Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

8

САМАЯ ВЯЛІКАЯ ТАЯМНІЦА ПАЎЛІНКІ

Баран стаяў на рагу вуліцы Захар’еўскай і Губернатарскай. Ён назіраў, як па бруку лілася шырокая брудна-шэрая хваля ўзброеных вайскоўцаў. Яны ішлі цяжка нагружаныя, грукаючы па бруку жалезнымі набіўкамі ботаў. Некаторыя пры хадзьбе абапіраліся на кійкі. Было відаць, што яны стомленыя. Але ў той жа час жаўнеры з цікавасцю прыглядаліся да будынкаў і людзей, якія высыпалі на ходнікі.

У горад увайшлі немцы. Вясна 1918 года прыйшла напоўніцу. Гараджане цікаўна прыглядаліся да чужынцаў і не ведалі, ці радавацца, ці плакаць. Можа, тыя ўрэшце навядуць парадак і дадуць магчымасць спакойна жыць і працаваць? А можа, пры іх наступіць голад, яны задушаць людзей падаткамі, пачнуць прымусова вывозіць на работы да сябе?

Баран купіў на Нізкім рынку сабе навясны замок на вонкавыя дзверы майстэрні. Ён разбіраўся ў такіх рэчах, таму замок выбраў цугальтовы, моцны, які немагчыма было адамкнуць шпількай або зрэзаць нажніцамі па металу і які вельмі цяжка было скруціць або зламаць шабрам. Гэта быў першы замок, які Баран купіў за ўсё сваё жыццё. Дагэтуль ён толькі адмыкаў або ламаў замкі.

Ужо некалькі тыдняў Баран інтэнсіўна працаваў, абсталёўваючы і ўпрыгожваючы сваю кватэру. У сваіх марах і наяве ён будаваў утульнае гняздзечка для сваёй салодкай залатой Паўці, хоць і ня ведаў яшчэ, ці спраўдзяцца ягоныя жаданні і ці яна захоча жыць разам з ім.

На аздабленне жытла Баран выдаткаваў амаль усе свае грошы, якія ён атрымаў як долю пасля абкрадання паліцэйскага кааператыву. Цяпер вечарамі ён выходзіў у горад ды шукаў сабе работы. Адмычкі ён усоўваў за халяву бота. Шабер ён трымаў за поясам, а ліхтар і шпілька, якой ён адмыкаў навясныя замкі, былі ў кішэні фрэнча. Але добрая праца яму не траплялася, а абы-чым ён не хацеў брудзіць сабе рук. Часамі ён наведваў трушчобу[25] Цыпы і там умерана піў гарэлку ды размаўляў са сваімі калегамі пра цяперашнія зладзейскія справы… Прыход немцаў злачынцы прывіталі з радасцю, бо ён быў ім на руку… Кожная змена ўлады давала шмат магчымасцяў, і тады яны найбольш зараблялі. Толькі Казік Марацкі, які нядаўна ўцёк з Вільні, дзе нямецкая акупацыя трывала ўжо даўно, быў незадаволены і сумны.

У гады вайны, падчас рэвалюцыі і пасля яе Менск стаў зладзейскай «зямлёй абяцанай»… радовішчам золата. Тут канцэнтравалася прыфрантавое жыццё расейскага войска і адміністрацыі, тут з рук у рукі розных легальных акул вайны перакідваліся казачныя сумы грошай. Тут на вецер выкідваліся цэлыя капіталы. Тут гралі ў карты, весяліліся і гулялі афіцэры, якія адпраўляліся на фронт або адтуль вярталіся. Найбольш зараблялі тут строчнікі[26], але і злодзеі ўсіх масцяў мелі тут спрыяльную прастору для дзейнасці. Таму Менск лічыўся сярод брацтва з-пад знаку шабра і адмычкі незвычайным месцам, не горшым за Кландайк у Паўночнай Амерыцы… У Менск з’язджаліся злодзеі з усёй былой Расеі. Тут былі адмыслоўцы з Адэсы, Варшавы, Масквы, Кіева, Вільні, Петраграду, Растова… З’ехаліся сюды таксама самыя шыкоўныя прастытуткі, каб цешыць франтавых рыцараў ды абіраць іх да ніткі. У горадзе аж кішэла ад прыблудаў, гатовых пажывіцца за чужы кошт.

Картачны азарт панаваў усюды і над усімі. Ён быў у клубах, гатэлях, прыватных казіно і прытонах. Уладарыў у кавярнях і рэстаранах. Акупаваў вакзалы, гандлёвыя плошчы. Нават у Губернатарскім парку гулялі на лаўках і паміж дрэвамі. Па начах у шмат якіх месцах гарэлі свечкі, пры слабым святле якіх таямнічыя групкі людзей спадзяваліся здабыць шчасце, якога не было ні ў іхным штодзённым жыцці, ні ў іх саміх. Гэтыя пошукі найчасцей заканчваліся паразай, часам стрэлам рэвальвера або ўдарам нажа. Азарт, п’янства і распуста шырыліся ўсё мацней. Чым больш гойдаліся і рваліся штандары на фронце, тым больш узнікала ўяўных штандараў Бахуса, Гермеса і Венеры.

