Саша прыкмеціла, што ў апошні час, калі яны астаюцца сам-насам, Лялькевіч як бы губляецца i не ведае, пра што гаварыць, хоць у прысутнасці другіх ён звычайна гаманкі i вясёлы. Гэта яе забаўляла i абуджала тую дзявочую гарэзлівасць, з якой яна часам размаўляла з ім у той далёкі час, калі яны разам працавалі ў Заполлі. Іскра такой гарэзлівасці ўспыхнула i тут, у дарозе. Яна як бы незнарок разоў колькі дакранулася сваім плячом да яго пляча. Ён кожны раз далікатна адсоўваўся. Саша са смехам падумала, што, калі яна дакранецца яшчэ, ён можа вываліцца з саней. A ўвогуле яе крыху прыгнятала гэтая маўклівасць. Ёй хацелася пагаварыць шчыра i сур'ёзна. За тры месяцы яна прывыкла да гэтага чалавека, як да члена сям'і, як да брата, i цяпер ёй здавалася, што магла б даверыць яму, як добраму другу, усе свае думкі, трывогі, сумненні, перажыванні — выказаць усё, што на душы, напэўна, тады ёй стала б лягчэй. Праўда, часам яе палохала, што яна так прывыкае да яго. Неяк Поля пачала вельмі хваліць Уладзіміра Іванавіча, калі ён габляваў пад паветкай клёпкі.
Саша ўзлавалася:
— Ты быццам сватаеш яго мне.
Старэйшая сястра разгубілася. Мабыць, па сваёй сялянскай прастаце Поля сапраўды думала нешта такое. Бо дзе той Пятро, якога ніхто з ix не бачыў у вочы? Што гэта за жаніцьба ў ix была такая, што яны нават бацькам не сказалі, ні яна, ні ён?
Аб чым толькі не перадумае жывы чалавек! Розныя думKi з'яўляліся ў Сашы, нават самыя страшныя. Аднойчы яна падумала, што, калі, не дай божа, з Пецем што здарыцца, Уладзімір Іванавіч, безумоўна, пасватаецца да яе, а Поля i Данік памогуць пераканаць, што толькі з ім яна знойдзе сваё другое шчасце. I ў той міг яна ўзненавідзела яго, ёй здалося, што ён жадае Пецевай смерці. Некалькі дзён Саша глядзела на яго, як на ворага. Потым зразумела, што гэта недарэчна, што брыдка гэтак думаць пра такога чалавека, як Лялькевіч. Яна ўспомніла, як ён разам з імі гараваў па Цішку, як потым хадзіў за хворым Данікам, колькі сутак хвіліны не заснуў, бо Данік хварэў цяжка i ў гарачцы ўсё рваўся забіць начальніка паліцэйскага атрада. Цяпер Данік ачуняў, сунімаўся боль — жыццё, як заўсёды няспыннае i дужае, брала сваё. Саша ахвотна згадзілася ехаць у горад, хоць ведала, што паездка небяспечная. I ўпершыню тут, у дарозе, ёй стала прыемна ад думкі, што чалавек, які сядзіць побач, кахае яе. Яна зноў легка штурхнула яго плячом. Ён не адсунуўся, a здзіўлена паглядзеў на яе.
Саша ўсміхнулася:
— Пра што вы думаеце, Уладзімір Іванавіч?
— Я? — Ён на хвіліну сумеўся. — Пра вас.
— Пра мяне?
— Я думаю, што, можа, вам варта пераначаваць дзе-небудзь у іншым месцы.
— Чаму?
— Невядома, што там за канспірацыя. Чаму яны самі змянілі месца нашага начлегу? Сафронавічу гэта не спадабалася.
— Сяліцкі з нашай вёскі, таму яны палічылі, што будзе больш натуральна, калі мы заедзем да яго.
— Усё гэта так, безумоўна. Але навошта рызыкаваць дваім?
— У нас жа пропуск адзін. А раптам правераць у мяне: як прыехала, з кім? З мужам. Дзе ён? Чаму ў розных дамах начуем? — I, не чакаючы ні яго пярэчанняў, ні яго згоды, катэгарычна сказала: — Не, будзем начаваць разам!
Ён паглядзеў на яе з удзячнасцю. Яму хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя, надзвычай цёплыя i сардэчныя словы, але ён не мог дазволіць сабе гэтага. Толькі ў знак удзячнасці пачаў даверліва расказваць аб планах стварэння ў горадзе шырокага партызанскага падполля, ад дзейнасці якога пад нагамі акупантаў гарэла б зямля. Саша адчула гэты вялікі давер: такія планы не кожнаму члену арганізацыі можна расказаць!
Пры ўездзе ў горад ix затрымаў паліцэйскі пост, а праз нейкія пяцьдзесят крокаў, навідавоку ў паліцэйскіх, праверылі немцы. Адзін з ix, пажылы, з дабрадушным тварам, вялікай рукой працоўнага чалавека, на якой, аднак, даўно сышлі мазалі, паляпаў па бочках i цэбрах, відаць, разумеючы ў ix толк:
— Гут, гут. Гаймарбайт. Гандэль.
— Не вераць улады адна адной, — сказаў Лялькевіч, калі ад'ехалі.
