Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Фронт аддаліўся. Нямецкія вайсковыя часці адышлі i нібы панеслі з сабой той страх, у якім жыла Саша да ix прыходу i потым некалькі дзён пасля забойства дзеда Андрэя. Стала ціха i пуста. Але ад цішыні гэтай не стала лягчэй.

Саша капае бульбу, не сваю — чужую. Час ад часу бульбіны пачынаюць варушыцца ў зямлі, як жывыя, падвойваецца дужка кошыка, цяжэе ў руках капаніца. Саша садзіцца ў разору. Гойдаецца зямля, плыве некуды ўбок сасняк, што пачынаецца ў канцы загона. Але не гэтая хвілінная слабасць палохае. Страшна ад таго, што бываюць моманты, калі здаецца неверагодным, нерэальным тое шчасце, якое было нядаўна. Хіба можна паверыць, што ў яе, вось такой — у даматканай світцы, з парэпанымі пальцамі,— магло быць столькі шчасця i радасці? Яна сама не верыць у тыя месячный ночы, калі яны хадзілі з Пятром па полі. Нерэальнымі здаюцца амбулаторыя, пакой у Анінай хаце, дзе стаяў яе маленькі ложак, на якім, аднак, ім з Пецем ніколі не было цесна… Усё гэта — як у сне… Пра што яны гаварылі з Пятром у тыя ночы? Пра ўсё… Пра Чарнышэўскага, напрыклад, пра Веру Паўлаўну… Божа мой! Няўжо сапраўды яны вялі такія размовы? Няўжо было жаданне гаварыць пра кнігі, пра кіно? Якое ж гэта было казачнае жыццё! Цяпер няма кніг, няма з кім пагутарыць пра ix, успомніць мінулае. Быў Данік, брат, з якім можна было б часам прыгадаць i кнігі i кіно… Але i брата цяпер няма ў яе, няма, хоць i жывуць яны ў адной хаце. Як нечакана ўсё рушылася, развалілася. Каб не дачка, не маленькая Ленка, не было б сэнсу i жыць… Клопат пра яе, пра дачку, каб накарміць малую i самой не памерці з голаду, прымушае Сашу капаць чужую бульбу. Як наймічка… Не ў багацці яна жыла, без маці вырасла, здаралася, што часам i раней, да тэхнікума, рабіла ў людзей, але каб адчуваць сябе наймічкай — такога i ў сне ніколі не было. Ды хіба такое магло з'явіцца тады, калі яна была гаспадыняй свайго лесу?

Пакуль яна жыла за Дняпром, а Поля ў горадзе (старэйшая сястра працавала на чыгунцы), раздзялілі i зжалі збажыну. На ix не выдзелілі, толькі на бацьку i на Данілу — хто рабіў у калгасе. Але ўсё забрала мачыха, прыхапіўшы i тое, што вырасла на сядзібе. Яна без шуму, «культурна i ветліва», перабралася да роднай дачкі, як толькі бацька пайшоў у армію, а Поля вярнулася з горада. Сестры ніколі ні перад кім не схілялі галоў, i ў ix нават думкі не было, каб прасіць ці патрабаваць ад мачыхі вярнуць ix дабро, хоць сваякі i суседзі раілі ім гэта зрабіць. А потым, як кажуць, «на каго людзі, на таго i Бог». Дзялілі на едакоў пасевы калгаснай бульбы. Цягнулі жэрабя — каму які загон. Бульба была ўвогуле кепская: ад пачатку вайны ніхто яе не даглядаў, не палоў, не акучваў. АПолі «пашанцавала» выцягнуць загон, па сутнасці, зусім пусты, дзе ў траве цяжка было знайсці каліва. Некаторыя жанчыны нават патрабавалі перадзяліць, але пачуўся голас: «Нічога, яны пры Саветах пажылі, вунь усе вывучыліся, як пані, хадзілі» — i Поля горда адмовілася ад перад зелу.

Але жыць трэба, наперадзе суровая, галодная зіма. I сестры капаюць у суседзяў, якім пашчаслівіла, за пяты кош.

Пяты кош…

Саша глядзіць на кошык, напоўнены бульбай, i не можа ўспомніць, які гэта па ліку. Чатыры яна высыпае ў гаспадарскія мяшкі, пяты — у свой. Ix ніхто не правярае: няма ў вёсцы сям'і больш сумленнай, чым сям'я Фёдара Траянава, гэта ведаюць усе. Саша часта забывае лік кашам, а таму часта i пяты i шосты высыпае гаспадарам. Калі побач Поля, яна лічыць. Цяпер Полі няма. Саша адчувае, што гэта больш, чым чацвёрты кош, але не зусім упэўнена, што гэта так. Ёй шкада сваёй працы, сваіх парэпаных рук, якія моцна баляць. Слёзы засцілаюць вочы, зноў двоіцца ручка кошыка, зноў плыве сасняк… Яна ў злосці высыпае бульбу сабе, упершыню, калі не ўпэўнена ў ліку. Гэта — надзел чалавека, які кінуў сваіх, уцёк з арміі, вярнуўся дадому i цяпер вельмі стараецца разбагацець. Саша ненавідзіць гэтага чалавека. Яна моцна пасварылася з Поляй, калі тая аднойчы пашкадавала, што ix бацька не вярнуўся. «Старому пяцьдзесят шосты год, які з яго салдат». А з братам яна пабілася самым сапраўдным чынам i ўжо, можа, месяц не гаворыць…

Наляцеў вецер, прагнаў хмару. Сыпануў дробны асенні дождж. Саша ўскінула на галаву пусты мяшок, ледзь разагнула стомленую спіну.

