Камандзір паведаміў, што яны ўбачылі, і сказаў:
— Нам трэба дапамагчы роце Арэшкі. Наша група разбіваецца на дзве. Першую, у колькасці сямі чалавек, узначаліць Лугавец. Ваша задача: незаўважна наблізіцца да мінамётнай батарэі. У нас няма з сабой ні мін, ні толу. Таму трэба знішчыць яе гранатай. Закласці гранату сярод скрынь з мінамі, да чакі прывязаць кавалак дроту ці вяроўкі і камусьці аднаму, схаваўшыся за дрэва як мага далей, тузануць за свабодны канец. Падбярыцеся да мінамётаў з боку лесу. Больш за двух вартавых, я думаю, там не будзе. Сігналам для выбуху будзе наш напад на траншэю. Пасля таго як замініруеце, спяшайцеся да яе, мы там паспеем ужо навесці парадак.
Лугавец задумаўся на імгненне, а потым сказаў:
— Пачакай, камандзір. А калі нам зрабіць так: рвануўшы боепрыпасы, разаб’ёмся на дзве групы, адна з іх возьме крыху лявей вас, другая — крыху правей. Глядзі, якая пятрушка атрымліваецца: вы атакуеце немцаў на гэтым участку траншэі. Закідваеце гранатамі, б’яце іх з аўтаматаў — усё гэта зразумела. Але яны ж таксама не дурні і, вядома, арганізуюць супраціўленне, каб не даць вам далей па траншэі прасоўвацца. І ў гэты момант мае дзве тройкі — ззаду іх гранатамі. А пасля гэтага мы ўсе разам да нашых сіганём.
Купрэйчыку спадабалася гэта думка. «Калі атрымаецца, то панікі ў немцаў будзе яшчэ больш». І ён рашуча махнуў рукой:
— Добра, прымаецца. — І зірнуў на радыста: — Я падрыхтую радыёграму.
Купрэйчык разумеў, што рота Арэшкі ў цемры можа прыняць іх за немцаў і сустрэць агнём. Таму вырашыў звязацца з палком і папрасіць папярэдзіць Арэшку пра начное з’яўленне разведчыкаў. Адначасова трэба было прадбачыць і тое, што вораг перахопіць радыёграму. Памазгаваўшы, камандзір нарэшце працягнуў радысту тэкст: «Скажыце Арэшку, хай сустракае ўначы, прыйдзем з музыкай». Радыст тут жа перадаў, і ўсе пачалі чакаць адказу. Прайшло пяць, дзесяць хвілін. Але вось радыст схамянуўся і пачаў запісваць. Праз хвіліну Купрэйчык трымаў адказ: «Усё правільна. Прыходзьце ў гадзіну». Аляксей зачытаў радыёграму ўсім і тут жа, знішчыўшы яе, падняўся:
— У шлях!
Ішлі асцярожна. Ім даводзілася некалькі разоў залягаць і трывожна прыслухоўвацца да шуму матораў, гаворкі па-нямецку. Але ўсё абышлося, і ўжо ў цемры разведчыкі дасягнулі вызначанага рубяжа.
Каля дванаццаці ночы пайшоў Лугавец і з ім шасцёра разведчыкаў. Праз дваццаць хвілін наперад рушыла і група Купрэйчыка. Паўзлі павольна, стрымліваючы дыханне. Часу было досыць, і старшы лейтэнант не спяшаўся, даючы магчымасць байцам адпачыць перад вырашальным кідком. Вось наперадзе ледзь засвятлела свежая палоска — гэта варожая траншэя. Пры святле ракет, што ўзляцелі на правым флангу, разведчыкі разгледзелі яе і веерам пачалі распаўзацца ў абодва бакі, займаючы пазіцыі ў пяці-шасці метрах адзін ад аднаго. Яшчэ раней яны дамовіліся, што па свісце камандзіра кожны кіне ў траншэю па гранаце і рынецца наперад. Купрэйчык раіў дзейнічаць кінжаламі і прыкладамі. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку. Гэта трэба было для таго, каб не перастраляць у цемры адзін аднаго.
Старшы лейтэнант зірнуў на гадзіннік: да гадзіны заставалася пяць хвілін. Ён уявіў, як у гэты момант група Лугаўца падбіраецца да вартавых, а можа, ужо і зняла іх, і ў душы маліў, каб там абышлося без шуму. Купрэйчык зноў паглядзеў на гадзіннік: «Пара!»
Чарговая ракета ўзвілася высока ў неба, асвятляючы мёртвым святлом роўнядзь ракі і прылеглую да яе тэрыторыю. Купрэйчык гучна свіснуў і плаўным рухам кінуў гранату ў траншэю. Выбухі ўсіх гранат зліліся ў адзіны грукат, які доўжыўся некалькі секунд. Разведчыкі кінуліся наперад. Раней іншых апынуўся ў траншэі Зайцаў, ён убачыў спіну немца, які падымаўся з дна траншэі, і, не разважаючы, усадзіў у яе кінжал. Гэтак жа рашуча дзейнічалі і астатнія байцы, але фрыцаў у жывых засталося больш, чым меркавалі разведчыкі. Купрэйчык нават пашкадаваў, што не даў каманду кінуць па дзве гранаты, але ён іх бярог для таго часу, калі давядзецца разам з ротай Арэшкі адбіваць варожыя атакі.
