Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Хлопцы… гарыць!..

Анатоль перадаў лучыну Даніку i пачаў памагаць Сашы. Асцярожна расхінуў ватоўкі, якімі Цішка быў накрыты, развязаў бінты — стужкі падранай прасціны, лёгка, як малога, прыпадняў яго на руках.

Куля трапіла ў спіну, прабіла лёгкае. Праз маленькую чорную шчылінку з бульканием вырывалася паветра, пырскаючы кроплямі крыві. A ўвогуле крыві было мала…

Саша за сваю практыку бачыла нямнога цяжкіх раненняў, аднак адразу зразумела, што гэтая рана — смяртэльная, што толькі неадкладная аперацыя ў добрых клінічных умовах, магчыма, магла б выратаваць жыццё Цішку. Балюча, да млоснасці балюча i крыўдна стала ёй, што яна нічым не здолее памагчы гэтаму хлопчыку i мужнаму герою. Няўпэўненымі рухамі апрацавала яна чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала.

Свецячы ім лучынай, Данік спытаў:

— Ну што, Саша?

Яна не адказала — не магла, бо душылі слёзы. Яна зрабіла ўкол, каб падтрымаць яго сэрца, i ўліла ў рот глыток малака, бутэльку з якім грэла каля сваіх грудзей.

Цішка праглынуў малако i ціха папрасіў яшчэ:

— Піць.

Гэтае свядомае кароткае слова ўсцешыла хлопцаў, асабліва Даніка i перапалоханага, маўклівага i непрыкметнага навічка — Лёню. Ім здалося, што Цішка пачуў сябе лепш. Але Саша ведала, што гэта не так. Яна сядзела побач i трымала пад кажушком яго гарачую руку. Што яна магла зрабіць яшчэ? Як памагчы? Асталося толькі адно — сачыць за пульсам. Сэрца яго, маленькае хлапечае сэрца, яшчэ жыло, змагалася. Але якія няроўныя яго ўдары! То яно робіць некалькі моцных штуршкоў, то Саша раптам зусім губляе пульс. Але аб тым, што арганізм змагаецца, сведчыць дыхание, гэткае ж няроўнае, з шумным хрыпам. Колькі ён можа гэтак пратрымацца? Каторая цяпер гадзіна? Калі ж нарэшце прыедзе дзядзька Аляксей? Чаму ён не едзе? Трэба спытаць у Даніка. Але гаварыць чамусьці страшна, здаецца, што калі яна загаворыць, то згубіць яго пульс, страціць адчуванне яго жыцця. Побач з ёй нехта сядзеў у будане i моцна дрыжаў; яна не заўважыла, што хлопцы, увогуле апранутыя на задание легка, знялі сваю верхнюю апратку, каб накрыць раненага таварыша. Толькі вартавы быў у ватоўцы. Хлопцы грэліся тут, у будане. Саша чула, як яны вылазілі, шапталіся за буданом.

Нехта зноў спытаў знадворку:

— Як ён, Саша?

Яна зноў не адказала. Што можна адказаць? Як страшна шуміць лес! Здаецца, ніколі ў жыцці яна не чула такога шуму. Як сціскаецца сэрца! Але хіба мае права яна звяртаць увагу на боль свайго сэрца? Боль там — у яго сэрцы, у яго грудзях. Вось ён ірвануўся, застагнаў, пачаў трызніць:

— Хлопцы!.. Хлопцы! Мы ім пакажам… Гісторыю я паўтарыў, Іван Паўлавіч… Нічога яны не ведаюць… Анютка! Згані курэй! Ух, як душна… Хлопцы, пакупаемся… Не, не… — Ён зноў застагнаў, скрыгатнуў зубамі i сказаў злосна: — Усё адно я заб'ю гэтага гада… заб'ю… Фашыст пракляты!..

Саша пяшчотна гладзіла яго руку. Непрыкметна для самой сябе яна пачала супакойваць яго ўголас:

— Супакойся, Цішка, родны мой. Патрывай хвілінку. Зараз прыедзе дзядзька Аляксей. Ён павязе цябе за раку. Партызанскі ўрач зробіць аперацыю, i ты будзеш здаровы. I гэтаму гаду мы адпомсцім. За слёзы Ганніных дзяцей. За нашы слёзы. Ляжы спакойна, любы мой, табе няможна кідацца… Ляжы!..

Яна не думала пра тое, што ў праўду гэтых слоў сама не верыць i што да Цішкі яны не даходзяць. Яна казала ix гэтак жа, як сваёй малой дачцэ, калі насіла яе, хворую, на руках па хаце. Змаўкаў ранены — i яна змаўкала таксама, уважліва, як належыць медыку, слухала пульс, дыхание, давала піць. Пачынаў ён трызніць — i яна зноў гаварыла ласкавыя, наіўныя словы, ператвараючыся ў жанчыну, у маці, якой вельмі балюча за пакуты дзіцяці (a Цішка ў гэты момант быў у яе ўяўленні дзіцем), несвядома жадаючы словамі прыглушыць свой уласны боль.

Яна не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа, хоць у сапраўднасці — не больш за гадзіну.

Пасля працяглага супакою Цішка ціха паклікаў:

— Данік!

Саша нахілілася да яго твару:

— Што, Цішка, што, родны? Што ты хочаш сказаць?

Ён як бы прыслухаўся, стаіў дыханне, а потым, быццам

вельмі спалохаўшыся, ірвануўся i голасам, які, відаць, ніхто з ix, жывых, ніколі не забудзе, паклікаў на дапамогу:

— Ма-ма! Мама!