Нова-Беліца не зрабіла на Сашу асаблівага ўражання, тут не было прыкметных змен: усё тая ж сумная i доўгая вуліца — ні горад, ні вёска, — якую яна не любіла, калі ёй, студэнтцы, прыходзілася пехатою хадзіць дадому (да вайны трапіць на машыну было не так лёгка).
Але калі яна ўбачыла ўзарваны, бязлітасна знявечаны мост цераз раку — той мост, на які яны колькі разоў прыходзілі з Пецем, — сэрца яе сціснулася. Яна неяк адразу прыгадала (можа, таму ёй так хацелася ехаць), што гэта — горад, дзе прайшло яе юнацтва, тры самыя цікавыя i шчаслівыя гады, дзе нарадзілася ix з Пецем каханне. Тут ёй усё знаёма да драбніц, на многіх вуліцах — кожная выбоіна на тратуары. I ўсё напамінае яго, Пецю.
Цераз бетонны мост ix не пусцілі. Паехалі па Інтэрнацыянальнай. Саша жахнулася: як не падобны гэты горад на той, які яна ведала. Гэты быў бязлюдны, брудна заснежаны, насцярожаны i знявечаны. Першыя руіны, першыя спаленыя дамы — i кожны з ix раніў яе. Павярнулі на Ветраную вуліцу — i сэрца яе заныла. Гэта была адна з вуліц, з якімі асабліва многа звязана ўспамінаў аб тых шчаслівых днях. Тут жыў на кватэры Пеця, адгэтуль ён бегаў да яе на спатканні, тут пісаў свае доўгія пісьмы, дзённікі. Але як змянілася i яна, знаёмая, родная вуліца! I тут многа будынкаў спалена, разбурана бомбамі.
«Ці цэлы дом, у якім ён жыў? Ці цэлы?» — з прымхлівым страхам думала Саша. Вельмі хацелася, каб гэты дом стаяў цэлы, не пашкоджаны, быццам ад гэтага залежаў лес Пеці. Дом быў спалены. Яна застагнала.
— Што з вамі, Саша? — шэптам спытаў Лялькевіч, убачыўшы, як яна змянілася з твару. Ёй раптам стала сорамна за тое, што там, за горадам, у яе быў такі ўзнёслы настрой, што яна паводзіла сябе як дзяўчынка, штурхала камісара, быццам заляцалася. Ёй здалося, што гэтым яна абразіла… памяць Пеці.
«Памяць? Чаму памяць?» — схамянулася яна i прашаптала:
— Не, ён жывы! Жывы!
— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна! — не папрасіў, a загадаў Лялькевіч.
— Тут жыў Пеця… I дом згарэў…
— Многа дамоў згарэла. A людзі жывуць. Не будзьце прымхлівая! Я разумею — успаміны, але не забывайцеся…
Яны выехалі к пераезду цераз чыгунку, i ix зноў затрымалі. Тут Саша ўбачыла, як многа навокал немцаў — салдат, афіцэраў. Усе яны даўжэй, чым гэта звычайна робіцца ў горадзе, спынялі свае позіркі на ix. Адны глядзелі на фурманку з бочкамі i цэбрамі i на маладую пару, як на нейкае этнаграфічнае дзіва, другія — насмешліва, трэція — варожа i падазрона. Афіцэр загадаў патрулю праверыць пільна, ці няма чаго ў бочках i пад імі? (Лялькевіч за час хваробы добра «праштудзіраваў» падручнік нямецкай мовы i цяпер многае разумеў.) Саша ніколі не бачыла так многа ворагаў вакол сябе: у вёсцы яны былі наездамі i неяк адразу разбрыдаліся, a ў хату заходзіла самае большае трое. А тут вунь ix колькі, у ix сіла, улада, а яна i Лялькевіч без зброі, бездапаможныя. На момант ёй зрабілася страшна. Але немец прачытаў пасведчанне, пропуск, які ім выдалі ў воласці, i зноў-такі з ухвалай сказаў:
— Гандэль? Гут!
Відаць, тым з ix, якія не ведалі ўсіх таямніц гітлераўскай палітыкі, хацелася, каб жыццё на захопленай зямлі ўвайшло ў нейкую нармальную каляіну, тады, магчыма, i яны адчувалі б сябе спакайней.
У Залінейным раёне разбурэнняў не было відаць i часцей сустракаліся нашы людзі, бледныя з твару, бедна апранутыя, таропкія ў позірках i рухах.
Сашы не спадабаўся дом, дзе ім трэба было заначаваць i сустракацца з людзьмі. Яна, як i большасць даваенных студэнтаў, што выхоўваліся непрымірымымі да ўсялякай прыватнай уласнасці, не любіла гэтых дамоў з садамі i сабакамі, гаспадары якіх вельмі неахвотна пускалі ix, студэнтаў, на кватэру. Такі быў гэты дом: вялікі — тры акны на вуліцу, стары, але па-гаспадарску дагледжаны, з высокім парканам i мноствам садовых дрэў, апранутых у густы іней. Але Саша крыху ведала гаспадара, Рамана Сяліцкага, чалавека з іхняй вёскі, які пераехаў у горад гадоў пятнаццаць назад i ўвесь час працаваў на заводзе металістам. Лепш яна ведала яго дачку, якая на год раней кончыла фельчарскае вучылішча.