«Спяць яшчэ», — падумаў Баран.
Ён пайшоў да Баляў. У яго душы яшчэ цеплілася дробная іскра надзеі, што пабачанае ім — няпраўда, якая яму толькі здалася. Ён спадзяваўся, што прыйдзе да Баляў і застане там Паўлінку. Але ў Баляў яе не было, а з размоваў — хоць і не пытаўся пра гэта ўпрост — ён зрабіў выснову, што і ўчора вечарам яна сюды не прыходзіла.
Вяртаўся Баран вуліцай Захар’еўскай. Дзверы цырульні цяпер былі адчыненыя насцеж. Над дзвярыма вісела шыльда: «Анатоль — мужчынскі цырульнік. Стрыжэ і голіць».
Алік перайшоў вуліцу па бруку і пераступіў парог цырульні. Толік нешта там прыбіраў, рыхтуючыся прымаць першых кліентаў. Баран усеўся ў фатэлі.
— Чаго жадаеце?
— Пагалі мяне, боўдзіла, — рэзка гыркнуў Баран.
Толік аслупянеў. Гэтак да яго звярталіся ўпершыню, але ён паслухмяна ўзяўся за працу. Калі цырульнік скончыў галіць, Баран сур’ёзна запытаў у яго:
— А ў цябе ёсць пальчаткі?
— Пальчаткі ёсць… А навошта яны вам, пане… граф?..
— Нарэшце ты пазнаў мяне, падлюга! Давай сюды пальчаткі!
Толік спешна прынёс пальчаткі з іншага пакою і падаў іх Барану. Алік узяў адну з іх і з усяго размаху пляснуў ёю па Толікавым твары. Цырульнік пазелянеў і ледзь не прысеў на падлогу.
— Але што здарылася?!. Што я пану графу зрабіў?
Баран пацягнуў левай рукой за каўнер яго кашулі:
— Ты тут голасу не павышай і не пішчы, бо я цябе заб’ю! Зразумеў? Калі хочаш жыць, то маўчы!.. Я табе, паскуда, Паўлінку з галавы выб’ю… Здымі гэты пярсцёнак з рукі, недарэка…
Цырульнік хутка аддаў персцень Барану.
— Яна сама сюды прыпаўзае! — енчыў Голік. — Пане, даражэнькі! Не пушчу яе больш нават на парог! Аніяк адчапіцца ад яе не мог!
— Я вас ужо паадчэпліваю! — упэўнена адказаў Баран.
Праз некалькі хвілінаў Баран выйшаў з цырульні, якая адразу ж зачынілася. Яна не працавала шмат дзён. Ажно да той пары, пакуль Толік не загаіў сваіх ранаў і пакуль з яго твару не сыцілі сінякі і апухласць.
Паўлінка рана вярнулася дадому. Беспарадак у майстэрні яе моцна здзівіў.
«Пілі тут, мусіць, паскуды, — падумала яна са злосцю. — Не буду прыбіраць, хай іх халера!»
На ложку Барана сядзеў і бурчэў сабака, ажно захлынаючыся ад раздражнення. Паўлінка пайшла ў свой пакой.
Неўзабаве з’явіўся Баран. Паўлінка, злая і надзьмутая, выйшла яго спаткаць. Баран уважліва да яе прыглядаўся, стоячы на парозе. На выгляд ён быў абсалютна спакойны. Паўлінка ж закрычала:
— Што ты тут нарабіў? Цэлы бардэль? Га? А мне прыбіраць? Я табе тут служанка?
Баран зрабіў пару крокаў у яе бок і пачаў усміхацца.
— Кажаш: бардэль зрабіў?.. Ці ты мне зубы замаўляеш, ці за дурня маеш? А можа, гэта ты бардэль мне тут зладзіла? Га?
Паўлінка збялела. Яна ўсвядоміла, што Баран нешта пра яе пранюхаў, але хацела авалодаць сітуацыяй, пайшоўшы ў нахабны наступ:
— Я раблю, што хачу, злодзей ты бязмозглы! Ты павінен мне ногі цалаваць, што я цябе ў турму не здала. Бо я ж ведаю, які з цябе шавец!
— Ага, то ты з гэтага канца пачынаеш! — рыкнуў Баран і падскочыў наперад.
