Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Што ты сунеш гэтулькі грошай? Што я табе, хапуга які? Не павязу!

Саша, пасаромленая, разгубленая, спалохалася яшчэ больш, са слязамі ў голасе папрасіла:

— Дзядуля, родненькі… Што ж нам рабіць цяпер? Назад ісці?

Ён адвярнуўся, чмыхнуў носам i сурова загадаў:

— Сядайце!

Калі адплылі, стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца i ці далека ёй ісці. Саша назвала сваю вёску.

— Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы.

Ix, відаць, ён не лічыў добрымі хадакамі, а на Аню паглядаў даволі коса, i жанчына, каб не злаваць гэтага наравістага старога, дыпламатычна маўчала, хітра пасміхаючыся.

— А чалавек дзе? — спытаў стары, кіўнуўшы на дзіця.

— На вайне, дзядуля.

— Правільна, такой маладой з дзіцёнкам лепш каля роднай маткі быць. Свякруха — не маці.— Відаць, Аню ён палічыў за свякруху i хацеў дапячы ёй.

Саша не сказала, што маці ў яе няма, але адчула, як балюча сціснулася сэрца ад такога напамінку. Што яе чакае дома, хто яе стрэне там?

Яны былі на сярэдзіне ракі, калі пачулі гул самалётаў. Ён хутка мацнеў, набліжаючыся аднекуль з поўдня.

— Яны, — сказаў лодачнік i пачаў вельмі шпарка грэбці, стукаючы вяслом аб лодку i пырскаючы. Човен, які дагэтуль ішоў роўна i проста, пачаў віляць. Саша бачыла, што ў старога трасуцца рукі.— Учора ў Чапліне паромшчыка забілі, душагубы.

Пачуўшы гэта, Саша адразу зразумела небяспеку, якая пагражае ім.

«Няўжо гэта канец? Дачушка мая родная!»

Яна заплюшчыла вочы. Каб заткнуць вушы! Каб не чуць гэтага страшнага гулу, што, здаецца, тузае i гойдае ўсё навокал: паветра, раку, човен, яе рукі, яе мозг. Гул пераходзіць у нейкі прарэзлівы звон i свіст. Не, трэба глядзець на гэта, трэба ўсё бачыць. Ад смерці не схаваешся. Саша расшпошчвае вочы. Над самай кручай, над белым будынкам бальніцы, над таполямі, пад якімі яны сядзелі раніцой, ляцяць доўгія самалёты.

«Трэба было сказаць Марыі Сяргееўне, каб яна чырвоны крыж вылажыла, каб відаць было, што гэта бальніца».

На сядзібе МТС узляцелі ў паветра слупы агню, дыму, пылу, дошак, бляхі. Адгэтуль, з ракі, усё відно на фоне яснага летняга неба, як на блакітным экране.

Калі самалёты адляцелі, стары падняў вясло i выцер рукавом пот з ілба.

— Усё лепшае бамбяць, паразіты, усё знішчаюць. Сілу паказваюць, каб запалохаць.

— Добра, што не ў бальніцу, там хворыя, — выказала Саша сваю трывогу.

— Дойдзе чарга i да бальніцы. Не пацэлілі,— сурова прабурчаў стары i чамусьці зноў узлаваўся: — Хворыя! А здаровыя жыць не хочуць? Маліся Богу, што нас не ўбачылі… Яны перапраўшчыкаў не любяць. А ты мне сотняй папракаеш! — накінуўся ён на Аню, хоць тая i маўчала. — Дура-баба! У мяне душа гарыць! Можа, я за гэтую сотню залью яе, душу сваю. А ты сотні шкадуеш! Багацець хочаш?

Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі i не згіналіся ў каленях. Але яна не спынілася, каб адпачыць.

Яна рвалася хутчэй наперад, нібы там, яшчэ за адной ракой, не лётаюць варожыя самалёты i няма ніякай небяспекі.

Па-рознаму ў тыя жудасныя дні людзі ўцякалі ад вайны. Ішлі групамі i па адным, па магістральных дарогах i па глухіх сцежках; адны ведалі, дзе ix прыпынак, другія ішлі «ў белы свет». Але, напэўна, ва ўсіх было такое ж адчуванне, як у Сашы, адно імкненне — хутчэй наперад, як мага далей ад таго, што асталося ззаду. Пакуль чалавек сядзеў на месцы ў звыклых абставінах, у сваім калектыве, працаваў, займаўся справамі — яго нішто не палохала: ні блізкасць кананады, ні бамбёжкі, але як толькі зрываўся з месца, рабіўся бежанцам — страх i паніка гналі яго наперад няспынна.

Саша, звычайна чулая i ўважлівая да людзей, не бачыла, што Аня абліваецца потам, бо клунак, які тая несла, быў даволі-такі цяжкі. У яе самой млелі рукі — нялёгка з самай раніцы трымаць дзіця, несці перад сабой, бегчы з ім. Басаножкі націралі ногі. Але ўся яе воля, усе сілы былі скіраваны на адно — ісці. Цяпер яна разумела, што ўцякае, але не саромелася гэтага слова, якое яшчэ там, каля Дняпра, здалося ёй ганебным. Не ўласная баязлівасць гоніць яе, а страх за дачку, за гэтую нявінную істоту, што пражыла на свеце ўсяго адзін месяц i нічога яшчэ не разумев, не ведав. I толькі тады, калі гэтае немаўлятка падало свой голас, нечага патрабуючы, Саша схамянулася:

— Яна есці хоча. Трэба пакарміць яе.

