Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Позным вечарам Баран выйшаў вузкім завулкам ля сінагогі на Лагойскі тракт. Ён рухаўся павольна, стараючыся не забрудзіць новых ботаў. Спыніўся ён каля вялізнай карчмы Шлемы Гоя, які займаўся непастаяннымі, але даволі папулярнымі сярод старазаконнага насельніцтва фургоннымі перавозамі з Менску ў Лагойск і Барысаў. Стась Рамізнік арандаваў у Шлемы малую стайню і невялікую кватэрку ў глыбіні падворку.

Баран пастаяў некаторы час перад брамай, потым зайшоў на двор, які тануў у балоце. Ён паволі пакрочыў наперад, арыентуючыся на святло, якое падала з акна старожкі.

Раптам на падворак даляцеў звонкі дзявочы смех. Гукі журчэлі і пераліваліся, нібы вада ў ручайку. А крыху пазней раздаўся нервовы жаночы голас:

— Перастань урэшце!.. Ведаеш жа, што я баюся казытання… Ой!..

І зноўку смех… Такі вясёлы, такі захапляльны, што і чужынцу нават цяжка было паўстрымацца ад усмешкі.

Баран прыпыніўся, і смех знік. Толькі чуваць было праз фортку, адчыненую ў акне старожкі, жаночую гамонку. Адзін голас быў ірваны, нібыта ягоная ўладальніца стрымлівалася, каб не зарагатаць. Другі голас быў нізкі і поўніўся раздражненнем.

Алік падкраўся да акна, якое толькі напалову было завешанае фіранкай. За ёй, на падаконні, стаялі вазоны з кветкамі. Алік зірнуў углыб пакою. Яго тыльную сцяну засланяла вялікая шырма. Яна мела пунсовы фон, на якім — у яскравым святле вялікай лямпы — блішчэлі залатыя матылі… Перад шырмай, насупраць люстэрка, кветкай расцвітала постаць дзяўчыны. Гэта была маладая пульхная бландзінка. Плечы ў яе былі голыя. А каля яе ступняў кленчыла іншая жанчына, нашмат старэйшая, імаверна, швачка. Бландзінка прымярала сукенку. Ейная адбітая ў люстры фігура была лёгкай і нерэальнай, быццам не з гэтага свету. Можа, такое ўражанне стварала блакітная сукенка, магчыма, люстэрка або яркае святло лямпы, а можа, кантраст з апранутай ва ўсё цёмнае швачкай? Хто ведае, ці не віной усяму былі лёгкія распушаныя валасы ды голыя плечы? Барану, які заглядзеўся на яе, аж заняло дыханне. Яму здавалася, што дзяўчына плыве ў паветры, блішчыць, як тыя залатыя матылі на шырме, і зараз знікне.

Зноў выбухнуў смех, які напоўніў цяплом грудзі Аліка і нібыта сціснуў ягонае сэрца. Неўзабаве раздаўся голас швачкі:

— Ну, не круціся, бо ўкалю…

— Дык і ты… не казычы…

Бландзінка, засланяючы далонню вочы ад святла, павярнулася ўлева і ўправа, назіраючы за сабой у люстры. Дзяўчына выстаўляла сцёгны, адсланяла зграбныя лыткі, любуючыся сваім адлюстраваннем. Калі б не люстэрка, што стаяла поруч, то выглядала б на тое, што яна наўмысна хваліцца сваёй прыгажосцю перад мужчынам за акном.

Баран доўга стаяў нерухома, а калі зноў раздаўся смех, уздрыгануўся і адышоў ад акна. Ссунуўшы на патыліцу шырокую шапку, ён працягла бяздумна ўсміхаўся. Ён стаяў доўга… Уздыхнуўшы, ён упэўнена рушыў, ужо не зважаючы на гразюку, у бок дому Стася Рамізніка.

У сур’ёзнасці і вучонасці Стася Рамізніка ніхто не сумняваўся. Гэтыя якасці найбольш падабаліся самым важным блатным, а Стась абы з кім зносінаў не падтрымліваў. Стась Рамізнік быў родам з Чанстаховы. Нейкі час ён быў злодзеем, але справа не спорылася: большасць часу ён сядзеў у турме, а не гуляў на свабодзе. Ён выехаў у Варшаву і там уладкаваўся вартаўніком і парцье ў змяшанай гімназіі, дзе разам вучыліся хлопцы і дзяўчаты. Дачыняючыся з педагогамі і вучнямі, ён пераняў ад іх мноства словаў ды ўжо сам стаў гаварыць мудрагеліста і напышліва — а гэта вельмі весяліла начальства і гімназістаў. Ён навучыўся нават чытаць, праблемы меў адно з пісьмом. Стась умеў пісаць толькі лічбы, ды і тое толькі арабскія. Праз нейкі час ён выехаў у Вільню. Тут ён зноў заняўся крадзяжамі, але неўзабаве трапіў у астрог. Там пазнаёміўся з Алікам Бараном, вядомым у Вільні злодзеем-медзвяжатнікам. Выйшаўшы на свабоду, Стась пакінуў Вільню і выехаў у Менск. Тут стаў працаваць рамізнікам, перавозіў пасажыраў у фурманцы. Нарэшце ажаніўся і асеў. Вядома, ён блатаваў і далей, але толькі з хвацкімі хлопцамі. Часам ён перавозіў крадзенае; у надзвычайных сітуацыях даваў прытулак багацейшым хлопцам; іншым разам ён мог і падказаць заданне, бо меў зладзейскае вока, а займаючыся цяпер перавозамі, шмат кантактаваў з людзьмі і заўважаў разнастайныя рэчы.

