— Што гэта вы, Антон, вырабляеце?!
Дворнік перастаў месці, падпёрся кулаком у бок і прамовіў:
— Няхай пані дабрадзейка прабачыць, але што мне рабіць? На руках хадзіць?
— Не на руках хадзіць, але калі падмятаецца падворак, то трэба яго папырскаць вадой, каб не падымаўся пыл.
Дворнік іранічна ўсміхнуўся і паблажліва адказаў:
— Яшчэ нікому, шаноўная пані, гэты пыл ні вачэй, ні зубоў не павыбіваў. Вось як…
— Але зразумейце, калі ласка, Антон, што разам з гэтым пылам у паветры лётаюць бацылы.
Дворнік стукнуў сабе далонню па сцягне і выбухнуў смехам:
— Хэ-хэ-хэ… Ну-ну… але ж вы, дабрадзейка, і вясёлая жанчына!.. Смех дый годзе!.. Пяцьдзясят гадоў жыву на гэтым свеце, але яшчэ ніколі не бачыў бацылы, якая б лётала.
І Антон, штораз мацней смеючыся, зноў узяўся за працу ды праз хвіліну знік у густых клубах пылу.
Студэнт жа, не спяшаючыся, падымаўся па сходах, насвістваючы пад нос арыю з «Прыгожай Алены». Андзя акурат, стоячы на падаконні, чысціла акно на завароце сходаў, паміж трэцім і чацвёртым паверхамі. Яе ўвагу заняў катрыншчык, які хвіліну таму зайшоў на падворак. Неўзабаве падворак запоўніўся сіпатымі, ірванымі гукамі нейкага даўняга вальсіку. Для Андзі гэта была не абыякая забава, і яна штораз больш выхілялася, прыслухоўваючыся да гугнявых гукаў старога інструмента.
Калі студэнт падыходзіў да гэтага выгіну сходаў, ён пабачыў Андзю, якая стаяла на падаконні. Спачатку ён захваляваўся, што дзяўчына можа выпасці праз акно. Але неўзабаве яго позірк затрымаўся на яе нагах. Іх досыць гарэзліва адкрываў вецер, высока ўзнімаючы яе кароткую лёгкую спаднічку. Студэнт прыгожа маляваў. Ен нават некалі збіраўся прысвяціць свой лёс выяўленчаму мастацтву. Але потым практычныя меркаванні пераважылі, і ён паступіў на юрыдычны факультэт. Дзявочыя ногі падаліся яму чароўнымі і не толькі вабілі прыгажосцю лініяў, але і ўзбуджалі. Міжволі ён параўнаў іх з нагамі Гальшкі, якія бачыў досыць часта, але ў панчохах і не так… наўпрост. Ногі Андзі здаліся яму нашмат прыгажэйшымі. Гальшкіны выглядалі добра, але былі халодныя і… занадта правільныя. А гэтыя мелі самастойнае жыццё, характар і цяпло… «Хто б падумаў, што гэтая смаркачка такая стройная! Столькі разоў бачыў яе і не звяртаў увагі».
Ён зрабіў некалькі крокаў наперад. Вальсік катрынкі абарваўся, і Андзя, пачуўшы нечыя крокі ззаду, паспешліва адвярнулася. Перад ёй быў вясёлы румяны твар. Дзяўчына таксама прыязна ўсміхнулася ў адказ. Раптам яе позірк наткнуўся на затуманеныя вочы, якія слізгалі па ейным целе. Вокамгненна яна зразумела ўсё тое, пра што так шмат чула. Бо бачыла і чула яна аж зашмат, але тое было як з чужога жыцця і не датычыла яе. А цяпер яна сама спаткалася з гэтым. Хуткім рухам Андзя абцягнула куцую спаднічку і застыла на падаконні, усчырванелая і збянтэжаная. А студэнт крыху прыўзняў фуражку.
— Маё шанаванне пекнай паненцы. Іду сабе па сходах, а тут такая німфа вокны мые. Я аж спужаўся, што, барані Божа, зваліцца. Было б страшна крыўдна. Такіх ножак я і ў балеце не бачыў, слова гонару…
Андзя баялася нават паварушыцца. На ейных вуснах грала кволая ўсмешка. А студэнт зірнуў, ці не ідзе хто па лесвіцы, схапіў яе рукамі за талію і зняў з падаконня.
— Дзіцятка можа забіцца… Тут будзе больш бяспечна… нашмат бяспечней…
Знянацку ён адхіліў яе галаву назад і моцна пацалаваў у вусны. Здолу загрукалі па сходах нечыя цяжкія крокі. Студэнт адпусціў ашаломленую дзяўчыну і сказаў:
— Будзь асцярожная, Андзя. Ты можаш вываліцца, а тут высока. Тут і да бяды недалёка.
Пасля гэтых словаў ён пайшоў да сябе. Калі ён знік, Андзя села на падаконне і заплакала. Не таму што засмуцілася, — яна і сама не ведала, з якой прычыны. Можа, ад сораму, а можа, ад радасці. Столькі пачуццяў разам віравала ў ейнай галаве, ажно цяжка было іх усе апісаць.
А студэнт увайшоў у свой пакой і пачаў прахаджвацца ад акна да дзвярэй, раздумваючы пра свае сённяшнія геройствы. Адначасова ён зухавата спяваў слабым тэнарам:
Перамога адбылася!
