Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Што нарыхтоўваеш?

— Рознае. Бульбу, мяса, яблыкі.

— Як плаціш?

— Грашыма, некаторымі таварамі, газай. А вы што можаце прадаць?

— Я? — Фядзько ўхмыльнуўся. — Я ўсё магу прадаць. Ёсць жыўнасць, дзічыны шмат. Дарэчы, паслухай, хлопец. У нашых месцах без карабіна нельга. Давай так дамовімся: ты нам — патроны, мы табе — свінняў, дзічыны.

— Колькі вам трэба патронаў?

— Колькі зможаш, чым больш, тым лепш.

Славін зрабіў выгляд, што задумаўся.

— Патронаў, кажаце? Патроны, вядома, ёсць. Вінтовачныя ці можна і іншыя?

Фядзько хацеў быў адказаць сцвярджальна, але своечасова спахапіўся:

— Не, для палявання толькі вінтовачныя падыходзяць. Іншай зброі не маем. Ну што? Змовімся?

— Мне трэба пагутарыць з адным чалавекам. Давайце цяпер агаворым, што вы можаце прадаць і колькі, а заўтра з’езджу ў горад і ўдакладню.

— Хто гэты чалавек?

— Знаёмы. Працуе на складзе. Там у яго патронаў — колькі пажадаеш. А грошы, якія зэканомлю, з ім падзялю.

— Малайчына! — пахваліў Фядзько. — Гаспадарскі ты мужык. Правільна жывеш!

Ён відавочна супакоіўся, залпам выпіў шклянку самагонкі, пачаў вячэраць. Цікава паводзілі сябе людзі, якіх злучала сваяцтва. Фядзько змушаны быў рабіць выгляд, што ён зусім старонні чалавек і для бацькі, і для жонкі. Затое старэйшы Лешык і Ядзя не маглі схаваць хвалявання. «Дзіўнае ў яго жыццё, — думаў Уладзімір, — дзеля чаго ён так жыве? Дзе яго шчасце? Загіне, як сабака. Нікому карысці — ні людзям, ні сабе».

Пасля вячэры Фядзько падсеў да Славіна бліжэй:

— Сябар, вер мне. Ніколі не падвяду, давай так: ты — мне, я — табе.

— Такі падыход люблю! — Уладзімір зрабіў выгляд, што захмялеў. — Гэта — па мне. І наогул лічу, што чалавек чалавеку павінен дапамагаць.

— Галоўнае, трэба разумець адзін аднаго, — п’яна страсянуў галавой Фядзько. — Калі паедзеш у горад, высветлі наконт патронаў. Добра?

— Заўтра ж паеду. Чаго адкладаць? Надакучыла мне ў гэтай дзірцы сядзець.

— Правільна! Вернешся назад, старому скажы — ён перадасць мне. Ты не бойся. Тут усё надзейна. Добра заробіш.

Славін слухаў Фядзько, а сам непрыкметна сачыў за старым і Ядзяй. Бачыў, як яны тройчы штосьці выносілі ў сенцы. Ясна, што там іншыя бандыты абіваюцца, верхавода чакаюць.

Прайшло не меней гадзіны, пакуль Фядзько вячэраў. Потым, не зважаючы на Славіна і Лешыка, ён аблапаў Ядзю, павалок яе ў іншы пакой. Уладзімір устаў з-за стала:

— Ну што, дзядуля? Пайду спаць.

Стары схамянуўся:

— Пачакай у хаце, я зараз прыйду, — ён выскачыў за дзверы.

«Пайшоў папярэдзіць, — падумаў Уладзімір. — Ну што ж, хай папярэдж — вае. Наступіць час, і гэтага зрабіць не паспее». Праз некалькі хвілін стары вярнуўся з кажухом у руках:

— Атулішся, а то холадна будзе. Ледзь адшукаў у сенцах — цёмна.

«Хітры, падла. Нават кажуха не пашкадаваў, абы я не здагадаўся, чаго ў двор выбег. Вось толькі забыўся боты добранька выцерці. Бач, якія слядзішчы на падлозе пакідае».

— Дзякуй. Дабранач.

Славін выйшаў на ганак. Жудасная цемра акружала яго. Здавалася, кожным нервам ён адчуваў прысутнасць бандытаў. Яны тут, дзесьці побач. Зрабі некалькі крокаў убок і напэўна натыкнешся на каго-небудзь з іх. Уладзімір, імкнучыся не намачыць ногі, прайшоў па двары, намацаў дзверы хлява, адчыніў іх. У кішэні ляжаў ліхтарык, але запальваць не стаў. Вобмацкам адшукаў лесвіцу, узлез на вышкі, накрыўся кажухом, паспрабаваў заснуць. Але моцнае нервовае напружанне не праходзіла. Зноў і зноў аналізаваў ён свае дзеянні. Атрымлівалася, што пакуль справы ідуць нядрэнна. Фядзько, без сумнення, паверыў яму, і гэта галоўнае. Гульня пачалася.

Да раніцы дождж скончыўся. Дзьмуў толькі моцны сівер. Славін выйшаў з хлява, пацепваючыся ад холаду, па звычцы накіраваўся да студні. Памыўся, але галаўны боль ад выпітай учора самагонкі ўсё яшчэ адчуваўся. У роце было непрыемна і суха. Ён выпіў проста з вядра калодзежнай вады, падставіў твар насустрач ветру. Гэта падзейнічала лепш за ўсялякія лекі.

