Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Мала баявых трывог, дык на табе яшчэ вучэбную. Трэба было да вайны вучыць… Сеўчанка жонку ў тыл адаслаў, дык не спіцца яму… блукае ўсю ноч, злуе…

Я здзівіўся: там, на вучэбнай батарэі, мы ніколі ў прысутнасці камандзіраў аддзяленняў не адважваліся асуджаць учынкі i дзеянні афіцэраў. «Ці не таму яны так паводзяць сябе, што не прызнаюць, не жадаюць прызнаць мяне за камандзіра?» — думаў я.

«Стралялі» вяла i няўважліва. Адзін маленькі Чарняк вельмі спрытна ставіў трубку i перадаваў снарад зараджаючаму. Павел Астахаў, высокі, з доўгімі рукамі, былы каваль падольскага завода, ляніва браў патрон, узважваў на руках i не зараджаў, a перадаваў яго другому трубачнаму — Фрыду. А мы, калі вучыліся, зараджалі абавязкова. Чаму ж Астахаў не зараджае? Знарок, на злосць мне? Увесь час карцела патрабаваць, каб ён зараджаў i «страляў» — паварочваў ручку спуску. Але я не адважваўся: раптам тут рабілася так i да мяне? Але калі я ўбачыў, што першы нумар — Муха — сумяшчае стрэлкі азімута вельмі прыблізна, без патрэбнай дакладнасці, не вытрываў:

— Яфрэйтар Муха! Хіба так трэба сумяшчаць?

— А як трэба? — агрызнуўся ён.

— Ды пры такім сумяшчэнні снарад будзе чорт ведае дзе… У неба пацэлім.

— А ты хочаш кожны снарад у самалёт? Ого!

— Мы i так у неба цаляем, — засмяяўся на другім баку гарматы чацвёрты нумар — маўклівы Конкін.

I тут жа пачуўся крык камандзіра батарэі:

— Чацвёртае! Куды ў вас ствол глядзіць, японскі бог? Камандзіра да мяне!

Я з'явіўся перад разгневаным Сеўчанкам i здзівіўся — дзе той добры жартаўлівы чалавек, які ўначы прадстаўляў мяне разліку!

— Што ў вас там робіцца?

Я не стаў выдаваць Муху, ведаў, як можна апраўдацца ў такім выпадку:

— Закруціўся кабель сінхроннай перадачы, таварыш старшы лейтэнант! — схлусіў без запінкі.

Калі вярнуўся да гарматы, Чарняк i Астахаў глянулі на мяне вінавата i спачувальна, Муха сустрэў нахабнай, злараднай усмешкай: ага, больш не будзеш прыдзірацца!

Я не пазнаў свайго разліку, калі неўзабаве аб'явілі баявую трывогу. Куды дзеліся вяласць i няўважлівасць. Усе ўраз падцягнуліся, застылі на сваіх месцах у напружаным чаканні. Самыя непрыемныя хвіліны, якія праходзяць з моманту, калі вораг выяўлены, i да пачатку агню. Па арыенцірах НП i каардынатах, якія далі разведчыкі, мы хутка знайшлі самалёты ў ранішнім блакіце. Няўзброеным вокам яны сталі відаць кіламетраў за трыццаць. Ix было не два i не тры. На горад ішла цэлая паветраная армада — машын дваццадь. Куды яны абрушаць свой смяртэльны груз? На каго?

У горадзе натужна раўлі сірэны паветранай трывогі.

Маленькія чалавечкі мітусліва бегал i па вуліцах. Куды яны схаваюцца? Ці даволі там надзейных месц?

Сірэны, якія пачуў упершыню, i цывільныя людзі — а там жа жанчыны i дзеці! — нарадзілі новыя пачуцці — боязь за тых, што мітусяцца там, на вуліцах, шукаючы ратунку ад ненавіснага ворага.

Нейкія тры мінуты здаліся пакутліва доўгімі. Хутчэй бы яны зайшлі ў зону агню!

Я ўбачыў, як у Мухі збялелі вушы. Няўжо i я такі ж? Якая ганьба! Хіба будуць паважаць такога камандзіра? Дзякуй Богу, што ніхто не глядзіць на мяне.

Маленькі Чарняк i доўгі Фрыд заціснулі каленямі патроны, надзелі на дыстанцыйныя трубкі ключы. Яны так шчыльна надзяюцца, гэтыя ключы, але ўсё ад но дзынкаюць — дробненька-дробненька стукае метал аб метал.

Тоўсты, не надта паваротлівы комі Габаў шэптам чытае застыглую трубку:

— Сто шэсцьдзесят два… сто шэсцьдзесят два… сто шэсцьдзесят два…

Збоку здаецца, што ён шэпча малітву.

Чацвёртага ну мара я не бачу — ён за гарматай… Але Астахаў… Толькі на яго твары, у яго рухах, жэстах не відаць таго, што так прыкметна ва ўсіх іншых. Ён тупае каля свайго затвора, павольны, паважны, як добры дзед, i маленькай фланелевай анучкай старанна выцірае клін i патроннік. Няўжо такім чынам яму ўдаецца схаваць свой страх? Не, цяпер, пасля трох дзён баёў, я ведаю, што паводзіны яго зусім натуральный, гэты каваль хутчэй за ўсіх пазбыўся страху.

