— Што табе не падабалася? — Хурдзіч задаў пытанне дачцэ. — Чаму ты аднесла туфлі? Кажы…
— Усе падабалася… Але думаю, што гэта занадта вялікая заплата за маю вышыўку… Ну, і тата ж таксама…
— Вось жа ўжо дзе… Што табе тата… Далі табе за працу, то бяры… А яна, бач ты, глупствам займаецца!.. Бяры ды ідзі сабе… Глядзі там абед.
Барана і Хурдзіча паглынула супольная размова. Старому развязаўся язык, і ён штораз больш зычліва пачаў пазіраць на дзіўнага госця. Штохвіліну гучалі назвы галубіных пародаў: «А каштаны, пане! А спонсары! А вяленкі! А дублі, а верфелі, а перламутравыя, а мікалаеўскія, а светлыя вышыванцы». З веданнем справы яны абмяркоўвалі недахопы і перавагі розных галубіных пародаў. Расказвалі адзін аднаму розныя цікавыя выпадкі з жыцця галубоў і іхных гаспадароў. Урэшце Хурдзіч настолькі растаяў, што запрасіў Барана на абед. Баран згадзіўся з умовай, што ён ставіць гарэлку. Даў Юліку грошы, і той перуном даставіў дзве бутэлькі.
Хурдзіч рэдка піў, таму ўжо пасля першай пляшкі ў яго перад вачыма ўсё паплыло. Дзіўны госць усё больш яму падабаўся. Баран жа, падняўшы кілішак, раптам заявіў:
— Вашае здароўе, цесць!
Хурдзіч, нават брывом не павёўшы, адказаў:
— На здароўе, зяць!
Гэтак прамаўляючы адзін да аднаго, яны апаражнілі і другую пляшку. Пад вечар Баран сказаў Хурдзічу, што хоча пайсці з Паўкай у кіно. Тамаш не пярэчыў, а наадварот, паклікаў Паўку і сказаў:
— Пойдзеш з тым панам у кіно! Зразумела? І скажы яму дзякуй, што ён захацеў цябе ўзяць за жонку. Усё ясна?
Паўка не верыла сваім вушам. Яна і не ўзрадавалася, і не зажурылася. Яна сама не ведала, добра гэта ці блага. Баран падабаўся ёй сур’ёзнасцю, спрытам, які яна паспела заўважыць, і багаццем. Але ніякіх палкіх пачуццяў да яго яна не адчувала. Вядома, некалькі разоў яна раздумвала, каб выйсці замуж ды вызваліцца з-пад цвёрдай рукі бацькі, але дагэтуль яна не мела такой магчымасці. А цяпер словы бацькі пра замужжа падаліся ёй незвычайна далёкімі, нібыта датычылі некага іншага.
Баран узяў Паўлінку пад руку, і яны вырушылі разам у цэнтр гораду. Шарэла. Баран заўважыў, што дзяўчына цалкам паглыбілася ў свае думкі, і яго не слухае. Праз некаторы час ён звярнуўся да яе:
— Можа, вы пераймаецеся словамі бацькі? Дык не варта… Гэта я для вашага дабра… Калі не хочаце ісці за мяне замуж, то я і не буду гэтага дамагацца… Толькі вы мусіце мне самі пра гэта сказаць… Я хацеў толькі абараніць вас… Цяпер не думайце пра гэта, калі ласка…
Паўка з удзячнасцю паглядзела на Аліка і ўсміхнулася:
— То мы цяпер нібы заручоныя?
— Калі вам так падабаецца… Найлепш будзе, калі вы падумаеце і скажаце мне потым… Я гэта зрабіў для вас, але я ў стане ўсё адмяніць…
Паўка са здзіўленнем і павагай аднеслася да словаў Аліка. Упершыню ў жыцці яна спаткала чалавека, які б гэтак свабодна і адважна дачыняўся з ейным бацькам і нейкім невядомым чынам змушаў яго рабіць тое, што хацеў.
На падыходзе да кінатэатру Паўка заўважыла Юліка, які ішоў за імі.
— А ты чаго тут? — звярнулася яна да брата.
Юлік спачатку сумеўся, але хутка прыйшоў у сябе і сказаў:
— Я таксама хачу ў кіно.
— Марш дадому зараз жа!
На гэта Баран лагодна сказаў:
— А няхай троху пацешыцца хлапчына.
У той жа момант ён адлічыў малому грошы на квіток.
Паўка вельмі любіла прыгодніцкія фільмы, напрыклад, пра каўбояў, дэтэктываў, аферыстаў. Таму калі Баран запытаў, у які кінатэатр яна хоча пайсці, яна, не задумваючыся, адказала, што ў «Люкс». Там звычайна паказвалі ейныя ўлюбёныя стужкі. І сапраўды, сёння там дэманстравалі фільм пра жыццё медзвяжатніка, у якога закахалася адна багатая графіня. Злодзея ўрэшце схапілі і кінулі за краты, але графіня з дапамогай вялікіх грошай і сваіх сувязяў здолела вызваліць каханага. Тады медзвяжатнік у адказ за зробленае дабро абараніў сейф графінінага бацькі ад іншых злодзеяў. За гэта ўдзячныя бацькі графіні згадзіліся на яе шлюб з медзвяжатнікам, якому, акрамя рукі дачкі, аддалі ўсе свае грошы. Вяселле. Баль. Гарачы пацалунак. Канец.
