Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ваня ўсё зразумеў. Ён схапіў з цвіка шапку і выскачыў у сенцы.

Вычакаўшы, пакуль паліцай пройдзе міма яго ў хату, выбег на вуліцу і з усіх сіл проста па снежнай цаліне панёсся да Крайнюкоў.

Грышка, як заўсёды, быў п’яны. Не здымаючы шапкі і кажуха, які толькі расшпіліў, паставіў ля дзвярэй вінтоўку і гучна сказаў:

— Ну, здарова, удава!

— Дабрыдзень! — адказала Таццяна.

Яна хацела сказаць, што не лічыць сябе ўдавой, але раздумала, вырашыла п’янаму паліцаю не пярэчыць.

— А чаго гэты ты не абураешся, што цябе ўдавой абазваў?

— Слова «ўдава» пра гора чалавечае гаворыць і не абразу, а смутак яно ў людзей выклікае.

— Бач ты, як мудрагеліста са мной гаворыш, — усміхнуўся Мірэйчык, — быццам на ўроку перад мальцамі сябе паводзіш. А я ўжо чалавек сталы, пры становішчы, пры пасадзе. Ты мне лепш скажы, чаго гэта тры дні таму да Петруся хадзіла? Ці не шашні са старым хрычам завяла? Дык ты лепш са мной у любоўныя ды грахоўныя справы пагуляй. Я, паглядзі, мужык хоць куды, пастараюся для цябе, не падвяду, — ён працягнуў да яе рукі і схапіў за плечы. Таня паспрабавала вырвацца, але Грышка прыціснуў яе да сябе.

Адкуль толькі сілы ўзяліся ў Мачалавай. Здавалася, лютасць і крыўда зацямнілі яе розум. Рэзка прысеўшы, яна вырвалася з яго рук і схапіла сякеру, што стаяла ля печы:

— А ну, пачвара, адыдзі, а не то як шалёную гадзюку засяку!

Мірэйчык адступіўся ад яе і схапіўся за вінтоўку:

— Ты што, зараза чырвоная, хочаш, каб я цябе ўраз знішчыў? — і ён перавёў затвор.

— Мамачка, мамачка, — закрычала, злазячы з печы, Юля, — ён жа цябе заб’е!

Яна прыціснулася маленькім, худзенькім целам да мамы:

— Не дам у маму страляць! Страляй лепш у мяне!

Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б у хату не ўвайшла Марфа Сцяпанаўна. Яна адважна схапілася рукамі за ствол вінтоўкі:

— А ну перастань зараз жа дзяцей палохаць! Чаго з іх здзекуешся? Паглядзі, якія яны худзенькія, а ў цябе морда ў бакі як раздалася!

— А ты, старая, мне ў морду не тыкай! — зласліва адгыркнуўся Грышка. — Не ад тваіх харчоў яна такая, — ён апусціў прыклад вінтоўкі на падлогу і ўжо спакайней звярнуўся да Таццяны: — Нічога, мільтонша, я з табой рахунак звяду, не турбуйся, Грышка крыўд не забывае. Наступіць час, калі сама прасіцца ў мяне будзеш, але я табе сённяшняе не забуду. А зараз адкажы мне, як прадстаўніку ўлады, чаго да дзеда хадзіла?

— Дзяцей карміць няма чым, вось і хадзіла бульбачкі ды мукі папрасіць.

— Бульбачкі кажаш?

Марфа Сцяпанаўна разумела, што варта Грышку толькі зазірнуць у пограб, як ён убачыць, што ў Мачалавай там мяшкі чатыры бульбы набярэцца, і каб ён не здагадаўся зрабіць гэта, зноў пайшла ў атаку:

— І чаго гэты ты Грышка шкодны такі, да сваіх жа людзей чапляешся?

— Я да сваіх не чапляюся, а ў вёсцы амаль нікога за свайго не лічу. Навядзём мы хутка тут парадак, вось тады толькі адны свае і застануцца.

— Вось ты выпіў сёння, — міралюбна прагаварыла Крайнюк, — а закусіў, відаць, дрэнна і нясеш абы-што…

— А ты мяне не вучы, баба, не вучы! Ведаю, чым мне закусваць, — і раптам усміхнуўся нейкай брыдкай усмешкай, — а ці ведаеш ты, чаму ў мяне морда ў бакі раздалася? Не, не ведаеш! А ўсё таму, што пры Саветах усе і, у першую чаргу яе Пецька, мяне па галаве білі зверху, вось пыса. ха-ха, у бакі і раздалася.

— Ніхто цябе пальцам не чапаў. Я дык ведаю.

— Нічога ты не разумееш, цёмная старая. Я маю на ўвазе, што маральна білі, разумееш, — і ён пакруціў каля яе твару пальцам. Ну, добра, забалбатаўся я тут, пайду прагуляюся. Пакуль, мільтонша, сякеру я табе ўзгадаю, ох узгадаю! — і Мірэйчык выйшаў з хаты.

Таццяна, дрыжучы ўсім целам, павольна апусцілася на лаву і, закрыўшы твар рукамі, заплакала. Юля і Ваня абступілі яе і моўчкі гладзілі па валасах.

Марфа Сцяпанаўна села побач:

— Ну, ну, не хвалюйся. Адпіў ён мазгі, вось і брэша, што на язык патрапіць. Проста табе трэба быць з ім асцярожней, радзей на вочы трапляцца гэтаму быку. Я схаджу да яго бацькоў яшчэ раз і пагавару. Хоць ім і не падабаюцца такія гутаркі, але павінны ж яны ведаць, што ён вытварае…

У гэты дзень Марфа Сцяпанаўна затрымалася ў Мачалавых дапазна, а калі сабралася ісці, Таня папрасіла:

— Цётка Марфа, пераначуйце ў нас. Я, далібог, баюся, што ён уначы прыйдзе.

