Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Рэдактарам гэтага ліста быў Ясь, які вышукваў у далёкіх засеках памяці сказы, прачытаныя некалі ў раманах, а Баран паслухмяна іх адбіраў, захапляючыся незвычайным для яго парадкам і квяцістасцю словаў. Калі адкінуць некаторы пафас, гэты ліст не быў перабольшаннем, а цалкам дакладна апісваў цяперашні стан Аліка і ягонае палкае каханне да дзяўчыны. Ніводнае слова там не было падманам або крывадушнасцю.

Гэта быў першы і апошні мілосны ліст у жыцці злодзея Аляксандра Барана.

Алік папрасіў Яся занесці ліст на вуліцу Славянскую і незаўважна для іншых сямейнікаў перадаць яго Паўлінцы. Алік патлумачыў Ясю, дзе с таіць дом Хурдзіча і як выглядае дзяўчына. Нагодай завітаць да Хурдзічаў стала патрэба забраць ужо даўно, пэўна, зробленую сабачую будку. Ясь з дарагой душой узяў на сябе гэтую місію і так спрытна яе выканаў, што вярнуўся ўжо праз гадзіну з вялікай зялёнай будкай і адказам на ліст, які Паўка напісала на аркушы паперы. Пасланне ад Паўкі ён урачыста перадаў свайму настаўніку. Расчулены Алік разгарнуў запіску і пачаў углядацца ў напісаныя ад рукі літары, якія ён не мог расчытаць.

— Што там напісана? — падаў ён аркуш Ясю.

Хлопец пачаў выразна чытаць.

Я здаровая. Пастараюся прыйсці а 5-й у нядзелю. Шлю Вам паклоны.

Паўліна Хурдзічанка.

Баран ззяў ад шчасця. Ён з удзячнасцю моцна паціснуў Ясеву руку. З таго дня трэці настаўнік Яся пачаў яшчэ больш прыязна ставіцца да свайго вучня.

Адзінай жанчынай-настаўніцай Яся пакуль была толькі Марыя Андрэеўна Лобава, якую жыхары дамкоў пад нумарам 157 называлі проста Марусяй. Лобава здымала другі канец дому, у якім жыла сям’я Івацэвічаў. Гэта была іх найбліжэйшая, непасрэдная суседка. Марусі было ўжо за трыццаць. Гэта была высокая, хударлявая і вельмі энергічная жанчына. Вылучалася яна вялікай самаўпэўненасцю і незвычайнай адвагай. Падчас некалькіх канфліктаў з жыхарамі суседніх дамоў яна паводзіла сябе гэтак дзівачліва, гэтак жорстка лаялася ды трэсла кулакамі, гатовая біцца, што ўсе назаўсёды згубілі ахвоту яе хоць калі чапаць. Пра яе суседзі дазвалялі сабе толькі пляткарыць. Калі гэтыя плёткі даходзілі да вушэй Марусі, яна толькі пагардліва гмыкала ў адказ ды смяялася або адказвала нейкім вельмі маляўнічым расейскім выразам.

Лобава апраналася вельмі элегантна. У яе было некалькі дыхтоўных сукенак надзвычай прыгожага фасону, шмат шыкоўных туфлікаў, а вясной яна любіла шпацыраваць з чырвоным шалем на галаве, што выдзяляў яе нават у натоўпе. Расказвалі, што муж Лобавай быў нейкім выбітным камуністам у Арле. І што ён не вытрымаў з шалёнай жоначкай, і яны разышліся.

Маруся працавала касіркай у бібліятэцы. Дадаткова давала прыватныя ўрокі французскай мовы. Пра яе казалі, што яна нарадзілася ў вельмі багатай купецкай сям’і ў Маскве, стала заўзятай камуністкай і выдала бацькоў, якіх расстралялі, а ўсю ўласнасць сканфіскавалі. Наагул пра Марусю пляткарылі вельмі шмат. Да вушэй Яся таксама даходзілі гэтыя чуткі, але не выклікалі ў яго адмоўных адносінаў да суседкі. Наадварот, наслухаўшыся плётак, ён пачынаў больш ёю цікавіцца і, заўважыўшы яе на двары, употай раз-пораз на яе зіркаў.

Лобава першапачаткова зусім не заўважала Яся. Але з пэўнага часу яна пачала ўсё пільней да яго прыглядацца, зрэдку нават, ідучы мімаходзь, усміхалася ў яго бок. Бывала, што яна нават пачынала з ім размову ды прапаноўвала прынесеныя з бібліятэкі кнігі. Спачатку кнігі былі рознага зместу, але пазней усё часцей пачалі з’яўляцца сярод іх парнаграфічныя публікацыі, якіх шмат было ў прыватнай бібліятэцы, але яны мала для каго былі даступныя. З кароткіх размоваў Лобава зразумела, што хлопец яшчэ нявіннік. А даючы яму кніжкі, яна меркавала распаліць ягоную фантазію.

