Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Падстрыгчы і пагаліць! — сказаў кліент.

Цырульнік толькі ўздыхнуў і з роспаччу ўзяўся за працу. Ён ведаў, што неўзабаве ягоныя рукі стануць ліпкімі ад тлустых, даўно нямытых валасоў, а з-пад пэндзліка для галення пры намыльванні будзе сцякаць бруд.

Тым часам Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы гэтак жа інтэнсіўна працавалі ў краме насупраць цырульні. Заданне яны распачалі амаль адначасова з цырульнікам, але працавалі не з агідай, а з прыемнасцю і велічэзным запалам.

Праз чвэрць гадзіны яны расклалі на прылаўку і падлозе ўмела абгорнутыя паперай мяшкі і скрынкі з таварам. Паліцы ўжо былі пустыя. Калегі пачалі выносіць усё з крамы ў тыльны пакой, з якога было выйсце на падворак. Калі яны працавалі, у заднія дзверы нехта пастукаў: раз — доўга, два — коратка; раз — доўга, два — коратка. Філіп адамкнуў дзверы. Усярэдзіну ўвайшоў Казік Марацкі.

— Я прасачыў за імі да Хрышчэнскай вуліцы, — сказаў Казік. — Усё ідзе клёва.

Казік меў на ўвазе кіраўніка кааператыву і двух ягоных памагатых, прадаўцоў, якія а дванаццатай гадзіне замкнулі дзверы, вывесіўшы за шклом кардонку з надпісам: «З 12 да 2 абедзенны перапынак», і пашыбавалі ў паліцэйскую сталоўку на вуліцы Хрышчэнскай. Казік пайшоў за імі следам, каб ніхто з іх знячэўку не вярнуўся, ненаўмысна забыўшыся нешта ў краме. А ў гэты час Філіп і Янка замкнуліся на ключ у памяшканні і заняліся ліквідацыяй кааператыву. Цяпер да іх далучыўся і Казік. Праца борзда падыходзіла да канца.

У той жа самы дзень аб адзінаццатай гадзіне Баран зайшоў у чайную Цыпы і ўсеўся за адным са столікаў у агульнай зале, не прабіраючыся за стойку ў сапраўднае памяшканне прытону. Потым ён, на вялікае здзіўленне, папрасіў гарбату і булкі. Габрэйка мусіла адмыслова для яго паставіць самавар. А палове дванаццатай Баран еў булкі і запіваў гарбатай. Ён не спяшаўся. Еў павольна, паліў цыгарэты і час ад часу пазіраў на гадзіннік. Роўна за чвэрць да дванаццатай пад вокны чайной пад’ехала вялікая платформа, запрэжаная дужым сівым канём. Вознік завярнуў на двор камяніцы, у якой знаходзілася чайная Цыпы. Ён зрабіў кола па дзядзінцы і паставіў каня, падрыхтаваўшы яго да выезду на вуліцу. Потым ён завітаў у чайную, прысеў за асобным столікам і таксама папрасіў гарбаты і булак. Гэта быў Стась Рамізнік. Ён не прывітаўся з Бараном: яны рабілі выгляд, што не знаюцца.

Баран неўзабаве заплаціў Цыпе за пачастунак і выйшаў на вуліцу. Звярнуўшы на падворак і заскочыўшы потым на перад платформы, ён выехаў на вуліцу. А дванаццатай дваццаць Баран заехаў на дзядзінец, пры якім месціўся паліцэйскі кааператыў. На гэта абсалютна ніхто не звярнуў увагі. Зрэшты, фурманкі заязджалі сюды досыць часта, і нікога гэта не дзівіла і не турбавала.

Злодзеі пачалі ўчатырох грузіць тавары на платформу. Не забыліся ні пра што. Яны забралі нават дзве вагі з гіркамі, шчотку, якой падмяталі падлогу, і дыванок з-пад дзвярэй для выцірання ног. Калі яны выйшлі, памяшканне было цалкам пустое. На дзвярах засталася адно аб’ява: «З 12 да 12 абедзенны перапынак». Гэта Казік Марацкі не вытрымаў, каб не паддурыць мянтоў. Таму ён дапісаў алоўкам перад двойкай лічбу адзін, і выйшла, што перапынак трывае з дванаццатай да дванаццатай — бясконца.

А дванаццатай сорак з дзядзінца пры вуліцы Каломенскай выехала на праезную частку цяжка нагружаная платформа, вывозячы ўсе тавары і нават крамнае абсталяванне паліцэйскага кааператыву. А цырульнік з «Кармэн» усё яшчэ мазоліўся, прыводзячы ў парадак галаву і бараду свайго кліента… Злодзеі даказалі, што яны найлепшыя майстры ў сваёй справе і здольныя вельмі эфектыўна і хутка стрыгчы і галіць — без мыла, ляза і нажніцаў.

