Баран адклаў на бок кашулю і разгарнуў свой пакунак. Ён выняў адтуль пару спартовых туфлікаў і ўручыў Паўлінцы, жартаўліва прыгаворваючы:
— Шытыя і кутыя… на чэрвень і на люты. За гэта я не ручаюся, — ён стукнуў пальцам па падэшве. — За гэта таксама, — дакрануўся рукою да верху туфляў. — Але гэта, — ён паказаў пальцам на шнуроўку, — будзе насіцца, пакуль не падзярэцца. А як на сцяне павесіце, то дзесяць гадоў пратрымаецца. А цяпер маю для вас яшчэ нешта… У прыдачу…
Ён выняў другую пару туфлікаў — на французскіх абцасах. Паўка з румянцам на твары глядзела на абутак. Ён падабаўся ёй неверагодна, але яна не ведала, як за яго заплаціць. Папярэдне не было мовы пра плату. А цяпер яна разгубілася. Баран адчуў ейны настрой і свабодна ды весела сказаў:
— Гэтыя дзве пары я вам дару за вышыванне маёй кашулі.
— Не, не можа быць… Гэта ж адзін Бог ведае, колькі каштуе!
— Не, не, лухта. Мне скура танна абышлася. Яна яшчэ перадваенная. А работа, то так — мая. Хачу пахваліцца. Мо рэкламу мне зробіце.
Лідзія гучна і неяк празмерна, што межавала са штучнасцю, выказвала захапленне туфлікамі:
— Што за прыгажосць! Н ідзе раней такога не бачыла! Але ж з вас і майстар!
Паддаўшыся ўгаворванням Барана, Паўка прымерала абедзве пары. Яна крыху прыкідвалася збянтэжанай, але ў той жа час ёй не трэба было асабліва старацца, бо яна насамрэч саромелася падзёртых на пятах панчох. Баран гэта заўважыў і падумаў: «Вось, нябога, нават панчох прыстойных не мае».
Барану ўдалося намовіць Паўлінку, каб яна перастала пераймацца ды прыняла абедзве пары туфлікаў. Ён прапанаваў, каб за гэта яна вышыла яму яшчэ некалькі кашуль. Дадаў, што вышыванне займае больш часу, чымся ягоная праца з абуткам. Урэшце ён адвёў яе дадому, а каля брамкі ўручыў загорнутыя ў паперу туфлікі. Дзяўчына на развітанне моцна паціснула яму далонь.
— Прыйдзіце, калі ласка, у нядзелю пасля абеду да Уладзя. Можа, выйдзем у кіно альбо на шпацыр, — прасіў Баран Паўку ціхім, поўным чуласці голасам.
— Добра, — паабяцала дзяўчына і пабегла дадому з пакункам у руках.
Баран упершыню ў жыцці пачуваўся сапраўды шчаслівым. Дадому ён ішоў Сляпянскай вуліцай і не пераставаў усміхацца. У ягонай галаве шумела, як ад гарэлкі. А на вуснах блукала ўсмешка. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, а потым, нават нечакана для самога сябе, пачаў спяваць:
Эх, яблычак, поўны мёду!
Кахаю я дзяўчыну ды люблю свабоду.
Гэты куплет вырваўся з яго сярод ночы як крык шчасця, як выклік тым сілам, якія вызначаюць, каму паслаць каханне і свабоду.
6
ТАМАШ ХУРДЗІЧ І ЯГОНЫЯ ПАДНАЧАЛЕНЫЯ
Няма ніякага сумневу, што сярод усіх вядомых мне дыктатураў рэжым Тамаша Хурдзіча, цесляра з вуліцы Сляпянскай, быў самы жорсткі. Я ведаю пра гэта нямала і маю шмат доказаў. Зрэшты, не толькі я, а ўсе жыхары Камароўкі і Залатой Горкі думалі гэтаксама.
