Вольнаю хвіляй Ясь ахвотна хадзіў у госці да суседа, а той прымаў яго з радасцю. Хлопец вучыўся граць на мандаліне і праз паўгода ўмеў абыходзіцца з інструментам нават лепей за свайго настаўніка. Цяпер яны часта гралі ўдвух: Ясь — на мандаліне, а манцёр акампанаваў яму на гітары. Ясь меў добрую памяць на мелодыі, таму ўзбагаціў іхны рэпертуар песнямі, якія недзе выпадкова пачуў.
Калі Ясь пачаў гандляваць на базары, манцёр прапанаваў яму прадаваць запальнічкі ды зрабіў некалькі на пробу. Аказалася, што запальнічкі маюць попыт. З той пары другі настаўнік Яся прысвячаў увесь свой вольны час вырабу запальнічак і ўжо меней — музыцы. Абодва яны былі задаволеныя адзін з аднаго. Яся крыху дзівіла, што манцёр жыве гэтак самотна і ніколі нічога не расказвае пра сваіх родных ці знаёмых. Але хлопец ніколі не распытваў суседа пра гэта.
Здараліся выпадкі, калі манцёр вяртаўся дадому п’яны. Адбывалася гэта раз на два або тры тыдні. Тады манцёр не чакаў, калі Ясь завітае, а сам ішоў яго шукаць, клікаў да сябе і частаваў гарэлкай. Ясь піў неахвотна, без смаку. Уменскі мігам гэта заўважыў і сказаў:
— Ты не змушай сам сябе піць. Я часам заліваю вочы. Такое ўжо ў мяне паскуднае жыццё. Гарэлка можа быць для аднаго лекамі, а для іншага атрутай. Гэта як калі. Ты, от, выпі троху для весялосці.
Ясь меней піў, а больш еў. Манцёра разбірала, яму развязваўся язык, і ён пачынаў шмат гаварыць пра невядомыя Ясю рэчы. Пры гэтым Уменскі даволі часта называў хлопца таварышам, што Ясю здавалася дзіўным ды нават смешным, бо розніца веку паміж імі была больш за дваццаць гадоў.
— Павінен быць трыбунал справядлівых, — пераконваў Яся манцёр. — Каб была цвёрдая рука, каб трымала людзей за морду, каб буржуй не мог на машынах катацца і за мяжою скручваць сабе шыю, калі тут ягоныя працаўнікі з голаду дохнуць. Вось ты, напрыклад, мог бы вывучыцца, стаць інжынерам або якім вучоным. А не можаш. Чаму? — тут Уменскі сек рабром далоні па стале. — Во не маеш за што. А чаму не маеш за што? Бо тое, што табе трэба на навуку, нейкі там паскуднік прапіў, прагуляў, пабудаваў сабе пяты дом або ў банку замураваў. І сам ні гам, і другому не дам! Вось якая тут фізіка!
І паволі ў мазгі Яся, зрэшты, без вялікага поспеху, пачалі пранікаць мутныя, поўныя дэмагогіі фразы. Манцёр, бадай, больш гаварыў для сябе, чым для хлопца. Але Ясь пакрысе прывыкаў да новых тэрмінаў і паняццяў. Ён дазнаўся, што існуе класавая барацьба, эксплуатацыя, буржуазія, пралетарыят. Але гэта зусім яго не цікавіла і не ўзрушала. Уменскі заставаўся для яго старэйшым прыяцелем, а не недарэчным дэмагогам, які хаатычна выкладаў яму звесткі пра грамадскія і эканамічныя стасункі.
Трэцім настаўнікам Яся стаў Алік Баран. Ён найбольш падабаўся Ясю. Не малоў лухты і не даваў парадаў, як сябе паводзіць у інтымных сітуацыях, як гэта рабіў дзядзька; не плёў незразумелых рэчаў пра сацыялізм і камунізм. Размаўляючы з Ясем, Баран заўсёды канкрэтна акрэсліваў пэўную справу. Ён быў негаваркі, упэўнены; меў разумны і глыбокі погляд. Яго заўсёды лёгка было зразумець, і ён сам заўсёды імгненна схопліваў, пра што Ясю вядзецца.
Аднойчы Баран паклікаў да сябе хлопца і запытаў, ці мае той вольны час. Калі Ясь адказаў, што не мае нічога да работы, Баран пасадзіў яго каля шавецкага варштата і папрасіў, каб хлопец пачытаў яму газету. Ясь спытаў, няўжо шавец сам не ўмее чытаць.
— Умею, але слаба, — сказаў Баран.
Ясь хутка прачытаў усю газету. Фельетон Вовы Круцікава «Паліцыя і злодзеі» Ясь прачытаў на просьбу Барана два разы.
— Але ён іх і паддзеў! — скаментаваў Баран.
— Каго? Злодзеяў?.. — не зразумеў шаўца Ясь.
— Не… Той Вова… Востра піша…
— Так.
Калі Ясь чытаў, Баран тым часам майстраваў нешта з абутку. З той пары Ясь даволі часта, пачуўшы, што кватарант нешта робіць за перагародкай, стукаў у дзверы і прапаноўваў пачытаць газету. Неяк ён зазірнуў да Барана з кнігай і прачытаў яму пару апавяданняў Чэхава. Аліку гэта вельмі спадабалася, і ён сам неаднойчы прасіў, каб хлопец яму пачытаў. Ясь з радасцю згаджаўся. Праз некаторы час Баран захацеў паправіць абутак для Яся і ягоных родных. Хлопец вельмі саромеўся, але Баран яго падбадзёрыў.