А трынаццатай пятнаццаць платформу разгрузілі ў адным з двароў на вуліцы Серпухаўскай. Тавары знеслі ў склеп, размешчаны пад жытлом скупшчыка. Адзін уваход туды быў з двара, а другі — з памяшкання. Філіп Лысы, Янка і Казік засталіся ў скупшчыка, каб паскладаць і падлічыць тавар для разліку, а Баран паехаў на пустой платформе ў бок Нізкага рынку. Праязджаючы каля чайной Цыпы, ён заўважыў у акне Стася Рамізніка. Баран кіўнуў яму галавой і паехаў далей. Стась заплаціў Цыпе за ежу і выйшаў на вуліцу. Рамізнік дагнаў Барана недалёка ад базару. Той аддаў яму лейцы.

— Як прайшло? — запытаў Стась.

— Як па нотах, — адказаў Баран.

Баран развітаўся са Стасем і пайшоў на Серпухаўскую да скупшчыка, а Стась паехаў дадому на Лагойскі тракт, дзе выпраг свайго каня з платформы Шлемы Гоя, а запрог у фурманку, у якой зараз жа выехаў у горад. Некалькі разоў яго спрабавалі затрымаць пасажыры, але ён іх ігнараваў — накіроўваўся таксама на Серпухаўскую да скупшчыка. Паводле зладзейскіх правілаў, за тое, што ён знайшоў павозку, яму належала такая ж самая доля, як здзяйсняльнікам крадзяжу.

Стась Рамізнік даставіў дадому платформу Шлемы Гоя роўна а другой гадзіне. У той жа самы час цырульнік з салону «Кармэн» зноў стаяў у дзвярах і нудзіўся. Ён сачыў за мінакамі і марыў, на гэты раз пра ўдалую жаніцьбу з багатай і прыўкраснай іншаземкай. І пра тое, як ягоныя калегі пазелянеюць ад злосці, калі ён, нарэшце разбагацеўшы і напхаўшы поўныя кішэні грошай, адкрые ў Менску некалькі першакласных салонаў.

Увагу цырульніка звярнулі на сябе кіраўнік кааператыву (перадавік паліцыі, апрануты па-цывільнаму) і два ягоныя памочнікі (паставыя), якія наблізіліся да дзвярэй кааператыву і адамкнулі іх. Была другая гадзіна. «Можа, пайсці да іх і запытацца, ці прадаюць цыгарэты прыватным асобам?» — падумаў цырульнік. Потым ён заўважыў, што кіраўнік кааператыву выбег з памяшкання на вуліцу і пачаў нешта выглядаць то справа, то злева. Маланкай да яго далучыліся і прадаўцы. Яны паводзіліся — паводле меркавання цырульніка — камічна: аглядвалі дзверы, ходнік, дарогу, забягалі назад, нават лаяліся. Цырульнік, назіраючы за гэтай сумятнёй, пачаў усміхацца… Калі начальнік заўважыў на дзвярах надпіс, які абвяшчаў, што абед трывае з дванаццатай да дванаццатай, то проста ашалеў, пачаў пагражаць кулакамі і крычаць: «Пачакайце, я іх засаджу! На дванаццаць гадоў! Я ім дам! Я іх правучу!»

Мінакі пачалі прыпыняцца. А цырульнік ад дзіўных паводзінаў паліцэйскага начальніка стаў не тое што ўсміхацца, а на ўвесь голас рагатаць. Начальнік заўважыў гэта і скочыў да яго праз дарогу, сціснуўшы кулакі:

— А ты чаго смяешся?

— Я нічога…

— Як гэта нічога… У змове, можа, быў з імі, а цяпер рагочаш?!

— Я нічога не ведаю, пане афіцэр… Пра што вы гаворыце?

— Кааператыў абакралі, разумееш? Ці бачыў там некага?

— Так. Бачыў двух паноў каля першай гадзіны, увайшлі туды. Але гэта былі вельмі прыстойныя паны.

— Зладзеі, халера, не паны… А ты маўчаў?! Што?!. Бачыў і маўчаў?!. Га?!.

— Можа, змовіўшыся быў з імі? — заўважыў адзін з паставых.

— Пэўна, так… Відаць, што гэта добры вылупак… а яшчэ й зубы скаліць…

І цырульніка, які пра гэта нават не думаў і не гадаў, забралі ў следчы аддзел на Серпухаўскай. Якраз недалёка ад дому скупшчыка, якому злодзеі перавезлі ўвесь паліцэйскі кааператыў. У следчым аддзеле цырульнік сядзеў амаль тыдзень. А зачыненыя аканіцы цырульні «Кармэн» панура пазіралі на замкнёныя аканіцы паліцэйскага кааператыву.

Праз некалькі дзён пасля крадзяжу ў кааператыве ў мясцовай штодзённай газеце апублікавалі малы фельетон аўтарства вядомага ў Менску сатырыка і гумарыста, які хаваўся пад псеўданімам Вова Круцікаў. Фельетон меў назву «Паліцыя і злодзеі» ды заканчваўся наступнымі словамі:

Поўны палкасці зварот я да вас кірую,
І шаноўных грамадзян жарона агітую:
Каб адданыя айчыне нашы абаронцы
Не трымцелі, не дрыжалі, стоячы ў старонцы.
Трэба нам стварыць аддзелы, гуртавацца ў групы,
Ды са зброяй у руках пільнаваць іх зубы.
Каб часінаю ліхою злосныя зладзеі
Не сцягнулі паліцэйскіх, мужных і надзейных.
20
{"b":"647782","o":1}