— Вельмі мне хочацца жартаваць!
— Значыцца, мы… у акупацыі.— Саша прамовіла вельмі сумна, але Поля ўсцешылася, што сказала яна гэта цвяроза, без роспачы, без крыку, як мог бы сказаць кожны здаровы чалавек. Поля вельмі баялася, што ў сястры пасля здарэння ў лесе нядобра ў галаве.
— У акупацыі? — Данік хмыкнуў.— На сваёй зямлі? — Ён, відаць, разумеў гэтае слова неяк інакш, па-свойму, ён не жадаў лічыць сябе зняволеным на сваёй зямлі, у сваёй хаце.
Размаўляючы, яны насцярожана прыслухоўваліся, што робіцца ў вёсцы. Страляніны не чуваць было нават удалечыні. Быццам вайна нечакана аддалілася на многа-многа кіламетраў. Але за ракой гурчалі маторы. Шум матораў пачаў хутка набліжацца, перайшоў у магутны гул, ад якога дрыжала зямля i на галовы ім сыпаўся пясок.
— Зноў самалёты, — заўважыла суседка.
— Не, танкі! — адразу вызначыў Данік. — Нашы ўзарвалі мост на шашы, i яны ідуць цераз рэчку каля фермы. Адразу туды выйшлі, быццам паказаў хто…
— Хіба мала яны закінулі шпіёнаў! — зноў спакойна i разважліва адгукнулася Саша.
— Каб узарваць мост, пайшоў на смерць Алёша Кошалеў. Запомніце яго імя! — гэтак жа ўрачыста, як сказалі яму, вымавіў Данік i цяжка ўздыхнуў.— A ўсё адно гэта не затрымала ix… Што наша рэчка!
Жанчыны не спыталі, хто такі Алёша Кошалеў i адкуль Данік усё ведае. У вогуле з таго моманту сёстры непрыкметна для сябе перасталі лічыць яго малым, за якім трэба глядзець. Цяпер ён пасталеў у ix вачах, яны слухалі яго ўважліва і, напэўна, падпарадкаваліся б любому яго загаду.
— Можа, i нашы дзесь вось так, — усхліпнула суседка, пачуўшы пра смерць. — Адступаюць, адступаюць, а потым…
— Няхай не адступаюць! — злосна перапыніла яе Саша. — Мой не адступае! Майму няма куды адступаць… Таму яны i трымаюцца там.
— Адкуль ты ведаеш? — здзівіўся Данік.
— Ты ж сам чытаў зводкі!
Хворая, Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў i дастаць газету. Са страхам шукала яна паведамлення ці намёку сярод горкіх навін, што здалі Мурманск. Паведамлення такога не было. Наадварот, яна прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыў Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. I вельмі нават можа быць, што гэта ратавала яе. З дзіцячай наіўнасцю яна верыла, што там, дзе яе Пеця, не адступаюць, там змагаюцца па-сапраўднаму. А гэтая вера нараджала іншую: што ён жывы, што ён будзе жывы. Поля лепш, чым хто іншы, разумела сястру, а таму моцна тузанула брата за рукаў i сказала нечакана:
— Пайду я прынясу што-небудзь паесці. Не паміраць жа нам тут з голаду.
Пад вечар на паўднёвым усходзе, куды адступілі нашы, зноў загрымела артылерыйская кананада. Усе вызначылі: за лесам, дзе пачыналася ўкраінская зямля, разгараецца бой. Гэта недалёка — кіламетраў за пятнаццаць. I Саша з надзеяй, з душэўным трапятаннем услухоўвалася ў страляніну. А можа, гэта пералом? Можа, вернуцца нашы? Але не, дарэмна яна спадзяецца, вельмі ж ужо многа ідзе ix, гітлераўцаў. Яны запаланілі вёску, шнырылі па ўсіх кутках. На вуліцы, у пяску, буксавалі ix машыны. Салдаты заходзілі ў двары, у хаты. Мабыць, ведаючы аб сховішчах, прайшлі па гародах i загадалі вяскоўцам вярнуцца ў хаты i заняцца справамі. Акупантам хацелася паказаць, што ўлада ix трывалая, што ў першыя ж гадзіны яны ўмеюць навесці належны парадак.
Саша, выглянуўшы ca сховішча, убачыла немца, што стаяў пад грушай з аўтаматам на грудзях, i ў жудасці адскочыла назад: салдат здаўся ёй падобны да таго, які вёў ix на расстрэл. Саша, напэўна, асталася б там, у цёмнай яме, але плакала дзіця i выдавала ix. Немец цярпліва чакаў, пакуль вылезуць усе. Поля сілком выцягнула Сашу:
— Вылазь, дурная! А то, чаго добрага, яшчэ стрэляць сюды…
Немец, убачыўшы яе з дзіцем, прыветліва заківаў галавой, заўсміхаўся:
— О, мутэр!
Але Саша не верыла гэтай прыветлівасці, усмешкам i хавалася за Даніка. А хлопец глядзеў на ворага з нянавісцю.
Немец, мабыць, прачытаў гэтую нянавісць у яго вачах, бо раптам нахмурыўся, зусім іншым тонам выгукнуў: «О-о!», пагразіў Даніку кулаком, дулам аўтамата паказаў на хату:
— Лос!..