Каб растлумачыць раптоўную цікавасць Марусі да Яся, трэба ведаць, што сталася пару тыдняў таму. Ясь выпадкова купіў на базары кнігу Я. П. Мюлера «Мая сістэма — 15 хвілін на дзень для здароўя». З усім сваім маладым запалам ён узяўся выконваць практыкаванні, апісаныя ў кнізе. Ён дакладна выконваў восем галоўных гімнастычных заданняў, а потым мыўся і абліваўся халоднай вадой з мядніцы, пасля чаго выціраўся і масажаваў цела, як і рэкамендавалася праграмаю. Калі ў Яся забралі кутні пакой, які пачалі здаваць Барану, ён мусіў пашукаць сабе іншага месца для практыкаванняў. У кватэры было нязручна і цесна. Зрэшты, падчас водных працэдур ён заліваў усю падлогу. Таму ён знайшоў зацішны закуток паміж сцяною іхнага дому і высокім плотам хаты нумар 159. Ён вылазіў туды праз акно свайго маленькага пакойчыку і пачуваўся там абсалютна свабодна. Нарэшце ён мог спакойна займацца гімнастыкай і купацца з пырскамі, як яму толькі падабалася. Неяк Маруся панесла мяса ў сваю камору, куды быў уваход з агульных сенцаў. А там акурат знаходзілася малое акенца, якое выходзіла на закуток, дзе Ясь займаўся спортам. Маруся, глянуўшы праз акенца, пабачыла маладога хлопца, які ў той момант вырабляў розныя гімнастычныя штукі. Яна адзначыла сабе, што хлопец быў зграбны і меў ладнае цела. Пра гэта ж аніяк нельга было здагадацца, калі ён быў у штодзённай адзежы. З таго часу кабета, адораная гарачым тэмпераментам, пачала рабіць малыя, але паслядоўныя крокі да таго, каб стаць настаўніцай Яся ў любоўным майстэрстве. У гэтай сферы яна мела вялікую кваліфікацыю і значныя дасягненні. Трыццаць два гады ейнага жыцця не прайшлі марна.

Ясеў дзядзька хутчэй за яго заўважыў і зразумеў Марусіны памкненні ды манеўры. Калі аднаго разу ён сядзеў з пляменнікам на лавачцы перад домам, Маруся якраз ішла ў горад. Ясь устаў і пакланіўся ёй. Жанчына ўсміхнулася і прыязна кіўнула яму галавой. Дзядзька ж шматзначна гмыкнуў і заўважыў:

— Глянь, як ідзе, як задам круціць! Проста ў госці запрашае… Мусіць, нечага ёй захацелася.

Ясь засаромеўся.

— Супакойцеся, дзядзька! Яшчэ пачуе…

— А чаго мне яе баяцца. Хай сабе чуе. Вялікая графіня мне знайшлася! — дзядзька пачаў перадражніваць Марусю, даволі добра падрабляючы ейны голас. — Ах, ах, ах, я такая вучоная, адукаваная. А мушу жыць у гэтай дзірцы, з нейкімі хамамі…

Маруся адразу ж зразумела, як Ясеў дзядзька ставіцца да яе і які ўплыў ён аказвае на хлопца, таму аднойчы паклікала Філіпа Жардоня да сябе і прапанавала прадаць на рынку ейныя старыя, лішнія рэчы. А было таго вельмі шмат. Жардонь спачатку не надта квапіўся на гэта, але Маруся з кожнага продажу давала яму вялікі працэнт за пасярэдніцтва, а пару разоў пачаставала незвычайна смачнай наліўкай. Так дзядзька аказаўся ў Марусіным лагеры. Неяк яны пачалі досыць шчыра гаварыць пра хлопца. Маруся прызналася, што Ясь ёй падабаецца, і яна хоча бясплатна вучыць яго французскай мове, бо ў жыцці ўсякае можа спатрэбіцца. Дзядзька на гэта ўсміхнуўся:

— Так, так… Трэба, каб яго нехта навучыў… Ужо самы час… Вядома, лепей вы, чым нейкая там бязмозглая гусь…

І дзядзька пачаў часцей размаўляць з Ясем пра Марусю. І цяпер ён не насміхаўся і не перадражніваў жанчыны.

— Паглядзі, як ідзе, ножкамі стрыжэ, як нажніцамі! Жанчына, я табе кажу, марцыпан, усе аблізваюцца. Эх, каб мне троху гадочкаў з карку скінуць, я б ужо да яе дабраўся… Баба, ці ведаеш, найлепшая акурат пасля трыццаткі, бо ўмее — гэта раз, — сказаў дзядзька з паднятым угору ўказальным пальцам. — А другое, — тут дзядзька знізіў голас да шэпту, — сама аблізваецца. Паварушы мазгамі.

Але Ясь не вельмі яго разумеў або рабіў выгляд, што не разумее. Як і раней, ён пазычаў у Марусі кнігі. У яе таварыстве ён быў ветлівы, мілы, але выглядала на тое, што ён яе баіцца альбо саромеецца. Маруся ж прапанавала яму бясплатныя ўрокі французскай мовы. Сказала, што мае шмат вольнага часу і ёй будзе прыемна нечым заняцца. Ясь ужо пачынаў вывучаць французскую ў гімназіі, якую кінуў праз адсутнасць сродкаў. Прапанову Марусі ён прыняў з удзячнасцю, але і з пэўнай збянтэжанасцю. Аднак потым маладзён супакоіў сябе, што зможа ёй аддзячыць прынамсі нейкай паслугай.

Гэткім чынам Маруся Лобава стала настаўніцай Яся. Абое былі пакуль адно адным задаволеныя. А дзядзька Жардонь толькі ўсміхаўся, слухаючы, як Ясь зубрыць французскія словы.

27
{"b":"647782","o":1}