— А яна яшчэ не таго?..
Баран не закончыў думкі, але Стась ураз яго зразумеў.
— Не… яшчэ не замужняя… Матрыманіяльна вольная… Паненка — кроў з малаком… Як гэта гаворыцца па-габрэйску: пераходжаная, але гіт.
Баран раней, чым звычайна, развітаўся са Стасем. Ён меў надзею, што яшчэ раз пабачыць праз акно Паўлінку, але ўдома ў наглядчыка было ўжо цёмна. «Пэўна, пайшла дахаты».
Алік выйшаў на вуліцу.
У ягонай галаве шумела ад выпітай гарэлкі, а адначасна ўнутры пасяліліся нейкая дзіўная трывога і сум. Ён ішоў за вачыма, не ведаючы напрамку, не заўважаючы ні дарогі, ні мінакоў, без канкрэтнай думкі ў галаве, без мэты. А наўкол абуджалася жыццё. У раўчуках струменіліся цэлыя ручаі вады. З дахаў спаўзлі цяжкія гурбы снегу. Вясна была ў разгары. П’яная зямля ўтрапёна дыхала, а паветра дурманіла, як віно.
Баран позна вярнуўся дахаты. Кацярына Сперда, уладальніца двух дамкоў, у кожным з якіх было па дзве кватэры, доўга чакала яго, прыгатаваўшы вячэру. «Можа, яго павязалі?» — думала яна з неспакоем і пільна прыслухоўвалася да крокаў мінакоў, якія зрэдку брылі Бондараўскім завулкам.
Кацярыне было каля пяцідзесяці гадоў, але яна была здаровая, моцная і добра выглядала. Кабеціна часта мяняла палюбоўнікаў — пераважна блатных — і сама не трымала на іх зла, калі яны яе кідалі. З Бараном яна жыла другі месяц. Злодзей пасяліўся ў яе амаль адразу, як толькі з’явіўся ў горадзе. Абое былі сабою задаволеныя. Баран меў тут спакой і бяспеку, якія рэдка бываюць у зладзейскіх логавішчах. А Кацярына мела ў якасці каханка аўтарытэтнага злодзея, які быў ахайны, добра апранаўся, ніколі не лаяўся і заўсёды быў надзіва сур’ёзны. «Граф дый годзе», — думала пра яго Сперда.
Калі Баран нарэшце вярнуўся дадому, Кацярына прапанавала яму падсілкавацца. Ён адмовіўся. Выпіў толькі шклянку малака і адразу ж пайшоў спаць. Лежачы ў ложку, ён запаліў цыгарэту. А Кацярына замкнула дзверы на засаўку і пачала распранацца. Седзячы на ложку, яна доўга здымала панчохі, выставіўшы мажныя белыя калені (выпрабаваны ўзбуджальны сродак). Але Баран зусім не звяртаў на яе ўвагі.
— Вясна адчуваецца, — далікатна зачапіла яго Кася, спускаючы левую нагу з ложка і ссоўваючы панчоху з правага калена.
— Угым, — буркнуў у адказ Баран, гледзячы некуды ў столь.
Кася ўздыхнула: «Можа, стомлены». Потым яна задзьмула агонь у лямпе і палезла спаць на прыпечак. Кабеціна любіла цяпло, а печка была так добра напаленая, што шкода было не скарыстацца.
Баран паліў цыгарэты і доўга варочаўся з боку на бок. Увесь час перад яго вачыма стаяла дзяўчына, якая нібы выплыла са святла ў кватэры вартаўніка Уладзя Зайца. Яна была неверагодна прыгожай, так соладка ўсміхалася. Так цудоўна свяціліся ейныя вочы. А твар быў такі мілы ды румяны. Такія вабныя былі ейныя плечы, ногі, шыя. Такая зграбная фігура. Такія пышныя ды густыя валасы… А яе срэбны смех змушаў ягонае сэрца біцца мацней і падганяў да твару хвалю крыві.
