Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ён стараўся па характары чаргі ці асобнага стрэлу вызначыць, у якім месцы траншэі знаходзіцца кулямётчык ці проста стралок. Прайшло яшчэ не меней як дзве гадзіны, перш чым стральба пачала цішэць. Нарэшце толькі рэдкія кулямётныя чэргі парушалі цішыню ды зрэдку ўзляталі асвятляльныя ракеты над пазіцыямі праціўніка.

Лейтэнант пачакаў яшчэ з гадзіну і шэптам прамовіў:

— Пайшлі, хлопцы! Я наперадзе, Губчык — за мной, а ты, Сцяпаныч, — замыкаючы.

Паўзлі па мокрай і халоднай раллі. Наперадзе паказалася цямнеючая нітка другой лініі акопаў.

Небяспека напароцца на немцаў у ёй была меншай, чым у пярэдняй, размешчанай метрах у двухстах. Але ўсё адно — трэба было быць гатовым да ўсяго.

Лейтэнант падняўся на ногі, пераскочыў траншэю і адразу ж зваліўся, чакаючы, ці не раздасца ззаду стральба. Па шолаху насыпнога бруствера Аляксей зразумеў, што Губчык і Зайцаў пераскочылі траншэю. Разведчыкі папаўзлі далей.

Дасягнуўшы першай лініі абароны, яны зноў стаіліся, напружана прыслухоўваючыся: ці не кашляне хто, ці не бразне затворам, перазараджаючы зброю, ці не пачуецца рух на дне траншэі. Не, усё спакойна. Аляксей на імгненне прыўзняўся і скокнуў праз траншэю, за ім Серафім і Пётр. Яны тут жа пачалі адпаўзаць далей да нейтральнай паласы. Пакуль усё ішло добра. Купрэйчык стаў прыкідваць адлегласць, на якую яны адпаўзлі ад траншэі, калі ў неба адна за другой узвіліся дзве белыя ракеты.

Разведчыкі адразу ж уткнуліся ў зямлю. Аляксей быў метрах у трох наперадзе ад астатніх, і калі б пры мігатлівым святле ракет паспеў зірнуць наперад, то ўбачыў бы, што ў метры ад яго знаходзіцца драцяная загароджа. Як толькі ракеты пагаслі, ён ірвануўся наперад і тут жа напароўся на калючку, а на ёй пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Яны адразу ж гучна зазвінелі. У небе ўспыхнулі ракеты. Па тым, як распаролася вакол зямля, лейтэнант зразумеў, што яны патрапілі ў кропку, якую загадзя прыстралялі кулямётчыкі, а гэта значыць, што калі неадкладна не выскачыць адсюль, то хутка іх целы будуць падобныя на рэшата. Ускокваць і бегчы, нават рухацца, было нельга. Усё гэта імгненна пранеслася ў галаве лейтэнанта, і ён крыкнуў:

— Зайцаў, ракеты!

У неба ўзвілася чырвоная ракета, праз некалькі секунд — другая. I адразу ж, нібы даўно падпільноўвала іх, ударыла артылерыя. Над нямецкімі пазіцыямі з’явіліся чырвона-барвовыя сполахі разрываў.

«Малайцы артылерысты, — падумаў Купрэйчык, — чакалі нашага сігналу».

Пераразаць агароджу не было чым, і лейтэнант, сунуўшы магазін аўтамата пад ніжні дрот, паставіў яго на прыклад і загадаў:

— Хутчэй, хлопцы, нырайце!

Першым пралез Губчык, за ім — Зайцаў. Ён лёг уздоўж дрота, перахапіўшы ў камандзіра аўтамат:

— Давай, Аляксей!

Купрэйчык тут жа адпусціў аўтамат і падлез пад дрот. Праз пару секунд ён быў ужо на другім боку. Павярнуўся, каб узяць свой аўтамат, і ўбачыў, як да яго нясуцца чырванаватыя кропкі. Яны свяціліся. «Як чмялі», — паспеў падумаць ён і страціў прытомнасць.

Купрэйчык не чуў, як Зайцаў і Губчык цягнулі яго па набраклым ворыве. Потым пачуўся доўгачаканы вокрык назіральніка: «Стой! Хто ідзе?» Пасля таго як Зайцаў сказаў пароль, да іх насустрач кінуліся байцы, падхапілі і асцярожна зацягнулі Аляксея ў траншэю.

Не чуў ён, як Арэшка, які ўжо стаў камандзірам роты, па тэлефоне паспешліва дакладваў камандзіру палка пра вяртанне разведчыкаў.

Аляксей ачуўся толькі на трэція суткі.

Ён ляжаў дагары тварам і першае, што ўбачыў — гэта столь з шырокіх непафарбаваных дошак.

«Дзе я? — падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўспомніць, што ж з ім адбылося. Яму доўга прыйшлося напружваць памяць, збірацца з думкамі, каб успомніць, як там, ужо на падыходзе да сваіх, ён убачыў чырвоныя кропкі, якія нясуцца да яго. — Значыць, я паранены, але куды? Чакай-чакай, а раптам мяне ўзялі ў палон?»

Ад гэтай думкі Аляксей застагнаў, і тут жа над ім з’явіўся незнаёмы твар і ён пачуў жаночы голас:

— Што, ачуўся, сынок?

