— Толькі памятай, — сказаў Баран хлопцу. — Гэта блатная справа. Нікому ні слова… Ты хлопец надзейны, і я хачу даць табе зарабіць…
Ясь і не хацеў ні пра што пытацца. Ён шанаваў і любіў Аліка… А папярэджанне, што гэта блатная справа, вельмі яго пацешыла, бо Баран патрактаваў яго як роўнага. Хлопец ведаў, што блатныя — гэта злодзеі і ўсе, хто з імі супрацоўнічае. Ясь здагадваўся, што Алік — гэта не просты шавец, але хлопец быў стрыманы з натуры, таму ніколі не закранаў гэтай тэмы з Бараном і ні з кім не дзяліўся сваімі здагадкамі.
Хлопец борзда купіў усё, што трэба, і пачаў клеіць пакункі. Спачатку ў яго атрымлівалася не надта добра, але потым ён разарваў крамны пакунак і пачаў рабіць свае на ўзор купленага.
Праз пару гадзінаў пад майстэрню пад’ехала фурманка, і Баран прыцягнуў адтуль вялікі мяшок. Ясь адрапартаваў яму, што пакункі ўжо гатовыя, толькі павінны яшчэ падсохнуць. Ясь паказаў Аліку адзін са зробленых пакункаў. Алік, узяўшы яго ў рукі і агледзеўшы, застаўся вельмі задаволены:
— Клёва! У цябе рукі здатныя не толькі ў носе калупацца.
Баран замкнуў дзверы майстэрні і высыпаў на падлогу змесціва мяшка. Гэта былі вялікія і малыя крышталі нейкага белага рэчыва. Здзіўлены, Ясь пытальна зірнуў на Аліка. А той патлумачыў:
— Задума, разумееш, тут такая. Гэтае белае рэчыва — галын — каштуе тры рублі за кілаграм, а лімонная соль — шэсцьсот рублёў. Тут у нас семдзесят пяць кілаграмаў… Адпадзе з дзесяць кілаграмаў… Будзем мець з гэтага каля шасцідзесяці кілаграмаў. Ясна табе?
Ясь не вельмі яго зразумеў, але не выпытваў, ведаючы, што справа высветліцца сама.
Ясь і Баран узяліся за працу. Яны разбівалі малаткамі вялікія кавалкі галыну на невялічкія крышталі, у якіх звычайна прадаецца ў крамах нязмолатая лімонная кіслата. Вельмі дробны парашок, а таксама брудныя і непрыгожыя крышталі яны адкладалі ўбок, а добрыя і чыстыя скідвалі на вялікую посцілку, разасланую на падлозе. Праз некалькі гадзінаў інтэнсіўнай працы ўсё было гатова. Ясь падмёў майстэрню, сабраў у вядро адкіды і вынес іх у яму ў агародзе. Падчас працы Баран тлумачыў Ясю:
— У 1913 годзе такую ж штуку мы зрабілі ў Арле… Я меў сябрука аднаго, такі ўжо спрытнюга быў… шэльма і туфцяра[28]… мог нават чорту рогі скруціць… Такую лімонку мы тады, мусіць, у пяцьдзясят крамаў завезлі… Тут таксама добра пойдзе… але толькі адзін раз…
— А людзі не патруцяцца?..
— Дзе там!.. Найгоршае, што будзе, бабы абеды папсуюць… А нехта з купцоў і ў морду атрымае, што такую лімонку прадае…
Пасля гэтага Баран з Ясем змясцілі крышталі на посцілцы тонкім слоем. Баран узяў пульверызатар і спырскаў увесь слой разведзенай віннай кіслатой.
Праз пэўны час яны перамяшалі крышталі драўлянай лапатай і зноў папырскалі іх віннай кіслатой. Гэтак яны зрабілі некалькі разоў. Потым крышталі сохлі ў пакоі з адчыненым акном. Пасля гэтага Ясь збегаў да манцёра па вагі, а затым разам з Бараном рассыпаў крышталі па папяровых пакунках ды зважыў, каб кожны пакунак меў па тры кілаграмы. Нарэшце каля сцяны на падлозе быў выстаўлены ў радок дваццаць адзін трохкілаграмовы пакунак. Баран папырскаў яшчэ зверху змесціва кожнага пакунка і аб’явіў, што праца скончаная.
Ясь узяў з аднаго з пакункаў дробку крышталёў галыну і пачаў іх разглядваць. Ні сваёй формай, ні колерам яны не адрозніваліся ад крышталёў лімоннай кіслаты. Ён узяў некалькі драбінак на язык і таксама пераканаўся, што на смак цяжка было разабрацца, што гэта падробка.
Баран змясціў усё, што яны нарыхтавалі, пад ложкам і абвесціў, што продажам яны зоймуцца заўтра.