Сеня Пясоцкі праз оптыку дальнамера ўжо вызначыў маркі машын.

— Група злева — «Ю-88», справа — «87». Зверху — знішчальнікі! — паведаміў ён у напружанай цішыні так гучна, што пачула ўся батарэя. Пад Мухам забрынчала сядзенне. Агідна гэта, непрыемна. Варта яму сказаць. Але ці маю я права? Колькі дзён назад яно гэтак жа брынчала пада мной. Ды i голас… невядома, які будзе ў мяне голас. Каб я не выдаў сам сябе…

Не спускаю вачэй з чорных сілуэтаў, што, здаецца, засланілі ўсё неба. Няўжо нельга яшчэ страляць? Чаму не пастаўлены батарэі на тым баку заліва, каб сустракаць ix агнём на падлёце да горада? Але ж яны могуць зайсці з любога боку… Магчыма, у той момант i не было гэтых думак, шмат якія з ix з'явіліся, безумоўна, толькі цяпер, калі я пачаў запісваць… Тады было адно жаданне — хутчэй адкрыць агонь. Вось ужо «месершміты» рвануліся ўбок. Ara, у паветры нашы знішчальнікі! Сышлі з баявога курсу «Ю-87», зрабіўшы разварот на поўнач.

«На аэрадром», — адзначыў я.

Пачалі агонь караблі.

Нарэшце i ў нас доўгачаканае: «Ёсць сумяшчэнне».

— А-а-онь!

У першым залпе «рассыпалі гарох». Камандзір батарэі злосна закрычаў, але тут жа сам сябе асек чарговай камандай — лаяцца няма калі!

Быццам тым снопам агню, што вылятаў з гарматы, апякала думка: я, камандзір, зусім непатрэбны, лішні i толькі замінаю трубачным! Сапраўды, мне няма чаго рабіць. Ці, можа, я забыўся на свае абавязкі? Назіраць за работай нумароў… За цэлямі… Я назіраю… Добра назіраю… Перад фашистам! ўзнікла заслона разрываў. Няўжо разбілі ix строй? Не, відаць, яны проста перастройваюцца перад заходам на аб'ект. Не, усё-такі яны рассыпаліся. Відно, як ад фюзеляжаў адна за адной аддзяляюцца бомбы i ляцяць… д'ябальскі павольна ляцяць… Свіст… Выбухі… Бомбы рвуцца ў розных канцах горада. Усё-такі гэта не прыцэльная бамбёжка! Ад усведамлення гэтага прыйшла ўпэўненасць.

Я закрычаў:

— Так ix, хлопцы! Так гадаў! Муха! Сумяшчай!

Я знайшоў сабе занятак — выкідаў за бруствер пустыя скрынкі, адчыняў новыя. Мяне захапіла работа Астахава. Гэты чалавек не ваяваў, a сапраўды працаваў — так спакойна ён зараджаў i страляў. Спачатку здавалася, што ён робіць гэта залішне павольна. Але ніводнага разу ён не спазніўся ca стрэлам, a заўсёды, зарадзіўшы, яшчэ нейкі міг чакаў каманды, трымаючыся за ручку спуску.

Залпы настроіліся, i я падумаў, што тут страляюць лепш, чым стралялі мы на вучэбнай батарэі. Мне нават стала трошкі крыўдна. Праўда, у ix было больш баёў. Аднак гэтыя людзі неяк спакайней сябе паводзяць…

I раптам усё паляцела да д'ябла. Пачалося з крыку разведчыка:

— Самалёты над чацвёртым!

Некалькі «Ю-87» зайшлі з усходу i знянацку атакавалі батарэю. Яны спікіравалі з дзікім свістам; пасля мы даведаліся, што разам з бомбамі фашысты кідалі рэйкі i пустыя бочкі, каб нагнаць больш панікі. Адна бомба разарвалася зусім блізка, нас абдало гарачым паветрам i абсыпала зямлёй. Стральба з прыборам разладзілася. Праз выбухі, стракатанне кулямётаў, крыкі я пачуў каманду Сеўчанкі:

— Прамой наводкай!

Я паўтарыў яе для свайго разліку:

— Па самалёту — прамой!..

Але Муха, аглушаны, спалоханы, падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў i куль, згорбіўся i не рэагаваў на каманду.

Я схапіў яго за плечы:

— Прамой! Муха! — I вылаяўся, злосна, груба, як, бадай, не лаяўся ніколі ў жыцці.

Але Муха ў адказ яшчэ больш згорбіўся i ўтуліў галаву ў плечы, бо ў гэты момант зноў над намі завыў пікіроўшчык. Я глянуў угору i, як у першым баі, убачыў чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Быццам хваляй ад выбуху, ударыла ў сэрца, у галаву нянавісць, лютая злосць на гэтыя крыжы, а потым — на Муху. Я рвануў яго з сядзення i шыбнуў на снарадныя скрынкі, а сам уміг апынуўся на месцы наводчыка, адразу злавіў самалёт, падвёў пад скрыжаванне нітак у оптыцы.

— Цэль злоўлена! Агонь!

Малайчына Астахаў! Стрэл грымнуў без затрымкі. Другі — так хутка за першым, што я, аслеплены ўспышкай, не ўправіўся зноў злавіць цэль.

58
{"b":"205284","o":1}