Тамаш Хурдзіч меў блізу шасцідзесяці гадоў, але быў дужы і выглядаў нашмат маладзейшым. Ён быў высокага росту, плячысты, з шырокімі касцямі і вялікімі мускуламі, цяжкі, нібыта складзены з глыбаў жалеза і карабельных канатаў. Сілай ён валодаў незвычайнай. Кулакі меў нібы адлітыя са сталі. Твар у яго быў цёмны, бровы вялікія, густыя, амаль белыя, як шчаціна. Вусы ў яго былі коратка падстрыжаныя, рудыя і цвёрдыя. Вочы глядзелі з-пад насупленых броваў вельмі востра, пранізліва, з недаверам. Голас у яго быў сухі, заўсёды высокі, раздражнёны — як бурчанне раз’юшанага сабакі. Хадзіў ён цяжка, як робат. Проста машына, а не чалавек. Здавалася, што ў яго нават няма людскіх пачуццяў. Ніводзін з ягоных дамачадцаў не памятаў нават кароткага моманту, калі б ён быў узрушаны, расчулены або проста добры. Гэта быў прыроджаны тыран.
Дамачадцы жылі ў пастаянным страху перад галавой сям’і. Большую частку сваіх высілкаў яны кіравалі на тое, каб ухіліцца ад сустрэчы з ім, пазбегчы ягонага позірку. Уся хатняя праца выконвалася нібы ўпотай, каб не пабачыў Тамаш, бо ён і так усё ганіў, потым лаяў, а мог яшчэ і стукнуць.
Ягоная жонка Нюра Баля — сястра Лідзіі, саракапяцігадовая жанчына — выглядала старэйшай на дзесяць гадоў. Мужа яна баялася незвычайна. У ягонай прысутнасці яна бляднела, дрыжала і не ведала, што рабіць, як стаць, што сказаць, каб не раззлаваць сужэнца. Вочы ў яе заўсёды былі заплаканыя… Дзеці таксама вельмі баяліся бацькі. Яны стараліся ўнікаць яго. Цэлымі днямі яны нібыта гулялі ў хованкі, намагаючыся не трапіцца бацьку на вочы. Нават Паўлінка, дваццаціпяцігадовая дзяўчына, смелая з натуры і ўпэўненая ў сабе, адчувала страх перад бацькам. Стася, якой было чатырнаццаць гадоў, найспрытней з усіх умела лавіраваць, таму найрадзей з усіх была лаяная і найменш атрымлівала плескачоў. Але Юлік, дзесяцігадовы хлопчык, часта трапляўся пад бацькаву гарачую руку і ўвесь час хадзіў з распухлымі вушамі.
Вечарам, калі Паўлінка пасля спаткання з Бараном вярнулася дадому, Тамаш сядзеў за сталом у адным з пакояў. Пачуўшы рып дзвярэй у санях, ён пачаў гукаць:
— Хто там?
Паўлінка не адказала. Яна намервалася незаўважна праскочыць на кухню. Тады Хурдзіч, падышоўшы шырокім крокам да дзвярэй у сені, размашыста іх адчыніў. Паўлінка ж аніяк не магла справіцца з дзвярыма на кухню. Пакуль дзяўчына безвынікова іх тузала, пакунак у яе руках разгарнуўся, і адтуль вываліся туфлі. Яна пачала шукаць іх у цемры, але здолела заўважыць толькі тады, калі бацька адчыніў дзверы, і ў сені трапіла святло лямпы.
— А гэта яшчэ што такое? — спытаў Хурдзіч, забіраючы з рук дачкі адзін туфлік.
— Туфлік…
— Ну, пэўна што не вядро… Хадзі сюды!
Хурдзіч таргануў дачку за плячо і, можна сказаць, закінуў у пакой.
— А што вы, татачка, хочаце?
Тамаш разглядаў туфлікі, забраўшы іх ад зарумяненай дзяўчыны, а потым кінуў на яе востры позірк, які прашыў Паўлінцы нутро:
— Адкуль гэта ў цябе?
