Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Нашы могілкі адусюль відаць. Як гэта нядобра. Нічога не відно, адны могілкі…

Аня здзіўлена паглядзела на яе.

Саша думала, што ў вёсцы ў гэты вечар будзе вельмі шумна, бо нават тады, калі ішоў звычайны мірны прызыў i ў арMiro ішлі бязвусыя юнакі, заўсёды напярэдадні было нямала п'яных, многа песень i крыкаў. А цяпер жа ідуць людзі ўсіх узростаў, ідуць на вайну, магчыма, многія на смерць. Але, на здзіўленне ёй, у вёсцы было ціха. Яна падумала, што, можа, гэта таму, што многія пайшлі ўжо, не чакаючы позваў ваенкамата. Аднак яе ўразіла гэтая цішыня i яшчэ тое, што знешне ўсё аставалася такім жа, як звычайна. Павольна згасаў летні дзень, толькі захад здаўся ёй занадта пунсова-крывавым, але гэта, мабыць, ад уяўлення, што недзе ў той старане сапраўды льецца кроў.

Ляніва прайшоў статак, як заўсёды, каровы неслі свае цяжкія, налітыя малаком вымі, рыкалі каля двароў. Гаспадыні заганялі ix у хлявы, бразгалі дайніцамі. Потым Саша адчула, што цішыня гэтая незвычайная, а таму страшная. Яна не адразу зразумела, што робіць цішыню такой напружанай, страшнай. Толькі калі выйшла на вуліцу, тады зразумела: няма вясёлага гоману дзяцей. Звычайна ў такі ясны летні вечар усюды — на кожнай вуліцы, на выгане, каля сажалкі, на калГасным стадыёне — гуляюць дзеці, усюды ix смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было, i ад гэтага рабілася жудасна; Саша адчула страшны подых вайны. Якое ж гэта вялікае гора, калі яго зразумелі, адчулі нават дзеці, самыя маленькія нават! Яна прайшла па вуліцы. Не, не ўсе яшчэ пайшлі на вайну. У многіх хатах свяціліся вокны (звычайна ж лямпы сярод лета ніхто не запальвае). Дзе-нідзе сядзелі за сталамі, пілі, але гаманілі не па-п'янаму крыкліва, a ціха i разважліва, спявалі таксама ціха i сумна. Дзе-нідзе гэтак жа ціха плакалі жанчыны…

Раніцой разам з усімі Саша праводзіла мужчын у ваенкамат. Машыны з Рэчыцы не вярнуліся, i другая партыя прызыўнікоў ехала на фурманках. Па пыльнай палявой дарозе, паміж жытоў, павольна рухаўся абоз. Але на вазах сядзелі толькі ездавыя-хлапчукі ды на адным — крыху п'янаваты гарманіст. Усе іншыя ішлі следам: самі заўтрашнія воіны, ix маці, жонкі, дзеці — даволі вялікі натоўп. Амаль усе трымаліся сем'ямі, i паміж імі ішла Саша з дзіцем на руках.

Старая жанчына, якая праводзіла адразу двух сыноў, клапатліва сказала:

— Вы не ішлі б, доктарка, так далека, цяжка вам яшчэ. — I, адхінуўшы марлечку, заглянула ў тварык малой. — Ды i ёй шкодна — вунь якую пылюку паднялі.

— Я трохі прайду, — вінавата сказала Саша.

Яе цягнула правесці гэтых людзей, з якімі яна за два гады працы вельмі зблізілася. Цягнула яшчэ таму, што яны ідуць на дапамогу яе ГІецю, што яны стануць побач з ім i будуць абараняць яе, Ленку, усіх дзяцей, жанчын ад страшнага ворага. А яшчэ яна ўспамінала, як па гэтай жа дарозе менш за год назад яны ішлі з Пятром. Ад усяго гэтага хацелася плакаць. Але яна стрымлівалася, бо навокал не плакала ніводная жанчына. Многія, праўда, выціралі рагамі хустак слёзы, але ўголас не плакалі. Размаўлялі ціха, кожны пра сваё:

— Наташа, парсюка ты закалі, каб дзеці на нішчымніцы не сядзелі…

— Добра, Ваня, ты не клапаціся пра нас, ты сябе глядзі, асцярожны будзь.

— Тата! А ты забі гэтага Гітлера ды i вяртайся хутчэй.

— Добра, сынок. Я заб'ю яго, гада. А ты маму слухай, Любку пільнуй.

Можа, i абышліся б гэтыя праводзіны без гучнага плачу i галашэнняў, хіба толькі ў самую апошнюю хвіліну жанчыны не стрымаліся б, ды падвёў гарманіст. Ён доўга жартаўліва размаўляў з дзяўчатамі, што ішлі побач з ім, а потым неяк нечакана для ўсіх расцягнуў мяхі свайго гармоніка, зайграў i заспяваў старую-старую песню, якую кожны спяваў i чуў тысячу разоў. Але калі яе спявалі на мірнай бяседзе, то нікога яна асабліва не кранала — ці мала спяваецца ўсялякіх песень! A ў такі час…

После-е-едний но-о-не-шний дене-о-очек
Гуля-ю с ва-ми я, друзья-я…

Як яна разанула па сэрцах, гэтая песня! Адразу загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці. А Саша адчула, як ёй стала вельмі цяжка дыхаць — так цяжка, што яна баялася, што ўпадзе, таму выйшла з натоўпу i села на абочыне дарогі на пыльную траву, якраз там, дзе канчалася жыта i пачынаўся лён, зялёнае мора льну, таксама надзіва высокага i густога. Каб неяк супакоіць сябе, яна дала малой грудзі…

«Ленка, дачушка ты мая родная! Як добра, што ты з'явілася на свет. Ты мая адзіная радасць у гэтыя чорныя дні».