У адно імгненне ён заціснуў рукою Паўлінчын рот, закруціў каханцы руку за спіну і кінуў яе на ложак. Мілы таксама кінуўся на жанчыну і ўшчаперыўся зубамі за яе плячо. Баран адпусціў Паўлінку. Ён схапіў Мілага, адарваў яго ад каханкі і выкінуў за дзверы. Паўлінку паралізаваў жах. Яна не крычала і не ўцякала. Яна толькі ўстала з ложка і, хістаючыся, падышла да дзвярэй у свой пакой, шукаючы рукою за плячыма дзвярную ручку. Ад нервовага напружання Паўця ніяк не магла яе намацаць, а баялася таксама павярнуцца спінаю да Барана.
Збялелы Алік, здавалася, цалкам спакойны, падышоў да яе і ўзяў за руку. Ён вывеў яе на сярэдзіну пакою і, гледзячы ёй у вочы, пачаў ціха гаварыць:
— То ты кажаш, што я злодзей!.. А ці ты ведаеш, што злодзеем мяне зрабілі такія, як ты?.. Ці ты ведаеш, што я для цябе краду!.. Паліцыяй мяне страшыш!.. Добра ж ты падумала… Разумна!..
Адыходзячы назад, Баран схапіў з варштата востры шавецкі нож. Вочы Паўлінкі палезлі на лоб ад жаху, губы зрабіліся белымі… Свабоднай рукой яна прыкрывала то горла, то грудзі… Ейны голас перамяніўся ў хрыплівы шэпт:
— Алічак!.. Алік даражэнькі!.. Пабойся Бога!.. Алічак!.. Ніколі нічога…
Баран яе перапыніў:
— Табе мала золата і сытага жыцця!.. Мала… Усё толькі для цябе… Усё… Дык бяры яшчэ маю кроў!.. Бяры!.. Пі!..
Баран адпусціў Паўлінку, якая, ледзь трымаючыся на нагах, засланіла далонямі твар. Ён жа глыбока ўвагнаў нож сабе ў цягліцы каля левага локця. Пырснула кроў.
— Бяры!.. Пі!.. — крычаў Баран, схапіўшы правай рукой Паўлінку за шыю.
Другую руку з ранай, адкуль струменілася кроў, ён з усёй сілай прыціскаў да вуснаў Паўці.
Паўлінка самлела.
На ганку Мілы драпаўся пазурамі аб дзверы і скавытаў.
У кватэры Івацэвічаў Гэлька сядзела перад люстэркам і спявала, расчэсваючы валасы:
Эх, яблычак, сэрца баліць!
Месяц буду я свабодны
І гады ў астрогу гніць!
Працяг у рамане «Гляну я ў аконца...»
СЛОЎНІК
Блат — махлярства, крадзеж.
Блатаваць — красці, хітрыць. Зблатаваць — намовіць, угаварыць.
Блатны — злодзей, свой. На блат, па блаце — нелегальна.
Бліт — золата.
Гаер — прысяга.
Гаміра — гарэлка.
Гігант — злодзей, які працуе адразу ў некалькіх спецыяльнасцях.
Гінт — шпік, прадстаўнік тайнай паліцыі.
Жыган — злодзей.
Затырыць — схаваць.
Кабар — крадзеж з узломам праз сцяну, падлогу або столь.
Кіч — турма.
Маліна — зладзейскае логава, хованка.
Маруха — дзяўчына.
Мент — турэмны ахоўнік, (у аўтара таксама паліцыянт. — Заўв. перакладчыка).
Мортус — галеча, дрэнная матэрыяльная сітуацыя.
Мосер — шпік, выведнік.
Павук — крама.
Паток — воз.
Свечка — вартавы, чалавек, які папярэджваў пра небяспеку.
Скокер — кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (медзвяжатнік).
Строчнік — картачны шулер.
Трушчоба — зладзейскі прытон, маліна.
Туфцяра — базарны махляр.
Хеўра — банда, зладзейская кампанія.
Шабер — ломік з пляскатым загінам і цвікадзёрам на канцы; адна з асноўных зладзейскіх прыладаў.
Шантрапа — падонкі з прадмесцяў.
Шапенфельд, шоп — крадзеж у краме падчас купляння.
Шкельцы — каштоўныя камяні.
Шмара — жанчына.
Шмокты — крадзеныя рэчы.
Шніфер — кватэрны злодзей, які працуе ноччу.
Шпагат — інтэлігент.
Шухер — небяспека.
Шырмач — кішэнны злодзей, даліншчык.