Адзін з жыхароў, які здымаў у камяніцы кватэру, шмат разоў пабачыўшы, як Андзя спрытна насілася па сходах, назваў яе Вавёркай. І гэтая мянушка разляцелася па камяніцы. Ейнае сапраўднае імя забыліся: знікла Андзя, з’явілася Вавёрка, вось толькі ў дзявочым лёсе нічога не палепшылася. У сям’і чыноўніка дзяцей і працы станавілася ўсё больш, і на плечы Андзі паслядоўна і незаўважна перакладалі ўсё больш абавязкаў. «А дзе Вавёрка?.. Вавёрка гэта зробіць… Паклічце да мяне Вавёрку… Гэтая дзяўчына нязносная, яе ніколі няма, калі ёсць праца!» І Вавёрка мусіла штораз жвавей завіхацца ў цесных пакойчыках-клетках, штораз хутчэй скакаць уніз і ўверх па прыступках.
Андзя мела яшчэ адну забаву: яна вельмі любіла глянцаваць абутак для ўсёй сям’і. Гэтую працу яна выконвала рупліва, метадычна, можна сказаць, з глыбокай пашанай. Чысціла яна абутак вельмі рана, калі жыхары камяніцы яшчэ спалі, а на сходах панавала цішыня. Андзя сядала на верхнюю прыступку, ставіла вакол сябе абутак самага рознага фасону, стану і памеру ды пачынала працу. Дзяўчына чысціла яго няспешна, ахайна, з асалодай. Спачатку старанна адскрэбвала з чаравікаў бруд, потым чысціла цвёрдай шчоткай, затым намазвала ваксу тонкім слоем, потым… Потым, пасля некалькіх аперацыяў, выставіўшы абутак у рад па памеры, яна замілавана любавалася сваёй працай. Чаравікі блішчэлі надзвычайна, і здавалася нават, што з іх праменіла святло…
Андзя мела добрае сэрцайка і з усім абуткам абыходзілася аднолькава, хоць да ўладальнікаў некаторых параў адчувала цалкам апраўданую крыўду або нават нянавісць. Да адных чаравікаў яна мела сімпатыю, як да іх гаспадароў, з некаторымі парамі абыходзілася абыякава, да рэшты ставілася без імпэту, але ўвесь абутак без выключэння яна чысціла вельмі старанна. Калі б нехта незаўважна апынуўся побач, то пачуў бы дзіўныя прамовы:
— Ты зноў абдзёр сабе насок!.. Гаротнік!.. Колькі разоў я казала табе: будзь асцярожны, глядзі пад ногі… Але нічога, не пераймайся. Я ўсё папраўлю. Знаку не будзе, — прамаўляла Андзя да чаравічка аднаго з меншых дзяцей.
Гэтае малое скарыла Андзю сваёй весялосцю і тым, што не капрызіла.
— А ты, свіння, парваў шнурок! Што ты сабе думаеш, што ў мяне фабрыка шнуркоў?! Каб ты быў здаровенькі! Бадай цябе качкі затапталі! Можа, красці для цябе пайду?! Што?! — Андзя сварылася на чаравік гаспадыні, паўтараючы ейны стыль. Ад жонкі чыноўніка яна найбольш зведала пакутаў і менавіта ад яе рэгулярна атрымлівала сваю порцыю горычы.
— О, мая даражэнькая, гумка ў цябе аслабла… Зараз я яе мацней прыкручу… Вось так, бачыш, як добра цяпер, — звярталася Андзя да туфліка старэйшай дачкі, якую ў сям’і лічылі ненармальнай і якая, аднак, была вельмі прыязнай да Андзі.
У самым канцы Андзя чысціла і свой абутак. Гэтую справу яна рабіла з вялікай ахвотай і запалам, але пры гэтым ейны тварык, звычайна вельмі ўсмешлівы, хмурнеў. Яна ведала, што неўзабаве туфлікі будуць гэтак прыгожа блішчэць, што трэба будзе зменшыць іх зіхаценне, чаго яна рабіць вельмі не хацела. Але гаспадыня, аднойчы звярнуўшы ўвагу на прыгожы бляск туфляў Андзі, накрычала на яе:
— Ах ты, свіння, лафірында, я ваксы раздабыць не магу, а яна сабе гэтыя паскудныя капыты чысціць! Паглядзіце на яе, графіня знайшлася! Маё шанаванне! Бадай цябе качка!.. Каб я гэтага больш не бачыла.
З таго часу Андзя перад тым, як увайсці ў кватэру, стоячы перад дзвярыма, хукала ў далонь (каб зрабіць яе вільготнай), а потым праводзіла ёй некалькі разоў па туфліках, каб яны пацьмянелі. Калі ж яна зноў выходзіла на сходы, каб некуды выскачыць, то дбайна чысціла туфлікі падолам ліхой спаднічкі.
Калі надыходзіла ноч і ўся праца была скончаная, Андзя апошні раз у паўзмроку імчалася па сходах уніз. Яна збягала адным паверхам ніжэй, чымся звычайна, — у сутарэнне, дзе жыла ейная цётка, адзіная сваячка і апякунка Андзі. Цётчына апека заключалася ў тым, што яна пляменніцу біла, марыла голадам і прымушала Андзю, калі тая была яшчэ малая, выконваць дарослую працу. Калі Андзі споўнілася дзевяць, цётка аддала яе ў сям’ю чыноўніка працаваць малодшай пакаёўкай за ежу, вопратку і пару капейчын, якія сама ж і забірала. Пасля працы Андзя мусіла яшчэ дапамагаць цётцы, якая была прачкай. Таму дзяўчынка ніколі не мела вольнай хвілінкі.
