Праз вузкае акенца Баран вылез на дах камяніцы і пачаў паволі паўзці па краі ўздоўж вадасцёкавай трубы. Было цёмна. Ірваў моцны вецер. Рукі злодзея здранцвелі ад холаду. Кожны крок мог прывесці да падзення, бо труба была старая і пагнутая. Аднак Баран паволі дапоўз да краю даху з боку падворку. Тут ён пабачыў, што трапіў у пастку, бо дом стаяў далёка ад іншых. Ён апынуўся на краі прорвы. Абапёршы ногі на трубу, Баран лёг на даху і адпачываў, чакаючы, што будзе далей. Ён спадзяваўся, што пераследнікі не заўважаць выламаных і прысунутых на ранейшае месца дошак, праз дзірку ад якіх ён пралез на паддашак, і, пабачыўшы, што ўсе дзверы зачыненыя, падумаюць, што ён неяк уцёк з дому. Тады Баран мог бы перачакаць на вялікім паддашшы ноч, а для бяспекі і цэлы наступны дзень, і толькі тады адсюль выбрацца.
Надзеі Барана не апраўдаліся. Людзі, якія за ім гналіся, пачулі скрыгат бляхі і зразумелі, што злодзей схаваўся на даху.
— Абы не ўцёк на іншую камяніцу, — з трывогай сказаў адзін з паліцыянтаў.
— Не, не ўцячэ, — адказаў наглядчык дому. — Нашая камяніца асобна стаіць.
— Можа скочыць уніз, — дапусціў іншы паліцыянт.
— Дзе там! Ад яго застаўся б толькі мяшок касцей.
Праз некалькі хвілінаў па даху папаўзло святло электрычнага ліхтарыка. Адзін з паліцыянтаў, выхіліўшыся праз акенца, даследаваў дах. Праз момант ён заўважыў на адным з краёў даху, там, дзе заканчвалася вадасцёкавая труба, шэрую, згорбленую постаць чалавека.
— Гэй, ты там, паўзі сюды!
Баран не адгукнуўся.
— Паўзі, бо застрэлю!..
Баран выцягнуўся ўздоўж трубы і, перахіліўшыся праз край даху, пасвяціў ліхтарыкам уніз. Унізе быў цёмны контур двухпавярховай прыбудоўкі. Гэта былі складзікі дроваў. На даху прыбудоўкі выдзяляўся цёмны слой галін, складзеных там сушыцца, каб яны не займалі месца на падворку.
— Злазіш ці не?! — раздаўся крык, а неўзабаве пасля яго і стрэл.
Баран не адказаў. Ён схапіўся рукамі за трубу і павіс на краі камяніцы. Набраўшы паветра ў лёгкія, адпусціў трубу і ўпаў уніз… Целам ён змёў частку галінаў, праляцеў праз дах і ўпаў на дровы, а потым на падлогу. З усіх бакоў на яго пасыпалася паленне. Ён неяк выграбся з-пад яго і павольным крокам пайшоў праз цёмны падворак да брамы. Яго ніхто не затрымаў. Ён выйшаў на вуліцу, але боль у назе даваўся ў знакі, таму ён спыніў фурманку і прыехаў дадому.
Некалькі дзён пасля гэтага здарэння Баран не выходзіў з дому. Паўцю дзівіла, што Алік не прымаў замоваў ад кліентаў, якія прыходзілі ў майстэрню. Калі яму прапаноўвалі нешта адрамантаваць, то ён казаў, што старызны ўжо не направіш, калі замова была на новы абутак, то або спасылаўся на лішак працы, або на адсутнасць матэрыялаў. Кліентам, якія паводзілі сябе выключна нахабна, заломваў такія кошты, што яны самі ўцякалі з майстэрні. Зрэдчас, аднак, ён нешта прымаў. Здаралася, што ўзятую для вока работу ён аддаваў іншым майстрам. Усё гэта вельмі непакоіла Паўку, якая ад прыроды была вельмі хцівай. «Ён мог бы столькі зарабіць». Яна не звяртала ўвагі на тую акалічнасць, што лад жыцця, які яны вялі, не хапіла б заробкаў і пяці шаўцоў. Сама Паўця распускала шмат грошай, знаходзячы штораз новыя патрэбы. Не раз яна ўсё ж задумвалася, адкуль Алік бярэ грошы. Але пакуль не была ў стане разгадаць гэтую загадку.
З таго часу, як Баран пачаў жыць разам з Паўлінкай ён ніколі не заснуў, не пераканаўшыся папярэдне, што яна ўжо спіць. Ён баяўся, што ў сне можа збалбатнуць нешта, што яго выкрые. Аднойчы, гаворачы ў сне, ён пабудзіў каханку. Спалохаўшыся, яна пачала яго штурхаць і распытваць:
— Што такое? Што з табой?
— Нічога, нічога, спі!
Але аднойчы Паўка прачнулася апоўначы і не магла заснуць. Алік спаў. Цяжка дыхаў, часам нешта мармытаў, але Паўка не магла разабраць словаў. Раптам Алік пачаў гаварыць выразна і моцна:
— Здымі ж ты з мяне гэтыя кайданы… Так баліць… нага… Здымі кайданы… Дай разак… Трэба парэзаць заклёпкі. Толькі каб наглядчык не бачыў…
Ён трызніў некалькі хвілінаў, успамінаючы турму, кайданы, наглядчыкаў, страляніну, краты. Часам ён устаўляў незразумелыя Паўці словы з турэмнага і зладзейскага жаргону.
