Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I вось ужо каля месяца яны не гавораць, не глядзяць адно аднаму ў вочы. Сашы вельмі цяжка праз гэта. Толькі цяпер вось стала крыху лягчэй, калі вырашыла больш не маўчаць, а пачаць змаганне за брата.

Прыехаў сын гаспадара — хлапчук год трынаццаці — забраць бульбу. Ім прыйшлося добра папацець, пакуль ускінулі на воз не па сіле цяжкія мяшкі. Саша нават узлавалася ў думках: «Дзіця прысылаюць. Самі не могуць прыехаць… Мала што капаеш на ix, дык яшчэ i мяшкі цягай…»

Адчуўшы зноў горкую крыўду за свой найміцкі лес, яна хутка пайшла ад воза. Але хлапчук, які, магчыма, дзіцячым сэрцам, чыстым i чулым, зразумеў яе, дагнаў i даверліва прашаптаў:

— Саша, хочаш, навіну скажу?

— Якую навіну?

— Паліцаі партызана злавілі.

Саша, здзіўленая, павярнулася да яго:

— Партызана? Сапраўднага?

— Ну, так! Кузьма яго ў калодзеж пасадзіў. Кажуць, гэта нейкі сваяк Ганны з Рэпак. Яна хлеб для партызан пякла, а ен, відаць, прыйшоў, каб забраць гэты хлеб. А Марфа Вугняўка падгледзела, што ў Ганны ўсю ноч у печы паліцца, ды ўзяла Кузьму сказала… Паліцаі яго на вышках знайшлі. А цяпер у школьны калодзеж пасадзілі… Як ты думаеш, што яны зробяць з ім?

Да Сашы кепска даходзіў сэнс апошніх слоў хлопчыка, бо навіна гэтая была для яе вельмі нечаканай i моцна ўсхвалявала: побач партызан! Зусім іншыя думкі завалодалі ёю.

— Бацька кажа — расстраляюць. У немцаў такі загад ёсць: партызанаў страляць.

Хлапчук цмокнуў на каня i паехаў, а Саша асталася стаяць з капаніцай у руках. Яна глядзела ўдалячынь, дзе відны былі хаты, але нічога не бачыла, акрамя туманнага вобраза партызана. Ёй вельмі хацелася ўявіць гэтага чалавека ў яго рэальным чалавечым абліччы, але перад вачамі паўставалі па чарзе: Пеця, бацька, Уладзімір Іванавіч, сакратар райкома, стары рэчыцкі доктар, адным словам, усе самыя дарагія, блізкія людзі i ўсе тыя, каго яна паважала ў жыцці. Можа, як ніколі яны паўставалі вельмі яскрава, таму яна доўга не краталася з месца, адчуваючы ў душы нейкую радасць, узнёсласць i рашучасць. A думкі — як маланкі, светлыя i страшныя, радасныя i небяспечныя…

Значыцца, не хлуеілі людзі, калі казалі, што не толькі недзе за ракой, у Палессі, але i тут, блізка, у ix лесе, ходзяць партизаны. A ў вёсцы ёсць людзі, якія смела памагаюць ім. Гэтая Ганна з Рэпак, як яе называюць усе, маладая ўкраінка, непрыкметная жанчына, ціхая i добрая. У яе двое дзяцей, а муж у арміі. Аднак яна не пабаялася пячы хлеб партызанам…

А вось яна, Саша, жыве, як на нейкім туманным востраве, — нічога не бачыць, нічога не чуе i ўсяго баіцца. А брат горнецца да паліцаяў… Яна ўся халадзее ад думкі, што Даніла можа быць нейкім чынам замешаны, мець дачыненне да арышту партызана. Хто ён, гэты чалавек? Малады? Стары? Здрада загубіла яго. Чаму людзі такія жорсткія i бязлітасныя? Хаця няма чаму здзіўляцца. Усе ведаюць Вугняўку — дачку кулака, якая свайго ўласнага мужа, за якога выйшла, каб не трапіць на Салаўкі, зжыла са свету. Але Кузьма… Кузьма з беднай сям'і i такі падлюга! Садзіць жывога чалавека ў смярдзючы калодзеж! Ніхто б ніколі да гэтага не дадумаўся, ён вось, гад, дадумаўся. Спачатку пасадзіў туды двух вяскоўцаў, якія адмовіліся ісці на рамонт шашы, а цяпер — партызана.

Саша добра ведала гэты калодзеж — шырокія бетонныя трубы, слізкія i зялёныя. Школа — былы папоўскі дом. Пры жыцці папа ў калодзежы была празрыстая сцюдзёная вада. У Сашы захаваўся ў памяці ўспамін маленства: яна памагала маці паіць папоўскіх кароў i круціла калаўрот, гэта было надзвычай цікава. Праз год, пасля таго як папа выселілі i зрабілі ў доме школу, вады ў калодзежы не стала. Бабкі плявузгалі, што ад Бога гэта: выгналі «айца святога» — перасох калодзеж. Але кожны вучань ведаў, па якой прычыне знікла вада: дзеці кідалі туды пясок, цэглу, смецце, i крыніцы забіліся. За дзесяць год накідалі столькі, што калодзеж напалавіну памялеў. Аднак i цяпер ён яшчэ даволі глыбокі, i адтуль патыхае гнілой вільгаццю. I вось там, у гэтай гнілоце, сядзіць чалавек з чыстым сэрцам, які не шкадаваў свайго жыцця за народ. У Сашы гарэла душа ад думак пра невядомага партызана. Яна паспрабавала працаваць, але капаніца вывальвалася з рук. Тады яна кінула ўсё i пайшла дадому…

— Чаму так рана? — здзівілася Поля, якая ўбірала капусту з гарода.