Толькі ў сне Андзя жыла сама для сябе. Тады яна станавілася свабоднай і магла рабіць тое, што падабалася. Галоўную ролю ў ейных снах гралі сходы. Часам яны былі светлыя, чыстыя, і так прыемна было па іх лётаць. Іншым разам яны былі змрочныя, цёмныя, стромка вялі ўгору, у бясконцасць. Не раз дзяўчына падала з іх, кацілася ўніз і прачыналася задыханая, стомленая, з дрыготкім сэрцам у грудзях. Ёй таксама часта сніліся чаравікі. Іх была цэлая процьма. Часам яны паводзілі сябе як жывыя істоты: хадзілі, размаўлялі, танцавалі. Андзя ж гулялася з імі, як з жывымі… як з лялькамі, якіх у яе ніколі не было. Гэта былі самыя любімыя Андзіны сны.
Надыходзіла раніца, і халодная, кашчавая рука цёткі вырывала Андзю з краіны мрояў. Пад гукі цётчынага бурчання дзяўчына хутка апраналася і ўцякала з сутарэння, каб распачаць бясконцую гонку па сходах, выканаць мільён заданняў, якія ўжо чакалі яе.
Праляталі гады. Кволае дзіця перамянілася ў шаснаццацігадовую дзяўчыну. Але ў вачах людзей, якія яе атачалі, Андзя па-ранейшаму была бясполай і безаблічнай Вавёркай, якая гадамі скача па лесвічным пралёце камяніцы. Яна таксама не заўважала свайго развіцця. Шэрасць і аднастайнасць ейнага жыцця знішчалі ўсялякія адрозненні ў часе. І яна зусім не дзівілася, што да яе ўвесь час ставіліся як да дзіцяці. Андзя выйшла і станам, і тварам, да таго ж была цягавітая. Яе можна было б назваць нават бездакорна прыгожай, каб не крыху мангалоідныя рысы твару. Гэтыя касаватыя цёмныя вочы і троху задзёрты нос аніяк бы не псавалі элегантна апранутай паненкі з салонаў, з густоўнай прычоскай і вабнай фігурай. Наадварот, яны б рабілі яе больш прыцягальнай. Але яны не маглі ўпрыгожваць запрацаваную, перапалоханую, адзетую ў зношаныя сукенкі небараку. А ейная абаяльнасць і незвычайны спрыт на публіцы знікалі. Іх забівала Андзіна прыродная сарамлівасць і прывычка шарахацца ад іншых. З Андзяй звычайна кепска абыходзіліся, яе не хацелі слухаць. Яна не паспявала нават адкрыць рота, як іншыя казалі, што яна ўжо нагарадзіла глупства. Таму яна навучылася заўсёды і ўсюды маўчаць. Яна замкнулася ў сабе, і толькі зрэдку на ейных вуснах з’яўлялася лёгкая ўсмешка. Гэтак яна помсцілася і за абыходжанне, і за ўсе крыўды. Яна зразумела, што ўсмешка — адзіная адплата прыніжаных і слабых людзей.
Такі лад жыцця Андзі, магчыма, трываў бы яшчэ доўга, калі б не выпадак, які моцна паўплываў на далейшы лёс Вавёркі. Здарылася звычайная гісторыя. Але гаворка ўжо не пра Вавёрку…
У гэтай самай камяніцы арандавалі сабе жытло тры студэнты. Яны здымалі адзін вялікі пакой. Андзя неаднойчы бачыла іх на лесвіцы, з кніжкамі або вялікімі тэчкамі пад пахай, і яе заўсёды праймала вялікае захапленне і павага да людзей навукі. Аднойчы Андзя несла ўверх па сходах ваду, як раптам нечыя далонь перахапіла ў яе ручку вялікага вядра ды пацягнула яго ўверх. Здзіўленая Андзя пабачыла каля сябе студэнцкую фуражку, а пад ёй — вясёлыя вочы і ўсмешку. Студэнт занёс ваду на чацвёрты паверх і пайшоў да сябе. Андзя заўважыла, што ён, зацягнуўшы ваду на гару, стаміўся больш за яе. Паслугу, якую студэнт зрабіў дзеля смеху, яна часта ўзгадвала, ломячы галаву, як аддзячыць.
З таго дня мінула два гады. Стаяла вясна, студэнт пасляабедзеннай парою вяртаўся дадому. Ён быў у гуморы і залівіста смяяўся. Добры настрой з'явіўся ў хлопца ад таго, што каханая дзяўчына прыняла ягоную прапанову рукі і сэрца. Ён заляцаўся да красуні Гальшкі даўно, а яна была не толькі гожай ды чароўнай, але і мела вялікі пасаг, што павышала градус ягоных пачуццяў. Ён адчуваў цяпер, што ягоныя мары спраўджваюцца, і бачыў перад сабою цудоўную будучыню. А смяяўся ён з дробязі, якая праз прыўзняты настрой падалася яму сёння асабліва камічнай. Калі ён увайшоў на падворак камяніцы, то стаў сведкам наступнай сцэнкі: нейкая пані ў гадах, у капелюшы, абвешаным цэлым садам штучнай садавіны і гародніны, ідучы па падворку, апынулася ў воблаку пылу, якое акурат узняў мятлою дворнік. Нібы апараная кіпнем, кінулася яна назад з крыкамі: