Я любіла маляваць па начах. Проста сядзець у цішыні і пры святле настольнай лямпы рабіць маленькія «пачаркушкі» — на пакрытым васковай фарбай кавалачку кардону прадрапваць малюнак танюткай іголкай. Мне здавалася, што, пакідаючы ў шчыльным каляровым фоне белыя ці чорныя рыскі, я прадрапваюся ў іншы, лепшы свет, куды калісьці сыду… Але Рытка спала вельмі чуйна і не цярпела абсалютна ніякага шоргату. Таму час ад часу мае начныя «экзерсісы» перарываліся яе пранізлівымі мацюкамі сапраўды майстэрскага выканання.
Тая зіма была надзвычай суровая. І ў самыя маразы здарылася непазбежнае — латаныя-пералатаныя трубы інтэрнатаўскай сістэмы ацяплення палопаліся, і ў пакоях запанаваў бессаромны Зюзя — старажытнае славянскае бажаство холаду. Ён мацаў настылымі рукамі вытанчаныя целы інтэрнатавак, і ніяк немагчыма было яго выгнаць. Мы з Рыткай абагравальнік мелі адзін на дваіх, самы танны: увагнутую бліскучую талерку, у цэнтры якой, як закаханае сэрца, пунсавела спіраль… І зусім як тое сэрца, яна згасла без дай прычыны і назаўсёды. Наперадзе чакала доўгая зімовая ноч…
Я беражліва падняла наш пагаслы агонь і пайшла па доўгіх калідорах, разважаючы, да каго можна звярнуцца па дапамогу. Блізкіх сяброў у нас з Рыткаю не было. Дражнілі нас «манашкамі», «гордымі самотніцамі» ды яшчэ чамусьці «бабізонцамі», пэўна, згадваючы адначасова Рабінзона, аматараў французскай прыроды барбізонцаў ды нашу жаночую — «бабскую» — натуру. Па вузкім загрувашчаным пераходзе я перайшла ў той корпус інтэрната, дзе жылі хлопцы. Тут заўсёды было шумна, смярдзела фарбамі і танным віном і сустракаліся самыя неверагодныя асобы… Вось як гэты тып з паголенай галавою і завушніцаю… Ці вунь тыя двое, доўгавалосыя і перапэцканыя фарбамі, што валакуць у свой пакой гіпсавую Венеру. Да аднаго знаёмага я проста пабаялася заходзіць, бо з-за яго дзвярэй чуўся п'яны гул. Другога ў пакоі не было — ці не адчыняў?
— У чым праблема, ясная паненка?
Я рэзка абярнулася, рыхтуючыся бараніцца. Але ў хлапчыне, што загаварыў са мною, не было нічога страшнага: вядома, ён меў традыцыйна доўгія валасы і драную джынсовую апратку, але з твару — тыповы акулярык, хлопчык-інтэлектуал, выхаваны строгімі бацькамі ў строгіх маральных нормах. Я нават не адразу ўцяміла, чым яшчэ ўразіў незнаёмец: ён звяртаўся да мяне на добрай беларускай мове. Тады гэта яшчэ не было ні модай, ні палітыкай, а так — незразумелым дзівацтвам ці адзнакай «простасці». Бо нават у маім родным мястэчку на «мове» гаварылі адны старыя, а мама — яна гадавала мяне адна — працавала фельчарам, па тутэйшых мерках, начальніцай, і нібыта ўжо не мела права размаўляць па-просту. Так што я нават разгубілася, не ведаючы, як адказаць.
— Дык што здарылася? Ці магу дапамагчы?
— Абагравальнік зламаўся, — мармытнула я і схавала змерзлы нос у каўнер свайго штучнага футра.
— І толькі? — хлапчына ўладна ўзяў сапсаваную тэхніку ў мяне з-пад пахі. — Нічога страшнага, адрапаруем!
Пасля гэтага выпадку Ігар пачаў заходзіць у наш пакой. Звычайна ён прыносіў з сабою ўсялякія смачныя рэчы: хатнюю каўбасу, сала, а то гарачую яешню ці дранікі, схаваныя між дзвюх місаў. Ён ніколі не патрабаваў і не рабіў нічога, што магло б напалохаць мяне, якую маці і цёткі перад ад'ездам на вучобу падрабязна праінструктавалі наконт д'ябальскіх гарадскіх хлапцоў. Не выключана, што такія ж інструкцыі наконт «блатных інтэрнатавак» атрымаў і Ігар. Таму знаёмства наша было не заваёвай адным аднаго, а шчаслівай сустрэчай надзейных саюзнікаў у супрацьстаянні ненармальнаму свету, які акружаў нас.
Ігар вучыўся на перадапошнім курсе і ўжо ўдзельнічаў у некалькіх агульных выставах, а яго, як ён сам называў, алейныя «вольныя партрэты» куплялі нават іншаземцы ля мастацкага салона. Нечым нагадваў мне Ігар маіх улюбёных постімпрэсіяністаў, хаця сам не быў іх прыхільнікам:
— Я — чалавек старамодны, — часта паўтараў ён. — Жывапіс Леанарда — найвышэйшая ступень развіцця мастацтва, і я не хацеў бы, каб над ложкам майго будучага дзіцяці красавалася рэпрадукцыя «Чорнага квадрата».
