— Дык у мяне ж людзей — камарова жменя! З кім жа я ў атаку пайду?
— Танкі і дэсант на іх будуць дзейнічаць у паласе твайго наступення, — рэзка абарваў камандзіра роты Тарасаў, але, падумаўшы трохі, сказаў: — Добра, дам я табе ўзвод разведчыкаў, хай падтрымаюць.
Мачалаў каторы раз казаў сабе: «За хлапчука прымае. Дарэмна я да яго ў батальён пасля шпіталя прасіўся».
Не ведаў Пётр, што зусім нядаўна камбат асабіста перадаў у полк прадстаўленне на ўзнагароджанне яго ордэнам Чырвонай Зоркі і што, характарызуючы яго, не шкадаваў добрых слоў.
Але Мачалаў пра гэта нават не здагадваўся. Ён спяшаўся да сваіх, прыкідваючы дзеянні роты, якую яму досвіткам трэба будзе весці ў бой.
Першым у траншэі ён сустрэў камандзіра трэцяга ўзвода Рубава. Пакуль той спакойна напаўголаса дакладваў становішча, Мачалаў паспеў у паўзмроку разгледзець старшыну Ляркова: той застыў метрах у пяці і чакаў, калі камандзір роты вызваліцца. Пётр падумаў: «З маёй роты, акрамя Рубава, які ўжо стаў афіцэрам, Ляркова, сувязнога Чарнышенкі ды Ерамеева, з тых, з кім я ваяваў да ранення, нікога не засталося».
Рубаў скончыў даклад. Але Мачалаў не спяшаўся ісці, а звярнуўся да старшыны:
— Таварыш Ляркоў, знайдзіце Чарнышэнку, хай ён збярэ ў мяне ў бліндажы камандзіраў узводаў.
Ляркоў казырнуў і тут жа знік у цемры. Мачалаў павярнуўся да Рубава і ціха прагаварыў:
— Заўтра раніцой у атаку пойдзем, так што рыхтуйся, Лёва.
Раніцой рота была гатовая да бою. Стаяў моцны студзеньскі марозік, рыпеў пад нагамі снег, у лагчынах слаўся густы бялёсы туман, а вакол — цішыня.
Здавалася, што ўсё замерла ў чаканні бою. I ён пачаўся. Раздзіраючы ў жмуты туман, ударыла артылерыя, над галовамі з гулам пранесліся бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі. Над нямецкімі пазіцыямі ўзляталі ў паветра перамяшаныя са снегам камякі зямлі ўзнімаліся высокімі фантанамі ўзрывы бомбаў.
Агнявы і авіяцыйны налёт працягваўся нядоўга, і хвілін праз дзесяць агонь быў перанесены ў глыбіню абароны праціўніка, туды, куды ўчора пасля няўдалай атакі папаўзлі танкі і бронемашыны.
Над нашымі пазіцыямі ўзляцелі сігнальныя ракеты.
Мачалаў ускочыў на бруствер і, сціскаючы ў руцэ аўтамат, крыкнуў:
— За Радзіму! Наперад!..
Рота дружна паднялася ў атаку. Міма, абганяючы іх, пайшлі танкі, на брані якіх, хаваючыся за вежы, сядзелі дэсантнікі.
«Усё ж знайшоў камбат людзей для дэсанта», — узрадаваўся старшы лейтэнант і паглядзеў па баках. Як акінуць вокам ішлі ў наступленне роты. Немцы, ачомаўшыся пасля артылерыйскага і авіяцыйнага налётаў, адкрылі моцны і шчыльны агонь. З’явіліся першыя страты. Мачалаў бачыў, як зваліўся камандзір першага ўзвода. «Няўжо забіты?» — падумаў Пётр.
— Санітара да Герасімовіча! — крыкнуў ён і пабег наперад.
Але людзі ўжо заляглі. Упаў на зямлю і Мачалаў. Паглядзеў налева, дзе павінен атакаваць суседні батальён. Агонь праціўніка быў вельмі моцным. «А дзе ж Кісліцкі? — успомніў Мачалаў і вачамі адшукаў падбіты танк, у якім яшчэ з ночы павінны знаходзіцца трое яго салдат, — чаму ён маўчыць?» У гэты момант з танка па варожых акопах амаль адначасова ўдарылі два кулямёты. Знішчальным, амаль флангавым агнём яны загналі немцаў у акопы, размешчаныя якраз насупраць роты Мачалава, не даючы магчымасці высунуць галаву і весці прыцэльную стральбу. Гэтым адразу ж скарысталіся атакуючыя. Парторг Татушын, ён прыняў на сябе камандаванне першым узводам замест выбыўшага Герасімовіча, падняў сваіх людзей у атаку. Рота зноў кінулася наперад.
Немцы таксама ацанілі становішча і з флангаў адкрылі моцны агонь. Нашы танкі, якія перасеклі першую лінію, ужо «прасавалі» другую. Два з іх накіраваліся ўздоўж першай траншэі, страляючы з гармат і кулямётаў, душылі гусеніцамі баявыя кропкі праціўніка. Немцы засяродзілі агонь па гэтых танках, і неўзабаве абодва яны былі падбіты. Адзін успыхнуў, і з яго пачалі выскокваць танкісты ў падпаленых камбінезонах. У другога танка перабіла гусеніцу, і экіпаж, развярнуўшы вежу з гарматай у бок варожых гармат, павёў агонь па іх, а з кулямёта працягваў біць уздоўж варожых траншэй. Мачалаў бег і амаль не страляў, ашчаджаючы патроны для бою ў траншэі. Ён быў упэўнены, што цяпер справа дойдзе да рукапашнай. Нашы танкі і дэсант вялі бой на другой лініі абароны, і гітлераўцы, якія заселі ў першай, практычна адступіць не маглі. Вось яна — варожая траншэя. Байцы з крыкам «ура!» уступілі ў рукапашную.
