Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Гліст хруснуў суставамі рук і ціха прамовіў:

— Хацелі цябе засадзіць.

Філіп Лысы, які некаторы час прыслухоўваўся да іхных размоў, нічога не зразумеў і пагардліва засоп носам:

— Размаўляюць, як курыца з ракам.

— Альбо як пятрушка з пастарнакам, — дадаў Пэт.

Зрабілася цёмна. Цыпа запаліла лямпу, якая вісела на дроце пад столлю. Баран, Казік Марэцкі, Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы абмяркоўвалі падрабязнасці запланаванага на найбліжэйшыя дні крадзяжу. Работу знайшоў Філіп Лысы. Гэта быў нядаўна адкрыты на вуліцы Каломенскай паліцэйскі кааператыў. Філіп даўно заўважыў, што рамантуюць стары занядбаны будынак. Час ад часу, прагульваючыся побач, ён сачыў за працэсам. Калі будынак быў папраўлены, яго пачалі абсталёўваць унутры. Такія новыя крамы — гэта мілая знаходка для злодзеяў, бо звычайна іх слаба і няўмела ахоўваюць. На гэты раз работа асабліва зацікавіла Філіпа тым, што памяшканне належала паліцыянтам. Філіп штораз часцей з’яўляўся на Каломенскай вуліцы і альбо мімаходзь прыглядаўся да паступовага заснавання кааператыву, альбо хітра распытваў людзей, якія працавалі ў памяшканні, пра розныя цікавыя для яго дэталі. Ён рабіў гэта, прыкрываючыся тым, што сам хоча ўзяць у арэнду памяшканне пад гандаль, або, як купец, прапаноўваў матэрыялы, патрэбныя для абсталявання крамы… Над дзвярамі крамы нарэшце з’явілася новенькая шыльда. Унутры ўсё ўжо было даведзенае да ладу, аднойчы туды пачалі завозіць тавары: соль, муку, каву, крупы, гарбату і гэтак далей. Філіп паведаміў супольнікам пра новую работу. Краму дакладна агледзелі, але пастанавілі пачакаць лепшага тавару. Неўзабаве ў кааператыў, які распачаў сваю дзейнасць, даставілі партыю мануфактуры, а назаўтра падвезлі шмат рознага абутку і скуры на падэшвы. Злодзеі пагадзіліся, што работа ўжо саспела, і варта было абрабіць павука. Акурат цяпер яны раіліся, як правесці крадзеж.

Баран слухаў, не ўдзельнічаючы ў нарадзе, хоць ягонае меркаванне цанілі найбольш. Ён слухаў, бо дакладна не ведаў усіх акалічнасцяў, толькі чуў ад калегаў. Янка прапанаваў махануць павука вечарам, адразу ж пасля закрыцця крамы. Філіп пагаджаўся з ягоным планам. Але Казік не выказаў вялікага энтузіязму і праз момант звярнуўся да Барана:

— А ты як думаеш?

Баран паклаў далонь на стале і сказаў павольна, рашуча:

— Першы раз трэба ўсё зрабіць чыста. Нічога не пакінуць… Трэба мянтам нос уцерці як мае быць… Найлепш абрабіць павука ўдзень… Падчас перапынку на абед… Прыехаць з патокам[23], загрузіць усё, і да скупшчыка… За дзве гадзіны можна і работу скончыць, і тавар скупшчыку завезці, і паток на месца даставіць…

Усе маўчалі, пагрузіўшыся ў думкі, узважвалі прапанову. Іх агаломшыла прастата Баранавага плану. Яны адразу ж зразумелі, што гэткі спосаб работы будзе самы прыбытковы, самы бяспечны, а разам з тым і вельмі эфектны. Яны пачалі з запалам абмяркоўваць дэталі задання. Апошняя цяжкасць — як раздабыць павозку. Баран узяў гэта на сябе (ён хацеў вырашыць гэту справу з дапамогай Стася Рамізніка, які мог бы — як меркаваў Алік — даць свайго каня, а воз — пазычыць у Шлемы Гоя, знайшоўшы адпаведную прычыну). Злодзеі пастанавілі цюкнуць мянтоў адразу, як толькі Баран знойдзе павозку. А Баран намерваўся зрабіць гэта яшчэ сёння. Заўтра ўсе акалічнасці мелі канчаткова высветліцца, і тады быў бы прызначаны дзень крадзяжу.

Знайшліся грошы на наступную порцыю гарэлкі. Зрэшты, Цыпа ахвотна давала ім у крэдыт, бо ведала, што салідныя злодзеі не падвядуць яе пад дурную хату. Настрой ва ўсіх крыху палепшаў. Іх ажывіла перспектыва цікавай і прыбытковай работы.

Тым часам Грамадзянін, які грошы на фурманку пакінуў сабе, прынёс рэчы Казіка Марацкага, складзеныя ў не надта вялікую кардонную скрыначку. З камічнай элегантнасцю ён наблізіўся да Барана і падаў яму рэчы, як на падносе.

— Калі ласка, пане Аляксандр! Загад выкананы.

Баран, якому вельмі падабаліся добрыя манеры і ветлівасць Грамадзяніна, пасадзіў таго каля сябе і частаваў гарэліцай. Грамадзянін хутка ахмялеў. У яго была слабая галава, а да таго ж ён кепска харчаваўся, таму алкаголь адразу даў яму ў чэрап.

— Ну, Грамадзянін, паспявай нам што-небудзь! — звярнуўся да яго Філіп Лысы, падміргваючы прыяцелям.

Іншыя злодзеі падтрымалі яго просьбу.

