Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Бяры… Гэта тваё!

Ясь пачырванеў і збянтэжыўся:

— Я ж амаль не ўдзельнічаў… Толькі адзін пакунак прадаў…

— Бяры, бяры… Пятая частка твая!..

І Ясь узяў грошы. Яны акурат вельмі яму прыдаліся, бо ў апошні месяц у жытло да Нацэвічаў зноў часта заглядваў голад.

Назаўтра Ясь прачытаў у газеце, у рубрыцы «Хроніка», наступную інфармацыю пад загалоўкам «Новая афёра»:

«Учора шмат менскіх купцоў стала ахвярамі ашуканца, які ў дзясятку крамаў выдаў за лімонную кіслату нейкую іншую, шкодную для здароўя, горкую субстанцыю. Не зважаючы на шматлікія перасцярогі, каб грамадскасць была больш пільная, дастаткова ёсць яшчэ наіўных, якія ў пагоні за нажываю самі становяцца ахвярамі нахабных аферыстаў. Паліцыя ідзе па слядах злачынцаў».

Баран іранічна ўсміхнуўся:

— Паліцыя ідзе па слядах і бачыць злачынца ў снах!

12

ФРАЕР АТРЫМЛІВАЕ ЗЛАДЗЕЙСКІЯ ШПОРЫ

Баран даўно ўжо адчуваў сімпатыю да Яся. Яму падабалася, што хлопец заўсёды ветлівы, вясёлы і адкрыты. А імпанавала тое, што Ясь быў вучоны. Што праўда, Алік лічыў Стася Рамізніка і Прафесара таксама вучонымі, але цяпер заўважыў, што Ясь мае большыя тэарэтычныя веды, чым яны, аднак ніколі тым не задаецца, не пускае дыму ў вочы і не робіць шматзначных мінаў, «як шлюндра ў кустах». Ён ахвотна і сумленна тлумачыць, што ведае сам, а калі нечага не ведае, то шчыра ў гэтым прызнаецца і шукае адказу ў кнігах.

Алік дагэтуль ніколі не працаваў з фраерамі. Але Яся ён пачаў вучыць сваёй прафесіі — як раней вучыў напраўляць абутак, бо хацеў яму дапамагчы матэрыяльна. У ягонай галаве ўвесь час кружляла думка: «З юнака быў бы хвацкі злодзей, абаяльны, разумны, смелы і спрытны… Толькі трэба, каб ён трапіў у добрыя рукі». Алік адчуў патрэбу падзяліцца з некім вартым сваімі тэхнічнымі і практычнымі ведамі, тым усім, што ён збіраў гадамі, прыклаўшы дзеля гэтага шмат намаганняў. Баран узяў хлопца на некалькі дробных крадзяжоў, падчас якіх Ясь быў свечкай[30]. Той справіўся са сваім заданнем дасканала, паводзіў сябе смела і разумна. Гэта вельмі падабалася Барану, і ён пачаў паступова знаёміць свайго вучня з таямніцамі зладзейскага майстэрства. У свет злачынцаў Алік пакуль вырашыў Яся не ўводзіць. Забіраў яго на заданні, расказваў пра турмы, скупшчыкаў, агентаў, злодзеяў, пра маліны[31], пасярэднікаў, пра ўдала выкананыя работы…

Некалькі разоў Баран прыносіў з гораду цэлыя наборы навясных замкоў, якія паздымаў адмыслова для Яся з сутарэнняў, складзікаў, гарышчаў і кватэр. Ён разбіраў іх і знаёміў хлопца з механізмам, з цугальтамі. Ён паказваў, якія замкі можна адчыніць шылам, якія трэба зрываць або скручваць шабрам, а якія распорваць прабойнікам, а якія абразаць нажніцамі для металу. Ён вучыў яго карыстацца шабрам — універсальным зладзейскім рыштункам. Навучыў хлопца ўжываць адмычку, а дзеля гэтага спецыяльна купляў яму на базары старыя ўнутраныя замкі з дзвярэй. Тлумачыў, як выглядаюць і якое маюць прызначэнне розныя зладзейскія прылады. Класіфікаваў яму асобныя віды работ і сістэмы іх выканання. Называў катэгорыі злачынцаў і сферы іх дзейнасці. Свайго вучня ён нават тэарэтычна пазнаёміў з тэхнікай абкрадання вогнетрывалых сейфаў.

Ясь ахвотна ўбіраў у сябе зладзейскія веды. А паколькі няма друкаваных кніг пра тактыку, тэхніку, этыку, правілы і гісторыю зладзейства, то гэткую інфармацыю ён засвойваў толькі са словаў, прыкладаў і тлумачэнняў свайго настаўніка.

Баран, заўсёды маўклівы, з Ясем гаварыў шмат і заўсёды па справе. Ён умеў проста растлумачыць досыць складаныя справы і нічога не ўтойваў ад вучня са свайго досведу. Алік вырашыў не спецыялізаваць Яся ў нейкай адной сферы, а вучыў яго ўсяму. Адначасова Баран браў свайго вучня на заданні, калі лічыў, што хлопец яму патрэбны. І гэтым самым злодзей даваў свайму вучню зарабіць.

Яго прывязанасць да хлопца была дзіўнай. Відаць, яна ўзнікла ў значнай ступені праз нешчаслівае сужыццё з Паўлінкай, якая ў адносінах да Аліка была злой, грубай і капрызнай. Таму Баран шукаў спатолення ў гарэлцы, крадзяжах і размовах з ветлым добрым хлопцам.