— Зарабіла.
— Ты зарабіла?!
— Так.
— Як гэта ты зарабіла? У каго?
— У шаўца.
— У шаўца?
— Ну, так… За кашулю мне даў…
— А за што ты яму кашулю паднесла? Га? — кпіў і ўсё больш раз’ятрываўся Хурдзіч. — Кажы, сука!
— Чаго вы, татачка, крычыце?.. Я вышыла яму кашулю… А за гэта падарыў мне туфлі…
— Ага, дзве пары туфляў за вышыўку?.. Ах ты, шлюндра!
Хурдзіч схапіў дачку заруку ды выкруціў тую так, што дзяўчына аж сагнулася. Бацька прытрымаў яе ў такой позе, зняў дзягу з портак, задзёр дзяўчыне ззаду сукенку і пачаў біць. Папруга свістала ў паветры, удары былі моцныя, але Паўка не крычала. З вачэй у яе, як гарох, сыпаліся слёзы, яна сціскала зубы, але не выдала ніводнага гуку.
— Што грашыць, у тое буду біць! — паўтараў Хурдзіч, махаючы дзягай.
Раптам Хурдзіч адчуў Паўлінчыны зубы на сваім сцягне. Ён адпусціў дачку і стаў разгублены пасярод пакою.
— А, то ты гэткая? Пайшла адсюль! Але памятай: я табе выганю мух з носу!
Тамаш Хурдзіч вырашыў сачыць за дачкой. Самому яму цяжка было б гэта рабіць, таму ён хацеў даць такое заданне Стасі. Але, падумаўшы, адмовіўся ад гэтай ідэі: «Стася таксама ўжо пачынае задам круціць. Могуць знюхацца… Бадай, Юлік тут лепш справіцца».
Назаўтра, калі Хурдзіч ганяў галубоў, размахваючы ў паветры доўгай тычкай з анучай на самым канцы, Юлік выслізнуў на падворак. Тамаш адразу ж яго заўважыў. Сын хацеў зноў схавацца, але бацька махнуў яму рукой. Юлік са страху падышоў. Хурдзіч упершыню ў жыцці паклаў сыну на галаву цвёрдую далонь і сказаў:
— Ты мне пільнуй Паўку… Чуеш?.. З кім сустракаецца, дзе ходзіць, што робіць?.. Куплю табе новую шапку!.. Зразумеў?.. А як не дапільнуеш, то здзяру з цябе скуру!.. Што пабачыш, усё мусіш мне дакласці…
Юлік зразумеў бацьку, і з таго часу Паўку ўсюды пераследаваў уважлівы погляд брата. Малы ўжо меў жыццёвую загартоўку і быў спрытны, як і ўсе дзеці прадмесцяў, таму дакладна ведаў, як незаўважна сачыць за Паўкай.
Назаўтра пасля бацькавай прачуханкі Паўка, паабедаўшы, вырушыла з дому. Яна накіравалася да Баляў, каб выпытаць адрас Барана. Дзяўчына намервалася аднесці яму туфлі. Ні Лідзія, ні Уладзь, ні Куртатая не ведалі, дзе жыве шавец. Паўлінка адзначыла, што справа вельмі важная, і яна мусіць яго пабачыць як мага хутчэй. Тады Уладзь успомніў, што бачыў, як Баран ішоў разам са Стасем Рамізнікам. Можа, ён ведае адрас шаўца? Паўлінка ўпрасіла Уладзя пайсці да Стася. Той ахвотна гэта зрабіў, і ўжо праз гадзіну Паўка ішла ў бок Залатой Горкі, уважліва прыглядаючыся да ўсіх дамоў на правым баку вуліцы Захар’еўскай… За ёй па супрацьлеглым баку вуліцы крочыў Юлік. Спрытны хлопец увесь час сачыў за сястрой і адкладаў сабе ў памяці ўсё, што яна рабіла.