Грамадзянін абвёў мутным позіркам людзей навокал і квола ўсміхнуўся. Ён ведаў, што голас у яго слабы — прапіты і хрыплы, — але яму не хацелася расчароўваць гэтых файных хлопцаў, якіх ён некалі называў вельмі коратка — жулікі. Ён прыпадняў бровы, нахмурыў лоб і пачаў спяваць адзіную песню, якую ведаў — псеўдазладзейскую, або, хутчэй, псеўдатурэмную:

Сяджу я ў цямніцы,
Сяджу у астрогу,
Ліхія жаўнеры ўзялі у аблогу.

Зладзеі і прастытуткі вельмі любяць песні пра людскую нядолю. Яны будуць слухаць нават самае нізкапробнае і вельмі лёгка расчульваюцца. Таму і песня Грамадзяніна, зрэшты, вядомая ім, насуперак ягоным чаканням не выклікала смеху. Усе слухалі яе ахвотна, а некалькі галасоў нават падцягнулі прыпеў:

Прапаў я, хлапчына,
Загінуў за кратамі.
І год за гадочкам
Лічу як пракляты.

Твары прысутных, асабліва вочы, цалкам змяніліся, зрабіліся мяккімі, летуценнымі, дзіцячымі. А Грамадзянін, агаломшаны прыхільнасцю, спяваў усё лепей, а прысутныя слухалі яго ўважліва, часам падхопліваючы спеў.

Калі гэтая песня скончылася, спяваць пачаў Казік Марэцкі. Ён завёў вядомую ў нізах грамадства песню «Яблычак», якую спарадзіла рэвалюцыя і якая стала надзвычай папулярнай у турмах, сярод вязняў. Гэтую песню савецкія ўлады пачалі пераследаваць, бо яна ўсё больш рабілася сатырай на бальшавіцкі лад і яго заганы. З кожным разам песня гэтая ўзбагачалася новымі куплетамі, якія прыдумляліся нечакана, плылі з вуснаў у вусны і гучалі па ўсёй Расеі.

Эх, яблычак, кубы коцішся?
Ад чэкістаў ты не вароцішся.

Казік спяваў:

Эх, яблычак, бы залаты.
А камісары — сучыны сыны.
Эх, яблычак, маладзенькі,
А жыццё ў жыгана[24] — не пячэнькі.

І гучалі, плылі ў паветры ўсё новыя радкі гэтай песні, якая распавядала пра цяжкую долю злодзея. Песня нібы скардзілася, а яе словы стукаліся аб брудныя сцены і заміралі ў кутах.

— Ведаеце што, пане Аляксандр, — звярнуўся да Барана Грамадзянін. — Гэта незвычайная рэч! Ваш інтэрнацыянал… Так… Гэта інтэрнацыянал абяздоленых людзей, бедных, няшчасных, як вы… як я… усіх абдзеленых, пакінутых без спадчыны… усё адно калі, дзе і ў якіх абставінах… Гэта гімн і пратэст тых, у каго забралі магчымасць жыць, а за тое, што яны асмельваюцца змагацца за сваё існаванне, іх назвалі злачынцамі.

Грамадзянін схапіў далонь Барана і моцна яе сціснуў, а з вачэй у яго паляцелі слёзы… Здзіўлены Баран глядзеў яму ў твар і хмурыўся… Ён намагаўся зразумець гэтага фраера, якому беднасць толькі на старасці гадоў расплюшчыла вочы і паказала жыццё такім, якое яно ёсць сапраўды… і праўдзівыя абліччы людзей.

Эх, яблычак, сэрца баліць,
А бядак малады у турме сядзіць.

5

ГІСТОРЫЯ АДНАГО КРАДЗЯЖУ І ДЗВЮХ ПАРАЎ ДАМСКІХ ТУФЛІКАЎ

Працаўнік цыркульнага салону «Кармэн», размешчанага на вуліцы Каломенскай, не маючы чым заняцца, стаяў у адчыненых дзвярах цырульні і, падстаўляючы бакі сонцу, разглядаў мінакоў і адначасова марыў. Яму мроіўся ўласны салон першай катэгорыі для мужчынаў і дам на вуліцы Губернатарскай ці прынамсі недзе пасярэдзіне Захар’еўскай. І каб туды прыходзіла шмат чыстых і шчодрых кліентаў. Цырульня, натуральна, была б абсталяваная паводле амерыканскага ўзору. Шыкоўныя крэслы, абабітыя скурай, як фатэлі ў зубных дактароў. Люстры на ўсе сцены. Усюды нікель, шкло і мармур… Ягоныя мары перарвала цікаўнасць да двух паноў, якія падышлі да дзвярэй насупраць паліцэйскага кааператыву. Абодва мужчыны былі прыстойна апранутыя і выглядалі вельмі салідна. Адзін з іх адамкнуў ключом (цырульнік не мог бачыць, што той зрабіў гэта адмычкай) дзверы і жэстам рукі запрасіў свайго спадарожніка ўнутр. Разам яны зніклі ўсярэдзіне і прычынілі за сабой дзверы. Цырульнік больш нічога не пабачыў, бо ў салон уціснуўся кліент. Ён акурат быў антыподам «чыстых наведнікаў» з мараў цырульніка. Брудныя валасы старчма стаялі ў яго на галаве, а ва ўскудлачанай барадзе тапырыліся рудыя валасы, цвёрдыя, як стальныя пруты.

вернуться

23

Паток — воз.

вернуться

24

Жыган — злодзей.

19
{"b":"647782","o":1}