Аляксей хацеў спытаць, куды яго параніла і дзе ён знаходзіцца, але бабулька — цяпер лейтэнант разгледзеў яе твар выразна — прыклала палец да вуснаў:

— Маўчы, сынок, маўчы, галубок! Табе нельга размаўляць, куля трапіла ў горла, і ўрач сказаў, што некалькі тыдняў табе давядзецца памаўчаць, бо размаўляць не зможаш. Ты паляжы, а я доктара паклічу.

«Значыць, не ў палоне», — з палёгкай уздыхнуў лейтэнант і зноў пачаў успамінаць пра пераход лініі фронту: «Цікава, ці дайшоў узвод да нашых? Даставілі хлопцы палонных? Што з Зайцавым і Губчыкам?»

Ох, як хацелася ведаць лейтэнанту пра гэта. Але хто адкажа яму на гэтыя пытанні?

У гэты момант над ім схіліўся мужчына. Чыста выгалены твар, вялікія, з чырванаватымі бялкамі, стомленыя вочы.

«Урач, — здагадаўся Аляксей, — мяркуючы па вачах, для яго самая вялікая мара — гэта выспацца».

А ўрач ледзь усміхнуўся яму і сказаў:

— Ну вось, гвардзеец, пачынаем жыць. А пакуль ты тут ляжаў, два генералы табой цікавіліся. Адчуваецца, што ты ім добрую службу саслужыў. А зараз слухай мяне. У цябе некалькі кулявых раненняў: адно ў галаву, другое ў правую частку грудзей і трэцяе ў вобласць гартані. Ад гэтага развіўся моцны яе ацёк. А гэта значыць, што некаторы час давядзецца памаўчаць.

I, відавочна, улавіўшы ў вачах Купрэйчыка трывогу, урач паспешна і грубавата растлумачыў:

— Не турбуйся, праз тыдзень-другі будзеш малоць языком, як і дагэтуль. — Ён выпрастаўся і камусьці нябачнаму сказаў: — Давайце хлопца на перавязку!

Падышлі два пажылыя санітары. Яны асцярожна пераклалі Купрэйчыка на насілкі і панеслі.

Прайшло тры дні. Купрэйчык ужо ведаў, што знаходзіцца ў палявым шпіталі, які размясціўся ў невялікай прыфрантавой вёсачцы. Хаты служылі палатамі, у двухпавярховым клубе знаходзіліся штаб і сталовая шпіталя. Сюды выразна даносіліся гукі артылерыйскай і кулямётнай стральбы.

Неяк пасля ранішняга абыходу ў палату вярнуўся лечачы ўрач —!ван Спірыдонавіч Лазараў, з ім тры афіцэры. Купрэйчык адразу ж пазнаў камандзіра палка Васільева, які стаў падпалкоўнікам, і камісара палка Малахава. Трэцім быў незнаёмы генерал. Усе па чарзе паціснулі лейтэнанту левую руку, правая ў яго пакуль амаль бяздзейнічала.

Васільеў сказаў:

— Вось, Аляксей Васільевіч, да цябе прыбыў член Ваеннага савета арміі Карпаў.

Генерал, усміхаючыся Купрэйчыку, басавіта загаварыў:

— Што вы часова не можаце размаўляць, мы ведаем. Але слухаць вам урачы не забаранілі, так што слухайце. За паспяховае выкананне асобага задання камандавання вы ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Я з задавальненнем выконваю ўскладзеную на мяне прыемную місію і ўручаю вам высокую ўрадавую ўзнагароду.

Генерал адхіліў край коўдры і проста на бальнічную кашулю прымацаваў ордэн, а ў левую руку лейтэнанта, якая адразу стала потнай, уклаў скрыначку і пасведчанне. Параненыя ў палаце дружна заапладзіравалі. Купрэйчык хацеў хоць крышачку прыпадняцца, але востры боль у грудзіне адкінуў яго зноў на падушку.

— Ляжыце, ляжыце, таварыш лейтэнант, — сказаў генерал і зрабіў крок убок, даючы магчымасць Васільеву і Малахаву падысці да параненага бліжэй. Тыя таксама паціснулі руку Купрэйчыку. Камісар пацалаваў яго ў няголеныя шчокі:

— Дзякуй табе, Аляксей Васільевіч, тваім хлопцам дзякуй! Ты нават не ўяўляеш, якіх каштоўных языкоў вы нам здабылі! Усіх тваіх гвардзейцаў узнагародзілі.

Купрэйчык усхвалявана слухаў камандзіраў, яго цяпер мучыла толькі адно пытанне: што з хлопцамі? Ці ўсе жывыя? Нарэшце не вытрымаў і жэстам папрасіў, каб яму далі аловак і паперу. На лісце, выдраным урачом са сшытка, дзе ён рабіў розныя запісы, Купрэйчык з вялікай цяжкасцю левай рукой надрапаў: «Хлопцы!»

Камандзір палка прачытаў і спытаў:

— Цябе цікавіць, што з хлопцамі?

Купрэйчык пацвердзіў гэта, міргнуўшы вачамі.

Васільеў і Малахаў зірнулі адзін на аднаго, а затым, нібы па камандзе, запытальна паглядзелі на генерала. Карпаў ледзь кашлянуў, а затым рашуча ўзмахнуў рукой:

— Чаго ўжо тут цямніць. Ён — камандзір і павінен ведаць, што з яго падначаленымі.

22
{"b":"585908","o":1}