Раптам Саша адчула, што нехта стаіць i глядзіць на яе. Яна інстынктыўна закрыла далоняй грудзі, узняла вочы. На дарозе стаяў Уладзімір Іванавіч з мяшком за плячамі.

— Карміце, Аляксандра Фёдараўна. Не саромейцеся… Гэта — святое, — ціха сказаў ён, адводзячы позірк.

Саша адняла дзіця ад грудзей, зашпіліла кофтачку i хутка ўстала з зямлі. Яна адразу зразумела, што ён даганяе іншых прызыўнікоў, але чамусьці спытала:

— I вы?

— Мне няма яшчэ павесткі. Але я не магу чакаць, вы разумееце… Такі час! А я афіцэр запасу, лейтэнант… Камуніст…

— Я разумею, — уздыхнула Саша. — Але гэта так цяжка — праводзіць на вайну…

— Нічога, Аляксандра Фёдараўна, — бадзёра суцешыў яе настаўнік. — Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю… дык мы гэтага Гітлера… Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо.

Учора, калі Саша ад'язджала з бальніцы, Марыя Сяргееўна, у якой аставаўся яшчэ прыёмнік i якая разумела панямецку, сказала ёй па сакрэту зусім іншае, i Саша чамусьці паверыла ёй, хоць ніколі раней не сумнявалася ў магутнасці сваёй Радзімы. Яна нікому пра гэта не гаварыла. Але цяпер у размове з настаўнікам, якога лічыла разумным i паважала i які ішоў на вайну, не ўтрымалася i сказала нават жорстка:

— Ведаеце, Уладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы… Навошта? Вайна — не гульня. Вайна — смерць i гора.

Ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся i спытаў пра іншае:

— Дачка, сын?

— Дачка.

— Цяжка вам будзе.

— Я не скарджуся на свой лес. Я радуюся, што яна з'явілася.

Уладзімір Іванавіч паглядзеў на гадзіннік.

— Трэба даганяць, а то прыйдзецца пехатой да Рэчыцы, — сказаў ён бадзёра, рухам плячэй папраўляючы мяшок. — У мяне маці занядужала… адна асталася… Паглядзіце яе, калі ласка, Аляксандра Фёдараўна. — Голас яго задрыжаў.

— Я пагляджу… Вы не турбуйцеся, — паабяцала Саша i раптам адчула нейкую амаль мацярынскую пяшчоту да гэтага чалавека.

Ён працягнуў правую руку, яна ж правай трымала дзіця. Тады яна зрабіла крок да яго, абняла левай рукой за шыю i пацалавала ў лоб. Ён адступіў, здзіўлены, i Саша ўбачыла, як бліснулі слёзы ў яго вачах. Ён ціха сказаў:

— Дзякую вам, — i хутка закрочыў па пыльнай дарозе, а Саша пайшла ў бок вёскі i не азірнулася. Яна падумала пра тое, што гэта нядобра — цалаваць чалавека, які ідзе на вайну, у лоб. Як нябожчыка.

Яна ў той жа дзень наведалася да яго маці. Увогуле, ёй хацелася працаваць як мага больш, каб ні хвіліны не сядзець склаўшы рукі. Але ў амбулаторыю ніхто не прыходзіў, быццам усе яе хворыя адразу ачунялі. Спачатку яна здзіўлялася, потым зразумела: калі прыйшла такая бяда, людзям не да сваіх маленькіх хвароб; з драбязой сорамна ісці ў такі час, а сэрцы i галовы баляць ва ўсіх. Праўда, прыйшлі два чалавекі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, i прасілі даведкі, што яны хворыя, не могуць з'явіцца на прызыўны пункт. Выгляд ix не гаварыў, што яны хворыя. Саша не стала ix слухаць i даведак не дала. Мужчыны прыгразілі. Гэта яе страшэнна ўразіла. Здаралася, што i раней яна не давала даведак, але ніхто ніколі не пагражаў ёй. Так прайшоў дзень, другі… Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі i шыла штонебудзь для дзіцяці, хоць усяго было нашыта яшчэ да родаў.

Вайна не далятала ў ix ціхі куток. Нават варожых самалётаў яны не бачылі ў першыя дні. Зрэдку праляталі на захад нашы самалёты, i гэта ўсіх радавала. Толькі на досвітку чацвёртага дня яны пачулі яе, вайну. Фашысцкія самалёты бамбілі рэчыцкія маеты цераз Дняпро. Вяртаючыся з бамбёжкі, яны ішлі над самай вёскай, вельмі нізка над садаMi i стрэхамі, ад ix гулу дрыжалі i тузаліся паветра i зямля. Пачуўшы выбухі, Саша схапіла Ленку, выскачыла на гарод i легла ў бульбянік. Ад ранішняй вільгаці i страху яе пачала біць ліхаманка. Вярнуўшыся ў хату, калі самалёты праляцелі, яна доўга не магла сагрэцца i супакоіцца.

19
{"b":"205284","o":1}