І на адным з яе пальцаў блішчэў просты жалезны пярсцёнак — ягоны падарунак.
— Мы сагрэлі крыху вады… Не хвалюйцеся, дыму амаль не было.
Альгерд схіляўся над ім з конаўкай, ад якой пахла чаборам. Таленавіты, разумны, такі малады Альгерд… І ён таксама загіне.
Вінцэсь з асалодай адпіў духмянай вады.
— Ноччу буду вартаваць я. Дастаткова добра чуюся для гэтага, і мне ўсё роўна не спіцца.
Зоры падняліся высока-высока. Але ён не мог чакаць, пакуль яны паніжэюць — да раніцы на траву ляжа шэрань і яго цела пакіне след. Ён пачаў адпаўзаць у глыб пушчы адразу, як упэўніўся, што таварышы спяць. Як мага далей… Схавацца, зашыцца вось сюды, у яміну пад карэннямі гонкай маладой сасны. У яго два пісталеты з набоямі. Але гэта не для яго — для пагоні. Ды яшчэ шабля. Старая шабля з выгравіраваным на дзяржальне вершнікам з узнятым мячом.
Таварышы зразумеюць. Вядома, яго будуць шукаць. Але, здаецца, ён зрабіў усё, каб не знайшлі. І ў іх з'явіцца шанс на ратунак.
Вінцэсь паклаў пісталеты так, каб можна было адразу іх узяць. Цікава, хто прыйдзе хутчэй — Пані ў белым або жандары? У апошнім выпадку застаецца толькі спадзявацца, што ён не настолькі змерзне і знясілее, што не зможа выстраліць.
Праз галінкі сасны на яго і ягоную зямлю глядзяць зоры. Нібыта вастрыі залатых дзідаў. Няўжо ёсць такія землі, зоры над якімі нагадваюць залатыя яблыкі або лагодныя вочы анёлаў?
Вінцэсь звяртаецца да Таго, хто над гэтымі зорамі — і паўсюдна: «Госпадзе! Толькі б мой нашчадак ніколі не ляжаў вось так, як я, у халоднай яміне, чакаючы Збавіцельку! Няхай нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей паміраюць у сваіх ложках, абкружаныя ўнукамі і праўнукамі, гаворачы апошнія мудрыя словы, якія будуць перадавацца ў іхнім родзе з пакалення ў пакаленне.
І няхай гэтыя словы будуць гаварыцца на нашай спеўнай мове, якую даў нам Ты, Гасподзь, як даў гэтую зямлю, яе азёры і пушчы, дым яе папялішчаў і безыменныя магілы яе лепшых сыноў».
Жандары не давалі веры, што знішчылі ўвесь атрад Дарбута. Ім усё здавалася, што галоўныя сілы хаваюцца вось там, за тымі соснамі… Ці за той лагчынай… Не можа быць, каб такі шалёны супраціў аказвалі чатыры знясіленыя юнакі.
Затое ўдалося схапіць першага палоннага з атрада — і апошняга. Як пасля высветлілася, гэта быў мясцовы дваранін Альгерд Андрыеўскі.
Пушчу пачалі называць Ваярскай. Потым гэтая назва перайшла на бліжэйшае паселішча.
Праз сто гадоў вёска ператварылася ў гарадскі пасёлак, пушча адступіла далёка ад яго. У пасёлку Ваярску, які паспеў нейкі час пабыць Кагановічаўскам, меліся такія адметнасці, як царква ХІХ стагоддзя, прыстасаваная пад зернясховішча, Дом культуры з ватэрклазетам і краязнаўчы музей, у які прыязджалі экскурсанты нават са сталіцы.
Таму нікога з местачкоўцаў не здзівіла, калі да драўлянага дома з калонамі падышлі трое. Плячысты мужчына з прыгожым, нібыта высечаным з каменю тварам, у светлым летнім касцюме і сонечных акулярах. За ім хлопец у джынсах, усмешлівы і цемнавокі, з валасамі, сабранымі на патыліцы ў хвосцік. Вось каб апрануць беласкурую зеленавокую дзяўчыну, што была з імі, у шаўковую сукенку, ды абуць у туфлікі на высокіх абцасіках, ды навучыць глядзець ласкава, а хадзіць павольна, прыгажуня была б! Але блакітныя джынсы, не зусім чыстыя, мужчынская кашулька ў бела-зялёныя краткі ды стаптаныя красоўкі аніяк не могуць падкрэсліць дзявочую прыгажосць. Змізарнеў эмансіпаваны свет…
А з дома з калонамі ўжо выбягала менавіта такая паненка, якая мроіцца праўдзіваму мужчыне, — у светлай талістай сукенцы, у туфліках, з якіх на балях п'юць шампанскае, у кароне залатых валасоў. А блакітныя вочы ззяюць проста невысносна.
— Кастусь!
«Ды ён зараз аслепне ад яе блакітных пражэктараў», — чамусьці з прыкрасцю падумала Магдаліна, і ёй упершыню зрабілася ніякавата за сваю вопратку. Нават Марк не хаваў цікавасці да блакітнавокай.