На полі яшчэ некалькі такіх жа маркотных схіленых постацей. Бліжэй за ўсіх — старая Крыўчыха, бабулі гэтай каля васьмідзесяці год. Яна адзінокая i ўжо многа дзён сама выбірае свой загончык, адзін-два кашы ў дзень.

Саша колькі разоў памагала бабулі. Раптам ёй здалося, што старая галосіць. Прыслухалася — не, не галосіць, спявае, але так журботна, што ў Сашы сціснулася сэрца. Услухалася лепш i разабрала асобныя словы:

Ой, сеяла, ды не валачыла.
Усё поле слёзкамі заліла…

Ніколі яна не чула гэтай песні, гэтага нуднага, гаротнага матыву. Але словы… словы недзе чула. Сашы вельмі хочацца ўспомніць, дзе, ад каго чула яна словы гэтай песні.

Дождж сціх. Ён цэлы дзень ідзе вось такімі перагонамі: наляціць, сыпане i нечакана сціхае. I нясмелы нейкі, як бы несапраўдны. Пайшоў бы надоўга — можна было б пайсці дадому, да Ленкі, пагрэцца i адпачыць.

Саша знаходзіць у пажоўклай i палеглай траве каліўе бульбы, выварочвае капаніцай мокрую зямлю, у якой блішчаць белыя бульбіны, выбірае ix i думае аб песні. I раптам успамінае: быў у ix школе настаўнік літаратуры, малады паэт, які ведаў многа розных песень, прымавак. Дык вось ён некалі дэкламаваў словы гэтай песні, прыводзячы яе як узор фальклору прыгоннага часу.

«Вось якія песні вярнуліся… Прыгонныя… А дзе цяпер той настаўнік? Ен жа да гэтага года быў у ix школе, вучыў Данілу. Яны на рыбу разам хадзілі.— Думкі яе зноў вярнуліся да брата. — Эх, Данік, Данік… Добрыя людзі цябе вучылі… Я цябе так любіла, няньчыла малога… А ты… Куды ты хілішся? За кім ты ідзеш? Няўжо яны запаланілі тваю душу? Няўжо ім удаецца паланіць i душы людзей?»

З болем, злосцю i крыўдай думала яна пра брата. Але разам з тым упершыню ўзнікае думка, што сама яна, магчыма, таксама няправільна паводзіць сябе ў адносінах да яго. Паступова думка гэтая робіцца перакананнем. Ён дзіця яшчэ, блазнюк, захапіўся вайной, зброяй. Трэба змагацца за яго, трэба адарваць ад Кузьмы.^

Кузьма — ix стрыечны брат — першы паліцэйскі ў вёсцы, цяпер начальнік паліцэйскага паста, «вярхоўная ўлада», як ён сам крычаў п'яны. «Галоўны здраднік» — назвала яго Саша. Здрада Кузьмы была вельмі балючым ударам, i яна дагэтуль не можа зразумець, што штурхнула маладога чалавека з працавітай сям'і на такі шлях. Саша разумела, калі ў паліцэйскія пайшоў сын кулака Гніды. Не здзівілася, калі ў паліцыю запісаўся былы яе аднакласнік Колька Трапаш. Гэты i ў школе быў мацюжнік, курэц, карцёжнік, ды i сям'я ў ix нейкая бесталковая, ix у вёсцы «цыганамі» завуць. А Кузьма з такой паважанай сям'i. Маці яго — родная сястра ix бацькі — надзіва сумленная, набожная i працавітая жанчына. Калі расказвалі, што ніхто не бачыў, калі яна спіць i есць, то Саша верыла гэтаму. Цётка Хадоска перакусвала непрыкметна каля прыпечка, «зводзіла вока» дзе-небудзь у разоры, за полівам, ды зноў за працу. Кузьмоў бацька, кажуць, не такі быў цягавіты, працавіты, часам заглядаў у чарку, але i яго ўспаміналі з иавагай. Саша яго помніла слаба, ён памёр у першы год калектывізацыі. На руках у цёткі асталося шасцёра дзяцей, i яна ганарылася, што выгадавала ix, «вывела ў людзі». У навуку яны не пайшлі, толькі адна з малодшых дачок скончыла педвучылішча. Набожная Хадоска i не імкнулася ix вучыць. «Няхай на зямлі працуюць, — казала яна. — Зямелька ўсіх пракорміць». Але дзеці чамусьці не затрымліваліся ў калгace. Самы старэйшы прыстаў у прымы ў горадзе, у сям'ю рабочага. Адна дачка выйшла за лесніка, другую звёз нейкі шафёр-украінец. I самы працавіты, па маці, быў Кузьма. У школе ён вучыўся не надта, але затое з малых год карміў сям'ю рыбай. Ён быў такі заўзяты i ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім i бралі з сабой. А яшчэ ён захапляўся коньмі. Скончыўшы гадоў за сем чатыры класы, Кузьма стаў калгасным пастухом. Потым наняўся на конезавод i працаваў там год пяць. Ажаніўся. Прывёз да маці жонку. I раптам гады за два перад вайной апынуўся ў рыбалавецкай арцелі недзе на Дняпры. Адтуль ён i з'явіўся ў родную вёску паліцэйскім, неўзабаве пасля ўступлення немцаў, да якіх ён трапіў, як высветлілася, яшчэ месяца паўтара назад, пад Жлобінам.

28
{"b":"205284","o":1}