— Дзверы зачыняй! — кінуў яму ад стала Янка Залаты Зуб.
— Ён удома не меў дзвярэй, — сур'ёзна прабубнеў Філіп Лысы.
— А куды яны падзеліся? — падняў угору бровы Янка Залаты Зуб.
— Карова языком злізала… бо яны з саломы былі, — абвясціў Філіп.
Але новы госць, зусім не звяртаючы ўвагі на кепікі, пасвістваючы, прывітаўся з прысутнымі і свабодна размясціўся на крэсле, неяк міла і як бы крыху іранічна ўсміхаючыся. Гэта быў Пэт. Больш дакладна — паэт, але нехта, звяртаючыся да яго, згубіў гук «а», так і засталося. Злодзеі назвалі яго паэтам, бо ён вельмі любіў гаварыць у рыфму. Вось і цяпер, усеўшыся каля стала і, відаць, маючы на ўвазе ранейшыя насмешкі, ён прамовіў:
— За сталом сядзяць і сто слоў сіпяць.
— Ці бачыў ты кітайскага паэта? — запытаў у Янкі Філіп Лысы.
Той паціснуў плячыма.
— У Кітаі малююць паэта заўсёды вярхом на свінні, — не даваў спакою Пэту Філіп Лысы.
Пэт не пакрыўдзіўся і сказаў у адказ:
— Усё правільна! На свінні едзе, мае рысу місу, а свіння лыса.
Усе зарагаталі, зразумеўшы намёк на Філіпа. А Гліст гучна вытаптаў:
— Усё ў рыфму. Увесь час складна.
— Бо гаварыць я ўмею вельмі ладна, — працягваў Пэт.
Яны выпівалі вельмі ўмерана. Янка Залаты Зуб, робячы тэатральныя жэсты і міны, расказваў Прафесару пра нейкую сваю незвычайную работу. Прафесар прыкідваўся, што ўважліва слухае, а сам думаў пра нешта іншае.
— …Ну, разумееш, прыходжу туды і ломікам распорваю дзверы. Уваходжу: па-ла-а-ац!.. Адзін бліт[21]... Срэбра не бяру: цяжка несці! Толькі бліт і шкельцы[22]… На шэсцьсот тысячаў усяго было. Ледзь я вынес… Так, братка, жылося. Чалавек не дбаў пра верх паліто — ён мог быць за пяцьдзясят рублёў, але падшыўка царская, за пяць тысячаў… Так…
Баран размаўляў з Казікам, а адным вухам слухаў Янкаву балбатню. Яго раздражняла, калі з камара каня рабілі, пагатоў гэта дазваляў сабе не шпанюга, а салідны злодзей, і ўцюхваў не фраеру, а таксама блатному. Калі Янка гаварыў пра пяць тысячаў за падшыўку паліто, то моцна перасалоджваў рэчаіснасць.
Неспадзявана ўвагу ўсіх прысутных прыцягнуў Гліст. Ён не звяртаўся ні да каго канкрэтна. Гаварыў, як звычайна, ціха і таямніча:
— Ведаеце, хлопцы, што мне прыснілася?.. Што курыца знесла яйка… Адышлася, глядзіць на яго і аблізваецца… Што б гэта значыла?
— Глупства, — вывеў Філіп Лысы.
— Сапраўднае глупства, — пацвердзіў Прафесар. — Бязглуздзіца і заалагічная немагчымасць.
Усе замаўкаюць і са схаваным захапленнем глядзяць на Прафесара. А той нацягнуў сціпленькі выраз твару: «Гэта яшчэ нічога. Пачакайце, я вам лепей загну».
— Добрае ў цябе логава? — запытаў Баран у Казіка.
— Не вельмі. Весела там, але неспакойна. Дзіва, што не хапануць усіх… Прыходжу я ўчора: грамафон раве, бутэлькі звіняць, печаная гусь на стале, па ложку Марыся свае граблі разваліла… Рай! Але калі так жыць, то раз-два — і павяжуць.
Баран хвіліну нешта абдумаваў, а потым сказаў:
— Хочаш, то дам табе іншую хованку. Там будзе і выгодна, і спакойна.
Ён меў на ўвазе сваю нядаўнюю кватэру ў Кацярыны Сперды.
— Дай пяць! — узрадаваўся Казік, працягваючы далонь.
Яны парукаліся.
— Маеш якія рэчы?
— Ёсць троху барахла.
— Я пашлю па іх Грамадзяніна. Ён мігам падскочыць. А потым пойдзем разам на Камароўку.
Баран выйшаў з пакою і знайшоў Цыпу. Загадаў ёй паклікаць Грамадзяніна. Гэта быў дэкласаваны інтэлігент. Некалі ён меў у Арле ўласную камяніцу і нейкі заводзік. Адтуль даў драпака ад бальшавікоў. У Менску ён пачаў круціцца сярод падазроных асобін. Пасярэднічаў на рынку ў продажы розных рэчаў. Пісаў злодзеям заявы і лісты. Урэшце прывык да іх і палюбіў. Яго заўсёды можна было знайсці на Нізкім рынку або ў бліжэйшых прытонах. Злодзеі адчувалі да яго пагарду як да шпагата, але сваімі добрымі манерамі ды ветлівасцю ён выклікаў і павагу. Часам з яго пакеплівалі, але ніколі не крыўдзілі.