— Пава… Паўка… Паўлінка… — прашаптаў Баран у цемры і ўсміхнуўся.
А пасля зноў запаліў цыгарэту.
Гэта быў дзіўны стан… Дагэтуль невядомы Аліку: салодкі і трывожны…
А можа, гэта ўсё ўчыніла вясна. Чароўная, магутная, шалёная пара года, якая не глядзіць, ці гэта сэрца князя, ці злодзея, ці звычайнага чалавека. Для яе існуюць толькі людзі, якія падначальваюцца аднолькавым законам Прыроды і якія ўсе аднолькава слабыя ў параўнанні з ёю. Таму яна любіць сваволіць з людзьмі, бо яна заўжды маладая і прагне весяліцца ды забаўляцца.
2
МАЙСТАР АДМЫЧКІ ПАКАЗВАЕ СЯБЕ ЯК АДМЫСЛОЎЦА ШАВЕЦКАЙ СПРАВЫ
На вялікім занядбаным падворку гулялі дзеці: тры хлопцы ва ўзросце ад дзевяці да дванаццаці гадоў і дзве дзяўчынкі. А за дзецьмі весела ганяўся чорны дварняк, якому было некалькі месяцаў. Ягонае сабачае сэрца разрывалася ад радасці і жадання выказаць адданасць вось гэтым таварышам у забавах. Шчанюк не меў гаспадара, быў нічыйны. Невядома, адкуль ён узяўся на гэтым падворку і чаму тут застаўся. Можа, шчанюк затрымаўся тут таму, што шукаў сабе гаспадара, без якога ніводзін сабака не шчаслівы. Ён мае ўнутраную патрэбу некаму належаць, прагне мець свайго гаспадара, каб яго любіць і… абараняць. Нічога страшнага, калі гаспадар будзе марыць яго голадам, біць, але часам, магчыма, і пагладзіць.
Жыхары дому, якія прывыклі да прысутнасці сабачкі ў двары, назвалі яго Жуком. Калі-нікалі яму кідалі костку або хлебную скарынку. Часамі жывёліну падкідвалі нагой, але гэта ўжо быў свой сабака, зычлівы да ўсіх, заўсёды вясёлы, які вылузваўся са скуры, каб хоць неяк дагадзіць.
Дзеці дакучалі яму неміласэрна. Ён не раз вішчаў і скавытаў будучы аб’ектам вельмі балючых эксперыментаў. Але праз імгненне ўсё забывалася, і Жук ужо весела бегаў разам з шумнай ватагай, скачучы і пабрэхваючы.
Дзеці добрыя. Дзеці — будучыня кожнага народу. Але няшмат трэба здольнасцяў, каб заўважыць, што асноўная прыкмета дзіцячага характару — гэта бязлітаснасць, а другая — эгаізм. Толькі выхаванне лагодзіць у іх гэтыя бакі характару, якія крыху прыгасаюць і… дрэмлюць.
У той дзень дзеці былі асабліва вясёлыя і вынаходлівыя ў прыдумках. Яшчэ хвіліну таму яны гулялі на вуліцы. Забава была для іх нязвыкла пацешнай. У нішы наступнай брамы сядзеў сляпы старэнькі дзядок. Гэта быў жабрак, які паклаў перад сабою на ходніку шапку і чакаў міласціны ад мінакоў. Калі нехта кідаў манету, жабрак, гучна чытаючы малітвы, забіраў грошы з шапкі ды хаваў іх. Дзеці ж прывязалі нітку да вялікага латуннага гузіка і, па чарзе праходзячы каля дзядка, стараліся кінуць гузік у шапку, а пазней тузалі за нітку, каб вырваць гузік назад.