— Ну, добра, добра, я пераначую, ды і самой мне будзе весялей, толькі схаджу параюся з Петрусём. — Яна пайшла, але хутка вярнулася, і яны адразу ж ляглі спаць.

Пад раніцу ў іх акенца хтосьці пастукаў. «Няўжо Грышка?» — адначасова падумалі жанчыны.

— Калі гэта ён, больш не вытрымаю, заб’ю яго! — дрыготкім ад лютасці голасам сказала Таня. Узяла на стале вялікі кухонны нож і выйшла ў сенцы:

— Хто там?

— Гэта я, Пятрусь! Адкрый, дачка.

Ён моўчкі ўвайшоў у хату і толькі тады загаварыў:

— Так, кажаш, гэты руды скулаварот цікавіўся, чаго ты да мяне хадзіла? Шпіёніць, зараза.

Таццяна здагадалася, што дзед Патрусь ведае пра тое, што здарылася, са слоў Марфы Сцяпанаўны, і ціха сказала:

— Так, пытаў. Я адказала, што бульбы хадзіла да вас прасіць.

— Гэты правільна сказала, але бульба ў цябе ёсць.

— Ну і што ж? — не зразумела Таццяна.

— А тое, што ён можа прыйсці і праверыць, ці ёсць у цябе бульба. Тым больш што ўвечар да яго на трох санях прыехалі паліцаі. Ён паказаў ім хату, у якой Косця Старадумаў жыве. Яны забралі хлопца, пасадзілі ў сані і павезлі. Можа, што вынюхалі пра лістоўку. Двое апранутых у цывільнае засталіся. Іх Грышка вадзіў у гэты бок, і я ўпэўнены, што ён паказваў тваю хату, толькі пасля гэтага яны з’ехалі.

— Што ж гэта значыць? — разгублена спытала Таня.

— А тое, што табе неабходна быць гатовай да ўсяго. Па-першае, трэба, як мне здаецца, дзяцей у Марфы трымаць. Калі раптам прыедуць па цябе, то Марфа іх можа паціху да каго-небудзь адвесці, а па-другое, трэба ўсю бульбу зараз жа да Марфы ў склеп перанесці. Калі Грышка, ці яго сябрукі, ці немцы правераць твой склеп, то пераканаюцца, што ў цябе бульбы няма, значыць, ты і сапраўды да мяне прыходзіла бульбы прасіць.

Жанчыны не спрачаліся і, накінуўшы на сябе, што патрапіла, узялі мяшкі і разам з Петрусём насыпалі ў іх бульбу і насілі ў хату Крайнюкоў. Да світанку праца была скончана.

Прайшло яшчэ тры дні. У вёсцы ўсё заставалася па-ранейшаму, калі не лічыць асцярожных гутарак сярод жыхароў пра Косцю Старадумава, сямнаццацігадовага хлопца, які адважыўся абараніць ад п’янага Мірэйчыка суседскую дзяўчыну Аню Лапатку. Мірэйчык убачыў Аню, калі яна праходзіла міма яго хаты. Выскачыў і пачаў цягнуць яе да сябе ў двор. Дзяўчына стала крычаць. Гэта пачуў Косця. Ён падскочыў да Грышкі і на вачах у суседзяў адабраў дзяўчыну. На шчасце, у паліцая пры сабе не было вінтоўкі, і Косця з Аняй уцяклі. І вось Старадумава схапілі і павезлі ў райцэнтр.

Яго маці плакала і прасіла Грышку дапамагчы сыну, але ён не стаў яе слухаць і выгнаў з хаты. Тады Старадумава паехала ў райцэнтр, але так нічога і не даведалася пра лёс Косці.

І раптам усю вёску абляцела страшная вестка. Косцю за тое, што ён нібы быў партызанам і распаўсюджваў лістоўкі, немцы павесілі на цэнтральнай плошчы раённага цэнтра.

Напалоханыя людзі стараліся абыходзіць бокам Мірэйчыка і яшчэ двух паліцаяў, якія жылі ў вёсцы.

А Грышка хадзіў з вінтоўкай за плячамі і выхваляўся: «Нічога, навядзём мы тут парадак. Зацягнем дзясятак-другі на шыбеніцу, адразу астатнія нашу ўладу паважаць стануць».

А на наступную ноч, перад світанкам, у хату Мачалавай пастукаўся дзед Пятрусь:

— Збірайся, дачка, аднясеш партызанам скрутак, а то ногі падвялі мяне, ісці не могуць, а раніцай у лесе будзе чакаць мяне чалавек. Я мінулы раз дамовіўся, што калі я не змагу, то прыйдзеш ты.

— А як я знайду яго?

— Вельмі проста. Ведаеш, дзе да вайны вузкакалейку да тарфянішча будавалі?

— Гэта тую, што не паспелі дабудаваць? Ведаю.

— Падыдзеш да месца праз раўчук і чакай. Да цябе падыдзе Антон ці хто-небудзь з хлопцаў, якія разам з ім былі. Скажаш, што я прыхварэў, аддасі скрутак і вернешся ў вёску. На ўсякі выпадак перад тым, як выйсці з лесу, наламай галля. Калі і сустрэнецца хто-небудзь, то скажаш, па дровы хадзіла.

26
{"b":"585908","o":1}