Ва ўсім гэтым вэрхале прафесійныя злодзеі арыентаваліся найлепей. Яны былі самі сабе гаспадарамі і ўмелі крытычна і справядліва, як незалежныя і беспартыйныя грамадзяне свету, ацэньваць людзей і сітуацыі. Рабілі яны гэта дасціпна, блазнуючы і насміхаючыся з усяго, а спрыяльныя акалічнасці выкарыстоўвалі дзеля таго, каб жыць. На іхных вуснах нарадзілася і жыла адмысловая песня «Яблычак», біч і палітычная сатыра на кіроўных інтэлігентаў, якія не былі ў стане ўпарадкаваць ні сваё, ні чужое жыццё. Яны толькі прыдумвалі лозунгі, кідалі іх у народ, а потым самі ж іх і парушалі; ліквідавалі ідэі ды іх жа фабрыкавалі; каралі за злачынствы, а самі іх пашыралі; называлі ўласнасць крадзяжом і самі ўпотай прысвойвалі чужое. А іншых ліхадзеяў яны пераследавалі з нянавісці да канкурэнтаў і ад жадання пахваліцца сваёй сумленнасцю. Інтэлігенты-шпагаты маглі падманваць усіх, нават сябе, але толькі не гэтых канкістадораў лёсу, якія ўсё ўмелі ацэньваць і аналізаваць праз прызму шматгадовага досведу і назіранняў, з дапамогай вельмі тонкай інтуіцыі.

Таму па ўсёй Расеі і Польшчы гучаў «Яблычак», які адкрываў людзям вочы на ўсё, што адбывалася навакол.

А на нашай Украіне вельмі добрае жыццё,
Кожны дзень там кулі свішчуць — і прыносяць забыццё.
Украіна дарагая, мама мая родная,
Немцы ўсё ў цябе забралі — ты цяпер галодная!
Ленін Троцкаму сказаў:
«Мы ўжо паабедалі.
Купім клячу карую
Пад’есці пралетарыю…»

Баран павесіў на дзверы свайго жытла салідны навясны замок, а таксама праверыў, ці добра ён зачыняецца і ці не мае дэфектаў. Удома ён меў шмат дарагіх рэчаў, як спецыяліст, ведаў, што абакрасці яго было няцяжка. І месца для гэтага падыходзіла. Ён не баяўся прафесійных злодзеяў, бо тыя за абы-што не бяруцца, але ведаў, што шантрапа[27] і фраеры ахвотна возьмуць усё, калі здарыцца лёгкая і зручная нагода. Для прафесійнага злодзея замок не перашкода ў працы, а наадварот, шмат чаго яму падказвае. Фраеру замок імпануе і нагадвае пра пакаранне з боку ўладаў і часам — што для фраера менш страшна — пра нябесную кару.

Недалёка ад дзвярэй, адразу каля ганка, стаяла будка Мілага. Сабака ўважліва сачыў за працай Барана, падымаючы напераменку то правае, то левае вуха.

Хурдзіч пастараўся і зрабіў для сабакі цудоўнае жытло. Будка была моцнай, цёплай, выгоднай і прасторнай. У ёй была нават падлога і брылёк над улазам, каб дождж не трапляў усярэдзіну, калі вецер дзьмуў бы спераду. Звонку будка была памаляваная ў зялёны колер алейнай фарбай. Калі з’явілася сабачае жытло, Баран забраў Мілага ад Уладзя і зрабіў жывёліне нешта накшталт наваселля. Купіў вялікую каструлю, у якой бы гатавалася ежа для чатырохлапага, і дзве міскі: адну — для вады, а другую — для корму.

— Будзеш жыць у мяне, як у палацы, — казаў Баран Міламу, шчодра высцілаючы будку сенам, якога яму напрыносіў Уладзь Заяц.

Баран дамовіўся з Ясевай маткай, што яна будзе гатаваць сабаку ежу. Разам яны прыблізна вызначылі, што яму будзе трэба, і Баран даў ёй на гэта грошы. Нацэвічыха з сэрцам ставілася да чатырохлапага гадаванца, а Ясь з Галяй з радасцю пра яго клапаціліся, носячы яму ежу і змяняючы ваду. Але ім так і не ўдалося заваяваць ягонай прыхільнасці. Сабака заўсёды быў злы і недаверлівы. Ён шчэрыў зубы і бурчаў, калі нехта, нават знаёмы, да яго набліжаўся. Усіх ён лічыў ворагамі. Мілы трываў толькі Барана, які смела браў яго на рукі і гладзіў, не звяртаючы ўвагі на глухое бурчэнне сабакі, стуленыя вушы і скурчанае цельца. Баран цяпер часта выцягваў Мілага з буды, прыносіў у дом і выпускаў на падлогу. Звычайна ён клаў перад ім кавалак кілбасы або хлеба і размаўляў з ім… як з чалавекам… Асноўнай тэмай «размоваў» была Хурдзічанка…

вернуться

25

Трушчоба — зладзейскі прытон, маліна.

вернуться

26

Строчнік — картачны шулер.

вернуться

27

Шантрапа — падонкі з прадмесцяў.

28
{"b":"647782","o":1}