Баран застаў сябра ўдома.

— Што добрага чуваць? — спытаў Стась.

— Пазімак ужо… Так… — заўважыў Баран і махнуў рукою, нібы ўказваючы кірунак адыходу зімы.

Стась кіўнуў і глуха кашлянуў. Пасля доўга варушыў сківіцай і губамі, нібы рассмакоўваючы сліну ў роце. Нарэшце адкрыў рот. Але гаварыць пачаў не адразу, нібы чакаючы, што словы, якія захраслі недзе ў глыбіні чэрава, падыдуць крыху бліжэй. Тады захрыпеў глуха і таямніча:

— Ужо прабілася надвор’е… Прайшла ледзяная хваля… Цяпер пойдзе плынь афрыканскага паветра. — абвясціў Стась сур’ёзна і ўрачыста.

Баран невялікай мяцёлкай ачысціў боты ад гразі, а потым навёў глянец аксамітнай хусцінкай, якую заўсёды насіў у кішэні. Клопат пра абутак быў ягонага маніяй. Можа, ён атрымаў гэта ў спадчыну па маці, якая большую частку свайго кароткага жыцця правяла, глянцуючы чужыя чаравікі. Пасля гэтага расшпіліў фрэнч і дастаў вялікі пакунак бялізны. Кінуў на ложак. Стась і ягоная жонка Бронька, нізенькая, шчуплая, схуднелая жанчына, сталі перабіраць бялізну. Яна была новая і пашытая з добрага матэрыялу.

— Колькі табе заплаціць? — запытаў Стась.

— Нічога.

— Гэта троху не таго… — сказаў Стась. — Хіба вып’ем.

— Выпіць можна.

— Бронька, зганяй па гамізу! — загадаў Стась жонцы.

Калі кабета пакінула жытло, Стась, хаваючы бялізну ў куфар, сказаў:

— Заўтра скажу Броньцы, каб павыпорвала гэтыя патэнты… — Меў на ўвазе вышытыя на бялізне манаграмы. — У жыцці ўсё можа здарыцца.

— Правільна кажаш, — пацвердзіў Баран.

Калі вярнулася Бронька, прыяцелі ўселіся пры стале. Пілі яны памалу, закусваючы кілбасою і агуркамі. Жанчына таксама, прыкінуўшыся засаромленай, усё ж выпіла пару чарак. Стась зноўку закашляўся. Калі прыступ закончыўся, ён доўга перажоўваў макроту і цяжка дыхаў:

— Душыць мяне гэтая халера… дыхавіца… Гэта тое самае, што і раматус… Толькі раматус, то ён, падла, па костках лазіць, а гэтая навала болей пад сэрца напірае.

Праз нейкі час Баран, які заставаўся цвярозым, пастанавіў, што надышоў адпаведны момант, і запытаў Стася, які ўжо добра падпіў:

— Хто ў вас тут жыве насупраць?.. Што за яны?..

Гэтае пытанне ўжо даўно грэлася ў яго на языку, але чаму так доўга не наважваўся яго задаць і навошта так дыпламатычна падыходзіў здалёк, ён і сам не ведаў.

— Насупраць? — перапытаў Стась. — Насупраць жыве наглядчык. Пільнуе падлу ў Шлемы Гоя. Сочыць за парадкам на падворку, ну і агулам, значыцца, усю стайню даглядае. Зайцам ён завецца, бо яму па танцах у Серабранцы гіркай верхнюю губу разарвалі… Дый наагул морда ў яго антысеміцкая.

— А што там за шмары[6]?

— Што за шмары?.. Звычайныя шмары… Сёстры ягоныя, значыцца. Адну, напрыклад, Куртатай клічуць, бо ў яе ногі — як у цябе рукі: кароткія і крывыя. Яна таксама працуе ў Шлемы, даглядае кароў. А другая… старэйшая… цыбатая такая… Дык тая швачка… Бялізну і таму падобныя кальсоны вырабляе мануфактурным спосабам.

Стась зноў закашляўся, а ў якасці лекаў спажыў значную колькасць гарэлкі. З ягонага аповеду Баран зразумеў што тая дзяўчына, якую ён меў на ўвазе, не жыве ў наглядчыка. Калі рамізнік перастаў кашляць, Баран запытаў у яго:

— А прыходзіць сюды такая бландзінка? Маруха[7] ціп-топ. І са стану, і з твару нішто сабе.

Стась задумаўся:

— Дык гэта хіба Паўця… Такая шчакастая і на мордачцы троху каракулевая… Дробны такі каракуль, — ён паварушыў пальцамі каля лба, шчок і носа, назваўшы гэтак сляды ад воспы.

— Бадай, яна. Такая попельная бландзінка. Сукенку ў швачкі мерала.

— Яна і ёсць… Паўлінка, — сказаў Стась, свае словы пацвярджаючы ўдарам кулака ў калена, якое пры гэтым падскочыла ўгору. — Гэта нібыта іх нейкая сваячка, пляменніца. Дачка Нюры. А Нюра іх антычная, — пэўна, хацеў сказаць аўтэнтычная, — сястра… гэнага Уладзя Зайца, ну і Куртатай… Балі на іх яшчэ гавораць… Паўця тут часта гойсае. То майткі, то рэйтузы. Вядома, ёсць свая швачка. А дзеўка да ўбораў першая.

вернуться

6

Шмара — жанчына.

вернуться

7

Маруха — дзяўчына.

9
{"b":"647782","o":1}