— Абрыдла мне! — злосна адказала Саша. — Што я, наймічка? Няхай яна згніе, ix бульба!

Старэйшая сястра разумела яе, таму не сказала ні слова, толькі ўздыхнула: клопат аб сям'i ляжаў на яе плячах.

За адным заняткам Саша забывалася на ўсё іншае — калі карміла дачушку, гуляла з ёй. Ленка ачуняла i ў чатыры месяцы была тоўсценькая, рухавая i — кожнай маці так здаецца! — надзвычай разумная для свайго ўзросту. Яна ўжо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. I ўсё больш i больш рабілася падобнай на бацьку. У яе ўсмешцы Саша пазнавала ўсмешку Пятра, яго прыжмур вачэй, яго зморшчынку на лбе, a радзімая плямка на мочцы вушка была такой дакладнай копіяй, што маці заўсёды смяялася, гледзячы на яе.

Саша зайшла ў хату на пальчыках, бо Поля сказала, што Ленка спіць, але малая не спала: моўчкі ляжала ў калысцы i смешна лавіла сваімі пухлымі ручкамі чырвоны шарык, прывязаны над ёй. Саша радасна кінулася да яе, схапіла на рукі.

— Дачушка мая любая! Радасць мая адзіная! Ляжыш i маўчыш, слаўная мая, маленькая…

Дзяўчынка радасна загудзела i ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Саша карміла малую, гушкала, забаўляла — i сапраўды на нейкую хвіліну забылася на партызана. Але прыйшла Поля, папрасіла нешта зрабіць па гаспадарцы, Саша выскачыла на двор, як заўсёды імклівая, спрытная, i ўраз спынілася, уздрыгнула: перад вачамі была школа. Потым, за што б яна ні бралася, усё валілася з рук: з галавы не выходзіў партызан.

Па-асенняму рана вярнуўся з пашы статак. Каровы сваім муканнем абудзілі цішыню. Але разышлася жывёла па дварах, i зноў стала ціха i пуста. Цішыня i пустэча — змоўклі пеўні, бо ix парэзалі, зніклі сабакі, не гулялі на вуліцах дзеці, не хадзілі без пільнай патрэбы дарослыя — характэрныя рысы жыцця вёскі ў часы акупацыі.

Трэба прынесці вады — напаіць карову. Саша схапіла вёдры, выскачыла на вуліцу. Ix хата стаяла на аднолькавай адлегласці ад суседніх калодзежаў, i яны хадзілі то да аднаго, то да другога — каму куды падабалася. Цяпер Сашу пацягнула ў той, што бліжэй да школы. Але ў тым калодзежы нямецкія танкі зламалі журавель, i цяпер вяскоўцы хадзілі туды кожны са сваёй вяроўкай. Саша вярнулася ў двор i ўзяла пад паветкай лейцы. Яна набірала ваду i не зводзіла вачэй са школьнага двара, з таго калодзежа, што вытыркаўся з зямлі абглянцаванай бетоннай трубой. Там таксама было ціха i пуста, як i ўсюды навокал. Над комінам школы ўзнімаўся ў хмарнае асенняе неба празрысты дымок. «Рана запалілі паліцаі. Відаць, зноў самагонку гоняць».

Саша доўга чэрпала ваду. Падняла цяжкія вёдры на каромысел, намерваючыся ісці. Зноў паставіла на зямлю… Нарэшце, пасля доўгага вагання, нясмела рушыла да школы з лейцамі ў руках.

«Я толькі гляну — які ён, партызан? Толькі гляну», — стукала сэрца моцна i часта.

Брамка на школьны двор была зачынена. Але як толькі яна штурхнула яе, на ганку, як па сігналу, з'явіўся Кузьма.

— Э-э! Хто там? Ты, Саша? — здзівіўся ён, аднак хутка саскочыў з ганка, каб адчыніць.

— Кажуць, Кузьма, ты партызана злавіў? Праўда?

— Праўда. Вунь сядзіць у калодзежы як міленькі.

— Можна паглядзець, які ён?

— Для цябе, Саша, усё можна. Ты ж ведаеш, я цябе заўсёды паважаў,— намагаўся заваяваць яе прыхільнасць паліцай; мабыць, неспакойна было ў здрадніка на душы ад думкi, што нават сваякі асуджаюць яго. — А ён… вар'ят нейкі… Сядзіць — песні спявае, вершы на памяць чэша… Быццам не разумев, што яго чакае.

Саша схілілася над калодзежам i ўбачыла ў глыбіні, адкуль патыхала гніллю, схіленую постаць чалавека. Ён ціха спяваў па-ўкраінску прыглушаным голасам, аднак выразна вымаўляючы словы:

Як хороше, як весело
На білим свіці жить!..
Чого ж у мене серденько
I мліе, и болить?..
30
{"b":"205284","o":1}