— Разумееш, трэба ўсё гэта прадаць за адзін дзень. Пазней ніхто не возьме ў цябе і кілаграма. Не варта будзе гэтым займацца, хіба вельмі хочаш у турму трапіць…
Першапачаткова Баран планаваў падключыць Яся да продажу фальшывай лімоннай кіслаты, але, падумаўшы, адкінуў ідэю. На працы ён давяраў толькі сабе. І трываў на працы ён толькі прафесійных злодзеяў, адмыслоўцаў у пэўнай зладзейскай галіне. І хоць сам ён быў «гігантам», не вельмі давяраў працы і досведу сваіх калегаў, якія хапаліся за любую работу. Ён лічыў, што добры скокер[29] — той, хто адным «скокам» і займаецца. Сапраўдны даліншчык — толькі той, хто «ходзіць па даліне», і гэтак далей. Хоць звычайным людзям зладзейскі занятак падаецца нечым лёгкім і простым, але насамрэч для гэтага патрэбны вялізны спрыт, веды і досвед. Адсюль бярэцца часам шырокая спецыялізацыя сярод блатных. Вядома, часта даводзіцца выходзіць па-за вузкі абсяг свайго асноўнага занятку. Напрыклад, дзённы злодзей-кватэрнік часам ідзе на «шніф». Або начны злодзей робіць «скок». Але на гэта яны наважваюцца толькі тады, калі няма іншага выйсця — даціскае нястача або сама работа ідзе ў рукі. Лекар унутраных хваробаў таксама часам мусіць выканаць хірургічную працэдуру. Але гэта ўжо лічыцца адхіленнем ад ягонай спецыяльнасці.
Што датычыць супрацы з фраерамі, то добры злодзей вельмі неахвотна на яе згаджаецца. З гэтага вынікае столькі праблемаў і недарэчнасцяў, што, у прынцыпе, злодзеі лічаць такую супрацу простай дарогай у турму. Таму і Баран пасля нядоўгіх роздумаў пастанавіў абысціся без Ясевай дапамогі, а ўсю падробленую лімонную кіслату прадаць самастойна.
Назаўтра Алік Баран апрануў новы плашч, сіні капялюш і насунуў на нос акуляры. Ясь ледзьве пазнаў яго ў такім убранні і міжволі зарагатаў. Барану гэта спадабалася.
— Не пазнаў бы мяне потым?.. Што скажаш?..
— Ніколі ў жыцці! — адказаў Ясь.
— Ну, то і клёва!
Настаўнік і вучань адправіліся на заданне. Баран нёс два пакункі лімоннай кіслаты. Ясь цягнуў у кашы чатыры пакункі. Гандляваць яны пачалі на Хрышчэнскай вуліцы. Там Баран прадаў два пакункі, загадаў Ясю ўзяць фурманку, ехаць дадому і як найхутчэй прывезці яшчэ шэсць пакункаў. Дамовіліся спаткацца на Кветкавым бульвары. Апошнюю партыю Баран прадаў на Маскоўскай вуліцы, недалёка ад вакзалу. На ўсё гэта ім спатрэбілася чатыры гадзіны. Мала якая крама не купіла лімоннай кіслаты на рэалізацыю. На Ясеву просьбу Баран дазволіў яму прадаць апошні пакунак тавару.
Ясь зайшоў у краму на Маскоўскай вуліцы. Там акурат было шмат кліентаў. Ясь звярнуўся да сталага габрэя, які акурат нешта важыў:
— Можа, купіце лімонную кіслату?
Купец адразу зацікавіўся, бо ў тыя часы гэта быў рэдкі тавар.
— А шмат маеш?
— Тры кілаграмы.
— За колькі?
— Шэсцьсот рублёў кіля. Але прадаю ўсё разам.
— Пакажы.
Купец забраў пакунак. Узяў на палец і паспрабаваў на язык адзін крышталь з самага верху, другі — з сярэдзіны, разгарнуў крышталі пальцамі і зазірнуў глыбей.
— Заплачу пяцьсот пяцьдзясят.
Ясь ведаў, што Алік некалькі партыяў прадаў нават за пяцьсот рублёў, але тут заўпарціўся, што танней не аддасць.
— Як не хочаце купіць па шэсцьсот, то ў іншым месцы возьмуць па шэсцьсот пяцьдзясят.
Купец узяў тавар, узважыў і заплаціў Ясю тысячу восемсот ост-рублёў. Ясь весела вылецеў да Аліка і ўрачыста перадаў яму грошы.
— Тысяча васемсот… — сказаў ён з радасцю ў голасе.
— Клёва, — абыякава прамовіў Баран.
Поўны гонару, Ясь ішоў побач з Алікам і ўвесь свяціўся ад захаплення. На Падгорнай вуліцы Баран завёў хлопца ў прытон, дзе нелегальна прадавалі гарэлку, марфін і какаін. Гэта было месца спатканняў для абраных. Сюды захаджвалі нават паліцыянты, бо тут заўсёды быў свежы тавар… як жывы, так і наркотыкі.
Баран і Ясь селі ў асобным пакоі. Алік замовіў чвэрць літра каньяку і сардзінкі. Выпілі па кілішку.
— За ўдачу, — сказаў Баран, узняўшы кілішак.
Потым Алік папрасіў Яся падлічыць прыбытак.
Калі яны аднялі выдаткі на сыравіну і акруглілі суму, то выйшла, што настаўнік і ягоны асістэнт зарабілі за дзень трыццаць чатыры тысячы ост-рублёў. Ясю гэтая сума здалася фантастычнай. Баран быў абыякавы. Ён лічыў грошы. Адлічыўшы шэсць тысячаў восемсот рублёў, ён падсунуў іх па стале ў бок Яся: