— Але засумаваў я, Андрэевіч, за вайну… Па дзецях. Па ёй, па дурніцы, па Гашы. I зямлю люблю. — Ён развёў рукаMi навокал. — Вось такую… зялёную… Як конскі пот пахне, люблю… рал ля… салідол каля трактара…
Сказаў ён гэта з такім болем, што ў Пятра таксама зашчымела сэрца. Але, любіць, моцна любіць. Таму i цяжка яму, таму можа i адважыцца на ўсё, i ніхто яго не стрымае — ні жонка, ні райком. I нельга казаць яму ў такі час слоў казённых, пустых. Можна толькі так сказаць, як ён сказаў пра сваю любоў — проста, скупа, але так прачула i шчыра. А ў Пятра не знаходзілася ні такіх слоў, ні такой прачуласці. Думкі чамусьці вярталіся да свайго — да моста. Вось даўся яму гэты мост!
Пасядзелі. I так, не дамовіўшыся ні пра што пэўнае, разышліся. Пятру здалося, што Панас пайшоў расчараваны, адчужаны, аддалены. Пятро перажываў: вельмі даражыў дружбай i даверам гэтага чалавека.
А з трэцяга ўрока яго паклікалі зноў, на гэты раз рыжая Надзя, паштарка, — у сельсавет. Бабкоў сустрэў у агульным пакоі. Быў ён i ўзбуджаны — ажно вушы гарэлі — i неяк дзіўна ашаломлены, разгублены. Таму, відаць, i паклікаў яго, Пятра. Бабкоў, не ў прыклад Грамыку, мог прыняць самае недарэчнае рашэнне, самаўладна зрабіць глупства, але кал i губляўся — тады даверліва раіўся з усімі, хто трапляў на вочы.
— Во, Пятро Андрэевіч, паглядзі, што толькі не валіцца на нашы з табой галовы! Мая, сівая, ужо адмаўляецца рашаць: што рабіць? Давай разам думаць. Калі ласка, палюбуйся… Дзіва дзіўнае! — Старшыня выканкома шырока адчыніў дзверы свайго кабінета i сам адступіў убок, быццам там, за дзвярамі, было штосьці небяспечнае. А там на лаве каля сцяны ціха i сціпла сядзела жанчына — жонка Сцяпана Бандарэнкі, Аксеня. Пятро не з усімі вяскоўцамі яшчэ пазнаёміўся, але гэтую жанчыну ведаў даўно, з першага месяца свайго цывільнага жыцця. Перш за ўсё праз дачку яе Вольгу — прыгажуню з незвычайнай біяграфіяй. Ды i сама кабета неяк вылучалася сярод сваіх равесніц — жанчын у гадах, якія ўпачатку, пакуль не пазнаёміўся бліжэй, здаваліся Пятру падобнымі адна на адну.
Аксеня ў свае сорак пяць год была маладжавая i прывабная з твару, поўная, нягледзячы на такое жыццё, павольная ў рухах i надзіва спакойная i паважная: ніколі i ні перад кім не мітусілася, не ліслівіла — каб тут хоць пажар загарэўся ці хоць сам Бог з'явіўся.
I цяпер яна сядзела гэтак жа спакойна — без разгубленасці, без страху, без жадання разжаліць каго-небудзь. Толькі разы два трывожна прыслухалася ці то да гол асу за сцяной, у амбулаторыі, цітода нечага, што адбывалася, магчыма, недзе далека. Можа, ёй здавалася, што плача яедвухгадовы сынок?
Пятро ўбачыў каля яе ног клунак пуда на паўтара, зразумеў, што ў мяшку, i амаль дакладна здагадаўся, чаму i як гэтая жанчына апынулася тут.
Падумаў: «Гаша? Ці Панас падказаў? Няўжо ён мог пайсці на такое?» Было да болю непрыемна думаць, што такі чалавек, як Грамыка, усклаў цяжкі крыж на плечы гаротнай жанчыны, каб толькі ўратаваць брата свае жонкі.
— Расказвай яшчэ раз, Аксеня. Будзем разам думаць, што з табой рабіць.
Яна выцерла рогам хусткі вусны i пачала расказваць павольна, як бы нехаця i зусім абыякава, як пра справу чужую i даўнюю, сведкай якой яна сама была:
— Ды во… папутаў чорт дурную бабу. Зладзейкай зрабіў. Мой гэта Сцяпан… занядужалася яму… жывот схапіла, у яго ж гэта здаўна, да вайны яшчэ… Ну, я з поўначы пайшла вартаваць за яго. Мне i не хацелася. Што там, кажу, вартаваць? Пусты свіран? Ды не, кажа мой, грэчка ляжыць насенная. Праўда… Грэчку гэтую я сама чысціла… Сяджу я… Ноч. Спяць усе. Нячыстая сіла лётае. Шэпча мне: «А што ты, Аксюта, заўтра дзецям зварыш?» Праўда, у хаце хоць шаром пакаці. Hi крупінкі. Ну, i нашапталі нячысцікі. Пайшла да сябе ў двор, узяла свярдзёлак пад паветкай… Свіран жа гэты стаіць, як на палях… Ну, i вось. — Яна схілілася, дакранулася мазолістай далонню да клунка i тут жа падняла вочы, упершыню глянула на Пятра, быццам праверыла: ці паверыў ён? — А Сцяпан ды Вольга ўранні як даведаліся, адкуль гэтая грэчка, — з хаты мяне выгналі… Ніхто ў раду нашым злодзеем не быў!
Пятро слухаў i чамусьці паступова пераконваўся: не, не Панас падказаў ёй гэта, хіба жонка яго — Гаша. Але хутчэй за ўсё, што Аксеня надумала сама. Тыповая сялянская жаночая самаахвярнасць i наіўная хітрасць: уратаваць мужа, дарма што корміць дзяцей не ён — яна. Але ён — бацька. Узяць усю віну на сябе з надзеяй на літасць суддзяў: калі i засудзяць, то не так сурова — маці пяцярых дзяцей, ды i малыя яшчэ зусім, сама прызналася, сама прынесла крадзенае ў сельсавет, пакаялася.
«Не такая ўжо недарэчная хітрасць, — падумаў Пятро. — Нейкае выйсце ўсім — i ім самім, i Панасу, i партарганізацыі…» Але ўсё адно чамусьці да болю было шкада гэтай жанчыны, якая, безумоўна, пражыла сумленнае i вельмі нялёгкае жыццё.
Пятро наблізіўся, нахіліўся, памацаў грэчку ў мяшку i ціха сказаў:
— Не веру я вам, Аксеня.
Яна трывожна ўстрапянулася, i ў вачах яе бліснуў спалох. Але сказала гэтак жа спакойна:
— А як хочаце… Суд паверыць.
Тут увайшла Саша i паклікала Пятра да сябе ў амбулаторию.
— Чакайце, Аляксандра Фёдараўна, у нас справы важнейшыя, — сказаў Бабкоў.
— У мяне не менш важная.
— Куды званіць? Адразу ў міліцыю? Ці, можа, з райкомам параіцца? — Іван Дзямідавіч яўна спяшаўся хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай гісторыяй.
— Пачакай.
У амбулаторыі сядзела Вольга. Не, не сядзела — ляжала тварам на стале, i плечы яе сутаргава ўздрыгвалі.
Падняла галаву, глянула чырвонымі вачамі на Пятра, усхліпваючы, задыхаючыся, замаліла:
— Пятро Андрэевіч, не судзіце маму. Яна не крала. Гэта ўсё бацька. Бесталковы! Усё жыццё мама пакутавала ад яго. А цяпер i мы… Што мы будзем рабіць без мамы? Мы ж па свеце пойдзем…
«Чым далей, тым не лягчэй, — ужо не толькі з болем, але i з раздражненнем падумаў Пятро. — Нейкі клубок заблытаны. Сапраўды, трэба быць прарокам, каб разблытаць».
— Што мне рабіць? Усе няшчасці на маю галаву. Адно кляймо на ўсё жыццё. Цяпер другое. А мы дамовіліся з Пецем, што заўтра запішамся. Згуляла, называецца, вяселле! — Вольга закрыла твар далонямі, i цела яе скруцілі страшныя сутаргі.
Саша накапала ў шклянку нейкіх лекаў, ласкава абняла яе, папрасіла:
— На, выпі. I супакойся, Оля! Нельга так. А Пеця… калі любіць… Ну, трохі пазней запішацеся…
— Я… яса-а-ма, калі маму… — Зубы яе стукалі аб шклянку. — Не пайду. Я… Я… яму свет закрыць…
— Пеця! Скажыце вы яе бацьку: сам напаскудзіў — сам няхай адказвае, а не падстаўляе жонку. Звыклі на жонках выязджаць!
Пятро крыкнуў праз сцяну:
— Іван Дзямідавіч! Нікуды не звані пакуль што! Пачакаем.
Грамыку знайшоў на гародзе, дзе калгасніцы садзілі памідоры. Той выслухаў i, гнеўна вылаяўшыся, адразу размашыста закрочыў праз гароды ў вёску.
— Я загадаў яму: прынясеш грэчку ў праўленне, пакаешся, папросіш людзей, даруюць — будзем абараняць, калі i да следчага дойдзе… А ён, гад, жонку падстаўляе. Дурная авечка, Аксюта гэтая!
Сцяпан Бандарэнка пад павеццю сек сухое ламачча: калі ў чалавека трывожна на душы, яму хочацца заняцца чымнебудзь. Убачыў ix — спалохаўся, застыў з паднятай сякерай. У яго не было i крупінкі той паважнасці i спакою, што ў жонкі. Ён увесь быў насцярожаны, як загнаны заяц, таму i з выгляду мізэрны, варты жалю: худы, ажно жоўты, рэдкія рудаватыя валасы склеіліся на лбе, барада, шчокі непаголеныя, таму здаваліся бруднымі, сарочка падраная…
— Ты што ж гэта, Залупей пракляты, — Грамыка назваў яго вулічнай мянушкай, мацюкнуўся. — На Аксюту рашыў зваліць? Колькі разоў валіў на яе свае грахі?
— Не я!.. Сама… Яна крала! Я не краў! Няхай сама… У мяне жывот балеў!.. — Сцяпан амаль істэрычна закрычаў.
— Гадзіну назад ты маўчаў, як г… у рот набраўшы. А цяпер ты высветліў, хто краў? Я табе вылечу твой жывот!
Вочы ў Панаса ўміг сталі страшныя, быццам зацягнула ix крывавымі бельмамі, i ён, як сляпы, са сціснутымі кулакамі пасунуўся да Сцяпана. Той адступіў на крок i вышэй узняў сякеру, пагрозліва загарадзіўся ёй.