— Ды i нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі.— Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай.

Яна з палёгкаю скінула з плеч свой клунак i села на зямлю.

Сашы стала сорамна.

— Трэба нам гэта раздзяліць, каб я палавіну несла. Вам цяжка, Аня.

— Што гэта ты, Шура! Цяжка… Табе таксама нялёгка…

Яны спыніліся ў лесе, у тым месцы, дзе дарогу перасякала квартальная прасека — «лінія», як яе называюць людзі тых мясцін. Па адзін бок прасекі ўзвышаўся стары бор: стромкія прыгажуні сосны з лысінамі падсочкі, нібы смяротнымі знакамі, паміж сосен — дубкі i бярозы, a ўнізе — рэдкі арэшнік. З другога боку лес быў высечаны колькі год назад, i цяпер уся доўгая, на квартал, лесасека зарасла непралазным гушчаром — беразняком, асіннікам, арэшнікам.

Мясціна была ўтульная. Увогуле такія лясныя скрыжаванні заўсёды вабяць пешахода — хораша адпачыць каля ix!

Жанчыны селі ў цені пад соснамі. Было гадзіны тры — самы гарачы час ліпеньскага дня, i ў лесе стаяла духмяная спякота i такая цішыня, што нават на маладых асінках не дрыжала лісце. Толькі авадні звінелі навокал.

Саша расшпіліла кофтачку, i малая прагна прыпала да грудзей, смешна зацмокала. Маці з замілаваннем глядзела на яе тварык.

— Падарожніца ты мая гаротная!

Аня развязала клуначак з ежай, дастала хлеб, яйкі, соль, расклала ўсё гэта на белай хусцінцы.

— Bo i мы перакусім. Лягчэй нагам будзе.

— А мне дык i есці не хочацца. Я перадрыжала на рацэ… Вам страшна было, Аня?

— А каму не было б страшна, Шура! Стары вунь які буркала i той спалохаўся. А я i ў добры час вады баюся. А тут — такое страхоцце…

— Няўжо б яны кінулі на нас, каб убачылі?

— А што ім, душагубам! Вунь расказваюць, што яны робяць на шашы: у бежанцаў з кулямётаў страляюць, бомбы кідаюць…

— Ці так мы ідзём, Аня? Не заблудзімся?

— Так. Я сюды па дровы зімой ездзіла. Зараз веска будзе. Там распытаем дарогу далей. Цяпер няма чаго баяцца. Бачыш, цішыня якая! Не верыцца, што вайна…

Аня аблупіла яйка, памакнула ў соль i падала Сашы:

— На, з'еш, Шурачка.

У тэты момант насупраць ix зашамацелі кусты i з гушчару вылез чалавек у чырвонаармейскай форме, са знакаMi малодшага камандзіра на пятліцах. Ён быў зусім юны, бледнатвары, з вялікімі блакітнымі вачамі i зусім мірны на выгляд. Але Саша чамусьці скаланулася i хутка прыкрыла грудзі i тварык дачкі марляй.

— Хто вы ёсць? — неяк дзіўна, не па-руску, спытаў вайсковец.

— Людзі мы ёсць, — у тон яму адказала Аня, смела i проста. — Не бачыш хіба? Бежанцы. Ад вайны ўцякаем, ад немца… А ты чаму кусты выціраеш? На фронт ішоў бы.

Ён кісла ўсміхнуўся i, наблізіўшыся да Сашы, працягнуў руку да дзіцяці.

— Што гэта?

Саша адхіснулася.

— Маленькі шпіён, — пажартавала яна без усмешкі.

— Што? — Вайсковец нахмурыўся.

Аня засмяялася. A «маленькі шпіён», адарваны ад ежы, голасна закрычаў, парушыўшы лясную цішыню.

— Адкуль ідзяце?

— З-за ракі ідзём, — сур'ёзна пачала тлумачыць Аня. — Гэта наша фельчарыца, працавала ў нас два гады. А цяпер ідзе дадому да бацькі… Хто ведае, дзе спыняць супастата? Можа, ён i да нас дойдзе… Дык нам усё адно, мы тут век жылі, а ёй навошта аставацца? Маладая, з дзіцем… У яе дакументы ёсць…

Саша паднялася, гушкаючы дачку, каб супакоіць, i раптам убачыла, што збоку, крокаў за дзесяць ад ix, на прасецы стаяць яшчэ двое. Гэтыя былі ў форме радавых, з вінтоўкамі ў руках. Стаялі яны плячо ў плячо, як на парадзе, маўклівыя i суровыя. Позіркі ix был i страшныя: ні цікаўнасці ў вачах, ні цеплыні, ні ўсмешкі…

22
{"b":"205284","o":1}