— Знаёмцеся, — неяк нязграбна сказаў Кастусь, павярнуўшыся да сяброў.— Ганна Іванаўна, дырэктар краязнаўчага музея… І аспірантка інстытута гісторыі.
— Проста Ганна, былая аднакурсніца гэтага свяцілы на небасхіле гістарычнай навукі… — усміхнулася блакітнавокая.
— Ну, хадземце, дарагія госці, у хату!
…Магдаліна, стаіўшыся, глядзела на просты металічны пярсцёнак. Ён пабліскваў у зашклёнай вітрыне на чорнай аксамітнай паперы.
— Дай ёй патрымаць у руках… — шэптам папрасіў Кастусь дырэктарку.
— Як скажаш…
Пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам халадзіў палец, нібыта падарунак вадзяніка…
Чалавека, які колісь знайшоў рэдкі экспанат, дырэктарка прывяла, «выкраўшы» з працоўнага месца на элеватары.
— Мы там пячору ладзілі… У вайну гулялі…— сівы дзядзька камячыў у спрацаваных руках шапку-кяпурку, быццам быў на допыце ў следчага. — Ну, дзеці, ведама… Гадкоў трыццаць прайшло, відаць. А там пясочак, яміна пад карэннямі сасны… Скрутак быў, як жа. Анучы гнілыя, паперкі. Не, нічога не расчыталі. Я ж кажу, гнілое ўсё было. Адзін пярсцёнак з сабой і ўзялі. Думалі, сярэбраны. Яго мая ўнучка нядаўна ў куфры знайшла. Прынесла ў школу. А настаўніца вось у музей перадала. Што з паперамі зрабілі? У вогнішча, мусіць, пакідалі. А скажыце, людцы, гэта шпіёнскія штучкі былі, мусіць?..
І гэта было так несправядліва і незваротна, што любыя бедаванні выглядалі б тэатральна. А Марк нібыта і задаволены, што ўсё скончылася цяпер — і назаўсёды.
…На развітанне прыгажуня Ганна прапанавала гасцям экскурсію на гарышча. Там чакалі лепшай долі экспанаты для будучай залы пра паўстанне 1863 года.
Марк заявіў, што ні ён, ні Магда наверх не палезуць, стаміліся. Пачакаюць на двары. Ганна асабліва не ўгаворвала. Але «новаспечаная журфакаўка» жадала паглядзець на старажытную зброю. І не магла ўцяміць, чаму Марк на яе заклікі пастукаў пальцам па лбе, а Ганна спахмурнела.
Першай па драбіне спрытна ўзнялася гаспадыня. За ёй — Кастусь. Магда апошняя нязграбна адольвала рэдкія прыступкі. Кастусь нахіліўся зверху, падаў руку. Магдаліна працягнула сваю…
— Што ў вас там здарылася? — пачуўся аднекуль зверху, нібыта вельмі здалёк, незадаволены дзявочы голас.
Магда раптам усвядоміла, што яны з Кастусём так і трымаюцца за рукі, гледзячы адно аднаму ў вочы. І яшчэ ў яе чамусьці нешта абрываецца ўнутры, нібыта яна стаіць на краі прорвы.
— Ну, давайце, падымайцеся! Мусіць, «двойка» па фізкультуры была! — Кастусь нечакана моцна пацягнуў дзяўчыну ўверх, перахапіў за талію і акуратна паставіў на гулкі насціл. Як парцэлянавую ляльку.
Ганна сакатала пра скарбы гарышча, Кастусь уважліва слухаў, час ад часу перапытваючы. А збянтэжаная Магдаліна адышлася ўбок, туды, дзе да сцен былі прыхіленыя ржавыя стрэльбы. Што за раптоўны правал свядомасці? Нават крадма паглядзела на сваю далонь. Што гэта было? Такое… незвычайнае адчуванне. Зірнула на Кастуся… Той усміхаўся. У Магды зноў трывожна і салодка зашчымела сэрца… Што з ёй адбываецца? Кастусь такі ж самы, як і быў, з тым жа смешным хвастом на патыліцы…
Але як дырэктарка глядзіць на былога аднакурсніка! Які ў яе дзіўны голас, як яна чырванее… Раптам Магда зразумела, чаму Марк стукаў па лбе. Ганна ж хацела застацца з Кастусём сам-насам! І шаўковая сукенка з туфлікамі была — для яго! І мала пра што ім трэба перамовіцца…
Магда, ледзь не плачучы ад сораму і незразумелай тугі, кінулася да драбіны.
Марк цярпліва сядзеў на зрубе калодзежа з жураўлём.
— Уяўляеш, Магдаленка, хацеў вады зачэрпнуць, а гэта муляж! Зруб проста на траву пастаўлены. Вось табе і аўтэнтыка…
Магда, без дай прычыны адчуваючы сябе вінаватай, прысела побач, прыхінулася… Усцешаны, Марк пяшчотна-пяшчотна пацалаваў яе ў скронь…
Які ён добры! Яна проста не заслужыла такога мужчыну…
Чэрвеньскае сонца шчодра сыпала прамяні на шыферныя дахі Ваярска, нібыта спадзявалася іх пазалаціць. Блакітнавокая Ганна праводзіла сталічных гасцей да аўтобуса.