Ён давёў ix да хлява i пабег у суседні двор, дзе весела рагаталі яго сябры. Траянавы хутка зразумелі, чаму там такі рогат: з немцамі гутарыў «па-нямецку» дзед Андрэй, ix сусед. Гэты дзівакаваты i надзвычай балбатлівы дзед у Першую сусветную вайну, будучы ўжо немаладым чалавекам, абознікам, трапіў у палон i гады два прабыў у Нямеччыне. Цяпер дзед паказваў сваё веданне чужой мовы. Неўзабаве, калі немцы, добра нарагатаўшыся, разышліся, дзед з'явіўся ў хаце Траянавых, вясёлы, жвавы.
— А што, не казаў я вам? — выгукнуў ён з парогa. — Я заўсёды казаў, што немцы — народ культурны. Ты глядзі, якую запальнічку мне падарылі. Фіць! — Дзед пстрыкнуў запальнічкай i задаволена, як дзіця, засмяяўся. — Дзе Саша? Няхай не дрыжыць, дурная. Гэта на яе нейкія бандыты напалі. У сям'i, кажуць, не без вырадка. Бандыты ўсюды ёсць…
Саша, вярнуўшыся ў хату пасля таго, як немцы выгналі ix ca сховішча, адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Дзедавы словы вельмі балюча ўразілі яе. У той час, калі сэрца аблівалася крывёю ад вялікага гора i крыўды, ажно думкі блыталіся ў галаве, гэты стары блазен быццам радуецца ды яшчэ выхваляецца нейкай цацкай… Як яму не сорамна! З глузду ён з'ехаў, ці што? Саша не вытрывала, шэптам, але з болем, з душэўным крыкам папрасіла:
— Сціхніце, дзед! Гора прыйшло, а вы… Няўжо вы не разу мееце, што здарылася?
— А дзед за запальнічку гатовы ўсё прадаць, — злосна кінуў Данік, які дагэтуль лічыў дзеда Андрэя сваім лепшым другам.
Стары, відаць, зразумеў недарэчнасць свайго ўчынку i спалохана замахаў рукамі:
— Што гэта вы! Хіба я не рускі чалавек? Гэта я толькі дзеля таго, каб Саша вельмі ўжо так не баялася… Што не ўсе яны такія, ёсць культурныя…
— Пабачым ix культуру… — адгукнулася Поля, якая маўкліва i, як заўсёды, старанна прыбірала ў хаце — падмятала тырсу, крэйду, што насыпаліся ад выбухаў.
— Пабачым, пабачым, — згадзіўся дзед i з незвычайнай для яго паспешлівасцю, быццам баючыся нейкай крамолы, выскачыў з хаты.
— Стары дурань! — вылаяўся Данік i, узрушаны, таксама пайшоў на двор.
За лесам няспынна грымела кананада. Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа, нават такі, як бітва пад Барадзіно (хлопец прадаўжаў мысліць гістарычнымі катэгорыямі), інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі: эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў i штурмавікоў праносіліся над шашой i лесам, i зямля ўздрыгвала ад моцных глухіх выбухаў. Думкi i сэрца хлопца былі там, дзе грымелі гэтыя выбухі. Ён нават у глыбіні душы пашкадаваў, што такі бой разгарэўся не каля ix вёскі; тады, магчыма, i яму ўдалося б прыняць нейкі ўдзел i веска праславілася б, як Барадзіно.
А немцы ўсё ішлі ды ішлі, i здавалася, не будзе канца плыні машын, танкаў, пяхоты. I ўсе яны спяшаліся туды, дзе грымеў бой, у вёсцы не затрымліваліся i нікога не чапалі. Аднак Данік, хоць i не адчуваў больш страху перад імі, лічыў, што лепш усё-такі не мазоліць ім вачэй. Ён залез на вышкі ў хляве i назіраў адтуль. Пад вечар неба праяснілася, вялікі, ярка-чырвоны, быццам абмыты, шар выкаціўся з хмар i каціўся над далёкімі лугамі, каб неўзабаве ўпасці ў Сож. Дым вайны не засланяў сонца, яно заходзіла, як звычайна ў жнівеньскі дзень.
Зноў загулі самалёты.
«Вяртаюцца, адбамбіліся, гады», — падумаў Данікінават не стаў ix шукаць у небе — абрыдла глядзець на ix! Але што гэта за свіст? Блізкі выбух скалануў хлеў. Каля калгаснай фермы, дзе немцы зрабілі пераправу цераз рэчку, адзін за адным шугалі ўгору слупы агню i дыму. Данік убачыў свае, савецкія, самалёты з такімі роднымі чырвонымі зоркамі на крылах. Яны бамбілі пераправу.
Саша i Поля выскачылі з хаты i пабеглі на гарод, у сховішча.
— Гэта нашы! Нашы! — радасна крычаў ім Данік: яму здавалася недарэчным хавацца ад сваіх бомб. Хіба могуць яны пацэліць у сваіх?
Саша спынілася каля сховішча i, з Ленкай на руках, упершыню без страху сачыла за бамбёжкай. I ўпершыню ў гэты цяжкі, трагічны дзень яна з удзячнасцю падумала пра сваіх — пра гэтых вось лётчыкаў. Надзея, якая з'явілася, калі яна пачула кананаду, загарэлася з новай сілай: а можа, i сапраўды гэта пералом? Можа, нашы наступаюць?