Праз некаторы час у яго нарадзілася такая ідэя. Ён адзначыў, што кожны дзень пад малочную краму пад’язджае крыты воз, і з яго разгружаюць скрынкі з маслам і сырамі, слоікі з малаком. Большую частку тавару праз краму зносілі ў малы пакойчык ззаду, менавіта туды і вялі знадворку жалезныя дзверы.
Ясь заўважыў, што тавар цягаюць не толькі фурман і работнік, якія прыязджаюць возам, але і мужчынскі персанал крамы, акрамя самога ўладальніка. А ў краме працавалі два дарослыя мужчыны, дзве жанчыны і адзін малады хлопец. Таму звычайна тавар разгружалі ад трох да пяці мужчынаў. Ясь падумаў: «Калі я вазьму з воза адну скрынку з маслам і панясу ў краму, то тыя з воза будуць думаць, што я з крамы, а ў краме падумаюць, што я прывёз тавар і ім дапамагаю. Калі нехта нешта заўважыць, то скажу, што хацеў ім дапамагчы».
Спачатку Ясь планаваў занесці скрынку ў тыльны пакой у краме і там схавацца, перад гэтым адамкнуўшы звонку два замкі. Вечарам, калі б краму зачынілі, ён мог бы зрабіць работу і выйсці праз чорны выхад… Але крыху падумаўшы, ён адмовіўся ад такога плану. У краме магло не быць месца, каб схавацца. Яго прысутнасць маглі выкрыць. Урэшце нашмат прасцей было адамкнуць дзверы знутры, а вечарам, пасля закрыцця крамы, адчыніць дзверы звонку і ўвайсці ў краму.
Праз некалькі дзён Ясь, які падышоў да крамы, трапіў акурат на дастаўку тавару. Воз спыніўся перад будынкам, і пачалася разгрузка. У краме было шмат пакупнікоў, таму дапамагаць фурманам выйшаў толькі адзін прадавец. Ясь зняў з галавы шапку і ўсунуў яе ў кішэню. Увайшоў у краму. А потым, калі прадавец і фурман разам панеслі вялікую скрыню, Ясь без шапкі выйшаў на вуліцу, узяў на плечы меншую скрынку і панёс яе ў краму. Прадавец і фурман выходзілі з пакойчыка, калі Ясь туды ўвайшоў. Ясь паставіў скрынку на нейкай паліцы і спешна выняў ліхтарык. У яго святле злева ад сябе, у задняй сцяне пакою ён распазнаў жалезныя дзверы. Яны былі зачыненыя на вялікую засаўку і два крукі. Ясь хутка рынуўся да іх. Засаўка паддалася адразу ж, затое адзін з крукоў заеў, і Ясь, учапіўшыся аберуч, ледзь змог яго адшчапіць. Крыху ўстрывожаны, ён выйшаў у гандлёвую залу і пачакаў у чарзе, пакуль прадавец і фурман не ўвайшлі з вуліцы з наступнай скрыняй. Пасля гэтага Ясь надзеў на галаву тапку, выйшаў з крамы і хутка пашыбаваў у пошуках свайго настаўніка.
Ясь знайшоў Барана ўдома і падрабязна расказаў яму пра работу, якую ён сам заўважыў, прадумаў і падрыхтаваў да выканання. Урэшце закончыў:
— Мы мусім сёння вечарам туды пайсці і, як толькі зачыняць краму, увайсці з тылу і забраць грошы.
Баран падчас расповеду Яся глядзеў на хлопца, крыху прыжмурыўшы вочы, а калі Ясь закончыў, то Алік пляснуў яго рукой па калене і сказаў з павагай і прызнаннем:
— Але з цябе і блатняга зрабіўся. Га, бандзюгайла?!.
На твары Яся выступіў румянец. Хлопец быў задаволены. Ён ведаў, што ягоны настаўнік скупы на пахвалу, таму адабрэнне Аліка ён цаніў асабліва. Алік зараз жа сабраўся, і яны разам пайшлі ў горад, каб Баран прыгледзеўся да работы.
— Замок вялікі, але просты, шылам можна адамкнуць, а дзверы адмычкай. Клёвая работа.
Настаўнік і вучань дамовіліся, што вечарам пойдуць на работу. А калі краму зачыняць, Ясь зойдзе туды праз чорны ўваход, а Алік павесіць на дзвярах замок, каб усё выглядала нармальна. Работу ўскладняла тое, што крама мела вялікія вітрынныя вокны, а каса знаходзілася з правага боку адразу каля акна, таму з вуліцы яе было вельмі добра відаць.
— Трэба ўзяць яшчэ аднаго хлопца, а калі ты будзеш усярэдзіне, мы станем пад акном і будзем нібыта размаўляць, — пастанавіў Баран.
З’яўленна Філіпа было Барану на руку. Алік пазнаёміў яго з Ясем і прапанаваў калегу пайсці сёння на заданне. Філіп, бесперастанку пазяхаючы і ўвесь час пагардліва надзімаючы губы, прыглядаўся да Яся, якога гэта вельмі бянтэжыла. Філіп згадзіўся на работу адразу ж. Ён і сам прыйшоў да Барана з прапановай абрабіць павука на вуліцы Петрапаўлаўскай.
— Можна зрабіць кабар[32]. Але трэба тры чалавекі.
— Ну дык тройкай і пойдзем, — сказаў Баран.
— Замалады яшчэ, — Філіп кіўнуў на Яся.