Свет злачынцаў, у якім нечакана апынуўся Грамадзянін, яго спачатку напалохаў, але потым надзвычай зацікавіў. Ён зразумеў, што ў гэтым асяроддзі кіруюць крыху хаатычныя, але прадуманыя законы. Яму стала ясна, што ў ліхадзеяў існуе ўласная этыка, правілы, якіх нельга парушыць беспакарана; тут свае правы, традыцыі і звычаі. Ён знайшоў сярод злачынцаў шмат адметных людзей, арыгіналаў, якія мелі моцную волю і выбітныя здольнасці. Яго ўражвала тое, што яны, звычайна неадукаваныя і з амаль дзіцячымі ўяўленнямі пра тэарэтычныя навукі, былі ледзь не геніямі ў практыцы. Напрыклад, амаль беспамылкова маглі ацаніць любую асобу ў натоўпе. Іхныя вочы вычэплівалі адтуль шпіцля, бандыта, фраера… Гэта выглядала так, нібыта кожны чалавек меў у іх прылеплены цэтлік, які акрэсліваў ягоныя ўнутраныя ўласцівасці… і месца ў грамадстве. Спрыт злодзеяў (гаворка пра салідных злачынцаў, фірмовых, а не пра нікчэмных хапуноў і дылетантаў), іхняя хуткасць у працы і прыняцці рашэнняў ашаламлялі яго… Іх фанфаронства і самахвальства аднаго перад адным былі забаўнымі і хутчэй прываблівалі, чымся знеахвочвалі. Вялікае захапленне выклікала ў яго вернасць слову. Ён не ведаў выпадку, калі б злодзей (яшчэ раз зазначу — пародзісты) падвёў, не выканаў абяцання, выказанага нават без адмысловых закляццяў, як у грамадстве сумленных людзей. «Клянуся», — часта ляціць у паветра і, прагучаўшы, амаль адразу знікае. Слова злодзея мела для яго абсалютную каштоўнасць, бо яно ні разу яго не падвяло… Злодзеі часта з яго жартавалі, але гэта яго не абражала. Ён толькі распазнаў у іх незнарок вялікіх, шчодрых, добрых дзяцей, якія толькі таму сталі злачынцамі, што — найчасцей — былі занадта добрыя, шчырыя, адважныя, каб утульна пачувацца ў статку, каб не ўзбунтавацца, не пайсці ўласнай, хоць і рызыкоўнай сцежкай.
Паклікалі Грамадзяніна (яго знайшоў адзін са шматлікіх сыноў Цыпы; менавіта яны чуйна трымалі варту на вуліцы, і нішто не магло схавацца ад іхных вачэй). Грамадзянін увайшоў у памяшканне, адной рукой папраўляючы жахліва брудны і змяты каўнерык, а другой закручваючы вус. Яму было ўжо добра за пяцьдзясят. Ягоны твар быў з арыстакратычнымі рысамі, але разам з тым тыповы для п’яніцы. Ён павітаўся з усімі кіўком галавы, а Барану падаў руку.
— А што пан мае для мяне новага?
— Зараз скажу, — прамовіў Баран. — Махані, пане, сабе для разагрэву.
Калі Грамадзянін выпіў, Баран даў яму грошы, каб наняць фурманку, і загадаў забраць і прывезці сюды рэчы Казіка Марацкага.
Баран піў, размаўляў, слухаў жарты калегаў, але ягоныя думкі бесперастанку вярталіся да Паўлінкі. Нарастала ў ім, выбівалася з цёмных куткоў жыцця каханне да дзяўчыны, пачуццё, якога ён дагэтуль не зведаў, хоць меў шмат палюбоўніц. Сярод іх былі і выдры, ласыя на грошы, а былі і бескарыслівыя. Ён браў іх рэзка, амаль абыякава, часта з пагардай, але не кахаў аніводнай. Калі яму даводзілася чуць гісторыі пра палкае каханне, што нехта там ашалеў ад пачуццяў ці атруціўся, то Баран шчыра гэтаму дзівіўся і паблажліва ўсміхаўся. Ён лічыў гэта дурноццем, перабольшаннем альбо своеасаблівай «малахольнасцю». Цяпер і яго гэта закранула. Неспадзеўкі, напоўніцу — як гарачка.
Казік Марацкі, які ведаў Барана шмат гадоў, заўважыў што прыяцель надзіва сумны і няўважлівы.
— А што ты такі, як лімон укусіўшы?.. Нос звесіў?.. Га?..
— Галава баліць, — адказаў Баран.
— І я, халера, хварэю, — прызнаўся Казік. — Згаладаў у Вільні ў кічы. Ужо думаў, што дам дуба… Калі б распрануўся, то адныя косткі.
— Тут адрамантуешся, — кінуў збоку Філіп.
— Акрыяеш, як чорт на жуках у траўні, — дадаў Янка Залаты Зуб.
— З аднаго боку, гэта рацыя, а з другога — сітуацыя, — улез Пэт.
Прафесар, дзівачна дэфармуючы гумовы твар і рысуючы пальцамі ў паветры, расказваў Глісту пра свой арышт:
— Кажа мне: ты рэцывіліст і таму будзеш тэрмінова адданы пад нагляд паліцыі. А я да яго: вы не можаце быць такім нетактоўным.