Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Алік Баран прысвяціў шмат часу на пошукі добрай скуры для дамскіх туфлікаў. Яму быў патрэбны французскі велюр чорнага і жоўтага колераў. Урэшце, абышоўшы ўсе легальныя крамы і лаўкі ў горадзе ды наведаўшы ўсіх спекулянтаў, ён здолеў знайсці тое, што шукаў. Ён сам пайшоў да штэпара, які ў ягонай прысутнасці зрабіў дзве пары сапраўды першакласных загатовак на дамскія туфлікі. Гатовы тавар было куды лягчэй раздабыць, а гэта ўсё заняло яму шмат часу і нарабіла важданіны.

Цяпер Баран сядзеў у сваёй майстэрні і няспешна рабіў абутак для Паўкі. Хутчэй песціў яго, чым майстраваў, бо столькі душы ўкладаў у выраб кожнай дэталі, што здавалася, нібыта туфлі прызначаліся на нейкую выставу. Ён вызначыў сабе мэту, што туфлікі мусяць быць элегантныя, зручныя, трывалыя і лёгкія. Каб гэтага дасягнуць, трэба мець вельмі добрую скуру, добра дапасаваныя паводле памеру нагі шавецкія капыты і не шкадаваць часу на працу.

Алік Баран навучыўся шавецтву ў вязніцы, як і некаторым іншым рамёствам: сталярству, пляценню кашоў і крыху кніжнаму пераплёту. Калі ён сядзеў першы раз, то блатныя калегі, каб выцягнуць яго з адзіночкі, сказалі галоўнаму наглядчыку, што ў левым крыле першага блоку ў камеры нумар семдзесят два сядзіць добры шавец жаночага абутку. Менавіта такі адмысловец быў патрэбны ў турэмную майстэрню. Адначасова Аліка Барана паінфармавалі пра гэта праз баландзёра. Галоўны наглядчык назаўтра наведаўся ў камеру да Барана і запытаў, ці ён шавец, у чым спецыялізуецца і дзе працаваў на волі. Баран вельмі ўпэўнена адказваў згодна з указаннямі зычлівых калегаў. Назаўтра Барана забралі ў майстэрню. Наглядчык адвёў яму месца, выдаў скуру і капыты на пару жаночых чаравічак… Сам ён рэдка з’яўляўся ў майстэрні… Раніцай ён прыводзіў сюды вязняў-шаўцоў збіраючы іх з усёй турмы, а ўвечары адводзіў па месцах. У майстэрню ён залятаў час ад часу, каб раздаць заданні, замовы, забраць работу, прынесці новую, забяспечыць майстэрню прыладамі, матэрыяламі і дадаткамі. Акрамя гэтага, ён мусіў бегчы ў горад па розныя набыткі або ў канцылярыю, куды яго выклікалі ў справах майстэрні. Таму нічога дзіўнага, што ён цягам доўгага часу нават не заўважаў няўмельства Барана… Калі наглядчыка не было, то калегі-шаўцы бралі работу Барана і выконвалі яе, а калі ў майстэрню часам залятаў наглядчык, то бачыў што Баран, як і рэшта шаўцоў, сядзіць у фартуху на сваім месцы. Баран жа, пабачыўшы начальства, спыняў працу і круціў цыгарэту або ішоў у прыбіральню. А час ад часу ён аддаваў наглядчыку добра зробленую работу.

Зладзеям гэткая містыфікацыя таксама была выгаднай. Баран быў падследным, а ў турмах царскай Расеі плацілі шаўцам за працу паводле наступнага разліку: падследным вязням — шэсцьдзясят капеек з аднаго рубля, крымінальным вязням — пяцьдзясят, катаржнікам — сорак. Таму Барану давалі больш грошай, чымся ягоным калегам, якія ўжо мелі прысуды. Вязні з іх майстэрні харчаваліся разам ды супольна куплялі ежу. Таму нічога дзіўнага, што ўмелы шавец, які быў катаржнікам, здаваў наглядчыку дзве — тры пары новага абутку на тыдзень. А Баран здаваў штотыдзень ад пяці да сямі параў.

Спачатку Баран толькі адбіваў скуру. Потым падбіваў цвікамі падэшвы. А з цягам часу навучыўся і ўсёй вытворчасці. Праз год ён быў ужо цалкам добрым майстрам і да канца двухгадовага выраку заставаўся на лепшай працы, вырабляючы дамскі абутак, і пазнаёміўшыся з шаўцамі з розных польскіх і расейскіх гарадоў, ён авалодаў рознымі спосабамі пашыву абутку і стаў сапраўдным умельцам.

Адразу Баран пачаў рабіць туфлікі з жоўтага велюру. Ён абраў спартовы фасон: невысокі абцас, шырокі носік, салідная падэшва. Можа, больш бы пасавала для гэтай мадэлі хромавая скура ці шаўровая, але Баран аддаваў перавагу велюру. Ён вельмі адказна падышоў да працы. Абутак удаўся зграбны, у цёмнакарычневым адценні. Затым ён узяўся шыць элегантныя туфлікі з чорнага велюру. Яны мелі высокі французскі абцас, вузенькі носік і спражкі з лакаванага паска. Ён рабіў гэтую пару як ювелір, вельмі далікатна і тонка, і ў выніку атрымаліся не звычайныя туфлі, а цацачкі.

