятра мы знойдзем! Толькі спакойна!.. Прашу цябе — спакойна…

Даніка, які спаў на вышках на сене, разбудзіў Сашын крык. Хлопец убачыў праз шчыліну ў страсе, як змагаюцца на гародзе камісар i сястра, здзівіўся, нават разгубіўся спачатку, але застацца староннім не мог. Не ведаючы, каго трэба абараняць, ён, аднак, рушыў да ix. Праўда, яны сядзелі ўжо мірна, толькі камісар трымаў Сашу за руку, а яна плакала. Данік спыніўся воддаль, усё яшчэ збянтэжаны. Лялькевіч паклікаў яго: трэба растлумачыць, каб хлопец не падумаў немаведама чаго!

— Данік! Слухай! — сказаў Уладзімір Іванавіч, выціраючы хусцінкай акрываўлены твар. — Толькі што быў Пятро. Убачыў мяне, падумаў… Уяўляеш, што ён мог падумаць?.. «Прысмактаўся, кажа, сукін сын? Вайну выкарыстаў?» Расквасіў мне нос раней, чым я паспеў сказаць хоць адно слова, i пабег у лес… Значыцца, чалавек наш…

Саша ўстрапянулася, кінула на Лялькевіча позірк, поўны нянавісці.

— А вы думалі — паліцай. Думаеце, толькі вы…

Лялькевіч згорбіўся, быццам атрымаў удар, i не адказаў ёй.

— Я ўпэўнены, далека ён не пабег. Сядзіць дзе-небудзь у кустах. На расе след… Пойдзеш з Сашай…

Яна падхапілася, вырвала руку, гатовая бегчы.

— Але прашу вас, не крычыце, не клічце… Падумайце пра дачку! — Саша ўздрыгнула. — Мы палаяліся, пабіліся — муж i жонка… Натуральна, Саша сышла з хаты. I ты, Данік, угаворваеш яе вярнуцца назад, памірыцца… Разумееш?

— Разумею, Уладзімір Іванавіч! — кіўнуў Данік, дрыжучы ад ранішняй прахалоды i хвалявання.

Саша пабегла. Калі яна пералазіла цераз пляцень, Лялькевіч памахаў кулаком i крыкнуў на ўвесь голас:

— Ну i бяжы! I чорт з табой! Дурніца! Вар'ятка!

Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой.

Вось ён, яго след, на роснай траве. Ён павярнуў направа, дзе кусты больш густыя. «Пеця! Родны мой, дзе ты? Дурны ты мой! Як ты мог падумаць пра мяне? Ніхто мне не патрэбны. Ніхто! Акрамя цябе, любы мой i неразумны. У нас жа дачка. Твая дачка. Як жа ты мог пабегчы? Няхай ты падумаў пра мяне бог ведае што… Няхай… Але ты ўсё роўна павінен быў пабачыць Ленку…» Зрабілася вельмі крыўдна ад думKi, што ён не захацеў убачыць дачкі. «Няўжо твая рэўнасць мадней за любоў? Няхай не да мяне… Да дачкі! Такое агіднае пачуццё заглушыла ў табе самае святое…»

Яна i раней вельмі часта вось так гаварыла з ім, шапталася па начах ці калі адна заставалася ў лесе, у полі. Але тады гэта было так, у марах… А цяпер след… Няўжо праўда гэта ішоў Пеця? Як ён апынуўся тут, калі быў так далека, на Поўначы? На нейкі момант ёй здалося ўсё гэта неверагодным. Ці не сніць яна? Ці не пажартаваў Лялькевіч? Ці не спатрэбілася яму для якой-небудзь канспіратыўнай мэты такая выдумка? У яго заўсёды таямнічасць i нечаканасць. Вось i след знік…

Знік таму, што скончылася трава, пачаўся сухі сасоннік. Але Саша ажно скаланулася і, спыніўшыся, паглядзела назад. Не, след ёсць. Яна, як бегла, не наступала на Пецеў след, каб не затаптаць яго, i цяпер на роснай траве цягнуцца дзве зялёныя сцежкі. Куды ісці далей? Дзе шукаць? Яна зноў гукнула:

— Пе-е-ця-а!

Адразу побач апынуўся Данік, схапіў за руку.

— Саша! Ты забылася, што сказаў Уладзімір Іванавіч!

84
{"b":"205284","o":1}