Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго… Ты павінна пайсці i адшукаць ix.

— Марыя Сяргееўна!.. — устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць… Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю i вернасцю, i будзе пакутаваць… Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!

— А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? — сурова спытала Марыя Сяргееўна. — Яшчэ выкрыеш нас… Не, табе трэба ісці!

«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча i пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць — член нашай арганізацыі!» — падумала Саша.

— Мне здаецца, крызіс мінуў… Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. A ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка… Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах. У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў… Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з'яўляўся.

Саша больш не вытрывала:

— Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу… Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.

Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула i сказала:

— О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы i кожны дзень плакала — дзе Валодзя? Можа, i мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!

— Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне… Гэта паможа яму…

— Баюся я за цябе.

— Марыя Сяргееўна, ды я без вас i кроку не ступлю. Клянуся!

Урач задумалася.

— Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну…

— Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы…

— Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?

— Другая.

— Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я — універсальны донар.

Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала Пецю. Цяпер у яе з'явілася цвёрдая ўпэўненасць, што Пеця ўратаваны. Яна не думала пра тое, як выбрацца адгэтуль, з небяспекі, якая штохвілінна пагражае ўсім ім. Адзін неасцярожны крок, адно чыёсьці слова — i смерць. Нельга ні на секунду забываць пра гэта!

Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.

Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася i пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе i прашаптаў без здзіўлення i без радасці:

— Саша.

Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант i пераконваюцца, што маці сядзіць побач.

— Пеця!.. Любы мой!

Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, i сказаў ca злосцю:

— Я разбіў яму морду… Сеня… Чуеш? Мне трэба было з пісталета… Вось так… Ах, гад які!

Пальцы Марыі Сяргееўны скамячылі Сашыну кофтачку. Урач застыла, чакаючы: можа, ён скажа што-небудзь больш зразумелае пра сына? Але Пятро зморана прашаптаў словы песні:

— Пасею лебяду на берагу… Сваю…

Саша спрытна мыла падраныя смярдзючыя бальнічныя прасціны i думала, што некалі, калі Пеця захварэў на запаленне лёгкіх, яна прыйшла да яго ў бальніцу i, нягледзячы на забарону галоўурача, сядзела цалюткі дзень. А цяпер Пеця ў больш цяжкім стане, i яна не можа сядзець пры ім, бо ніхто не павінен ведаць, што ён — блізкі ёй чалавек. Самы блізкі, самы родны. А яшчэ думалася пра Ленку. Як там дачка? Ці вярнуўся Уладзімір Іванавіч?

Падышлі два салдаты. Сталі за тры крокі i пачалі пільна назіраць, як яна мые. Саша адчула, як халадзее яе спіна. Чаму яны глядзяць так доўга i пільна? Што ix зацікавіла? Нарэшце адзін наблізіўся, памачыў руку ў мыльнай бруднай пене, правёў ёю Сашы па твары. I абодва весела зарагаталі.

Саша ўся задрыжала. О, як хацелася ўзяць намыленую прасціну i пляснуць у адказ яму па твары! Як яна ненавідзела ix! Але Саша перамагла сваю нянавісць, падняла галаву, выцерла твар рагом хусткі i… прыветліва ўсміхнулася.

— О, гут, гут, — ухваліў другі, старэйшы.

Калі яны адышлі, буйныя слёзы крыўды i абразы закапалі ў карыта, у мыльную пену. Абраза, здзек не скончыліся на гэтым. Хутка салдаты прынеслі ёй кучу брудных анучак, споднікаў i паказалі жэстамі, каб яна памыла. Яна мыла i праз слёзы не бачыла свету.

Але ўсё адразу забылася, як толькі Марыя Сяргееўна выйшла з амбулаторыі, несучы ў ручніку гарачы стэрылізатар, i паклікала яе. Што ўсе гэтыя крыўды, калі яна зноў убачыць Пецю, дапаможа яму! Каб ратаваць яго, яна вытрывае ўсё! Аднак у яе доўга дрыжалі рукі, i Марыі Сяргееўне прыйшлося чакаць, пакуль яна супакоіцца.