— Ты не муляйся! Я табе з сэрцам хачу дапамагчы. Мне паправа няшмат каштуе.
Баран адрамантаваў Нацэвічам пяць параў абутку і падчас працы даручыў Ясю прышыць латку. Перад гэтым навучыў, як трэба рабіць. Ясь выканаў першую шавецкую работу цалкам добра. Тады Баран загадаў яму рабіць набойкі на абцасы. Спачатку работа ў Яся не ішла. Ён нават зламаў шыла. А цвікі ў яго выскоквалі са скуры, калі ён біў па іх малатком. Але потым усё пачало спорыцца. А ўжо праз некалькі дзён Ясь даволі спраўна абыходзіўся з шылам і малатком, выконваючы лягчэйшыя направы. Тады Баран пачаў вучыць яго арудаваць дратвай і ўплятаць у яе шчаціну, што зусім нялёгка… Незаўважна для сябе Ясь перайшоў да рамонту абутку на замову. Дагэтуль жа Баран не прымаў нічога на рамонт. Ён змайстраваў толькі некалькі параў чаравікаў і туфляў, і то не дзеля заробку, а каб замыліць людскія вочы і паказаць іншым, што ён сапраўды шавец. Цяпер час ад часу ён прымаў лягчэйшыя замовы і даваў працу Ясю, спакойна і цярпліва вучачы яго, а калі трэба было, то сам заканчваў работу. Пару разоў Баран аддаў Ясю заплату за працу, якую той цалкам альбо часткова выканаў. Хлопец не згаджаўся браць грошы. Тады Баран сказаў з напорам:
— Бяры і канец! Будзе час, то вывучу цябе на шаўца! І калі будзеш хацець. А цяпер бяры! Я ведаю, што такое голад. Я сам шмат перажыў. Са мной тых цырымоніяў не трэба.
І Ясь згаджаўся і браў плату за сваю дылетанцкую працу. Часцей за ўсё, аднак, здаралася, што Ясь чытаў Барану нейкую кнігу ці газету, а Баран гэтым часам напраўляў абутак, а грошы за працу ішлі ў кішэнь да Яся.
Цяпер справы ў Нацэвічаў наладзіліся. Голад ужо радзей заглядваў да іх у хату. Заробкі Яся на рынку разам з тым, што ён атрымліваў ад Барана, пакрывалі выдаткі на самыя неабходныя рэчы, перадусім на ежу. Ясева маці дзякавала Богу, што паслаў ім такога добрага кватаранта: «Ціхі, спакойны, а яшчэ Яся навучыць шавецтву». Цяпер жа хлопец, які раней пераймаўся і грыз сябе, што не можа дапамагчы сям’і, быў амаль шчаслівы. Цэлы дзень у яго быў нечым запоўнены. Базар, праца, навука ў Барана ды музыка ў манцёра займалі шмат часу, і яму не было калі нудзіцца.
Баран таксама шмат атрымаў ад сяброўства з хлопцам. Перш за ўсё цешыла яго свядомасць, што ён дапамагае бедным шпагатам, якія самі маглі б і не даць рады ў жыцці. Яшчэ ён вельмі любіў слухаць Ясева чытанне. Яно цалкам яго паглынала, хоць Баран гэтага і не паказваў. Акрамя таго, зносіны з Ясем, навучанне яго шавецкаму рамяству, гутаркі з ім суцішалі ягоную тугу па Паўцы. Баран з кожным днём усё мацней сумаваў па дзяўчыне і ўсё больш пакутаваў праз гэта. Ён заўсёды вельмі ўважліва слухаў, што яму чытаў або расказваў хлопец. Сам жа Алік адгукаўся надзвычай рэдка і заўсёды па нейкай справе, хоць столькі меў усялякіх цікавых рэчаў у галаве, што мог бы шмат кніжных тамоў запоўніць незвычайным зместам.
Неяк Баран запытаў Яся, ці мог бы той напісаць ліст. Хлопец з ахвотаю згадзіўся. Разам яны склалі да Паўкі ліст, у якім значылася:
Шаноўная панна Паўлінка!
Я вельмі хвалююся, не маючы ад Вас ніводнае вестачкі. Маё сэрца абліваецца крывёй, калі мяне раптам наведвае думка, што з Вамі магло стацца нешта дрэннае. Я б гэтага не перажыў. Удзень і ўночы я безупынку думаю пра Вас, таму хачу Вас запэўніць, што толькі смерць можа мне перашкодзіць мець Вас у думках і Вас абагаўляць.
Я б вельмі хацеў з Вамі пабачыцца, бо грызе мяне туга па Вашай асобе. Калі гэта магчыма, то вельмі прашу Вас у наступную нядзелю а гадзіне 5-й прыйсці на вуліцу Захар’еўскую — насупраць маёй кватэры. Я буду чакаць Вас з вялікай надзеяй і журбою ў сэрцы.
Я ласкава цалую вашыя пекныя ручкі і кірую да Вас маю бязмежную пашану. Заўсёды Ваш верны рыцар і адданы раб
Аляксандр Баран.