Калі дзеці зрабілі гэта першы раз, старэнькі доўга марна шукаў рукою манету ў шапцы. Дзеці, стоячы на некалькі крокаў далей, душыліся ад смеху, назіраючы за ягонымі высілкамі і збянтэжанасцю. З тым жа вынікам яны паўтарылі блазноту. А калі і трэці раз жабрак не знайшоў у шапцы ўкінутай манеты, то зразумеў, што нехта з яго здзекуецца. Дзядок прысунуў бліжэй да сябе кій і чакаў. Дзеці заўважылі гэта і перасталі забаўляцца. Ходнікам акурат ішла нейкая пані. Пабачыўшы жабрака, яна дастала з кашалька манету і кінула яе ў шапку Яе ахапіў жах, калі замест чаканага блаславення яе напаткаў моцны ўдар кія. Жанчына залямантавала:
— Ах ты, лайдак! П’янтосіна!
Здарыўся скандал. Дзяцей страшна пацешыў гэты выпадак, і яны доўга смяяліся. Ім было нават цяжка супакоіцца. Кожны ўспамін выклікаў новую хвалю рогату.
Сабачка не адступаў ад дзяцей. Ён не разумеў іхных забаваў, але агульны настрой перадаўся і яму, таму ён весела брахаў, скакаў і гучна выражаў сваю радасць і шчанячае захапленне.
Раптам нехта з дзяцей прапанаваў пагуляць у шахцёраў… У адным закутку падворку быў стары закінуты калодзеж. Ім ужо даўно не карысталіся, паволі вада на доле зусім знікла. Засталося толькі крыху мулу, які час ад часу пасля дажджу рабіўся радзейшым. Дзеці назбіралі розных матузкоў і пачалі будаваць ліфт. Калі закончылі, узнікла пытанне: каго спускаць уніз?
— Жука, — сказала найстарэйшая дзяўчынка.
Рэшта дзяцей пагадзілася. Яны схапілі дварняка і пасадзілі ў скрынку, падвешаную на чатырох шнурках над калодзежам. Сабака быў крыху спалоханы, але бязмежны давер да людзей не дазваляў яму занадта рэзка пратэставаць. Натуральна, адчуўшы небяспеку, ён заскавытаў, пачаў лашчыцца — прасіў, каб яго адпусцілі. Але нішто не расчуліла ягоных уладароў. Дзеці пачалі апускаць ліфт уніз. Жук дрыжаў і прыціскаўся да дна скрынкі.
— А цяпер катастрофа! Ліфт абрываецца! — закамандаваў нехта з дзяцей.
Малыя адпусцілі вяроўкі, і скрынка, адбіваючыся ад няроўных сценаў калодзежа, са стукам паляцела ўніз. Праз хвіліну з долу калодзежа данеслася скуголенне сабакі. Дзеці зазіралі ўніз, але там было зусім цёмна і нічога нельга было разгледзець. Тады дзеці пачалі паліць паперу і кідаць яе ў калодзеж, каб прынамсі пры такім святле пабачыць вынік «катастрофы ў шахце». Папера згарала або гасла, не даляцеўшы да дна.
Сабака скалечыўся, зваліўшыся на дно калодзежа. Амаль цалкам ён сядзеў у муле. У роспачы ён уздрапаўся на скрынку, якая ўпала каля адной са сценаў студні. Ён углядаўся ўверх і бачыў увенчаныя галовамі дзяцей берагі калодзежа. Ён пачаў вішчаць, выць, молячы сваіх нядаўніх сяброў аб ратунку… Ён яшчэ верыў у людзей. Але безвынікова… Яго ахапіў страх, калі ўніз пачалі ляцець падпаленыя кавалкі паперы. Ён дрыжаў. Туліўся да вільготнай сцяны калодзежа. Аднак агонь не дабраўся да яго. Ён зноў пачаў упрошваць аб дапамозе, аб выратаванні… Яго добрае сабачае сэрцайка не магло зразумець таго, што адбылося. За што ж яго гэтак пакаралі? Ён жа іх так любіў. Ён так цешыўся і скакаў, калі іх бачыў. Ён стараўся адгадваць кожнае іхняе жаданне, быў ім гэтак верны.