З таго часу, як у Менск увайшлі немцы, для злодзеяў пачалася новая эра. Змена ўлады стварыла пэўны хаос і бязладдзе, чым зламыснікі рупліва карысталіся. Асабліва шырокае поле дзейнасці адкрылася для аферыстаў. Ясь адносна хутка пазнаёміўся з рознымі відамі работаў, але асаблівую цягу адчуў да афёраў. Ён краў адважна і спрытна, але крадзяжы не прыносілі яму задавальнення. У сваю чаргу яго надзвычай цешыла кожнае старанна арганізаванае махлярства, сваё або чужое, у якім ахвярамі рабіліся пераважна хцівыя, радзей бязглуздыя людзі.

Ведаючы рынак, ён пачаў працаваць там самастойна як туфцяра. З цягам часу пазнаёміўся з некалькімі іншымі туфцярамі і жулікамі. Тады ён пачаў працаваць разам з іншымі да сябе падобнымі штукарамі. Ён быў вельмі разумны і вынаходлівы ды сам прыдумляў розныя спосабы ашуканства. Але ніводнага метаду ён так належным чынам і не распрацаваў, а ўвесь час перакідваўся на іншыя работы. Ён дзейнічаў не столькі для заробку, колькі з цікавасці, для спорту. Звычайныя ж ліхадзеі пераважна выбіраюць адзін від афёраў ці крадзяжоў.

Ясь хадзіў па Траецкай гары ў базарны дзень і ўважліва прыглядаўся да атачэння. Рынак быў вялікі, увесь застаўлены вазамі. Ясь насіў пад пахай два вялікія адрэзкі якаснай скуры на падэшвы, закручаныя ў жоўтую тоўстую паперу. Падобны скрутак, гэтаксама запакаваны, ён меў пад крысом плашча. Але там у паперу загорнутая была не скура, а тоўсты кардон. Такая самая вага, форма і эластычнасць. Недалёка ад Яся круціўся Малыш, супольнік, прафесійны туфцяра і жулік. Малыш насіў па рынку залаты пярсцёнак. Дакладней, ліпу, а не золата. Але на выгляд усё было ў парадку.

Да Яся падыходзіць вясковы мужык. З выгляду заможны.

— Прадаеш падэшвы?

— Прадаю.

Ясь разгортвае паперу і паказвае тавар. Той з кіслай мінай гне скуру, калупае яе пазногцем і крытыкуе, хоць тавар найвышэйшай якасці:

— Тонкая… На месяц не хопіць… А ад вады разлезецца, як кішка будзе.

Ясь забірае падэшвы і загортвае ў паперу:

— Не падабаецца, то і не купляй!

Але мужык пытаецца пра цану. Ён ведае, што тавар вельмі добры, але хоча купіць яго як мага танней.

— За ўсё тысячу дзвесце рублёў, — кажа Ясь.

— Дам пяцьсот.

— І за тысячу не аддам, — адказвае Ясь і кіруецца далей у натоўп.

А да Яся акурат падыходзіць Малыш і спыняе яго.

— Можа, ёсць скура на падэшвы? — пытае Малыш у Яся.

— Ёсць.

Ясь зноў дастае з паперы скуру. Малыш правярае тавар. Селянін з неспакоем набліжаецца да іх і падслухоўвае.

— Колькі хочаш за ўсё? — пытаецца Малыш. — Мне ў майстэрню трэба.

— Апошняя цана тысяча сто, — кажа Ясь.

— Дам тысячу, — гандлюецца Малыш.

— Ні рубля не спушчу болей, — адказвае Ясь.

Малыш няўпэўнена адыходзіць. Тады Яся даганяе селянін і пытае:

— Дык за колькі аддасі?

— Тысяча сто.

— Дам тысячу пяцьдзясят. Добрая цана… Ну?..

Ясь разгортвае паперу і зноў паказвае скуру:

— Але паглядзі, які тавар! Нідзе такога не знойдзеш.

Мужык зноў аглядвае скуру і паўтарае:

— Дам тысячу пяцьдзясят.

— Тысяча сто. Танней не аддам, — стаіць на сваім Ясь і зноў абкручвае скуру паперай ды хавае яе пад крысо плашча, а адтуль дастае наверх пакунак з кардонам. Вясковец урэшце згаджаецца:

— Ну, давай!

Ясь бярэ грошы, аддае мужыку пакунак з кардонам і адыходзіць. Але не ідзе задалёка, а пачынае сачыць за сваім пакупніком. Той ідзе да воза, хавае пакунак у мяшок і закідвае яго пад сядушку. Воз ён пакідае пад нагляд жанчыны, пэўна, жонкі, і зноў ідзе на рынак.

«Толькі ўдома заўважыць», — думае Ясь і ідзе шукаць Малыша.

Свайму калегу Ясь дапамог прадаць тры «залатыя» персцені і пару заручальных пярсцёнкаў. Ягоная дапамога палягала на тым, што ён падбіваў цану, калі Малыш знаходзіў купца. Гэтак ён прадаваў, да прыкладу, срэбны пазалочаны пярсцёнак альбо іншую падробку золата часам у дзесяць альбо нават дваццаць разоў даражэй за сапраўдны кошт.

вернуться

30

Свечка — вартавы, чалавек, які папярэджваў пра небяспеку.

вернуться

31

Маліна — зладзейскае логава, хованка.

37
{"b":"647782","o":1}