— Тваё месца, Віця, у генштабе, а не на прыборы, — сказаў Сеня жартам, але з прыкметнай іроніяй — ён не любіў пустых размоў на такія тэмы.
Палітрук уздыхнуў:
— Але, на карце ўсё легка. А яны ўсю Еўропу кінулі на нас… I так нечакана…
— Учора пісьмо атрымаў,— даверліва прызнаўся я Сеўчанку. — Пісала трэцяга ліпеня — i ні слова пра тое, што ў ix там…
Ён усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы.
— Умеюць берагчы ваенную тайну i наш спакой… Мая вунь таксама піша… — Але што піша, так i не сказаў. Раптам прапанаваў мне папяросу. Я збянтэжыўся, быццам у тым, што не куру, ёсць нешта заганнае, што прыніжае маю сталасць i годнасць. Упершыню я пашкадаваў, што не куру.
Сеня пачаў курыць у першыя дні вайны — навучылі сябры ўсё пад тым жа лозунгам: «Куры, усё адно вайна».
Я павесялеў, калі ўбачыў, што палітрук таксама не курыць: за тры тыдні я нічога не ўведаў пра гэтага чалавека, хоць ён штодзень па некалькі разоў прыходзіў да гарматы.
Сеўчанка перасеў ад печкі на канапу, закінуў свае дужыя, мускулістыя рукі за галаву i сашчапіў пальцы на патыліцы.
— Давайце, браткі, хвіліну… адну хвіліну адпачнём ад вайны, — папрасіў ён «стратэгаў», якія ўсё яшчэ лазілі па карце.
У дзіўнай усмешцы скрывіліся вусны палітрука.
— Ты думаеш, Васіль Паўлавіч, гэта можна — адпачыць ад вайны?
— Паспрабуем, — незадаволена, нібы адчуваючы няёмкасць за сваё жаданне, адказаў Сеўчанка i звярнуўся да Сені: — Прачытайце, Пясоцкі, што-небудзь.
Сеня стаў пасярод зямлянкі, падумаў хвіліну i пачаў чытаць, без сарамлівасці, без позы — проста, як па кнізе, крыху нават манатонна:
По діброві вітер віе,
Гуляе по полі,
Край дороги гне тополю
До самого долу…
Я глядзеў на Сеўчанку. Ён заплюшчыў вочы, i вусны яго ледзь прыкметна варушыліся, мабыць, ён паўтараў словы ўслед за Сенем. Але калі той прачытаў аб тым, што «палюбила чернобрива козака дівчйна», а казак пайшоў на вайну i загінуў, Сеўчанка, відаць, успомніў верш, бо расплюшчыў вочы, вусны яго перасмыкнуліся, як ад болю, ён сказаў вінавата:
— Не трэба, Пясоцкі.
— А ты хацеў адпачыць ад вайны, — зноў крыва ўсміхнуўся палітрук.
Мне не спадабалася гэтая яго ўсмешка.
— Што-небудзь, не такое сумнае, — не адказваючы Лазебнаму, папрасіў камандзір.
Сеня задумаўся.
— З Шаўчэнкі? — не ведаў ён нічога вясёлага ў таго, хто быў песняром гора i смутку народнага.
Нехаця я ішоў сюды, на гэты нязвыклы збор, з хваляваннем, напружана чакаў сваёй чаргі, доўга i пакутліва думаючы, што прачытаць. Вырашыў прачытаць «Курган» Купалы; некалі ў тэхнікуме атрымаў за яго першы прыз. Але ж гэта таксама сумна. Што ж прачытаць не такое сумнае? Я ведаў многа лірычных вершаў — Труса, Уткіна, Галоднага. Але ў той час быццам скразняком выдзьмула ix з маёй галавы — ніводнага радка не мог успомніць.
— Вы ўкраінец, Пясоцкі? — спытаў Лазебны.
— Не, я жыў на Украіне. З мамай.
— Не перашкаджай яму, Мыкола, — папрасіў Сеўчанка. — Хай прыгадае.
— Давайце я вам прачытаю Блока і… Ясеніна. Хочаце? — сказаў Віктар, проста, па-свойску, быццам ён не ў афіцэрскай зямлянцы, а сярод сяброў-курсантаў, там, на вучэбнай батарэі.
Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі, паглядзеў на закапцелую бэльку.
Ён пачаў чытаць вершы, якія я чуў упершыню. Наша пакаленне, асабліва людзі тэхнікі, розныя механікі i дарожнікі, як я, грэшны, слаба ведаюць Блока, крыху больш Ясеніна, да якога, мне здаецца, мы праяўлялі не зусім здаровую цікавасць, бо ў бібліятэцы яго ўзяць было нельга. Некалі я заплаціў аднаму спекулянту амаль сваю тыднёвую стыпендыю, каб ён даў на адну толькі ноч зашмальцаваны томік Ясеніна; усю ноч, да раніцы, я ўпотай перапісваў вершы ў сшытак, парушаючы ўмову.
Віктар чытаў Блока.
Гэта нешта незвычайнае!