Зрабіўшы абедзве пары, ён паставіў іх на стале і любаваўся. Гэтыя дзве пары былі найпрыгажэйшай ягонай працай за ўсё жыццё… Яны былі для Павы, Паўлі, Паўлінкі…

Баран ніколі не смяяўся ад душы, часам ён толькі прыкідваўся, што смяецца. Нават усміхаўся ён рэдка. Цяпер, гледзячы на гэтыя цацкі, ён шчыра цешыўся. Ягоны твар і вочы смяяліся. Смяялася нешта ў яго грудзях, у сэрцы… Што можа параўнацца з радасцю чалавека, які зрабіў нешта добрае таму, каго сапраўды кахае?!

У Баляў часта ўзгадвалі Барана, які даўно ўжо ў іх не паказваўся. Яны рабілі розныя здагадкі, куды той мог падзецца. Чакалі яго кожны дзень. Паўлінка шмат разоў прыходзіла вечарамі, каб аддаць яму кашулю, вышытую старанна, але без густу. Яна сядзела па некалькі гадзінаў, але яго ўсё не было.

Урэшце ён з’явіўся. Завітаў не ў ботах і фрэнчы, як прыходзіў заўсёды, а ў элегантным гарнітуры, туфлях і капелюшы. З сабой ён прынёс акуратна абкручаны паперай пакунак — туфлі для Паўкі. Удома была толькі Лідзія, якая вельмі прыветліва яго спаткала.

— Дзе ж вы прападалі?.. А мы столькі часу вас чакалі… І Паўлінка штодзень прыходзіла… Мы ўжо думалі, што, можа, няшчасце якое…

— Інтарэсы, — уздыхнуў Баран.

— Відаць, добрыя інтарэсы пан робіць, — сказала Лідзія. — Такі гарнітурык гожы!

— Звычайны, — адказаў Баран. — У нашай прафесіі ўсяляк бывае.

Прыйшоў Уладзь Заяц. Радасна і нязграбна ён павітаўся з Бараном.

— Як там Мілы? — запытаў у яго Баран.

— Мілы… Мілы… Мілы… — паўтараў Уладзь.

Уміг ён залез пад печку і выцягнуў сабаку, які ўвесь час намагаўся яго ўкусіць і глуха бурчэў. Баран узяў сабаку на калені і ўважліва яго агледзеў. Мілы паправіўся. Ягоныя раны загаіліся, шэрсць набрала бляску. Толькі хадзіў ён няўклюдна, нібы кульгаючы. Зламаная лапа не вельмі добра ў яго зраслася і была дэфармаваная. Сабака і на каленях Барана не пераставаў бурчаць, але хутка супакоіўся і нават не спрабаваў яго хапнуць. Ён толькі прыціскаў вушы, калі Баран паволі гладзіў яго па галаве.

— Вось, вас і не чапае, — сказала Лідзія. — А нам даткнуцца не дае: вырываецца і грызе.

Баран быў засмучаны, што Паўлінка не прыходзіць, і сказаў пра гэта Лідзіі.

— Можна яе паклікаць, — сказала жанчына. — Вось, Уладзь мог бы падскочыць. Нібыта я яе клічу.

Уладзь, не чакаючы просьбы, узяў шапку і выйшаў з хаты. Баран пачаў вельмі далікатна распытваць Лідзію пра сям’ю Хурдзічаў. Лідзія ахвотна балбатала і апавяла Барану шмат цікавага. Ён дазнаўся, што Паўчын бацька мае цяжкую руку і трымае дзяўчыну на кароткай прывязі. Працуе ён цесляром і разводзіць галубоў, да якіх мае вялікую слабасць.

— Любіць галубкоў, — канстатаваў уголас Баран.

— Яшчэ як! За голубам і на дах, і ў пекла палезе. Як дзіця з імі.

— Шмат іх трымае?..

— І не палічыць… Усё падстрэшша… Гандлюе імі. Выменьвае. А як надарыцца нагода, то і ўкрадзе… Гэтулькі разоў ужо судзіўся.

Баран занатаваў гэта сабе ў памяці. Ён сам некалі любіў галубоў і разводзіў іх. У гэтай справе ён разбіраўся добра. Але тое было яшчэ ў маладосці. Потым ён зрокся гэтага спорту.

— А гарэліцу стары любіць? — выпытваў Баран у Лідзіі.

— А так сабе… П’е часам з гасцямі… Але бывае, так вочы заліе, што ўсе з хаты ўцякаюць…

— Бушуе, — вывеў Баран.

— Яшчэ як! Не дае спуску… Барані Божа, калі хто пад руку трапіцца.

У памяшканне ўвайшла Паўка. Барану здалося, што разам з ёй з’явілася сонца. Ён устаў. Трымаючы на адной руцэ Мілага, іншай ён прывітаўся з дзяўчынай. Пакінуты без увагі, сабака падлаўчыўся і цапануў дзяўчыну зубамі каля локця. Паўка залямантавала і адскочыла назад.

— Вось паскуда!..

— Ён гэта больш ад страху! Смаркачы хацелі яго забіць у двары… А ён цяпер усіх баіцца, — бараніў свайго любімца Баран.

Ён занёс сабаку пад печ і агледзеў Паўчын локаць. Сукенка была цэлая, а на скуры віднеліся невялічкія сляды зубоў. Паўця супакоілася. Праз момант з шуфляды стала яна дастала кашулю, якую вышыла для Барана. Алік быў у захапленні. Яму спадабаліся і ўзор вышыўкі, і падабраныя колеры. Але найбольшай каштоўнасцю было тое, што гэта менавіта для яго зрабіла Паўця.

21
{"b":"647782","o":1}