— Нічога, — адказаў Баран. — Даўно ўжо са мной ходзіць. Характэрны хлопец. Работу ведае.
Філіп выдзьмуў губы і станоўча заківаў галавой. І толькі цяпер Ясь адчуў сябе сапраўдным злодзеем. І яму было вельмі прыемна.
13
ЛОМАМ, АДМЫЧКАЙ І СВЕРДЛАМ…
Філіп у элегантнай вопратцы самавіта прахаджваўся па вуліцы каля малочнай крамы, а ў ягоных рухах адчувалася лёгкая стома. Надзімаючы губы, ён звысоку глядзеў на сустрэчных мінакоў. На жанчын жа ён кідаў прагныя позіркі. Такі сабе багаты сталы пан, які выйшаў на шпацыр.
Алік Баран і Ясь сядзелі на лавачцы ў скверы. Адтуль было добра відаць дзверы крамы. Алік і Ясь не размаўлялі. Чакалі.
Надышла шостая гадзіна. Праз некалькі хвілінаў краму пакінулі ўсе кліенты, а яшчэ крыху пазней — персанал. Гаспадар крамы і ягоная жонка выйшлі апошнімі. Уладальнік замкнуў адны дзверы, другія, потым сцягнуў уніз гафаваныя жалезныя жалюзі, на якія ўнізе таксама павесіў замок, смешна пры гэтым прысеўшы на кукішкі.
Ясь увесь час сачыў за людзьмі, якія выходзілі з крамы. Ён пазнаў усіх. Унутры ніхто не застаўся. Хлопец устаў і пайшоў па алеі, потым перайшоў вуліцу і ходнікам пакрочыў у браму будынку, у якім месцілася крама. Баран ішоў за ім.
На лесвічнай клетцы было ціха і цёмна. Баран прыслухаўся, а потым пачаў сваімі зладзейскімі прыладамі адмыкаць замок. Той напачатку не паддаваўся, бо быў моцна ржавы. Нарэшце яму ўдалося два разы перакінуць язычок замка, які гэтак не хацеў паддавацца. З навясным замком Алік справіўся хутка, адамкнуў яго шылам і зняў са скобаў.
Цяжкія жалезныя дзверы паволі і са скрыпам адчыніліся. Ясь пасвяціў ліхтарыкам і праслізнуў у цёмны пакойчык. Баран прычыніў за ім дзверы і зноў усунуў навясны замок у скобы. Замкнуўшы замок, ён выйшаў на вуліцу. Перад крамай, нібыта выпадкова, ён сустрэўся з Філіпам. Яны парукаліся і сталі насупраць вітрыннага акна крамы. Размаўляючы, засланялі сабою ўнутраную частку крамы. Выглядалі яны прыстойна і самавіта. Хвіліны ляцелі, а Яся ўсё не было. Баран пачаў хвалявацца. Ён зіркаў збоку праз вітрыны ўнутр крамы і не пабачыў там хлопца.
«Можа, здрэйфіў?» — падумаў Алік.
Ясь жа наткнуўся на непрадбачаную перашкоду. Дзверы, якія вялі з малога пакойчыка ў гандлёвую залу, былі замкнёныя. Ясь спрабаваў выламаць іх шабрам, але яны былі гэтак глыбока засаджаныя ў праём, што нельга было закласці шабер знутры, каб вырваць завесы або сагнуць засаўку. Хваляванне ўсё больш узрастала. Ясь пераймаўся, што справа можа не выгараць, і баяўся магчымай незадаволенасці калегаў. Свецячы ліхтарыкам, ён пачаў уважліва даследаваць дзверы. Нарэшце ён згадаў, што Баран раней казаў пра дзвярныя ўстаўкі. Алік звярнуў некалі ўвагу, што гэтыя часткі — самыя слабыя месцы, і іх можна лёгка выразаць, а часам нават проста выпхнуць каленам ці рукамі. Акурат у гэтых дзвярах былі ўстаўленыя панэлі. Ясь дастаў нож і ўбіў яго ў глыбока ўвагнутую, прадаўгаватую частку панэлі. Адразу ж узнікла доўгая вузкая адтуліна. Каб паскорыць працу — а шуму ён не баяўся, — ён заклаў у дзірку шабер і адным рухам выламаў з панэлі вялікі кавалак дошкі. Рэшта панэлі пайшла хутка. Зрабіўшы квадратны ход у дзвярах, Ясь пралез праз яго і апынуўся ў краме. Дзверы былі замкнёныя на засаўку і на замок. Ясь пакінуў іх і не займаўся адмыканнем. Каб вярнуцца назад, яму хапала і адтуліны ў дзвярах.
Ясь пабачыў праз акно Барана і Філіпа, якія стаялі на вуліцы. За імі час ад часу праходзілі мінакі. Ясь адным духам падскочыў да касы. Гэта быў высокі драўляны столік з нахіленай стальніцай і дзвюма шуфлядамі ніжэй. Шуфляды і верхняя скрынка былі замкнёныя.
Баран з вуліцы імгненна заўважыў з’яўленне Яся ў краме і выцягнуў з кішэні газету. Калегі сталі звонку адмыслова, каб як мага лепей засланіць унутраную частку крамы і касу, якая месцілася побач з прылаўкам. Яны праглядалі газету, жэстыкулявалі, нешта ў ёй каментавалі. Выглядалі як двое самавітых гараджанаў: багаты пан і заможны цясляр або слесар, якія дамаўляюцца пра нейкую гандлёвую або будаўнічую справу.