Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ззаду роты, на невялікім узвышшы, у рэдкім хмызняку размясцілася процітанкавая батарэя, а крыху лявей, таксама за пазіцыямі роты, у невялікай лагчыне, ля раўчука, пад маскіровачнымі сеткамі, схаваліся ў засадзе пяць «Т-34». Мачалаў ужо каторы раз прыкідваў, ці правільна ён размясціў свае сілы.

Упершыню за доўгія месяцы вайны ён меў амаль цалкам укамплектаваную роту.

Салдаты былі нядрэнна ўзброены, у многіх замест вінтовак — аўтаматы. Некалькі дзён назад на полі сапёры ставілі процітанкавыя і проціпяхотныя міны. Гэта ўсё ўлічваў камандзір роты.

У цэнтры, на невялікім аддаленні адзін ад аднаго, былі ўстаноўлены «максімы» — гэта для таго, каб сустрэць пяхоту ворага шчыльным агнём. Не забыў ён і флангі, разумеючы, што флангавым агнём лепш за ўсё адсякаць пяхоту ад танкаў. Бранябойшчыкам ставіў задачу сам. Мачалаў быў упэўнены, што калі першыя танкі немцаў напоруцца на міны, то наступныя за імі, напэўна, паспрабуюць прайсці ў іншым месцы, а гэта значыць, павернуцца бартамі да нашых пазіцый. Вось тады бранябойшчыкі не павінны драмаць.

Мачалаў адарваўся ад бінокля і зірнуў па баках. Байцы працягвалі трывожна глядзець наперад, і ўжо не ўпершыню Пётр падумаў пра навабранцаў: «Толькі б не завагаліся, не спалохаліся!» Колькі часу ў яго самога і камандзіраў узводаў пайшло на навучанне і гутаркі з тымі, хто быў упершыню на перадавой.

Жахлівая машына вайны перамолвала велізарныя сілы. Колькі людзей ужо страціў за час баёў ён, камандзір роты! А колькі батальён, полк, дывізія, уся армія!

Праўда, яму самому пакуль шанцавала. Пасля вяртання са шпіталя, ужо больш як паўгода, — ні драпіны. Паспеў атрымаць ордэн Чырвонай Зоркі, а два дні назад прыйшоў загад аб прысваенні яму звання капітана.

Мачалаў задумаўся і не адразу заўважыў, што злева і справа ад пазіцый іх батальёна пачаўся бой. Толькі тут пакуль было ціха. Лёгкі ветрык прыносіў з палёў пах кветак, сена і яшчэ начную прыемную свежасць.

Раптам ён пачуў, як мацюкнуўся Кісліцкі. Пасля свайго любімага выразу ён тут жа звярнуўся да камандзіра роты:

— Таварыш капітан, зірніце, ідуць, сволачы!

Удалечыні ў шахматным парадку рухаліся квадратныя каробкі танкаў. За імі, нібы зялёныя «аловачкі» — пяхота. Танкаў было шмат, і чым бліжэй яны падыходзілі, тым станавіліся ўсё большага памеру. Мачалаў паднёс да вачэй бінокль. Ён упершыню бачыў гэтыя машыны. Яны былі велізарныя, вуглаватыя і нязграбныя. Калі танкі наблізіліся, Мачалаў зразумеў, што такімі іх робіць трывалая і тоўстая бранявая абарона.

«Вось яны якія — „тыгры“!» — падумаў Мачалаў, спрабуючы вызначыць, колькі машын прыйдзецца на яго роту.

За «тыграмі» рухаліся аўтаматчыкі. Ішлі ўпэўнена, падкасаўшы рукавы, — якраз як у сорак першым.

Мачалаў перадаў па ланцугу, каб без каманды не стралялі.

А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. І тут ззаду грукнуў залп. Гэта процітанкавая батарэя адкрыла агонь. Нібы чорныя грыбы, выраслі выбухі. Але ніводзін танк не быў пашкоджаны. Стукнуў другі залп — і зноў ніякіх вынікаў.

— Гэй, мазілы, акуляры надзеньце! — закрычаў Кісліцкі, звяртаючыся да танкістаў.

А тыя, напэўна, «акуляры надзелі», таму што пасля трэцяга залпу адзін танк раптам аказаўся без вежы, а ў другога была перабіта гусеніца. Ён тут жа павярнуўся бокам і адразу ж атрымаў у яго снарад, задыміўся.

«А што, Зісы „тыграў“ б’юць цудоўна!» — захоплена падумаў Мачалаў пра новыя гарматы, якія нядаўна пачалі паступаць на фронт. Танкі таксама адкрылі агонь. Зараз ужо капітан мог сапраўды вызначыць — на яго роту насоўваецца дзевяць танкаў. Дзевяць браніраваных крэпасцей на гусенічным хаду, ведучы агонь з гармат і кулямётаў, ішлі на пазіцыі роты. Мачалаў даў каманду: «Агонь!» Доўга і злосна страчылі кулямёты, у іх грукаце танулі кароткія чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак, чуліся звонкія і выразныя стрэлы процітанкавых ружжаў.

Танкі ўвайшлі ў міннае поле, і амаль адразу ж два з іх закруціліся на месцы. Астатнія на імгненне прыпыніліся, а затым пачалі распаўзацца ў абодва бакі.