Паўка ледзь не губляла прытомнасці ад эмоцыяў, захапляючыся смелымі ўчынкамі злодзея. Падчас самых вострых момантаў яна прытулялася да Аліка ад страху і хвалявання.
— А вы баіцеся злодзеяў? — шапнула дзяўчына яму на вуха.
Баран закашляўся.
— Не вельмі… А вы?!
— Страх як баюся!
Дадому яны вярталіся досыць позна. Юлік цягнуўся ззаду, таму яны размаўлялі пра няважнае. Баран развітаўся з Паўкай на ганку іхнага дому і пайшоў да сябе.
Назаўтра Юлік выбраў момант, калі бацька быў сам, і пачаў складаць яму рапарт пра паводзіны Паўкі цягам учорашняга дня. Хурдзіч не надта ўважліва слухаў сына.
— А ў кіне яны сабе сядзелі і глядзелі. Паўка сядзела злева, а шавец…
— Пан, а не шавец! — груба перапыніў сына Тамаш.
— …А пан справа… А потым, калі было цёмна, то пан паклаў Паўцы руку на калена. Пэўна, хацеў… — голас Юліка раптам абарваўся, а хлопец шматзначна захіхікаў.
Але вынік ягонай справаздачы быў неспадзяваны. Юлік адчуў жалезныя бацькавы пальцы на сваім вуху. Другая ж рука Хурдзіча пачала біць хлопца з тылу ніжэй пояса. Юлік крычаў, плакаў, заклінаў, што больш не будзе, хоць і так дакладна не ведаў, што гэтак раззлавала бацьку. Але нічога не дапамагло. Ён атрымаў напоўніцу.
Гэтак скончылася разведчыцкая місія Юліка. Новая шапка адляцела цяпер кудысьці ў краіну мараў.
7
ТРЫ НАСТАЎНІКІ І АДНА НАСТАЎНІЦА ЯСЯ НАЦЭВІЧА
Філіп Жардонь быў старым халасцяком. Калі яго нехта пытаў, чаму ён не ажаніўся, то Філіп сур’ёзна адказваў:
— Не паспеў. Гэта па-першае. А па-другое, не знайшоў адпаведнай жанчыны. Кахаў я не раз. І то як! Але пакуль там да нечага дайшло, то і любоў ужо чэрці пабралі. Глянеш на жанчыну — мілата! Жыццё б за яе аддаў. Прыгледзішся лепей — нешта нос не надта таго. Ну, і ногі маглі б быць лепшыя. І тут дэфект, і там не ўсё гладка. А тым часам іншая падвернецца. То я і думаю сабе: ці я дурны, каб усё жыццё ў адну морду ўглядацца. Вядома, што піражок салодкі. Але калі пачнеш есці адныя піражкі, то праз тыдзень будзеш выць: хлеба дайце! Найлепей то ў магаметанаў ці там у іншых туркаў: падабаецца кабета — давай яе сюды! Спадабалася іншая — бяры таксама, калі ласка. А тут пасадзіш сабе бабу на карак і цягні яе ўсё жыццё. Навокал поўна кветак, а ты крапіву нюхай. Так я і застаўся нежанатым… І абыдуся… Няма дурных…
На Залатой Горцы Жардоня ведалі амаль усе. Ён меў мянушку Бусел Капыльскі. Буслам яго называлі праз высокі рост і смешную важнасць, з якой крочыў па вуліцы, а Капыльскім — ад назвы мястэчка Капыль, адкуль ён быў родам. Менавіта Філіп Жардонь быў першым настаўнікам свайго пляменніка Яся Нацэвіча. Філіп быў першы, хто пачаў вучыць хлопца жыццю і выкладаць яму сваю філасофію. Жардонь любіў размаўляць з Ясем. Яму падабалася, з якой уважлівасцю хлопец слухаў ягоную балбатню. Ясеў дзядзька найбольш любіў расказваць пра розныя фантастычныя спосабы, як стаць багатым, напрыклад, з дапамогай д’ябла, якога можна пазней ашукаць. Яшчэ адна з ягоных любімых тэмаў — гэта жанчыны. Дзядзька пачуваўся абавязаным адукоўваць хлопца ў гэтым пытанні. Акрамя гэтага, такая навука прыносіла яму некаторае задавальненне, бо тады дзядзька пачуваўся важным і дасведчаным. Часамі ён разыходзіўся і перакрочваў пэўную мяжу. Зразумеўшы гэта, спыняўся і толькі шматзначна дадаваў:
— Вось, хутка і сам усё пабачыш… Не будзь тады лайдаком… Памятай, што табе дзядзька Філіп казаў.
Аднойчы Ясь пайшоў з дзядзькам на базар на Траецкую гару. Дзядзька меў на продаж пяць параў ботаў з халявамі. Жардонь разбіраўся ў абутку, бо сам вырабляў халявы ды меў шмат знаёмых сярод шаўцоў. Гэтыя знаёмствы дазвалялі яму танна пашыць боты з самай тандэтнай скуры ды потым выгадна іх прадаць на рынку. Звычайна ж ён, аднак, скупляў старыя боты, туфлі і чаравікі, сам іх рамантаваў, а потым выстаўляў на продаж, часта зарабляючы нават у тры разы больш, чым выдаткаваў.