Уладзімір увайшоў у хату, прывітаўся з гаспадарамі. Ядзя адказала на прывітанне, сарамліва апусціўшы вочы. Стары — як звычайна, суха, з поўнай абыякавасцю.

— Госць сышоў? — Славін паглядзеў на Лешыка. — Як вы думаеце, ці не хвастануў ён па п’янцы?

Стары энергічна паматаў галавой:

— Не, ён не балбатун. Нават калі сыходзіў, і то прасіў нагадаць пра нейкія патроны.

— Ах, так! Ледзь не забыўся. Ён жа прасіў дастаць вінтовачных патронаў. — Уладзімір задуменна пацёр падбародак. — Ёсць у мяне сябар адзін, уласна вы яго ведаеце — гэта Мараўскі. За грошы ў яго можна многае купіць. Добра, сёння скончу ўсе справы тут, у вёсцы, а заўтра прыскокну ў горад. Пагавару, думаю, старгуемся.

Пасля сняданку Славін накіраваўся да хаты, дзе жылі старыя, якія цікавілі яго. Дакладней, ён намерваўся пагаварыць толькі з гаспадыняй і цяпер на хаду разыгрываў варыянты гутаркі на выпадак, калі дома будзе стары. Аднак Уладзіміру пашанцавала — гаспадыня была адна.

— Добрай раніцы! Праходзіў міма, дай, думаю, зазірну яшчэ разок да добрых людзей.

— Добрай раніцы, сынок! Праходзь, садзіся, — бабулька звыклым рухам працерла анучай лаву ля стала, спытала: — Можа, ты, сынок, галодны? Дык я пакармлю.

— Думаеце, Лешык не корміць? — пажартаваў Славін. — Корміць, нікуды не дзенецца, ды і харчуюся ў яго не за так — грошы плачу. Вось хутка ў горад паеду, крупы, газы, мыла прывязу. Так што Лешыку нельга Бога гнявіць і на мяне жаліцца.

Старая ўсміхнулася:

— Жаліцца не пойдзе. Але я, сынок, бачу, што ты чалавек добры, і не раю наступаць яму на хвост.

Славін нядбайна махнуў рукой:

— Што ён мне зробіць?

— Ой, не махай, хлопец, рукамі, не махай! Скажу табе адно: беражыся яго.

— Чаму?

Гаспадыня нечакана заплакала. Славін моўчкі чакаў. Унутры ў яго ўсё напружылася. Ён бачыў, што гаспадыня штосьці ведае і, напэўна, нейкая таямніца цяжкім грузам ляжыць у яе на сэрцы. Нарэшце бабулька трохі супакоілася і спытала:

— Колькі табе гадкоў, сынок?

— Дзевятнаццаць хутка будзе.

— А майму Юзэфу было б дваццаць.

— Загінуў?

Бабулька ўтрымалася ад прамога адказу, уважліва паглядзела на хлопца:

— Як цябе клічуць?

— Уладзімірам.

— Уладзімір. Валодзя, бойся старога Лешыка, ён можа ўцягнуць цябе ў брудную справу.

— Бабуля! Бачу, хочаце штосьці сказаць, ад чагосьці перасцерагчы мяне, але не можаце адважыцца, баіцеся.

— Каго баяцца? Я сваё ўжо пражыла. Не хачу, каб табе дасталася такая доля, як майму Юзэфу.

— Што з ім здарылася?

— Мне сказалі, што чырвоныя забілі.

— За што?

— Сама не ведаю. Але чуе маё сэрца, што ашукалі мяне.

— Хто ашукаў? Вы не бойцеся, скажыце мне. Можа, змагу даведацца, што здарылася з вашым сынам.

Гаспадыня трохі памаўчала, абдумваючы штосьці:

— Валодзя, як ты лічыш, Лешык добры чалавек?

Славін разумеў, што ад яго адказу зараз залежыць многае: скажы ён пра Лешыка што-небудзь добрае, значыць, бабулька замкнецца ў сабе, адкрытай гутаркі не будзе; скажы, што яго гаспадар — гідкі чалавек, — можа здзівіцца, што за такі кароткі час даведаўся, і не паверыць. «Што ж ёй адказаць?» — задумаўся аператыўнік.

— Вы ведаеце — жыву ў яго нядаўна, прыгледзецца да яго пакуль не паспеў. Але бачу, што дзіўны нейкі. Імкнецца штосьці выпытаць, то раптам маўчыць цэлымі днямі. Суседзі да яго не ходзяць, а вось нядаўна ўначы цэлая кампанія ў хату ўвалілася, а ўчора позна ўвечары чалавек з далёкага хутара абвясціўся.

— З далёкага, кажаш? — схамянулася гаспадыня. — Як ён выглядае?

— Высокі, худы.

— Ён!

— Хто ён?

— Пра што ён казаў?

— Сказаў, што дзела для мяне ёсць.

— Сказаў! Не вер, сынок! Не звязвайся з ім!

— Бабуля, скажыце прама, што такое!

— Скажу табе, сынок, скажу. Ведай жа — гэта быў сын Лешыка. Абодва яны — бандыты. І бацька, і сын!

— Як так — бацька і сын? У Лешыка ж няма дзяцей. Ён сам казаў.

62
{"b":"585908","o":1}