Паўця знепрытомнела. Не ад страху, а хутчэй ад здзіўлення. Яна ніколі б не падумала, што ейны каханак, такі салідны, паважны, спакойны, як яна высветліла, злачынец. Назаўтра Паўка падпільнавала на вуліцы матку, бо дадому вяртацца баялася, і расказала ёй слова ў слова тое, што чула ўночы.
— Турэмшчык, — адразу ж зразумела кабета.
— Я гэта з самага пачатку ведала, — нідзе не працуе, добра жарэ і апранаецца. Такому дык толькі жыць і жыць. Ручак не выпацкае, а золата на пальцах носіць.
Аднак сумленная матка не параіла дачцэ кінуць поўнага заганаў каханка. Наадварот, яна сказала:
— Цягні з яго ўсё, што можаш… Да такога ўсё лёгка прыходзіць… Памятай пра гэта! Не будзь дурніцай!
Ейная дачка і не была дурніцай. Яна расказала матцы, што ўжо і так шмат сабрала грошай, цягнучы іх са свайго каханка.
— Глядзі, дачушка, будзь разумніцай, бо пасля будзеш локці сабе кусаць, як кіне цябе і паляціць да ягой лафірынды альбо трапіць у турму. І забіць жа яго могуць.
На гэтым нарада маці і дачкі закончылася.
А Баран усё больш кахаў сваю дзяўчыну. Паўця была цэнтрам усяго ягонага жыцця, думак і ўчынкаў. Кожнае ейнае жаданне было для Барана святым, а кожны капрыз ён выконваў адразу ж. Ён жыў марамі, а тым часам рэчаіснасць жалезнай хваткай душыла яго за горла. Алік ведаў, што Паўлінка з ім няшчырая, што мала дае яму сваёй дабрыні, не клапоціцца пра яго, але вырашыў для сябе, што будзе цярпліва змагацца за ейнае каханне.
Калі б Алік умеў прыгожа гаварыць, калі б мог выказаць свае пачуцці і думкі, то, пэўна, гэтак бы ёй сказаў:
«Каханая! Ты для мяне сонца і кветка. Ты для мяне ўсё тое, што з цябе зрабілі мае мары і спадзяванні. Будзь жа такой і далей. А калі табе гэта цяжка і ты не можаш быць для мяне той, кім бы я хацеў цябе бачыць, то прынамсі прыкідвайся. Рабі выгляд, шануючы маё каханне, бо большага ты не знойдзеш ва ўсім свеце, бо ніхто цябе гэтак моцна не пакахае. Некаторыя будуць бачыць у табе толькі тое, чым насамрэч пагарджаюць, што называюць зняважлівымі імёнамі… Я ж цябе атачу хвалой, якой ніхто цябе не пазбавіць… Ты будзеш маёй багіняй, маёй душой, маёй тугою!.. Каханая! Што я магу табе даць?.. Я паднясу табе ўтульнасць, дастатак, магчыма, раскошу і аддам назаўсёды сваё беднае, гаротнае, спакутаванае сэрца. Будзеш у ім панаваць і жыць, пакуль яно само будзе біцца… Можа, невялікі гэта падарунак. Але ведай, што больш табе не прапануе нават самы багаты кароль… Для іншых ты толькі жанчына… можа, прыгожая… можа, поўная спакусы… Для мяне ж ты самая чароўная асоба ў свеце, даражэйшая за ўсе скарбы свету!.. Для цябе адной я б знішчыў усіх і ўсё…»
Гэтак адчуваў і думаў Алік Баран. І гэта б сказаў Паўці, калі б умеў прыгожа складаць сказы. А пакуль па-ранейшаму ён маўчаў, хмурыўся і ўсё думаў, думаў, думаў… Ён разважаў, як зрабіць Паўку шчаслівай… Паўця таксама напружана думала, як выцягнуць больш грошай са свайго каханка.
Такое жыццё. Баран змагаўся за скарб, якога ў душы простай мяшчанкі не было. Паўця, маючы гэтыя скарбы перад сваім носам, змагалася за мізэрную апранаху і залатыя цацкі.
А перад дзвярыма майстэрні ва ўсю квітнеў куст бэзу — гэта была магія вясны. А ў сабачым цельцы трапяталася іншае пагарджанае людзьмі і лёсам сэрца… шчанячае сэрца Мілага.
11
ЯСЬ РОБІЦЦА АСІСТЭНТАМ ПРАФЕСАРА НЯБЕСНАЙ МАГІІ
Не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што Баран ніколі не адчуваў, каб яго нехта любіў ці кахаў. Бадай, яго любіла толькі матка, якой ён не памятаў. Фізічнага кахання Алік меў даволі, хоць ніколі не ганяўся за жанчынамі. З кабетамі ён меў бурныя прыгоды, але ніколі адмыслова не імкнуўся здабыць увагу жанчын, якія яму падабаліся. Гэтаму перашкаджаў нейкі дзіўны гонар. Ён лічыў, што яму, саліднаму злодзею, не належыць заляцацца і цацкацца з жанкамі. Ён меў шмат каханак: фраерак, злодзеек і прастытутак, але ніводная не скарыла ягонага сэрца, не заваявала ягоных думак, не апанавала душы. Сярод іх былі сапраўды цікавыя асобы, некаторыя незвычайна прыгожыя, іншыя — асабліва сярод злодзеек — добрыя і з цудоўнымі характарамі, але Баран на ўсё быў сляпы. Як мужчына браў сваё, даваў узамен, колькі мог, дый годзе.