Першым у траншэі Мачалаў убачыў немца, які сядзеў на кукішках спінай да яго і страляў чаргой з аўтамата. «I нашых, і сваіх, гад, б’е без разбору!» — паспеў падумаць старшы лейтэнант і кароткай чаргой скасіў фашыста. У траншэі завязалася жорсткая сутычка. Кароткія аўтаматныя чэргі і адзінкавыя стрэлы перамяшаліся з лютымі крыкамі, стогнамі параненых, глухімі і цяжкімі ўдарамі прыкладаў.
Звычайна флегматычны і сарамлівы старшына Ляркоў актыўна дзейнічаў вінтоўкай. Ён, апынуўшыся паміж двума фрыцамі, паспеў абрынуць на галаву аднаго магутны ўдар прыкладам і тут жа сустрэць штыком другога, які, замахнуўшыся сапёрнай лапаткай, падбягаў ззаду. Спрытна дзейнічаў і парторг. У яго ад нямецкай кулі заклініла аўтамат, і Татушын, схапіўшы яго за ствол, варочаў ім як дубінкай.
Мачалаў уважліва агледзеўся. Нямецкія салдаты, не вытрымаўшы імклівага і лютага націску, пачалі адыходзіць, некаторыя ў паніцы беглі ў розныя бакі, а асобныя, вырваўшыся з траншэі, уцякалі нават у бок нашых пазіцый. З падбітага танка кароткімі, злымі чэргамі біў па іх кулямёт. Мачалаў гучна крыкнуў:
— Хлопцы! Не затрымлівайцеся ў траншэі! Наперад, да наступнай! — I сам кінуўся да другой лініі абароны. Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і вораг быў выбіты з другой траншэі. Невялікую вёсачку ўзялі з ходу. Немцы ў ёй не змаглі ўтрымацца. Але агонь іх артылерыі і танкаў, якія схаваліся за ўзгоркамі, станавіўся ўсё мацнейшым. Адзін за адным былі падбіты яшчэ тры нашы танкі. Астатнія адступіліся назад пад прыкрыццё ўзгорка. На высокім беразе невялікай рачулкі, якую пераадолелі байцы роты Мачалава, мерзлая зямля ўсё больш пакрывалася ўзрывамі варожых снарадаў.
Салдаты, лежачы ў снезе, ліхаманкава дзяўблі маленькімі сапёрнымі лапаткамі цвёрдую, як бетон, зямлю. I хоць вакол кожнага з іх высілася горка снегу, яна толькі стварала бачнасць абароны ад снарадаў. Асколкі са свістам прашывалі іх наскрозь.
Мачалаў выпусціў дзве чырвоныя ракеты — гэта быў сігнал для камандавання палка. I ён быў зразуметы. Дзесьці далёка ззаду зноў ударыла наша артылерыя, і ў размяшчэнні немцаў з’явіліся велізарныя чорна-белыя ўзрывы. Агонь праціўніка адразу ж аслабеў.
Салдаты, карыстаючыся кароткай прадышкай, сціснуўшы зубы, сапёрнымі лапаткамі дзяўблі і дзяўблі зямлю.
Камандзір роты падлічваў свае сілы. Аказалася, што загінула дванаццаць чалавек, у тым ліку і камандзір узвода Герасімовіч, трынаццаць было паранена, з іх чацвёра — лёгка, і яны засталіся ў страі.
Мачалаў разумеў: паколькі яго рота знаходзіцца на вышыні, значыць, у выпадку контратакі моцны ўдар немцы нанясуць менавіта тут.
Старшы лейтэнант выклікаў камандзіраў узводаў. Падлічылі сваю агнявую моц: тры процітанкавыя ружжы, два «максімы» і тры ручныя кулямёты. Астатняе — вінтоўкі і аўтаматы.
— Так, не густа. Калі фрыцы пойдуць у атаку, ды яшчэ з танкамі, то дрэнныя нашы справы, — трывожна прагаварыў камандзір і загадаў ад кожнага ўзвода выдзеліць па два чалавекі і накіраваць назад да былых нямецкіх траншэй:
— Хай шукаюць, можа, процітанкавыя гранаты знойдуць, дый аўтаматы прыдадуцца.
Затым ён хутка накідаў камбату данясенне, папрасіў дапамогі, а сам разам з узводнымі пачаў выбіраць пазіцыі для кулямётчыкаў і бранябойшчыкаў.
Убачыў Кісліцкага, паклікаў да сябе:
— Дзякуй, сяржант, выдатна ты і твае таварышы дапамаглі нам!
— Што ўжо там, — збянтэжыўся Кісліцкі. — Справа звыклая: бі гадаў, пакуль са сваёй зямлі іх не выганіш ці не загоніш у яе.
— Правільна! — падтрымаў Татушын і паглядзеў на Мачалава. — Памойму, група сяржанта Кісліцкага заслугоўвае ўзнагароды за ўмелыя дзеянні.