Я не запамінаў слоў, бо яны здаваліся незямнымі, асаблівымі, хоць, калі ўдумацца, усе — вельмі простыя рускія словы, ніводнага незразумелага. Але я тады не думаў пра гэта. Вершы зачароўвалі. Яны то ўзнімалі некуды высока ў блакіт, дзе былі цішыня i спакой, то спускалі ў сутарэнне, у холад, сціскаючы сэрца смуткам. Яны прыносілі радасць, святло i адначасова трывогу i страх. Але ніхто не пярэчыў, ніхто не прасіў прачытаць што-небудзь вясёлае.
Я не бачыў, як слухалі іншыя, я забыўся на ix. Слухаў і, «окруженный сказками пчел», быў недзе там, дзе «море клевера»… чуў голас: «Я памагала Ані ўбіраць канюшыну». Памагала i слухала казкі пчол? А мяне клікаў вецер з Поўначы… Вецер з Поўначы!
«Лениво и тяжело плывут облака…» Цяжкая дарога ў мяне. Але недзе далека чуецца песня… I, каб не гэты голас — не твой голас! — я, напэўна, не здолеў бы дайсці. А так дайду! Я прыйду да цябе, я абавязкова прыйду да цябе, Саша! Потым нешта страшнае: плача дзіця, па полі ідзе гарбаты, над яго гарбом рагоча нехта, кашлаты, крывы i рагаты. Гэта — як дзіўны сон. Незразумелае, але i ў незразумелым ёсць цудадзейная сіла i хараство.
— О Божа, як гарна! — прастагнаў нехта.
Гэта — Сеўчанка. Ён сядзеў усё ў той жа паставе, закінуўшы рукі за галаву, заплюшчыўшы вочы. Шэптам паўтараў:
И приняла, и обласкала,
И обняла,
И в вешних далях им качала
Колокола.
Гэтыя радкі мне запомніліся.
Потым Віктар чытаў Ясеніна.
I раптам Лазебны, перапыніўшы яго, пачаў чытаць Маякоўскага — «Сяргею Ясеніну». Камісар, напэўна, успомніў свой абавязак палітработніка; хацеў засцерагчы нас ад шкоднага ўплыву ясенінскага песімізму. Я разумею: нельга спяваць паніхідную па «головушке», калі ідзе такое змаганне. Але як хвалююць іншыя вершы! Нараджаюць столькі думак, успамінаў! I мар, добрых, светлых мар, ад якіх праходзіць усякі сум i хочацца жыць, вельмі хочацца жыць!
Сеўчанка глянуў на палітрука з іранічнай усмешкай. Сеня паківаў галавой, ухваляючы, — ён любіць Маякоўскага, у яго ранцы ляжаць два томікі паэта, якія мы чыталі разам, калі былі курсантамі. Потым i Сеўчанка пачаў слухаць уважліва, сур'ёзна. Палітрук чытаў, бадай што, лепш за усіх, па-мастацку, выразна i прачула — адліваў кожнае слова.
Сеўчанка сказаў радасна, са шчырым дакорам:
— Мыкола, японскі бог! Жывём у адной зямлянцы, i ты хаваў такі талент! Ай-я-яй! Як табе не сорамна, дарагі. Ай-я-яй!..
— Які талент? Глупства! — засаромеўся i пачырванеў Лазебны.
— Слухайце, хлопцы! Камісар! А чаму нам не арганізаваць сваю самадзейнасць? — нечакана прапанаваў Сеўчанка.
Я сяджу пад замшэлым каменем, ахутаны густым туманам, такім густым, што працягні руку — i не відаць пальцаў, i думаю: дзіўная рэч жыццё! I людзі дзіўныя. Учора падалі бомбы, смерць вісела, летала над галовамі. Заўтра будзе тое ж самае, кал i не горш. I ўсё ад но ў кароткую перад ышку людзі чытаюць вершы i думаюць пра самадзейнасць.
Вяртаючыся ад камбата i не дайшоўшы колькі крокаў да гарматы, я пачуў галасы. Палова разліку адпачывала ў зямлянцы, тры чалавекі, на ўсякі выпадак, павінны былі дзяжурыць, i таму не было нічога дзіўнага ў тым, што байцы размаўлялі. Але мяне спыніў абураны голас Астахава:
— Калі ты, свіння гэткая, яшчэ раз палезеш у чужы ранец, я распішу твой пашпарт так, што родная маці не пазнае.
— А што я, красці палез? — агрызнуўся Муха.
— А хто ведае! Калі палез, то мог i ўкрасці,— гарачыўся Чарняк.
— Ды ну вас! Што там красці! — хіхікнуў Муха. — Самі цікавіліся, што ён увесь час піша. Вось я i хацеў зірнуць…
— Ах ты, сукін сын! — зноў загудзеў Астахаў.— Выходзіць, мы вінаваты? Мы на словах цікавіліся, але не палезлі ў ранец…
— Ды чытаць чужыя пісьмы — гэта горш, чым красni! — горача даводзіў Чарняк.
— А гэта не пісьмы.
— Не разумею я, Муха, ці ты дурань, ці хам…