I сцішыўся. Саша адчула, як мёртва павісла i адразу пахаладзела яго рука, i зразумела з нейкім дзіўным прафесійным спакоем у гэты момант, што наступіў канец яго пакутам. Яна застыла ў жалобным маўчанні, ні словам, ні рухам не парушаючы святой хвіліны развітання. Потым адкінула апратку, якой ён быў накрыты, павярнула цела на спіну (ён ляжаў на правым баку) i склала яго рукі на грудзях.

Пачуўшы ў цемры, што яна нешта робіць, Данік ледзь чутным шэптам спытаў:

— Што, Саша?

У адказ яна голасна заплакала, слёзы, што падкаціліся да горла пасля таго, як ён паклікаў: «Мама!», вырваліся цяпер, аблягчаючы душу.

Анатоль, зразумеўшы, што здарылася, па-мужчынску ўсхліпнуў i адкінуў сценку будана.

Саша здзівілася, што так светла. Праз слёзы яна ўбачыла твар нябожчыка i нават тое, як на яго чорныя, чамусьці нахмураныя бровы садзяцца сняжынкі.

Яна выцерла хусткай твар, паднялася i стала побач з Анатолем. З другога боку сталі Данік i Лёня. Так яны стаялі хвілін колькі, як у ганаровай варце, маўкліва, пазнаўшыя цяжкае гора страты баявога друга, яшчэ ясней усвядоміушы, на які суровы шлях яны сталі, але не пакораныя, не разгубленыя. Наадварот, у сэрцах ix з новай сілай разгараўся агонь нянавісці да ворага.

Анатоль першы зрушыў з месца і, нахіліўшыся, накрыў цела прасціной, што была за маскхалат.

— Што будзем рабіць, таварышы? — спытаў ён.

Парыў ветру закруціў вакол ix смерч снегу, прадоўжыў

паўзу ў гэтай кароткай нарадзе.

— Трэба матцы сказаць, — нясмела прапанаваў Лёня.

— Што ты! — адразу запярэчыў Данік.

— Маці? — Анатоль як бы задумаўся. — Маці не вытрывае такога гора. У вёсцы даведаюцца, што Цішка загінуў… Загінуў у тую ноч, калі на станцыі згарэлі склады. Не, маці нельга казаць! — цвёрда скончыў ён сваё разважанне i дадаў сумна: — Няхай яна даруе нам. Мы пакажам ёй магілу пасля перамогі. A колькі матак ніколі не ўзнаюць, дзе магілы ix сыноў! Будзем хаваць Ціхана тут!

— Дзе? — Мабыць, Лёня па сваёй прастаце хацеў спытаць: «Як будзем хаваць?»

— Тут! У нашым лесе, — адказаў за Анатоля Данік, крыху ўзлаваны наіўнасцю навічка.

— А чым выкапаць магілу? — спытала Саша.

Данік не падумаў пра гэта i цяпер сумеўся.

— Я пайду да лесніка. Скажу, што ад партызан. I папярэджу… Будзе маўчаць. Пасля смерці ляснічага яны навучыліся маўчаць. Не пікне. Глядзіце тут пільна, я мігам злётаю. — I Анатоль, не трацячы часу, пабег.

— Пайду змяню Паўліка, — сказаў Данік, перадаючы Лёню пісталет. — Глядзі з гэтага боку. На світанні яны могуць пусціць па нашых слядах сабак. Майце на ўвазе, — папярэдзіў ён так, быццам перад ім быў вялікі атрад, якім ён камандаваў,— калі што — будзем біцца да апошняга патрона. Да апошняга!

A патронаў гэтых было ў ix не густа, ды i зброі — адзін нямецкі аўтамат i два пісталеты.

— I не здавацца жывымі!

Саша ўздрыгнула ад братавых слоў i мімаволі глянула ў неба: ці падае снег? Няхай бы засыпаў усе сляды! Снег ішоў па-ранейшаму, але вецер сціхаў, i лес шумеў неяк па-новаму, больш спакойна i мірна. Данік, пэўна, злавіў гэты яе pyx, бо падышоў i ціха спытаў:

— Можа, табе пайсці?

— Куды?

— Дадому. Пакуль ноч.

— Не. Я астануся з вамі! — рашуча адказала Саша.

Данік пастаяў, падумаў i нічога больш не сказаў. Ідучы

на варту, прыпыніўся каля нябожчыка, цяжка ўздыхнуў:

— Эх, Цішка, Цішка!

Саша ў адзіноце села на пень. Прыслухалася — што ў яе душы? Не было ні страху, ні таго вострага болю i жалю, якія яна адчула, убачыўшы маленькую чорную ранку на спіне таго, каго ўжо няма. Цяпер душу запаўняў жалобны смутак. Але гэта быў смутак не па адным Ціхану. Яна падумала: колькі вось такіх маладых, як ён, што толькі пачалі жыццё i яшчэ не ўведалі сапраўднага чалавечага шчасця, ляжаць цяпер на полі вайны, i снег засыпае ix целы. Каля многіх няма нават сяброў. Можа, i Пеця… Не, не, Пеця жывы, сэрца яе чуе, што ён жывы, што ён думае пра яе i сваю маленькую дачушку. «Родны мой, любы мой! Калі мы атрымаем ад цябе вестачку? Калі пачуем твой голас?»

44
{"b":"205284","o":1}