Весяліся, мужны Рос!
Ягоны сусед, таксама студэнт, які ў той момант ляжаў на зламаным, выгнутым у дугу ложку, паклаўшы ногі на спінку, і які лічыўся сярод калегаў скептыкам, дакончыў патрыятычную песню настроенага на перамогі таварыша:
Уцякай, не азірайся,
Захаваеш цэлым нос!
Студэнтаў пацалунак вельмі ўразіў Андзю. Яна думала пра гэта безупынку, узгадваючы кожнае слова, сказанае ёй на лесвіцы. У ёй прачнулася жанчына. Яна зразумела, што зацікавіла студэнта нагамі. Бо ён так дзіўна паглядаў і казаў пра іх з такім захапленнем. Некалькі разоў Андзя, ужо самотна стоячы на лесвічнай пляцоўцы, задзірала ўгору спаднічку і, выгінаючыся ўперад ды па баках, прыглядалася да ног. Яны падаваліся ёй самымі звычайнымі. «Вось каб мне панчохі!» — гэтая думка цалкам апанавала Андзю і бесперапынна яе пераследавала. Дзяўчына не разумела, што менавіта аголенасць рабіла ейныя ногі незвычайна вабнымі, што акурат іх галізна прыцягнула ўвагу студэнта.
Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту на лесвічнай пляцоўцы Андзя, прыйшоўшы з працы, звярнулася да цёткі, якая выціскала ў цэбар мокрую бялізну:
— Цётка, купіце мне панчохі.
— Чаго?
Цётка, якая трымала ў руцэ вільготны бялізнавы скрутак, здзіўленымі вачыма азірнулася на Андзю.
— Цётка, купіце мне панчохі, — паўтарыла дзяўчына.
— А мо яшчэ чаго? — прамовіла цётка, насмешліва прымружыўшы вочы і робячы крок у бок Андзі.
— Больш нічога… толькі панчохі…
— Завяла хахаля? — залямантавала цётка. — Так?!
Андзя нічога не адказала. Яна не разумела значэння гэтага слова, а толькі па-ранейшаму ўпарта паўтарала: «Цётка, купіце мне панчохі». Прачка хацела ў адказ адчыхвосціць сваю выхаванку, як рабіла гэта цягам апошніх гадоў шматкроць, звычайна без усялякай прычыны. Але Андзя з такой сілай вырвала з яе рук мокрую бялізну, якой цётка хацела ўдарыць дзяўчыну, што тая агаломшана адступіла:
— А, то ты гэткая?.. Я табе пакажу!.. Я цябе навучу!.. І гэта за маю ласку! За маю апеку!
— Цётка, купіце мне панчохі, — нястомна паўтарала Андзя.
Здарыўся цуд: урэшце цётка купіла ёй панчохі. Нягледзячы на поўную адсутнасць інтэлекту, тая скеміла, што хутчэй страціць дзяўчыну, а разам з ёй значны прыбытак, чым адолее ейную ўпартасць.
Студэнт некалькі разоў успамінаў Андзю. Дзіўным чынам гэта звычайна адбывалася тады, калі ён бавіўся са сваёй нявестай. Калі ён глядзеў на сваю цудоўную, салодкую, адзіную, боскую Гальшку — на жаль, гэтак недаступную перад шлюбам, — яго наведваў цень той чароўнай дзяўчыны, якая стаяла на падаконні ў іх камяніцы. Інтуіцыя падказвала яму, што тая дзяўчына не надта кемная і лёгка паддасца яму, калі ён пастараецца. Ён даўно б ужо паспрабаваў, але асцерагаўся, каб ягоны раман са служанкай не выйшаў наяву.
Аднойчы ён вяртаўся дадому незвычайна ўзбуджаны. Гальшка была сёння такой чулай: падаравала яму некалькі гарачых пацалункаў і прытулілася ўсім целам, абдымаючы, але, нягледзячы на ўсе заклёны і ўпрошванні, рашуча загасіла далейшы імпэт:
— Май вытрымку… Пасля доўгага чакання спадабаецца яшчэ больш, — казала хітрая і разважлівая дзяўчына.
Студэнт падняўся па лесвіцы і прысеў на падаконні трэцяга паверху, каб запаліць цыгарэту. Ён меў яшчэ не зусім усвядомленае жаданне дачакацца Андзі, але хаваў гэтую думку сам ад сябе.
Уверх і ўніз соўгаліся людзі, не звяртаючы на яго ніякай увагі. Ён выкурыў ужо другую цыгарэту, калі пачуў, што вышэй (на паверх) ляпнулі дзверы кватэры, у якой працавала Андзя. Студэнт стаў на лесвічным загіне. Дзяўчына імчалася долу і наляцела на студэнта.
— Ох!.. Прабачце!.. — прашаптала яна і пачырванела.
Андзя хацела абысці студэнта, але ён затрымаў яе.
— Добра, што я Андзю спаткаў, — весела прамовіў студэнт, адной рукой трымаючы яе за плячо, а другой лашчачы яе па шчацэ. — Я хацеў Андзі сказаць нешта цікавае. Але не цяпер… Андзя, выйдзі вечарам, а дзявятай, на сходы. Туды, насупраць уваходу на паддашак… Я буду чакаць… Прыйдзеш, Андзя?.. Добра?.. Я раскажу Андзі нешта ве-е-льмі цікавае! Добра?..