Далучыў мяне Ігар і да беларушчыны — тое, што здавалася дзівацтвам, зрабілася натуральнай часткай майго жыцця. Асабліва нялёгка далося прывучыць сябе думаць на роднай мове: не размаўляць — гэта не так складана, нават калі перакладаеш у думках, а думаць. Часам мае мазгі ўяўляліся мне палімпсестам — старажытным рукапісам, на якім сцерлі стары запіс і скарысталі для іншага тэксту. Але сляды старога запісу ўсё-ткі захаваліся, і цяпер, паступова і неадольна, ён праступаў з-пад пазнейшага.
Рытка-Жалезная Кнопка напачатку ставілася да майго новага знаёмства іранічна. Калі ж наша з Ігарам сяброўства пачало набываць манументальныя рысы, выказалася:
— Ён табе не пара. Глядзець смешна: высокі, худзюшчы, а ты кругленькая, беленькая… Штэпсель і Тарапунька!
Я толькі пасмейвалася. Заўсёды такая датклівая і падазроная, зрабілася абсалютна незалежнай ад меркаванняў усяго свету. Мелі значэнне толькі мае адносіны з Ігарам. А Рытка планавала сваё. Варта было мне з'ехаць на выхадныя дадому, яна стукалася ў дзверы Ігарава пакоя, просячы то нешта адрамантаваць, то даць творчую параду, то «тры скарыначкі хлеба для беднага Бураціна». Напэўна, каб была Рытка хоць крыху больш прывабнай, я са сваім інтравертным4 характарам добра-такі псіхавала б… Але мне былі ў нейкай ступені нават прыемныя няўмелыя Рытчыны заляцанні (вось яна, праявілася, зайздросная жаночая натура). А Ігар стараўся заходзіць, калі я была адна — абы не круціцца на крэсле пад пякучым Рытчыным паглядам.
— Прыходзь да мяне сама, — аб'явіў Ігар. — Усе ведаюць, што мы пажэнімся, дык чаго саромецца?
Сусед Ігара больш прападаў недзе на кватэры ў горадзе, і вечары мы праводзілі разам. Гэта ўспрымалася як належнае, хіба што інтэрнатаўская выхавацелька, з якой час ад часу мы сутыкаліся на калідоры, адпускала абавязковую рэпліку наконт таго, што «швэндаюцца тут усякія» ды тлумачэнні, хто канкрэтна швэндаецца…
У сакавіку Ігар сказаў:
— Прапаноўваюць мне добры заробак, у залік практыкі. Але трэба з'ехаць на два месяцы за свет — аднаўляць фрэскі трынаццатага стагоддзя. Там закінутую царкву ў «святле апошніх пастаноў» тэрмінова ператвараюць у помнік сусветнага значэння… Будуць грошы на вяселле, — пераконваў мяне, а болей сам сябе Ігар. — Падумаеш, два месяцы! Я табе кожны дзень буду пісаць. А там і ў вас практыка, а да летняй сесіі я вярнуся!
Грошы патрэбныя ўсім: жабракам і мільянерам, гандлярам і паэтам, невылечным алкаголікам і вытанчаным дамам (апошнім, напэўна, болей за астатніх). Ігар паехаў, і пацягнуліся сумныя дні без яго. Звычайна я была ў захапленні ад надыходу вясны, радавалася кожнай лапіне адталай зямлі, ні з чым не параўнальнаму веснавому паветру, калі няма яшчэ ні лісця, ні травы, але з'яўляецца ўжо безназоўны водар абуджанай прыроды, які кружыць галовы і прымушае чакаць і спадзявацца нават тых, хто перастаў чакаць і спадзявацца!.. Але тая вясна была проста фонам майго чакання. Я нават не думала, што паміж мною і Ігарам узнікла такая моцная сувязь і такім болем адгукнецца расстанне…
Прыйшоў ліст, ад якога чамусьці пахла табакай, хоць Ігар не курыў. А ў стандартным канверце з выявай кактуса — цудоўныя Ігаравы малюнкі… Вось гэтая дама, захутаная ў шаль і поўная млявага чакання — неадменна я, а гэты няшчасны менестрэль з прабітым сэрцам — Ігар…
Я перачытвала ліст, разглядала малюнкі, уладкаваўшыся ў непрыбраным ложку, а насупраць мяне сядзела з кніжкай Рытка, але, відаць па ўсім, не столькі чытала, колькі згарала ад жадання зазірнуць у Ігарава пасланне. Апошнім часам мы з суседкай не зусім ладзілі. Праўда, яна перастала пераконваць мяне, што мы з Ігарам не пара, затое ўсё часцей захаплялася маім незвычайным талентам, прарочыла мне вялікую будучыню ў мастацтве, дзеля якой, вядома, мне належала ахвяраваць прымітыўнымі жыццёвымі памкненнямі і цалкам прысвяціць сябе творчасці.
— Ты толькі ўяві,— даверлівым тонам казала Рытка, — у цябе ў галаве — выдатная карціна, неверагодная гармонія фарбаў. А ў ваннай — гара брудных пялюшак, на пліце суп з каструлі выкіпае, дзеці равуць, а муж сядзіць з газеткай і чакае, каб ты на падносіку абед прынесла! Такая доля — не для цябе!