«У абыход міннага поля хочуць пайсці», — здагадаўся Мачалаў і крыкнуў па ланцугу:

— Бранябойшчыкі, вядзіце агонь па бартах танкаў!

А тыя і самі разумелі, што для іх наступіў самы спрыяльны момант, і адразу ж вызначыўся Кісліцкі. Ён першым жа стрэлам падпаліў найблізкі да яго танк і тут жа жорстка вылаяўся ў яго адрас. Мачалаў не вытрымаў і засмяяўся. Грубае, але ўжо вельмі ж дакладнае вызначэнне знайшоў для танкістаў падбітай машыны сяржант.

Пяхота, паліваючы нашы акопы агнём з аўтаматаў, працягвала рухацца наперад. Ужо нават няўзброеным вокам былі добра бачны іх перакошаныя ад крыку твару. З’явіліся і першыя страты ў роце. Прамым пападаннем снарада забіла двух аўтаматчыкаў. Замоўк адзін з «максімаў», яго пашкодзіла асколкам снарада. Мачалаў бачыў, як да першага ўзвода, прыгінаючыся, беглі санітары. «І там ёсць страты», — падумаў ён і зноў прыпаў да аўтамата. Старанна прыцэльваючыся, ён біў кароткімі чэргамі па цэлях, што насоўваліся. Немцы, якія аказаліся без падтрымкі танкаў, залеглі, але злева і справа ад лініі абароны роты яны працягвалі атакаваць. Мачалаў тут жа перадаў каманду флангавым кулямётам перанесці агонь і ўдарыць па надыходзячых. Неўзабаве і на іншых участках абароны нашы войскі прымусілі немцаў залегчы, а затым і адступіць.

Першая атака ворага батальёнам была адбіта. Немцы страцілі пяць танкаў і каля сотні салдат. Падбітыя танкі працягвалі гарэць, па полі слаўся чорны задушлівы дым, як акінуць вокам валяліся трупы знішчаных фашыстаў.

Усе разумелі, што першая атака — выпрабавальны крок. Немцы прамацалі нашу абарону, разабраліся з яе сістэмай агню, і цяпер трэба было чакаць яшчэ мацнейшы націск.

Толькі Мачалаў вярнуўся да свайго акопа, як да яго падбег капітан-артылерыст. Гэта быў камандзір процітанкавай батарэі. Мачалаў пачаў дзякаваць за ўмелую падтрымку, але той яго перабіў:

— Выбач, браток, пакідаю цябе. Нямецкія танкі дзесьці справа прарваліся, і мне загадана адысці назад і заняць новыя пазіцыі, каб не дапусціць удару па вас з тылу. Так што трымайся!

І ён, лёгка выскачыўшы з акопа, пабег да сваёй батарэі, якая хутка згортвалася, рыхтуючыся да пераходу. «Хоць бы танкі не прашмыгнулі», — з трывогай падумаў Пётр пра пяцёрку «Т-34», якія схаваліся ў невялікім яры ў засадзе. Яны пакуль удзел у баі не прымалі і чакалі свайго часу.

Раптам пачуліся крыкі:

— Паветра! Паветра!

Капітан убачыў, як з боку лесу, куды адышлі немцы, насоўваюцца самалёты. Іх было больш як дзясятак. Самалёты, зрабіўшы паўкруг, паляцелі ўздоўж траншэй, кідаючы бомбы і страляючы з гармат і кулямётаў.

Але тут жа побач з імі з’явіліся нашы знішчальнікі. Кісліцкі, убачыўшы іх, радасна закрычаў:

— Усё, браткі, вяселля больш не будзе, жаніху цяпер пад хвост перцу падсыплюць!

І сапраўды, у небе завязаўся бой. Нямецкія бамбардзіроўшчыкі пачалі скідаць бомбы і адыходзіць на захад. Адразу ж задыміліся два варожыя самалёты, адзін з іх падарваўся і, развальваючыся на часткі, каменем пайшоў да зямлі, другі паляцеў у бок нямецкіх пазіцый.

Праз гадзіну немцы зноў падняліся ў атаку, але зноў былі адкінуты назад. Так працягвалася да самага вечара. Артылерыйскія і авіяцыйныя налёты чаргаваліся з атакамі пяхоты. Але сістэма абароны была добра прадумана і загадзя падрыхтавана. І вораг не прайшоў. Мачалаў быў задаволены: маладыя байцы раўняліся на бывалых і не завагаліся.

Пётр Пятровіч у перапынку паміж атакамі, калі даведаўся, што танкі «Т-34» сышлі з лагчыны, загадаў замініраваць поле на левым флангу. І цяпер можна было не баяцца танкаў у гэтым месцы.

Дзень ужо хіліўся да вечара, калі чарговы раз немцы пабеглі назад, і наступіла цішыня. Па ўсім было відаць, што новай атакі сёння не будзе. У акопах пачуўся смех. Даставілі запознены абед, і брудныя, з пакрытымі сажай тварамі, салдаты прагна пачалі есці, не забываючы пры гэтым перакінуцца вясёлым слоўцам.

Мачалаў чакаў, калі камандзіры ўзводаў даложаць яму пра страты. Ён слухаў, як непадалёку хтосьці даймаў Кісліцкага, каб той расказаў што-небудзь вясёлае. Кісліцкі адзываўся жартамі. Усё той жа голас сказаў:

31
{"b":"585908","o":1}