— Набярыся сілы. У нашых умовах гэта нялёгка, але ў цябе ўмелыя рукі, я помню. Я веру тваім рукам. Пачнём з малой дозы.

Марыя Сяргееўна скінула правы рукаў сукенкі i лягла на ложак побач з раненым, рука ў руку. Саша моцна пераціснула яе руку. Урач пачала варушыць пальцамі, напаўняючы вену, i адначасова кіравала аперацыяй:

— Знайдзі яго вену. Вось так. Бачыш? Супакоілася? Пачалі. Адпускай жгут.

Сапраўды, Саша зрабіла ўсё спрытна i ўмела. Кроў урача ўлілася ў жылы раненага, каб напоўніць страчаную ім кроў і прынесці новыя сілы для змагання са смерцю.

Збялелая Марыя Сяргееўна выцерла рукавом халата халодны пот з ілба i пахваліла «асістэнтку»:

— Малайчына!

Увечары зрабілі другое пераліванне.

I да Пятра вярнулася прытомнасць. Ён свядома глянуў на навакольны свет. Убачыў Сашу, здзівіўся:

— Саша? — i пакутліва, з болем, успамінаючы нешта, спытаў: — Дзе я?

Сашыны слёзы закапалі яму на твар.

— Пеця! Дурненькі мой. Я табе ўсё растлумачу. Ачуньвай хутчэй. I нічога дрэннага не думай…

Марыя Сяргееўна адхіліла яе, каб, выкарыстаўшы хвіліну прытомнасці, сказаць самае галоўнае:

— Ты ў бальніцы, мой друг. Але ты — не ты. Разумеет? Ты — паліцэйскі Букаты. Фядос Букаты. Зразумеў? Так трэба. Побач немцы.

Ледзь чутным шэптам ён спытаў:

— Вы — маці Сені?

Марыя Сяргееўна нахілілася над ім ніжэй.

— Дзе Сеня?

— Там, — паказаў ён вачамі ў прастор, i павекі яго апусціліся.

Сашы хацелася, каб ён зноў звярнуўся да яе i каб у вачах яго адбілася не толькі здзіўленне, але i радасць. Але ён нібы забыўся на яе. I ёй зрабілася балюча. Абедзве жанчыны напружана чакалі, што ён скажа яшчэ. Але ён маўчаў i не расплюшчваў вачэй. Здавалася, заснуў. Марыя Сяргееўна кіўнула Сашы, i яны на пальчыках выйшлі з пакоя. У калідоры Саша ўсхліпнула. Марыя Сяргееўна моўчкі выцерла ёй вочы марлевай касынкай.

— За працу, мой друг.

На другі дзень Саша зноў мыла, дэзінфіцыравала ложкі, тумбачкі, посуд. На кульгавым кані завозіла бальнічныя рэчы ў барак МТС, дзе наводзілі парадак іншыя жанчыны.

У яе ледзь не выскачыла сэрца, калі яна ўбачыла, што обер-лейтэнант i Марыя Сяргееўна пайшлі ў хату, дзе ляжаў Пеця. Пасля ўрач расказала. Афіцэр сустрэў яе i нечакана праявіў клопат:

— О, вы хворая, фрау Марыя! У вас вельмі бледны твар.

Каб не пераконваць яго, што адчувае сябе добра, яна адважылася сказаць праўду:

— Але, пан обер-лейтэнант. Я адчуваю сябе дрэнна. У мяне цяжкахворыя, раненыя i вельмі мала медыкаментаў. А таму я не толькі ўрач, але i донар. Я пераліла сваю кроў раненаму паліцэйскаму.

— O-o! — з пачцівым здзіўленнем выгукнуў фон Штуме. — Я хачу паглядзець на гэтага героя!

Былы начальнік, грубы, але хітры эсэсавец нябожчык Гюнтэр, час ад часу правяраў бальніцу. Гэты чысцюля фон Штуме ніколі не заглядваў i, між іншым, даўно прапаноўваў перавесці яе куды-небудзь далей. Ён даўно закрыў бы яе зусім, але фельдкамендант з нейкіх палітычных меркаванняў не дазваляе закрываць бальніцу i нават патрабуе адкрыць школу.

99
{"b":"205284","o":1}