Неўзабаве ў ход пайшлі і аўтаматы. Вядома, раптоўнасць мела вырашальнае значэнне, і адважная шасцёрка цалкам валодала ініцыятывай. Немцы са сну не маглі зразумець, што адбываецца, хто і адкуль наваліўся на іх. Многія проста выскоквалі з траншэі і на скрут галавы несліся куды вочы глядзяць. Іншыя, прыкінуўшыся забітымі, ляжалі на дне траншэі. Трэція, схапіўшы зброю, стралялі абы-куды, нярэдка прымаючы сваіх за чужых. Купрэйчык, расправіўшыся з чарговым фрыцам, убачыў, як на бруствер выскачыў яшчэ адзін. Не разважаючы, старшы лейтэнант выпусціў у яго кароткую чаргу з аўтамата.
Раптам яркі выбліск асвяціў наваколле, здрыганулася пад нагамі зямля, і аглушальны, страшны грукат ускалыхнуў усю акругу. На імгненне нават сутычка ў траншэі прыпынілася. Але тут жа завязалася з новай сілай.
Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і ўчастак траншэі, у які ўварваліся разведчыкі, быў у іх руках. Праўда, немцы ў адным і другім канцах апамяталіся і павялі агонь уздоўж траншэі. Асабліва небяспечным быў агонь кулямёта, які біў доўгімі чэргамі справа.
«Ён жа пераб’е нас усіх, калі мы пабяжым да сваіх», — жахнуўся Купрэйчык і пачаў абдумваць, як дабрацца да кулямёта. Але тым часам злева і справа пачуліся серыі выбухаў гранат, і кулямёт захлынуўся. «Лугавец з хлопцамі працуюць!» Як было дамоўлена, разведчыкі збягаліся да цэнтра. Купрэйчык паспешліва лічыў: пяць. сем. восем. дзевяць. Не ставала траіх. Ён гучна спытаў:
— Дзе яшчэ трое? Каго няма?
— Ёсць яны. Ражноў і Губчык Грышу Сёміна нясуць.
— Што, паранены? — трывожна спытаў Купрэйчык, узіраючыся ў хлопцаў, якія набліжаліся. Яны на плашч-палатцы неслі Сёміна.
— Не, забіты!
Губляць часу было нельга, і камандзір, загадаўшы двум байцам дапамагчы несці забітага, павёў групу ў бок сваіх. У варожай траншэі панавала панічная блытаніна. Немцы стралялі ў розныя бакі, не ведаючы, адкуль на іх нападаюць. Асабліва моцную сумятню ўнёс выбух на мінамётнай батарэі.
Купрэйчык у траншэю да сваіх саскочыў апошнім. Першым, каго ён убачыў, быў Вахтанг Чалідзе. Ён радасна абняў сябра:
— З вяртаннем, Лёша!
— Дзякуй. Чакай, Вахтанг, а як ты тут апынуўся? Тутака ж Арэшка павінен быць?
— Загінуў ён, учора загінуў. Я нядаўна прыбыў яшчэ з трыма хлопцамі. Усяго добраахвотнікаў набралася восем, але пяцёра загінулі, калі раку пераплывалі. Немцы моцны агонь з флангавых вышынь вядуць.
— А ў мяне Грыша Сёмін загінуў.
Купрэйчык і Чалідзе, параіўшыся, вырашылі, што Чалідзе будзе камандаваць левым флангам, а Купрэйчык — правым. Ідучы да сябе, Аляксей спытаў:
— Вахтанг, не разумею, чаму Васільеў цябе, камандзіра роты, сюды праз раку накіраваў?
— Э, не, дарагі! Калі ад цябе радыёграма прыйшла, сувязі з ротай Арэшкі ніякай не было. Пра яго смерць мы даведаліся ад байца, які прыплыў учора ўначы з гэтым паведамленнем, ён жа сказаў, што рацыю ў іх разбіла снарадам, то паўстала пытанне, каму камандаваць яго ротай і, самае галоўнае, як папярэдзіць пра ваша з’яўленне, вось я і насеў на камандзіра палка. Ён жа ведае, што мы з табой сябры, таму не ўстаяў.
На душы ў Аляксея стала цёпла. Ён быў вельмі ўдзячны сябру і Васільеву. Нават у такі момант зрабілі ўсё, каб дапамагчы разведчыкам.
Але ўслых Купрэйчык сказаў толькі: «Пакуль». І, паціснуўшы руку Чалідзе, накіраваўся на свой правы фланг.
Наступіла раніца. Купрэйчык і Чалідзе, кожны на сваім флангу, рыхтаваліся да атакі.
Перад атакай кожны думае пра што-небудзь самае дарагое. Аляксей думаў пра Надзю. Ён разумеў, што хутка, вельмі хутка выскачыць з гэтай глыбокай, такой утульнай, нават хатняй траншэі, якой яна стала, калі думаў пра атаку, і пойдзе наперад насустрач свінцоваму ліўню. Цяжка, вядома, гэта рабіць, усведамляючы, што ў любы час ты можаш сустрэць сваю смерць. Колькі трэба чалавеку фізічных і духоўных сіл, самаахвярнасці і разумення вострай неабходнасці гэтай атакі! А ў Аляксея мімаволі мільганула думка: «Вось цяпер ззаду, з-за ракі, узляцяць дзве чырвоныя ракеты, і ў атаку пойдуць і смельчакі, і звычайныя людзі. Пра што яны будуць думаць у гэты момант?».